Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
што перападала. Гэта толькі гаварылі, што падараваў карову, а на самой справе бацька даваў цялушачку, амаль яшчэ цялятка. Толькі ж кожнаму хацелася і пахваліцца, і неяк паганаравацца перад іншымі. Часта ў нас здаралася, што і салому да пасагу прылічвалі. Бачыш, атрымліваецца, што я сваю жонку сабе на ўсё жыццё за жытнюю салому прыдбаў. Нічога не папішаш, калі будні сваезаконы пісалі...».
Бабуля ўсхліпнула, прыгадаўшы, мабыць, самае балючае і гаротнае, а потым весела ўзмахнула рукою: «А раскажы ты чалавеку, як шляхцянка разводзілася і назад сваю салому ад былога мужа патрабавала... Ты ж гэтую гісторыю пастаянна сваім сябрам раней распавядаў... Няхай і Алеська паслухае... Раз нам не верыў, то панам адразу ж паверыць, бо ж шляхцянка гэта пані. Іншая ўжо справа, што магла быць бяднейшай за сялянку, але гонару таго насіла, што і ў тры ношкі не збярэш... Гаварылі ж, што шляхецкі гонар не заўсёды на грашах ды на заможнасці трымаецца. Па-ўсялякаму і ў іх вадзілася».
Дзед распачаў апавяданне. Аказалася, што ў недалёкім фальварку жыла старая “дзявуха-векавуха” шляхцянка, якую ніхто не хацеў сватаць. I не тое, што з-за яе беднасці, а з-за сварлівага характару. Усе ведалі, які ў той паненкі язык і за лепшае лічылі аб'язджаць і абыходзіць той дом бокам. Праўда, неяк усё ж ёй пару адшукалі. Знайшлі і для векавухі “пана”. Аднак нашы вяскоўцы сцвярджалі, што ніякі гэта не “пан” быў, а самы звычайны мужык, толькі што бацькі ягоныя празмерна ганарлівыя былі і лічылі сябе з гэтай нагоды “панскай крыві”. Ды яшчэ маці таго самага сына ў панскім двары ці то кароў даіла (ці то іх пасвіла). Згулялі і вяселле. Як і мае быць: з “панскімі" замашкамі і надта ж мудрагелістымі танцамі, якія кожны з гасцей танцаваў па-свойму. Вось тут і ўсплыла тая самая “пасажная” салома. Аказалася, што сквапны і хітры бацька шляхцянкі ўпісаў у пералік даруемага і ... два вазы жытняй саломы. Нікуды яна “не сплыла”, калі прыйшла часіна “разлічвацца”, то і прыдалася. Ды яшчэ з такой незабыўнай гісторыяй-суправаджэннем.
He надта доўга яны і нажылі разам. Усяго недзе нейкую зіму і перакачаліся, а ўжо пад лета малады муж не вытрымаў болей згрызот і здзекаў сваёй слабай палавіны. Сам ёй усе рэчы паскладваў на воз (можа дзе і сваіх прыхапіў), адно толькі каб хутчэй хатнюю “мамзэлю” за вароты падворка адправіць. Быццам бы (сведкі гаварылі), што і пужкай на развітанне, не толькі кабылку хвастануў, але і былую жонку хвацка разоў колькі аперазаў. Уедзеная тая была, што і аглядзець сябе ўсю адразу не магла. Людзі адно пасмейваліся, што маладая жанчына гэтак “з галадухі, мабыць, апухла".
Але ж гэтай сцэнай іхні «развод» не закончыўся. Шляхцянка апамяталася, ужо ў бацькавай хаце седзячы, што яе былы муж ёй не ўвесь пасаг назад аддаў, што засталося вярнуць два вазы ... жытняй саломы. Гэта ж і ў “дакуменце” было ўпісана. Яна з тымі паперамі падалася ў суд, каб прышчучыць свайго “прахіндзея”, які гэтакі ўрон нанёс яе матэрыяльнаму становішчу. Неўзабаве туды выклікалі саму падавальшчыцу і яе былога мужа, каб ужо канчаткова разабрацца ў заблытаных словах жанчыны. Суддзя пачытаў тыя паперкі, паглядзеў на стоеных перад сабою былых гаспадароў і прамовіў, нібыта сабе пад нос, але так, каб усе прысутныя пачулі: "Раз ты сабе такі хамут знайшоў, то аддай, пане, усё: нават тую жытнюю салому... He трэба быць вінным, бо ў горшым выпадку грашыма заплоціш... Зразумеў?..”.
