• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    3 таго дня і засеў вясковец за сваю працу. Спачатку хадзілі з суседам, які ўзяўся яму дапамагаць, і ўсё нешта ў царкве вымяралі, а потым ужо шчыравалі кожны ў сваім падворку. Ім трэба было ўсё прыкінуць, каб зразумець, як яны стануць працаваць далей. Сказаць, што занятак гэты быў складаны і важны нічога не сказаць. Колькі разоў, злуючыся ды заходзячыся, здавалася б, ад бяссілля, дабраславец нешта сам сабе гаварыў, крычаў, пляваўся, але імкнуўся не выказваць благіх слоў, бо ж рабіў “святую” рэч і яна ж будзе потым знаходзіцца ў царкве. He дапускаў да сябе асабліва цікаўных, бо быў перакананы, што ёсць вочы і ліхія, таму яны могуць напсаваць пры выкананні. Некалькі разоў прыходзіў бацюшка, старанна ацэньваў зробленае, нешта падказваў. Магчыма, што і майстру неабходна была такая парада, бо выпадала размясціць правільна на варотахузоры з біблейскіх матываў і тэкстаў, а хто ж, як не царкоўны служка, мог пра гэта лепей за астатніх ведаць.
    Вяскоўцы, дык тыя па-свойму дапамагалі майстру: яны вызвалілі селяніна ад усіх гаспадарчых спраў, узялі добраахвотна іхняе выкананне на сябе. Маўляў, ты працуй над варотамі, а мы ўсё ў полі ды на па-
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    надворку табе станем падтрымліваць у належным парадку. Жонка, і тая, якая звычайна касавурылася ды трымала мужа “ў чорным целе”, ганарылася, што яе чалавеку ўдзяляецца гэтакая павага і ўвага. Але ж і вясковец стараўся. Ягонай задачай было зрабіць выдатны ўзор саламянага мастацтва, каб не зняславіцца перад тымі, хто чуў абяцаючыя словы, але асабліва карцела зрабіцьтак, каб даказаць, што і дабраслаўцы, ні ў якім разе, не саступаюць у сваіх талентах іншым. Мала што там гаворыцца, калі ацэняць наша, то і пра нас слова-другое недзе ж абавязкова скажуць.
    Амаль год у майстра пайшло на тое, каб усё зрабіць ды давесці да ладу. 3 суседам вечарам занеслі свой выраб у царкву і там прыступілі да зборкі і ўстаноўкі. Тутужо без бацюшкі ніяк нельга абысціся: ён круціўся пад рукамі, ажно свяціўся ад задавальнення і ўсё дзякаваў і пана Бога за тое, што “наставіў вяскоўцаў на шлях ісцінны”, што “пастаянна сачыў за майстрамі, што не даў магчымасці ў нечым схібіць, што яны давялі да завяршэння спланаванае і зараз справа знаходзіцца ў стадыі лагічнага завяршэння”. Майстры яго не супакойвалі і не спынялі, бо ім гэтыя словы і самім надзвычай прыемна было чуць.
    Прыхаджане ўпершыню ўбачылі той рукатворны цуд, выкананы іхнімі вяскоўцамі, праз пару дзён. Тады якраз выпала свята Сёмухі, якое ў нас па-вясковаму называецца Тройца. Мала гэтага, бацюшка паспеў запрасіць на такую своеасаблівую ўрачыстасць і сваіх калег з іншых, бліжэйшых, прыходаў. Свята атрымалася выдатнае: і боскае, і чалавечае, і майстэрскае. Нават спецыяльную службу адслужылі ў гонар тых майстроў-дабраслаўцаў.
    Запытаўся, вядома ж, у дзядзькі Мікалая: а чаму сёння няма тых царскіх варот, чаму яны не радуюць у нашыя дні людскія вочы, не саграваюць сваёй “боска-саламянай” цеплынёй душы прыхаджан? Ляснік спахмурнеў: «Ай, саколіку, гэта ж вайна, як ведаеш, была... Яна ў нашай вёсцы многа шкоды ўчыніла... Недзе тады і саламяныя царскія вароты спалілі... Шкада, што такая вялікая праца марна прапала... Самае складанае, што цяпер і майстроў у Дабраслаўцы няма, якія б маглі паўтарыць такое выкананне саломапляцення...». Падумаў, паразважаў і, нібы самога сябе супакойваючы, прамовіў: «А з іншага боку, то яны б і не дабылі да нашага дня тыя саламяныя царскія вароты... Салома ж яна не такая ўжо і даўгавечная... Усё роўна б сатлела, рассыпалася... Як бы там ні было, але шкада... Так бы хоць напамін пра нашых майстроў быў...».
