Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
раз вырашылі ўзняць над сваімі галовамі, каб паказаць, што маладая са сваёй матуляй назбірала туды за гады дзявоцтва. Ускінулі адначасова і ўсе навокал ажно вохнулі ад нечаканасці: дно ў куфра, нібы некім падрэзанае, гопнулася долу, а разам з ім паляцела і ўсё тое багацце. Добра было б, каб на якую траўку ўпала-высыпалася, а то ж у лужыну, у якой стаяў іхні вясельны поезд. Маладая адразу ж загаласіла і пачала ... праклінаць злым праклёнам свайго роднага братку, які, нібыта, нечага недаглядзеў і ўсё так атрымалася з-за ягоных хібаў. Хлапчына кінуўся да дзеда, але той развёў рукі і надзвычай спакойна прамовіў: «Я ж вас заранёў папярэджваў, што калі нешта не так выйдзе, ці не так атрымаецца, то каб мяне вінаватым ні ў якім разе не рабілі. Так жа было. Успомні?». Што ж тут крычаць, як жа тут станеш папракаць, калі на самой справе майстра так і гаварыў з месяц таму.
Потым ужо ўмелыя людзі раскапалі, як гэта ўсё атрымалася: дзед на дно куфра ўжыў не жытнюю, а аўсяную салому, якая і не трывалая, і празмерна мяккая. Пры жаданні можна зрабіць так, што нічога не адрозніш і не зразумееш, у чым крыецца падробка. Вось так ён расплаціўся з той «панскай» задумай. Вось табе і палеская ўпартасць: сказаў з першага разу, што не згодны і таму трэба было адступіцца. He, пачалі далей напрошвацца, пераконвааць, даказваць. Вось вам і зусім нечаканы, дакладней, адваротны вынік!
Пасля гэтага здарэння маладая ніколі болей не загаварыла са сваім братам. Яго ва ўсім чыста звінаваціла і сказала, што знаць не хоча такога роднага. Выйшла так, што са сваім мужам пражыла яна доўгае і шчаслівае жыццё: нарадзіла многа дзяцей, узгадавала іх, дачакалася ўнукаў-праўнукаў. I нічога благога тое здарэнне ёй не прынесла. Затое родны братзагінуў нежанатым. Падчас вайны пайшоўу партызаны, падаўся ў злучэнне да славутага Каўпака. Калі ішлі на Карпаты праз родныя мясціны папрасіўся наведацца да бацькоў, каб глянуць, яктам яны. Вяртаўся ўжо да сваіх і недзе па дарозе нарваўся на варожую засаду. Мужную смерць прыняў, не здаўся ў палон, а сябе і некалькіх ворагаў падарваў гранатай. Калі яго прывезлі да роднага падворка, падказалі добрыя людзі, дзе ляжыць іхні сын, каб пахаваць, то сястра, нібы каменная, так і тады не заплакала, не загаласіла адчайна.
Бацька, гледзячы на такія адносіны сястры да брата, не ўтрымаўся і ледзьве чутна прамовіў: «Эх, ты, пустэча... Роднага брата закляла... I з-за чаго, з-за саламянага куфра... Дык я ж дзеда таксама прасіў... Ён жа мой родны бацька... I мяне стары не паслухаў... Цяпер я і сынка свайго ля яго пахаваю... Няхай там унука падманвае...».
Гаварылі, што такая злосць, агіда і непавага да ўсяго панскага ў старога палешука з’явілася з маладых гадоў. Надта яму перападала ад мясцовага памешчыка за непакорны характар, за тое, што быў нястрыманым на язык. Усе ўжо і папярэджвалі, і адгаворвавлі, а ён усё роўна, недзе ды нешта не такое скажа. За гэта яго і лупцавалі ды яшчэ пастаянна насміхаліся, што, маўляў, “хлопа” б’ць лазою, а вось пана... Пана саломаю: боў “хлопа” цела чорнае, усё вытрымае, а ў пана яно ж далікатнае. Таму яго, калі што якое, то толькі саломкаю і сцябаюць. Закатуюць чалавека да такога стану, што ў ім толькі душа і жыла, скуру палосамі здзіралі, а ён не паддаваўся. Толькі свой непакорны нораў не змяніў, не здрадзіў яму. Яно то, відаць, і добра, што такі цвёрды ды непахісны на сваё рашэнне быў, але ж неў гэтым, канкрэтным, выпадку. Тут дзед схібіў, бо сваім махлярствам моцна падставіў ні ў чым не вінаватага ўнука.
