• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Тата неяк загарэўся і вырашыў сплесці сапраўдныя матрацы, каб паказаць іншым, што і мы не горшыя за ўсялякіх рацыяналізатараўраспрацоўшчыкаў. Толькі выштукаваць іх ён вырашыў, зноў-жа, з саломы. Праўда, тут яму патрэбна была дапамога, і не толькі такая, якая
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    заключалася ў падачы саломы, шпагатных вяровачках, але і ў сцісканні даволі тоўстых жгутоў (недзе сантыметраў па 15-20). Дапамагалі ўсе: дзед Уладак, мама і я, вядома ж, як жа было ім абысціся без мяне. Спачатку зрабілі недзе каля сарака саламяных валікаў дыўжынёю 180 сантыметраў, як памятаю да гэтага часу. Чаму менавіта такая шырыня матраца? Усё тлумачылася даволі проста: каб можна было яго паслаць на двухмесны ложак. Пасля гэтага, нібы ў які своеасаблівы мосцік, моцна папрывязвалі адзін да аднаго тыя валікі, і калі іх расцягнулі на падлозе ўдаўжкі, то гэта стала нагадваць сапраўдны матрац. Толькі тата не даў па ім скакаць і лазіць, папярэдзіў: «Яшчэ паспееш... Мама сшые на яго наматрацнік, мы насунем на верх, а там пакладзем на ложак, зверху гаспадыня накрые яго чысценькім прасцірадлам і заснеш ты на ім, сынок, як святы».
    Сапраўды, той матрац верай і праўдай служыў нам недзе ажно гадоў дваццаць. Самае галоўнае, што з ім было проста абыходзіцца: не выпадала распускаць і мяняць салому ды набіваць новай, а дастаткова было вынесці матрац на падворак, добра выбіць венікам ці якім голлем, павесіць на плот, («каб пражарыўся на сонцы») і зноў сабе на ложак. Як паўтаралі старэйшыя: «Салома, нават старая, ужо ўжытая, працярушаная і вынесеная на сонца, усё роўна, па-ранейшаму, набывае сонечную сілу». Значыцца, яны заўважылі адвечную сувязь саломы з нябесным свяцілам, з тым, як тая аднаўлялася і станавілася прыдатнай для далейшага ўжытку. Галоўнае было правільна навучыцца ўсім карыстацца і ўсё ўжываць.
    Сусед, у якога ўласныя рукі не маглі такога зрабіць, зайздросна зазіраючы і імкнучыся не паказваць нават выгляду, што і яму самому хацелася б мець такі матрац у сваёй хаце, грэбліва плявузгаў пры магчымасці вяскоўцам: «Якое там новае, нічога новага... Той жа "сеннік”, толькі што з вяроўкамі...». Яго, не даслухаўшы, нецярпліва перапынялі: «Лепей ідзі адсюль, а не хочаш, то пастой і памаўчы, бо тваё пустамельства ўжо ва ўсіх у вушах сядзіць. Ты і сам з халоднымі і ... раменнымі вушамі... Нічога не ўмееш, нават калі нешта простае даручаць, дыкты і тое сапсуеш, а як каго абплёўваць, дык не саромеешся...».
    Распавядалі, што калі ехалі некуды ў млын, то бралі з сабою не толькі сена каню, мяхі са збожжам, але і абавязкова пару снапоў саломы, каб потым у вялізнай прымлынавай стадоле рассыпаць сабе пад бок. Рэдка калі такая праца для вяскоўцаў заканчвалася ў адзін дзень чэргі ля млыноў заўсёды былі вялікія. Звычайна салому ад млына назад не забіралі, падкрэсліўшы тым самым, што думаюць пра людзей, якія прыедуць пасля іх. Нехта ж ды абавязкова забудзецца, што на нечым
    выпадзе праляжаць ноч, a то і болей. Калі ж хто забіраў выкарыстаныя ўжо саламяныя снапы з сабою, то потым з яго "ашчаднасці” доўга перамаўляліся суседзі: «Гэта ж трэба, да чаго дайшоў... Салому з млына і тую назад прывёз... А можа, дык яшчэ і чужой прыхапіў... Усяго яму мала... Ніяк не наесцца, то ж саломай сыты не будзеш... Ён і ў наступны раз з гэтымі ж самымі снапамі ў млын паедзе... Яму ад такога вочы не заказыча і сумленне дазволіць не змяняць рашэнні... Водзяцца ж, на вялікі жаль, і такія людзі сярод нас...».