Адказчык знайшоўся што сказаць: “А дзе ж я тае саломы вазьму, калі жніва, пане суддзя, яшчэ і ў памінках не было?..”. Ляпнуў і стаіць задаволены тым, што хвацка з незайздроснага становішча выкруціўся. Толькі і суддзя быў біты жыццём чалавек, многае пабачыў, усялякіх гіцляў і прайдохаў спыняючы, таму і прамовіў, ды спакойна гэтак, пасмейваючыся аднымі вачыма: “Раз умудрыўся такую жонку сабе знайсці, то і салому без цяжкасцей адшукаеш. Станеш хітраваць і круціцца, то яшчэ штраф заробіш. Дайшло маё апошняе слова?”.
Што ўжо рабіць заставалася адказчыку, як не прамямліць: “Дайшло... Чаго ўжо там... Вярну я тыя два вазы жытнёвае саломы... Мне ж, сказалі, трэба ўсё гэта за тыдзень здзейсніць?..”. Але тут усіх перагнала былая жонка: “Будзеш ведаць, як мяне пугай хвастаць! Жытнёвая салома, каб на падворку ў мяне да гэтай суботы ляжала! А не, то надалей у турму цябе засуджу!”.
Разгублены і прыніжаны прыджгаў дамоўтой няшчасны “кавалер”. Старыя бацькі нічым не маглі супакоіць, не выпадала ад іх пачуць і слушнае парады. Адно толькі рукі ўбакі развялі: дзе ж ты зараз тае саломы набярэшся, калі да жніва яшчэ добрыя два месяцы чакаць? Была б для іх невырашальная задача, каб не стары парабак, які жыў у іх ужо, амаль што, за свайго: і працаваў разам з усімі, і за сталом з імі сядзеў. Той як пачуў, дык са смеху зайшоўся: “I над гэтым хвалявацца выпадае? Табе ж пан суддзя сказаў прывезці жытнёвую салому. Два вазы, але ж ён не ўдакладніў пры гэтым, старую ці ўжо новага абмалоту. He?..’’.
Гаспадароў сын пагадзіўся з усім сказаным: “Дык слухайце мяне: у вас трэба свіран тэрмінова перакрываць... Мы ж гэта збіраліся зрабіць у мінулым годзе, але нешта не склеілася, то давайце зараз раскрыем страху, складзем на два вазы адразу і завязем той скнары. Няхай
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
Хата з саламянай страхой
парадуецца згніўшай пацярусе...”. На наступную ж раніцу прыступілі да працы. Гаспадары ажно не верылі, што ўся іхняя страха гэтак прагніла і пасыпалася, што праз яе вада прама так і цурчэла. Добра, што парабак здагадаўся, то новай саломай і перакрыюць свіран. Добрая справа і тут атрымаецца, і там выйдзе. Неяк склалі тое гніллё на вазы, калы паўстаўляўшы, бо ляжаць гэтакзваная салома сама ўжо не хацела і рушылі ў дарогу.
Па дарозе стары ўсё падвучваў гаспадарова сына: «Ты, даражэнькі, маўчы, а я за цябе “тры капейкі” ўстаўляць пачну. Зразумеў? He трэба табе, ні слова, ні паўслова гаварыць. Маўчы, як вады ў рот набраўшы, a то сапсуеш нам увесь план. А ён у нас харошы. Мала хто да такога б дадумаўся». Прыехалі да варот шляхецкага падворка, слуга і закрычаў: “Адчыняйце тэрмінова, бо салома да саламянай удавы прыехала. Паказвайце, куды яе складваць, а не, дык прама тут шухнем. Ды завіце сведкаў, каб яны потым, калі што-якое засведчылі!”. Сведкі прыбеглі самі, нават залішнія, каб на такую сцэну паглядзець. А парабак далей гарлае: ‘Тлядзіце, людцы, якая салома? Жытняя? Чысцютка жытняя, ніякага дамешку ў ёй няма, каб скаргаў надалей не зыходзіла”. Пачалі скідаць тую труху, а пылота такая ўзнялася, што, здавалася, яе слуп ажно да неба цягнуўся. Сведкі рагочуць, пальцамі тыркаюць, гатовы з панскага “багацця" па траве качацца, а тут яшчэ дачка іхняга су-
седа ўмудрылася ляпнуць: “Мы ж свежую салому прывезлі... Жоўценькую, а гэтая... Гэтая не салома, а гніллё!..".