Прыходзілася сустракацца з тым, што даволі часта вяскоўцы гаварылі пра выплеценыя з саломы не куфры, а “сундукі”, “сундучкі”, каробкі, якія ў сялянскай гаспадарцы заўсёды былі да месца. У іх і пакласці можна было ўсё, што захочаш, і ўпарадкаваць нейкія рэчы ці вопратку, збожжа ці насенне, a то і іншыя матэрыялы, сыпучыя і несыпучыя. “Сундукі" выпляталі хвацкія: аплеценыя па вуглах нават ашкуранай лазою, з накрыўкамі-вечкамі. Адным словам, яны поўнасцю паўтаралі па форме драўляныя. Тут нечага асабліва адметнага знаходзіць не даводзілася. Адно, што патрабавалі такія рэчы і прадметы да сябе больш ашчадных і ўважлівых адносін. А так гаспадыня, напрыклад, зладуе чыстую вопратку, складзе акуратненька, зачыніць века і ўсміхнецца задаволена: столькі “сундук” у сябе ўвабраў, яшчэ і месца нават вольнае засталося. Потым можна будзе і яшчэ дадаць. Затое не пыляцца рэчы навідавоку, не задымляюцца, не замінаюць. Гарантавана і тое, што ў “сундуку” не столькі кузурак усялякіх стане заводзіцца, асабліва, калі перакласці вопратку высушанымі раслінамі, якія маюць п’янкі і невыносны для гэтых шкоднікаў пах. Ва ўсім проста трэба было разбірацца, «ведаць толк».
Добра было і тое, што калі “сундук’’ запыльваўся, пачынаў вільгацець, прастаяўшы дзе-небудзь у цёмным месцы, а так яно, звычайна, і здаралася, то яго ў сухое надвор’е выносілі на вуліцу. Усё чыста даставалі і раскладвалі ці развешвалі, каб яно перасушылася. Праўда, учынялі такое не навідавоку, а дзе-небудзь за хатай ці за свірнам, у садочку, каб чужыя вочы не бачылі, колькі гаспадыня сабрала таго дабра. На ўсё знаходзіліся чорныя вочы. 3 імі асабліва не жадалі сутыкацца. Тое ж самае рабілі і з самім “сундуком”. Яго “апыльвалі” (выбівалі пыл), маглі
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
нават прайсціся па дне ды па сценках вільготнай анучкай, а потым таксама выставіць пад гарачыя сонечныя прамяні. Такую "аперацыю” гаспадыні імкнуліся рабіць у “прысвяткі”, калі, паводле царкоўных канонаў, нельга было “цяжка працаваць, затое дазвалялася выконваць нешта з хатніх прац. Такога, адкладзенага “на заўтра”, у гаспадарлівых жанчын заўсёды было шмат, “усяго ж не паспявалі адразу нават парабіць; здавалася, што і хата тая малая і сям’я не надта вялікая, а працы ніколі ўсёй не пераробіш: за што-небудзь ды вочы абавязкова зачэпяцца. За такую працу то і грэх ніколі людзям не прылічваўся”.
Вялікія "сундукі” заказвалі майстрам, якія карысталіся адпаведнымі заслугамі ў гэтым плане перад вяскоўцамі. Далёка не кожны мог сплесці “сундук” ды яшчэ з накрыўкай, з ручкамі па баках. Усё ж выконвалася толькі з саломы і лазы. I выпляталі іх дадаткова да традыцыйных драўляных куфраў. Тады ж ніякіх шафаў у сялянскіх гаспадарках не існавала. Яны з’явяцца значна пазней. Таму такі “сундук” быў акуратным сховішчам, найперш для вопраткі, палатна, тканых вырабаў і г. д. Адным словам, гэта былі прадметы “пераходнага” ладу жыцця: ад даўняга сялянскага да нейкага ўжо больш акультуранага вяскова-мяшчанскага. А па вёсках любая завядзёнка перадавалася ў асноўным па прынцыпу: ат, у таго (ці ў тае) бачыла, то хачу, каб і ў мяне такі “сундук” з’явіўся. Тым болей, што яго, калі сам не агораеш, то не надта дорага і майстры возьмуць. Так разважалі вяскоўцы, улічваючы пры гэтым, што салома ёсць салома! Матэрыял свой, а толькі ўжо за працу, за выкананне, давядзецца заплаціць. Заадно нібы дапамагаць, а на самой справе, то пастарацца пераняць найбольш складаныя элементы гаспадарчага пляцення, збіраліся і іншыя мужчыны: суседзі, вяскоўцы, проста зацікаўленыя ці майстравітыя сяляне, якім карцела зірнуць і параўнаць: ці так яны самі ўсё робяць або ёсць у нечым адметнасць.