    Дзед распавядаў, што ў іхняй рыбацкай хатцы, на беразе Выганаўскага возера, уздоўж сцяны былі пароблены своеасаблівыя драўляныя палаці, а на іх густым слоем насыпалі салому. Мне падаецца, што ён крыху хітраваў, бо дзе яны ў балоцістай мясцовасці маглі набраць саломы. Тым болей, што да бліжэйшай вёскі было каля сямі кіламетраў. Выкарыстоўвалі рыбакі чарот, якога тут было ўволю. Вось яго нажыналі снапоў з дзясятак, старанна высушвалі, a то маглі насыпаць роўненька і напаўсырога, а зверху прыкрывалі якімі “трантамі”. Рыбакі ленаваліся часта мяняць падсцілку, і яна ператваралася ў чыстую пацяруху, з-пад якой пачыналі выглядваць голыя дошкі. Тады ўжо прымушалі маладзейшых: «Хлопцы, зрабіце вялікую для ўсіх справу нажніце чароту, аеру... A то ўжо на фронце і то людзі за сабою болей глядзелі, чым мы з вамі...». Мала гэтага, то ў падсцілцы яшчэ заводзіліся... вужы: «От, ляжыш, ляжыш, а ён паўзе да цябе пад бок... Там жа яму цяплей... Скруціцца і ляжыць ціхенька... Мы да іх прызвычайваліся, то яны нам былі і не страшныя, і не гідлівыя... Здаралася, што нават жартавалі, хто з большымі пераначаваў...». Ага, не баяўся вужоў, бачыў на ўласныя вочы, як бабуля, узброіўшыся здаравенным кіем, “ганяла” вужоў з хлява, а дзед са страху забраўся на бліжэйшы стог. Залез нават без цыгаркі, з якой, здавалася, ніколі не разлучаўся. Восьтабе і смяльчак! Адно толькі, каб пахваліцца перад іншымі! Маўляў, ведай нашых! Мы ж і тут не адступілі, а, наадварот, толькі вышэй узняліся!
    He раз і не два чуў, а таксама на ўласныя вочы назіраў, як муляры, калі завяршалі печку ці грубку ў чыёй-небудзь хаціне, прасілі гаспадароў, каб тыя прынеслі «невялічкі снапок жытняй саломкі... Тут нам усё і пакажа: добра складзена печка ці недзе закраўся нейкі хіб... Свежую грубку (печ) нельга адразу моцна награваць патрэскаецца, а салома ж моцнага цяпла не дае... Ат, падсушыць крышачку гліну і ўсё на тым... Так трэба пару-тройку разоў пратапіць, каб потым ужо з дроў пачынаць... He паслухаецеся, то патрэскаецца, паразыходзіцца гліна, і ў тыя шчыліны пав'ецца чадны дымок вельмі небяспечны для чалавека. Mae той дымок такую здольнасць бязлітасную: забівае нячутна ў сне...
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    He паспееце і прахапіцца... Той чадны газ прымушае потым людскія галовы моцна балець... Ад такіх наступстваў з вялікай цяжкасцю пазбаўляюцца... Таму глядзіце зараз старанна... Заўважайце, дзе ды што якое пакажацца вам падазроным, падказвайце. Цяпер то лёгка ўсё выправіць: і майстра на месцы, і ўсё прычындалле пад рукамі...».
    Саломка, пакладзеная і падпаленая, гарэла зырка і весела, але ведаючага чалавека цікавіла зусім іншае: ці не пасунецца недзе збоку, у непатрэбным месцы, здрадлівая пасмачка дыму. Часта гаварылі і пра тое, што вось, здавалася б, салома, а пазірніце, як хутка падсушвае гліну. Бачыце, як па баках цягнецца лёгенькі парок. Здавалася, асабліва малому, як жа тут адрозніш, дзе віецца дымок, а дзе парок, але спрактыкаваныя сялянскія вочы і нос адразу адчувалі прымесь чаднага газу. Першыя спаленыя жмені саломы паказвалі, што да чаго, і калі ўсё было, як мае быць, то дазвалялі і малым, папярэдзіўшы перад гэтым, каб былі асцярожнымі (“з любым агнём жарты дрэнныя”), пакідаць саломку ў адчыненае вусце, што было для дзяцей найвышэйшай асалодай у іхнім жыцці, “а як жа, дапамагалі дарослым, ды яшчэ і рабілі гэтаксама, як і яны...’’.
    Сялянскія цапы...
