Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
У звычайным жыцці, зразумела, усё было іначай. Нічога не зробіш, яно і сапраўды так. Маіх продкаў называлі не толькі “лапцюжнікамі”, але і “саламянікамі” таксама. Толькі я ўсё роўна паспрабую выкруціць на іхнюю карысць гэтыя даволі зняважлівыя словы. Як бы іх ні прыніжалі, як бы імі ні грэбавалі, а яны выжылі, вытрывалі, выпакутавалі, даказалі сваё адвечнае права “людзьмі звацца”, сталі ўпоравень з іншымі. А што “саламянікі", то ж мае продкі навучыліся выкарыстоўваць салому ва ўсялякіх гаспадарчых справах! Знайшлі ёй такое прызначэнне, што іншыя толькі ад здзіўлення ды зайздрасці адно галовамі хісталі ды анямела пазіралі! Значыцца, усё ж было з чаго! У саміх клёку не хапіла, то на іншых глядзіце ды навучайцеся. Адзін з надзвычай простых і адвечных законаў сялянскага жыцця. Пасмяяцца заўсёды зможаш, знойдзеш хвіліну. Ты, лепей, пра сур’ёзнае прызадумайся, пасядзі, пахадзі, памяркуй.
“Саламянікі”, і адразу ж успыхнула асацыяцыя з іншым словам “сяннікі” (так у нас гаварылі, але сустракаецца і “сеннікі"). Сёння ўжо, магчыма, далёка не ўсе і ведаюць, што ж гэта такое. А даўней гэта быў здаравенны, сшыты з суровага сукна, мех, які набівалі саломай і потым працяглы час (сама меней з паўгода, так у нас вялося) ён быў матрацам. Спачатку нават баяўся на яго залазіць, каб незнарок не скаціцца і ўвогуле не ўпасці з ложка, але потым асвоіўся і ўжо добра ведаў, што да чаго. Усё пазнаецца менавіта праз практычны вопыт і не толькі праз той, які прыйшоў ад продкаў, але і праз асабісты таксама з самых малых гадоў пачынаючы, з таго маленства, калі пачаў нешта ўжо канкрэтна ўсведамляць, каб значна пазней асэнсавана пераказаць.
Дзед, які ведаў ці не ўсё (і пра ўсё) на свеце, пастаянна сцвярджаў, што салома і сагравае, і дае «палёгку стомленаму целу, яна спрыяе таму, што чалавек, які ўлёгся на такі “сяннік”, нібы правальваўся адразу ж у сон, бо ж салома ад жыта, а жыта святое, бо яно хлеб!». Сапраўды, ёмістае і шматзначнае тлумачэнне. Хто яшчэ на такое быў здольны. Праўда, сам дзед толькі нас падвучваў, а сам, як звычайна, хітраваў, бо спаў на пухавіку («пірначу») вялізным, здаравенным, у які ўлезла пер’е ці не са ўсіх тых качак, якіх ён застрэліў за сваё паляўнічае жыццё.
А жыта яно і на самой справе сугучнае словам жыць, жыццё. Чалавек, заснуўшы на такім ложку, усё роўна і ў сне нават працягваў суіснаваць поруч з самым родным і самым блізкім, неабходным і патрэбным. Наяўнасць, дастатковая, з запасам, таго жыта давала магчымасць яму спакойна спаць, сям’я не будзе пухнуць з голаду. I гэта ж не толькі ў той славутай генетычнай памяці, да якой я часта з задавальненнем звяртаюся, але і ў паху саломы, якая паспела, выспяваючы і выстойваючы
на палетку, увабраць у сябе і энергію сонца, і павевы ветрыку, і нават нябесную вільгаць, якая ніколі не мінала жытнёвыя палі. Водар усяго гэтага адразу апаноўваў таго, хто быў блізка знаёмы з сялянскай працай, якая пастаянна працякала на ўлонні роднай прыроды, а часам стваралася такое ўражанне, што і ў самой прыродзе, і таму непаўторны пах мінулага, няхай сабе і цяжкага (цяжкага ад выжыльваючай, здавалася б, што ў многім ужо і неадольнай працы, але ўсё ж завершанай, выкананай да канца) лета.