«Тыя сундукі нашы вяскоўцы наглядалі ў Пінску ці ўЛагішыне, куды зрэдчас у сваім жыцці ўсё ж выбіраліся па нейкай надзвычай пільнай патрэбе. Таксама ж наймаліся на працу да сярэдняй рукі гараджан і местачкоўцаў. Асабліва ахвотна вяскоўцаў (маецца на ўвазе: і жанчын, і мужчын) бралі да сябе яўрэі і... шляхта. Першыя таму, што спадзяваліся, як заўсёды, крыху абшукаць сваіх слуг, амаль што парабкаў, а другія з тае нагоды, што яны хоць і з’яўляліся ці лічылі сябе шляхтай, але працавалі гэтаксама цяжка, як і лапцюжныя мужыкі. Выбіралі працавітых, а не лайдакоў. Перапытвалі ў знаёмых і пасля гэтакіх “рэкамендацый” залічвалі ў свой, амаль што сямейны “штат”».
Самі надрываліся, не дасыпалі, не даядалі, а дзяцей імкнуліся любым чынам выправіць на лягчэйшы хлеб, каб тым потым у жыцці той
акрайчык даставаўся значна прасцей. Таму і прыязджалі да іх потым іхнія нашчадкі з розных вялікіх гарадоў: і з Вільні, і з Кіева, і з Пецярбурга, і з Варшавы, і з Прагі. Ды мала з якіх навуковых цэнтраў ехалі да бацькоў дзеці. Яны ж таксама прывозілі з сабою ўсялякія куфры-“сундукі”: і скураныя, і плеценыя з лазы ці з іншых парод дрэва, і з саломы. Кемліваму чалавеку дастаткова было зірнуць на такія вырабы, дакрануцца да іх рукамі, каб паглядзець, што да чаго там выраблена, каб потым змікіціць і назаўсёды пераняць. Раз у галаве застанецца, то рукі абавязкова паўтораць. Мала гэтага, яшчэ абавязкова нешта больш удасканаліцца мясцовым майстрам, які ад сябе дадасць нетрадыцыйна-самабытнае: і простае, здавалася б, і зручнае, не тое, што ў тых, прывезеных аднекуль.
Такі хітры чалавек з нашых вяскоўцаў, першы раз толькі, будучы маладым хлапцом, наняўся ў шляхецкую сям'ю, “ва ўслужэнне”. Так любілі гаварыць ягоныя бацькі, тым самым падкрэсліваючы, што іхні сын не парабкуе, а “служыць”, як раней у паноў служылі. Добры працаўнік быў, спакойны, калі выпадала, то нешта і без загаду гаспадароў рабіў, бо бачыў, што там парадку належнага няма. Два разы на месяц яго адпускалі на выхадныя, як і на штогадовыя праваслаўныя святы, дамоў. А што для маладых ног тыя два дзясяткі кіламетраў? Прабяжыць іх на адным духу. Затое з хатнімі ўбачыцца, пра навіны даведаецца, а ў нядзельку познім вечарам у адваротны шлях ідзе, каб да панядзелка быць у гаспадароў, каб тыя не ўзлаваліся, не пакрыўдзіліся, не знайшлі нейкую зачэпку для пакарання. Вельмі спагадліва адносіліся тыя гаспадары, няма чаго дурнога гаварыць, да свайго парабка. Хваліліся нават перад суседзямі, што пашанцавала з чалавекам, што няма чаго ў ім сумнявацца. А працавіты, то за траіх управіцца. Усё гарэла ў ягоных руках і, самае галоўнае, усё выконваў спакойна, весела, з нейкай лагоднай усмешкай. Магло запроста падацца, што ён і не стамляецца пры гэтым.
Неяк да тых шляхціцаў прыехала іхняя дачка, якая навучалася ў Кракаве. Было падобна на тое, што яны спадабаліся адзін аднаму (маю на ўвазе дзяўчыну і парабка) адразу, з першай сустрэчы, выпадковай, мімалётнай, прама ў двары бацькоўскага падворка. 3 таго моманту іх часта бачылі ўдваіх: хлопец што-небудзь рабіў, а дзяўчына сядзела і ўважліва сачыла за тым, як усё нібы ажно гарыць у ягоных майстравітых руках. Маўчыць, маўчыць, а потым усміхнецца і запытаецца: «Адкуль у цябе ўсё гэта? Яшчэ ж зусім малады, а ў цябе ўсё атрымліваецца лепей, чым у каго-небудзь іншага бачыла?». А хлапчына таксама быў не промах: прыгожы, высокі, на зайздрасць, жаніх. Да яго прыбягалі суседскія дочкі, нібыта па нейкай патрэбе, а самі ўсё на сабе хла-