Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
Адзнакі блізкіх зімніх святак -
Гарыць салома каля хатак.
Пажар вясёлы ў час світання!
- А што там свеціцца, нябожа?
Няўжо гарыць хто, не дай божа?
- He, не пажар: то сцяг калядны, Япрук там смаліцца дзесь ладны, Свой крок апошні замыкае: Япручча доля ўжо такая.
I кожны дворык, кожна хата, Хоць і жыве не так багата, Але калядаў у адзнаку Заколе хоць бы падсвінаку I дворык свой ці прыгумень Асвеціць раніцай ці ўдзень [7, с. 168].
Спрадвеку свіней смалілі саломкай. Як у нас гаварылі “акалоткамі”. Яшчэ пры малацьбе, а малацілі ж уручную, цапамі, гаспадар, а калі людзей было болей, то ўсё роўна нехта адзін, але адбіралі вымалачаную салому, здаралася, што нават злёгку зноў звязвалі ў снапы. Толькі ўжо вялізныя, таўшчэразныя, бо салома на той момант была лёгкая і іх не ўяўляла вялікай цяжкасці ўзняць, і адкладвалі ў бок: у сціртачку ці проста так стаўлялі для большага парадку ў зацішным месцы. Гэта азначала, што ў гэтай саломы будзе значна падоўжаны яе звычайны тэрмін існавання: у якога дзясятка снапоў да таго самага моманту, калі
стануць смаліць кабана, а ў астатняй яшчэ намнога даўжэй, бо яе выкарыстаюць як дахавы матэрыял. Такая салома ўжо дакладна згніе дазвання на страсе, будзе ляжаць да таго дня, калі гаспадар не надумаецца па-новаму перакрыць сваю будыніну. Бо нават перакрыць будыніну трэба было адпаведнае майстэрства, а яшчэ час, якога ўвішліваму гаспадару пастаянна не хапала.
3 першага разу свінню толькі “прыпальвалі” праходзілі саломай туды-сюды і такім чынам вынішчалі шчэць, каб потым ужо ўзяцца смаліць па-сапраўднаму. Звычайна працавалі два чалавекі (сама меней), каб было зручней і спарней. Але часта гаспадары імкнуліся ўправіцца і самастойна, каб ніхто не бачыў, якога “япрука” яны выгадавалі, каб ніхто лішні раз не пазайздросціў, ды каб ні з кім потым не давялося дзяліцца лішнім кавалачкам свежаніны. Ад гаспадыні дапамога зыходзіла ўжо толькі потым, калі неабходна была гарачая вада ды адносіць разрэзаныя, рассечаныя кавалкі свініны. Потым яшчэ выпадала карпатліва чысціць-прамываць свіны страўнік, кішкі, якія таксама ішлі ў справу. Продкі навучыліся нічога не выкідваць, “усё чыста прыбіраць, старанна даглядаць, каб не сапсавалася заранёў, каб чарвякі не стачылі...".
Мне, малому, заўсёды даводзілася круціцца пад нагамі, але старэйшыя не злаваліся, не крычалі, адно толькі прыгаворвалі: «Глядзі, ды вучыся! He будзеш умець сам, то давядзецца і на свайго кабанчыка, каб яго закалоць, асмаліць ды прыбраць, чужога чалавека наймаць!». Часта пры такой працы ўзнікалі спрэчкі. Прычына была адна: нехта ды нешта зрабіў не так. Праўда, галасы адразу ж неяк прыціхалі, мякчэлі і зноў вяскоўцы працягвалі працаваць спорна і весела. Яшчэ спяшаліся вызначыць, якой таўшчыні будзе сала, колькі зацягнуў бы на вагу такі ўкормлены “экземпляр”, распавядаліся ўсялякія выпадкі, здарэнні. I гэта ўсё паспявалі рабіць дарослыя, не адрываючыся ад асноўнага занятку смалення кабанчыка.