    Хораша разважаў чалавек, з вялікай павагай да продкаў, да людзей, якіх ён сам не ведаў і ніколі не бачыў, але талент якіх перажыў іх саміх.
    Недзе гадоў праз дзесяць, калі я навучаўся ўжо ў дактарантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мне закарцела зайсці ў Музей старажытнабеларускай культуры, які і да сённяшняга дня існуе пры гэтай навукова-даследчай установе. Паволі пераходзячы ад аднаго стэнда да другога, углядаючыся ў экспанаты, запісваючы ў свой блакнот найбольш цікавае, я нібыта натыркнуўся на нешта непераадольнае: прама перада мною адсвечвалі, амаль што не страціўшы адметны бляск і непаўторнасць, саламяныя царскія вароты з ... Дабраслаўскай царквы. Аказалася, што яны не згарэлі падчас войнаў, іх ніхто не спаліў, не выкідваў на падворак, а іх акуратна знялі і перавезлі ў Мінск навукоўцы інстытута, якія, карыстаючыся сумнавядомай барацьбой з "царкоўным цемрашальствам”, стараліся вывезці найбольш каштоўныя і рэдкія прадметы рэлігійнага культу з разбураемых, зачыняемых, перакваліфікуемых храмаў і цэркваў.
    I ўсё ж, гучыць даволі арыгінальна: салома, саломка і высокае мастацтва. Інакш і не назавеш пляценне такіх царскіх царкоўных варот. Праўда, нам падаецца, што куды правільней было б пазначаць гэта больш дакладна і канкрэтна: аклады для царскіх варот. Цяпер жа стала вядома і тое, што народныя майстры выпляталі і аклады для паасобных царкоўных абразоў.
    А хто з беларусаў не чуў пра легендарнага Міколу Гузікава, адмысловага віртуоза-выканаўцу на саламяных цымбалках, які паходзіў родам са старадаўняга Шклова. Потым яго вазілі па ўсёй Еўропе, каб ён там здолеў прадэманстраваць уласнае выканаўчае майстэрства перад найвышэйшымі прадстаўнікамі тагачасных каралеўскіх двароў. Славуты польскі скрыпач Ліпіньскі, які неаднаразова іграў "на пярэйгрыш” з самім Паганіні, папулярызаваў талент беларусжага самавука і не пераставаў паўтараць, што нават народным інструментам, такім, як вось гэтыя саламяныя цымбалкі, падуладная высокая музыка, калі яе бярэцца выконваць надзвычай адораны чалавек. Міколу Гузікава ён называў геніем! Чалавек, які гэта паўтараў і стараўся ўвесці шклоўскага музыку ў самыя розныя арыстакратычныя салоны, каб там здолелі пераканацца, што гэта не выдумка, не пахвальба, а што гэта сапраўдны самародак! Самае галоўнае, што малады чалавек іграў на слых, бо не ведаў ніякай музычнай граматы. Сцвярджалі, што дастаткова яму было адзін раз усяго пачуць, няхай сабе, і найскладанейшы класічны твор таго часу, то ўсё роўна, ён яго адразу ж паўтараў. Уторыў з першага разу. А пра народныя мелодыі, знаёмыя яму з дзяцінства, якія ён увабраў у сваю чуйную натуру разам з малаком матулі, з павевамі-поды-
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    хамі акаляючай прыроды, роднага люду, то і гаварыць не даводзілася. Публіка, якой давялося пазнаёміцца з тонкім выкананнем майстра, была ў захапленні! Шкада, што тое падарожжа па Еўропе, па еўрапейскіх вяльможных дварах, сталася першым і апошнім для маладога выканаўцы: Мікола Гузікаў прастудзіўся і памёр. Было яму ўсяго 37 гадоў. Гэтак рана закончыўся жыццёвы шлях нашага земляка, які ўсё ж паспеў здзейсніць ашаламляльны па сваёй паспяховасць "тур” па многіх краінах, прадстаўляючы на высокі суд гледачоў непаўторную музычную спадчыну беларускага народа. Дэманстраваў яе музыка, паўторымся, пры дапамозе звычайных саламяных цымбалкаў, якія да гэтага асацыіраваліся нават сярод нашых вяскоўцаў з найпрасцейшым сярод музычных інструментам, які і рабіўся з саломы, і разлічаны быў на тое, што на ім выконваў бы свае простыя мелодыі "люд паспаліты”. А тут, аказалася, што гэта не так, што сам маэстра Ліпіньскі быў у захапленні і зрабіў так, каб пераканаць у геніяльнасці гэтага музыкі еўрапейскіх слухачоў.