Чалавек расслабляўся на саламяным “сянніку” таму яшчэ, што гэта асацыіравалася ў яго з лагічным і паспяховым завяршэннем чарговага працоўнага года. Прыйшло жніво. Сыйшло жніво. Яно мінула. Пракацілася ў чарговы раз, пакінуўшы пасля сябе не толькі балючыя ўспаміны пра мазалі, салёны пот, агнём палаючыя спіну і плечы, ногі і рукі, але і адвечную радасць селяніна-земляроба: жніво завершана, ураджай сабраны і чакае свайго далейшага лёсу. У гэтым і цяжкае наканаванне ўласнага лёсу, і тое, што засталося ў спадчыну ад працалюбівых продкаў. Таму і раскашавалі гаспадары, лежачы ды прыгадваючы сцэны з недалёкай яшчэ часіны, калі лішні раз дух перавесці і то было цяжка, не тое, каб адпачыць якую лішнюю гадзінку-другую. Маладзейшыя любілі бавіцца на “сянніках”. А старэйшыя на печы, “каб прамоклыя ды застуджаныя косці добра разагрэць-упарыць, каб сілка божая вярнулася ў цела, бо не паспееш азірнуцца, а там зноў вясна, а за ёю лета, а раз лета, то абавязкова, значыцца, і чарговае жніво”. Усё міналася і паўтаралася, паўтаралася і наступала зноў.
Ды і само выслоўе “ўтапталі салому” мела некалькі надзвычай “гаворачых” значэнняў. Па-першае, тое, што нават салому прыбралі і звезлі з палеткаў і з гэтым было звязана завяршэнне летняга цыкла сялянскай працы; па-другое, “утаптаць” магло патлумачыцца, што надта працяглая і галодная ў нечым зіма (маецца на ўвазе для свойскай жывёлы) забрала ўсе чыста запасы, зробленыя гаспадаром; па-трэцяе, прыбралі ўраджай, цяпер ён дагледжаны, далей станем малаціць ды веяць, а гэта азначае тое, што ў чарговы раз даказалі ўласную людскую жыццесцвярджальнасць і непахіснасць. Таму і выслоўе “гнецца, як салома пад ветрам” падыходзіла пад многія жыццёвыя сітуацыі. Счарнее салома пад дажджамі ці навальніцамі, пад замаразкамі-прымаразкамі і адразу ж счарнее твар вяскоўца, бо ён выдатна зразумее, што на добры ўраджай у гэтым годзе спадзявацца не прыходзіцца. I нават “сяннік” не будуць набіваць новай саломай, бо «яна паху летняга не мае... Яна счарнелая і набрынялая дажджамі... Яна ўвабрала ў сябе лішнюю вільгаць і ад гэтага пагніла, яшчэ нават на карані стаяўшы...». Такую
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
салому калі і выкарыстоўвалі, то толькі на падсціл жывёле ("на настюл”). Толькі даводзілася чуць, што яе ўсё роўна пускалі на корм усё той жа жывёле. Незайздросны, але корм, бо не было іншага выйсця, не ставала магчымасці, нават у самых увішных людзей, накасіць сена, высушыць яго і прывезці на падворак. Калі ўбівалася працяглая непагадзь, то яна настолькі ўядалася ў людскую памяць, што пра такое лета (пра такі год) потым пастаянна ўспаміналі, нагадвалі лішні раз, што неабходна заўсёды памятаць пра тое, «што можа стаяць за плячыма і чакаць сваёй злой чаргі, каб убіцца ды вывесці, вынішчыць усё дазвання».
Даводзілася чуць і чытаць пра тое, што ў некаторых мясцінах Беларусі, напрыклад, на Гродзеншчыне, “сяннікі” набівалі ў купальскую ноч. Прыносілі іх з сабою да вогнішчаў і там спальвалі старую салому, якая ўжо нагадвала звычайную труху. На другі дзень напіхвалі “сяннікі” новай саломай. А ўжытую спальвалі. Лічылася, што разам з гэтай трухою на купальскім агні пагараць і ўсе мінулыя чалавечыя хваробы ды болькі і што ніякая пошасць не здолее потым “аджыць у будучым жыцці". Працоўная магія, імкненне да захавання ўласнага здароўя, здароўя членаў сваёй сям'і выразна прасочваецца. Праўда, як падаецца, то недзе ўсё ж, за смугою стагоддзяў ды за няўважлівасцю продкаў, згубілася некалькі звёнаў таго свяшчэннага ланцуга павер’яў, таму і тлумачыць даводзіцца самому, не спасылаючыся на ранейшых этнографаў. Нешта тут прысутнічала яшчэ з нерасшыфраваных старажытных абрадаў, калі спальвалі стары абутак, непатрэбныя рэчы (але толькі драўляныя, металічныя вырабы і не гарэлі, вядома ж, і былі занадта дарагія для вяскоўцаў, таму іх нікуды не выкідвалі, не знішчалі, а імкнуліся знайсці ім новы ўжытак).