Калі быў малы, то не разумеў: як жа гэта саломай, звычайнай жытнёвай саломай можна так чысценька асмаліць здаравенную тушу кабана? I агонь той падтрымліваўся не надта вялікі, каб не “прасмаліць” скуру і, разам з тым, вопытныя гаспадары ўжо толькі на першы погляд ведалі, дзе яшчэ трэба прыпекчы, каб потым тая ж самая скурка была пахкай і мяккай. А яны смалілі: спачатку удвух, а потым ужо нехта адзін, бо другі вострым нажом счышчаў нагарэлае і паказваў, дзе яшчэ трэба было прайсціся дадаткова. Перад тым, як старанна мыць (“зачышчаць”) кабана, яго палівалі гарачай вадой і зверху хуценька ўкрывалі пластом саломы «каб упарыўся, каб скурка зусім дайшла,
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
ды потым дымам цягнула...». Найвышэйшай пахвальбою гаспадара было тое, як ён сам ацэньваў працэс смалення: «Дзесяць снапоў саломы разышлося... He паспелі азірнуцца, бо ж і там, і там прыпаліць выпадала... Затое цяпер, калі дастанеш адрэзаць лусту ад куска сала, то такдымком і пацягвае. Вось штозначыцца: саломай смаленае...».
У гэтай пахвальбе адчувалася не толькі тое, што вясковец ганарліва сведчыў пра тое, якога кабанчыка яму ўдалося выгадаваць, але яшчэ і пра тое, што “смалілі саломкай”. А гэта азначала, што не парывалі адвечнай традыцыі ў працэсе смалення свіней. Яшчэ звернем увагу на тое, абавязкова падкрэслім, што вопытныя сяляне імкнуліся смаліць кабана ў зацішным месцы, “каб полымя не скакала і не тухла пад парывамі ветру, ды і для гаспадарчых будынкаў таксама лішняя перасцярога не будзе небяспечнай”.
Тое, “дымам цягнула” ды “саломай смаленае”, часта ў вяскоўцаў асацыіравалася са смешнымі, a то і амаль што анекдатычнымі здарэннямі. Пра некаторых казалі, што яны сваіх свіней дровамі смаляць, бо саломай не атрымліваецца. 3 іншых кпілі, што свінню не абсмалілі, бо салома скончылася. Здараліся і куды болыіі вясёлыя сітуацыі. Сведкай адной з іх мне давялося быць самому. Нават, калі дакладней, то дзед узяў мяне за памочніка. Я ж адзначаў, што працаваць лягчэй і зручней было ўдваіх. Дырэктар нашай школы, накіраваны вяскоўцамі, прыйшоў да дзеда з просьбай забіць, абсмаліць і разабраць ягонага кабанчыка. Суседзі ведалі, што дзед робіць гэта і хутка, і якасна. Пагаманілі яны пару хвілін і стары сказаў, што за свае паслугі бярэ ён з гаспадара пяць рублёў. Грошы, скажу я вам, і не малыя на той час. Але ж і праца, асабліва калі некаму яе даводзілася рабіць, не надта лёгкая. Калі глядзіш, а не робіш, то ясная справа, а калі сам горбішся, то адваротны бок “свінога” медаля падасцца доўгім і замыленым, надакучыць тая аднастайная праца, “ды пастаянна сагнуўшыся, не разгінаючыся”, дазвання.
Так і тут атрымалася. Пад дзедавай швайкай кабан нават і не піскнуў. Мы пачалі смаліць. Дырэктар школы аціраўся ля нас, не адыходзіў, дзед працадзіў: «Баіцца, што вушы кабанчыку пааб’ядаем...». Справа ў нас рухалася хутка і тут гаспадар здзівіў: «Ведаеце што, а пяць рублёў будзе задорага, то я вам тры дам... Вы ж тут усяго нейкую гадзіну часу забавіце і пойдзеце... Я вам і свежаніны даваць з сабою не буду, бо ж вы свайго кабана на днях паклалі... Думалася, што тут праца такая важная. А тут... Толькі туды-сюды і пяць рублёў з кішэні... Мнагавата будзе... He, дам тры рублі... Дастаткова будзе і гэтага... Мне ж таксама сваіх грошай шкада... Іх жа кожны гаспадар ашчаджае...».
Дзед са злосці ўжо мыляў губамі, але не ўзрываўся, трываў да апошняга. Калі мы збіраліся мыць кабана, то стары загадаў дырэктару, каб той прынёс яшчэ з хаты чыстых анучак, бо трэба ж будзе кроў выціраць. Гаспадар ірвануў у памяшканне. He паспелі за ім яшчэ і дзверы ляснуць, а дзед ужо прашаптаў мне, каб я адвярнуўся. За спіною пачулася выразнае цурчанне. Калі я акінуўся назад, то дзед ужо задаволена вадзіў па мокрай спіне чарговай жменяй палаючай саломкі. Стары яшчэ і шаптаў не заціхаючы: «Цяпер ты мяне надоўга запомніш, злыдзень. Гэта ж такое ўчыніць: мужчынскае слова парушыць!.. Мне такога ў жыцці сустракаць не даводзілася!.. Ах ты, жмінда!».