    Можна распавесці і пра тое, як у даўнейшыя часы салома “выратоўвала” вясковых аматараў танцаў. Асабліва гэта датычылася моладзі. Загадзя збіраючыся на вячоркі ў чыю-небудзь хату (у дамоўленую за плату ці ў будыніну каго з удзельнікаў), каб было весялей бавіць час, скінуўшыся паміж сабою, звычайна рабілі "скідку” толькі хлопцы, а дзяўчат вызвалялі ад такой “павіннасці” і тыя, каб ужо “не вісець на чужой шыі”, прыносілі гарбузікі, сушаныя яблыкі, грушы, a то і бутэльку-другую гарэлкі, наймалі музыку. Той пагаджаўся прыйсці за любую плату:
    Чухаўскае вяселле
    як грашовую, так і натуральную (яйкамі, бульбай, якім гарнцам жыта, a то і кулямі абмалочанай саломы, якую ў нас называлі “акалотамі”, ці “акалоткамі”). Тады, на змярканні, можна было назіраць даволі цікавае відовішча: з усіх канцоў вуліцы (а калі невялікая, то і вёскі) да адной з хацін цягнулася моладзь. Добра апранутыя хлопцы неслі пад пахамі па снапу, а то і па два. Як ужо атрымлівалася ў іх залучыць добрага музыку (скрыпача ці гарманіста).
    Часта наймалі ў нашай вёсцы гарманіста Кірылу. Той іграў так сабе, але ніколі не адмаўляўся, а пагаджаўся на самыя выгодныя для “вячорнікаў” умовы. Даводзілася чуць, як пасмейваліся былыя “танцоры” з таго, што ім лёгка ўдавалася абдурыць сляпога музыку. I той, атрымліваецца, “рэзаў” амаль увесь вечар, ажно да другіх пеўняў, лічыце, задарма. Выходзіла, штоўтакой няхітрай справе ім актыўна "дапамагаў” пляменнік Кірылы двухметровы Уладак. Яму прыносілі бутэльку гарэлкі. Ён выпіваў яе з кірылавай жонкай, а ўжо прыйшоўшых “абілечваў” проста так. Аднаго разу гарманіст папрасіў пляменніка вынесці яму і даць патрымаць у руках хоць пару заробленых “акалоткаў”. Уладак так і зрабіў, выносіў з прыстаронка два вялізныя снапы саломы, самім ім звязаныя, і даваў у рукі дзядзькі. Той быў задаволены, што не падманулі яго маладыя гіцлі. А пляменнік некалькі разоў паўтараў гэтакі прыём.
    Праўда, аднойчы пляменнік усё ж абмішурыўся са сваім падманам. Кірыла неяк здагадаўся, мабыць, што той яго падманвае і вырашыў праверыць па-свойму. Падабраў момант і, калі нікога ў хаце не было, паціху падаўся да свайго гуменца. Нічога, што быў сляпы, але падворакуласны мог і без павадыра абысці. Прыцёгся да дзвярэй, адчыніў іх і, правільна прымеркаваўшы, што калі будынінка поўная акалоткаў, то снапы будуць складзеныя паўсюль, а раз так, то можна смела проста кінуцца цераз парог і нічога страшнага не здарыцца: не заб'ешся, бо ж пад нізам будзе салома. Гігікнуўшы па-дзіцячы, Кірыла гопнуўся цераз парог і праз імгненне ўзвыў ад болю. Ніякай саломы пад нагамі не было. Пачаў шнырыць па завуголлі і аказалася, што акалоткаў было ўсяго штук з пяць і два з іх тыя самыя тоўстыя і вялікія, якія яму і дэманстраваў ягоны хітры пляменнік. Пасля такога здарэння, калі музыку запрашалі іграць на вячорках, то, увайшоўшы ў чужую хату, ён адразу ж пытаўся, ці тут ягоны Уладак. Калі тут, то іграць не стане ні за якія грошы. Як бачым, у вясковым жыцці многае здаралася, было, сярод іншага, і шмат вясёлага, адметнага. I гэта не азначала, што жадалі злосна паздзеквацца з чалавека. He, маладзейшыя заўсёды пакеплівалі са старэйшых.