Кемлівы парабак і тут адрэзаў, нібы ў сук уляпіў свае словы: “Эх, даражэнькая, пакуль ты ў нас сядзела, то ў гэтую саломку кароўка бз...а, а пакуль ты ў нас ляжала, то ў яе неаднойчы і свінка нас...ла!”. Пачуўшы такое, разгневаная шляхцянка паперла ў хату, каб болей не чуць абразлівых слоў і смеху ад прысутных. Але на наступны дзень яна ўжо была зноў у судзе. Там адшукала таго самага суддзю, які ‘‘прыгаворваў” яе былога мужа і распавяла яму чыста ўсё, нават парабкаў адказ даслоўна паўтарыла. Той не вытрымаў і засмяяўся: “Знайшоўся, значыцца... To не такі ён і дурны, як мне падалося... Малайчына... усё ён па закону зрабіў: салому ж мы не падкрэслівалі якую старую ці новую, а па колькасці, то два вазы, як вы і прывезлі з сабою... Так што болей судзіць яго няма за што...”.
Яно б неяк так і засталося ў вусна-паэтычных аповедах. Нават і сумненне не закрадвалася, што гэта чарговая народная выдумка. Пакуль у мінулым годзе, працуючы над тэмай бортніцтва-пчалярства, я ў архіўных дакументах не наткнуўся на афіцыйныя звесткі, што сапраўды, на самой справе, на Убарцкім Палессі, а туды і адносіцца якраз-такі Лельчыцкі рэгіён, даволі шырока (прыводзіліся толькі даныя па шляхецкіх сем’ях) практыкавалася даваць у пасаг (ці ў якасці пасагу) і пэўную колькасць, частку... саломы. Мала гэтага, яшчэ і пазначалася не проста колькасць саломы, але ўжо і якой: жытняй, аўсянай, ячнай. Падкрэслівалася таксама, што “свежай, сёлетняй, старанна абмалочанай, а не перабітай, не счарнелай і не гнілой”. Праўда, пшанічная ці грэцкая салома ў гэтым своеасаблівым пераліку не згадвалася. Яно і зразумела: пшаніцы палешукі амаль не сеялі ніколі, землі тут не для гэтай земляробчай культуры, таму яны болей спадзяваліся на традыцыйную жыта. Грэцкая ж салома яна занадта кароткая і празмерна ломкая. Яе ў такія справы, як пляценне, не выкарыстаеш, бо і майстар напакутуецца падчас працы, і выраб у далейшым можа запроста падвесці ў самы нязручны момант.
Аказваецца, што многае ў сямейным жыцці беларусаў, нават у іхніх, асабліва незайздросных лёсах, параўноўвалася ці асацыіравалася з ... саломай. Прыгадаем шырокавядомае выслоўе “саламяная ўдава”. Найперш, адразу ж у памяці ўсплывае вобраз няшчаснай жанчыны, якая так і не зведала ніколі напоўніцу сямейнага шчасця, хоць і замуж выходзіла (ці афіцыйна, паводле царкоўнага ці касцельнага вянчання знаходзілася замужам, калі трапіла ў разрад гэтакіх “удоў”). Нам даводзілася сустракаць ці не з дзясятак вызначэнняў гэтага выразу. Самы
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
папулярны з іх гэта тое, што жанчына была замужам за нейкім надзвычай старым, няздольным для актыўнага сямейнага жыцця чалавекам: “Той стары, калі толькі жаніўся, то ўжо ні да чога не здатны быў, а яна ж маладая пайшла за яго; поўная сілы і энергіі. Ёй жа мужчына патрэбны быў, а не гэтакі стары абабак. He выключана, што ён і пра жаніцьбу сваю, і пра тое, што жонку мае, ужо не памятаў. Сядзеў бы на печы сабе ды катам там казкі баяў, дык не, захацеў на маладой ажаніцца, паказаць, што ён яшчэ хвацкі кавалер, што ягоныя грошы ўсё могуць зрабіць. Грошы грашыма, а бабе мужык спраўны патрэбны. Яна ж дзяцей хоча мець, гадаваць іх, лашчыць. Жанчына ж, найперш, маці, а тут такая злыбяда. Што заставалася рабіць, як не працягваць ранейшы лад жыцця: гуляць з хлопцамі ці з вяскоўцамі. I муж дома, калі што якое, ёсць і нагуляецца сабе напоўніцу”.