Завяршыўшы сваю справу і адмовіўшыся дапамагаць насіць дырэктару парэзаныя кавалкі, «бо нам выпадала вельмі спяшацца па нейкай неадкладнай справе», дзед забраў грошы і мы паджгалі дамоў. Стары не мог супакоіцца: «Ды ён у мяне да вечара будзе! Прыбяжыць пытацца, чаго ў яго падсмажанае сала, такое прыгожае і чысценькае на выгляд, сікунамі смярдзіць!?».
На наступны дзень уся вёска гудзела пра тое, як была пакарана сквапнасць “вераломнага” дырэктара. Веселуны яшчэ і параготвалі: Тэта ў яго кабанчык са страху абмішурыўся... Салома тут ні пры чым... Невінавата яна...". He вельмі любілі ў вёсцы такіх злыдняў, іх і асуджалі, і навучалі па-свойму, як у згаданым выпадку. Потым да самай смерці былому ўжо дырэктару школы, калі ён пачынаў некага “празмерна” навучаць, яму прама ў вочы рэзалі: «Ты нават кабану перад смерцю да ветру схадзіць не даў, а нас бярэшся стрымліваць ды накіроўваць! Прыгадвай, лепей, сваё!».
Адкуль стары толькі ведаў пра ўсе гэтакія падрабязнасці і акалічнасці аднаму пану Богу вядома. Нават сталыя вяскоўцы і тыя адно рукамі разводзілі і задаволена пасміхваліся, маўляў, з гэтым чалавекам не надта пажартуеш. Лепей пагаджацца на ягоныя ўмовы, a то “і ў самога ці кабан абсікаецца, ці свіння абмішурыцца... Ён свайго неўпусціць, але ж калі была дасягнута дамова, то яе абавязкова неабходна выконваць. Слова, нават мужычае, яно многага было варта. Ніякіх папер, амаль што, нашы продкі не падпісвалі, адно што, у прысутнасці сведкаў, давалі слова. Гэта было сведчанне заключэння нейкай гаспадарчай справы, ці апошняе слова чалавека, вялікай розніцы не праводзілася. Тут варта будзе прыгадаць, што «слова не верабей, сказаў, дык трымайся яго!”.
Нашаму суседу білі кабана. У яго было шмат братоў і жывыя яшчэ бацькі, таму ён, лайдакаваты і самаўпэўнены ад нараджэння, не надта любіў працаваць сам. Заўсёды звяртаўся да сваякоў, а ўжо тым толькі
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
налівай, то яны табе і ўласную хату спаляць! Так і тады ў іх усё атрымалася. Закалолі кабанчыка, прыцягнулі да калодзежа, каб вада пад бокам была і не трэба было яе далекавата насіць. Нават узяліся былі смаліць: прайшліся саломай з аднаго боку. Тут гаспадару, відаць, закарцела выпіць самому, бо запрапанаваў: “Хлопцы, нам, такой грамадзе, тут працы на гадзіну. Чаго ўжо так ірвацца? Хадзем, ды прымочым крыху. Я ж самагон спецыяльна для гэтакай нагоды выціснуў. Праверым, які ён у мяне атрымаўся. А працы тут на паўгадзіны засталося...”. Самы языкаты з братоў ляпнуў: "Мы табе яго з’ямо палову за такі час...”.
Пайшлі ў хату і там добра "прыселі". Ужо ім і на вуліцу выходзіць не хочацца, не тое, што нейкага кабана там смаліць ды потым разбіраць. Гамоніць родная бяседа, вось-вось і песнямі сыпане! Ды ў самы непадыходзячы момант рыўком адчыніліся дзверы і на парозе паўстаў гаспадароў бацька, які спецыяльна прыйшоў, каб пракантраляваць ход справы, бо, як пазней, параготваючы з дурнаватых і самаўпэўненых сыноў, гаварыў вяскоўцам, што ягоныя бэйбусы ніводнай працы палюдску не зробяць. Што-небудзь ды абавязкова выкінуць. Вось і тут. Яшчэ крокаў за чатырыста, прама на вуліцы, крочыўшы да старэйшага сына, заўважыў натоўп, які, нешта абступіўшы, віраваў усялякімі галасамі. Аказалася, што людзі ніяк не маглі дацяміць, як гэта так магло адбыцца, што свіння, напалову абсмаленая, прыбегла аднекуль сюды і тут ужо сканала. Стары адно хмыкнуў і, што было сілы, прыпусціў далей.