У нас усё рабілася значна празаічней. Зімою, напярэдадні Каляд, мама звычайна прасіла мяне, каб дапамог ёй у няхітрай, але не надта ёмістай для аднаго чалавека працы перамяніць салому ў “сянніках”. Адзін раз пры гэтым прысутнічаў дзед. I, як заўсёды, пачаў курыць нават у прыстаронку, дзе ляжала зладаваная жытняя салома. Зразумела, што ён быў "урачыста” выправаджаны з ліку памочнікаў (“Ідзі, бацька, a то ці свіран нам спаліш, ці заснеш дзе-небудзь у “сянніку”. Ведаем, які ты сон маеш!”). Старую пацяруху мы высыпалі ў свінушнік, дзе здаравенныя свінні адразу ж накінуліся на тую горку, уздымаючы пры гэтым нейкі надзвычай едкі пыл. Мама заўсміхалася, маўляў, няхай і на іх каляднае здароўе сыходзіць. Салому гаспадыня старалася запіхваць “уздоўж сцябла”, так, як яна была звязана ў снапах і потым засталася пасля абмалоту. Гэтак было зручней і можна было паболей набіць саломы ў “сяннікі”. Тыя мяхі, а было іх ажно тры, па колькасці ложкаў у на-
шай хацінцы, станавіліся падобнымі на нейкія вялізныя, выцягнутыя ў даўжыню агуркі.
Прынёсшы ў хаціну, ледзьве прапіхнуліся праз уваходныя дзверы з гэтакай сваёй ношкай. Потым я трымаў “сяннік”, а мама зашывала распушчаную адтуліну. Заслаўшы ложкі, задаволена працягвала, што цяпер сон ва ўсіх будзе царскі. Дзед, то той падзуджваў, маўляў, будзеш, унучак, ставіць драбінку, каб забрацца на сваё месца для адпачынку. Ад яго ж тады, відаць, і пачуў чарговае, што на саломе, ды яшчэ перад Калядамі, людзі заўсёды ўсміхаюцца ў сне, бо сняць Сына Божага, якога ж таксама знайшлі некалі на саломе сярод свойскай жывёлы. Ужо не памятаю, калі мне даводзілася адпачываць на “сянніку” ў апошні раз, але, здаецца, што сапраўды бачыў на тварах у сне мілыя ўсмешкі. А хіба можна не ўсміхнуцца, прыгадаўшы, як запытаўся ў мамы, ужо будучы студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, чаму гэта называецца “сяннік”, а набіваюць яго саломаю? Матуля разгубілася, нешта прамямліла, а потым ускіпела, маўляў, вывучыла на сваю галаву! Так яна часта любіла паўтараць, калі нешта ў хаце ці па гаспадарцы я рабіў не так, як ёй хацелася. Недзе, ці не наступны дзень, усё ж адумалася і, падлавіўшы зручны момант, сказала, што калі набіваць сенам, то ніякага паху не будзе і, да таго ж, сена вельмі хутка збіваецца. Гэтаксама, як і аўсяная салома, якой практычныя палешукі ніколі свае “сяннікі" не набівалі, бо «яна амаль што адразу збівалася, лямцавалася і ператваралася ў простую труху-ператрусіцу».
Здаралася, што тлумачылі такую прыдатнасць толькі жытнёвай саломы тым, што на ёй было сама мала («а то і ўвогуле ніколі не трымаліся, ні блохі, ні блашчыцы...») усялякіх кузурак, якія потым пачыналі раскашаваць па сялянскіх ложках. Паступова, пагнаўшыся за празмернай зручнасцю і ці не за модай, “сяннікі” пачалі выкідваць з хацін, а на іхняе месца ўспіралі купленыя ў крамах і прывезеныя з горада матрацы. Яны ж амаль што “панскія”, бо на спружынах. Чамусьці ўсё ў сялянскай гаспадарцы ды хаціне вельмі часта і пастаянна параўноўвалася з убачанай некалі ў памешчыцкіх пакоях ды маёнтках мэбляй, яе паасобнымі прадметамі. Па шчырасці, то пераважная большасць вяскоўцаў ніколі ў тых сядзібах і блізка не былі, але ж “гнулі” сваю лінію, бо ці ім людзі расказвалі, ці яны недзе чыталі, a то і ўвогуле прыхлушвалі ў пэўнай ступені.