    Старыя людзі, калі прыходзілася пастухаваць, асабліва ў пранізлівыя і дажджлівыя восеньскія дні, калі, здавалася, не знаходзілася ўтульнага месца ад пранізлівага ветру ды ад прабіваючага навылёт дажджу, навучалі, як правільна паліць ... салому. Таксама сабе навука! Так і сцвярджалі-папярэджвалі: «Не спяшайцеся ўсю гурбу адразу падпальваць, бо яна згарыць за якіх пару хвілін і ўсё на тым. He сагрэецеся і нават не адчуеце таго цяпла. А калі ўсё рабіць умела, то і саломка можа і сагрэць, і высушыць. Ва ўсім трэба разуменне. Спачатку распаліць неабходна вогнішча, каб яно ўсхапілася, а потым ужо, стаўшы за ветрам, падкідваць патроху. Калі салома сырая, то на самы верх выпадае падкладваць вільготную. Яна прасушыцца, прадыміцца, а потым ўсё ж весела затрашчыць. Так здаўна вялося. Калі агонь невялікі, то і саломы надоўга хопіць, і вопратку крыху прасушыць, і рукі ды ногі азяблыя таксама сагрэе. Ва ўсім трэба ўменне, без яго нідзе не пражывеш. А так, зараз навучышся, то некалі ды абавязкова прыдасцца...».
    ...Калі сам быў у войску, то ў перадгор’ях Капет-Дагаў так вучыў паліць нейкую салому (як мы жартавалі: “нявызначанай нацыянальнасці") маладых байцоў, бо там таксама холад і студзёны вецер вельмі нам надакучалі падчас марш-кідкоў, асабліва ў зімовы перыяд (“і снегу няма, і мароз не трашчыць, а няма дзе прыхінуцца, наскрозь прабірае...”). Некалі і дзед пераказваў, што саломай і яны саграваліся, калі прыпіралі пранізлівыя вятры ды дажджы-залевы, ад якіх не было ніякага выратавання нават пад страхою ў рыбацкай хатцы. Кожнаму ставілі задачу: прынесці па некалькі акалоткаў, калі была такая магчымасць, а не, то і пару снапоў сухога чароту, які ці ламалі, ці секлі, а па-іншаму дык яго і не зваліш. Такі агонь асаблівага цяпла не даваў, але, калі распальвалі вялікую печ, то выпадала ўмела сачыць за тым, як гарыць полымя і не кідаць адразу многа саломы (чароту), а «то і хату дазвання спаліш, тады ўжо, атрымаецца, што ўвогуле пад кустамі трэба будзе начаваць...».
    У вясеннія ці ў раннія восеньскія дні з нечаканымі прымаразкамі старыя людзі пакрэктвалі ды прымаўлялі, што няблага было б гаспадыні і ў печы “хоць саломкай пратапіць...”. Некаторыя ўвогуле ўсё цягнулі ў хату і спальвалі. Гэта была не сквапнасць, а, відаць, нейкая “хранічная” беражлівасць. Чаго будзе валяцца ды разносіцца ветрам, калі можна спаліць, і “паветра ў хаце зменіш, і падворак ачысціш”. Але ж былі і лянотныя гаспадары, у якіх ніколі не было дроў на лютыя маразы. А раней маразы сапраўды былі лютыя і даволі працяглыя, з вятрамі-завірухамі. Ды з такімі, што дарослых людзей з ног валіла. Тады такія вяскоўцы і вуглы ў будынках сваіх на паліва абразалі, і салому ды
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    бадылле якое валаклі, і са стрэхаў салому, парудзелую ды счарнелую, выдзіралі ды пёрлі ўсё ў печ ці ў грубку. Тады ўжо зноў неслася пагудка па вёсцы: »Вось Пятрок печ напаліў! Цэлы абярэмак саломы ўкінуў! Ды такі вялікі, што ледзьве яму пад руку ўлез!». А лайдакі пасля такога “працэсу” ў кажухах і валёнках, толькі і ведалі, што “саграваліся” на печы, ад цаглін якой цягнула ... ледзяным холадам.
    А хіба некалі забудзешся пра тое, як смалілі забітых свіней у вёсцы? Заможныя сем’і здзяйснялі такі старадаўні працэс па два разы на год. Здаралася, што і часцей, але гэта ўжо залежала ад колькасці едакоў у хаце, ад таго, якія ўраджаі здымалі-збіралі яны са сваіх палеткаў. А пераважная колькасць усё ж забівала па аднаму кабанчыку ў год. Рабілася гэта зімою, перад Калядамі, перад тым святам, да якога ўсё было пароблена, калі можна было смела святкаваць, а раз так, то і смачна паесці, уволю адляжацца-адпачыць, адчуць сябе сапраўдным гаспадаром, хоць бы і на ўтульнай печы. Адразу прыходзяць на памяць коласавы радкі: