• Газеты, часопісы і г.д.
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Але паліцыянты аднекуль разнюхалі ці нешта такое знайшлі, што выклікала бясспрэчнае падазрэнне, што гэта быў невыпадковы пажар, а нехта падпаліў сядзібу лесніка. Тым болей, што і сабакі, якія чужых людзей, па словах хатніх, на дух не пераносілі, былі атручаны і самога гаспадара некалькі дзён не маглі адшукаць. Яго знайшлі выпадкова, праз некалькі дзён. Чалавек быў павешаны. Пры медыцынскім аглядзе было высветлена, што чалавека спачатку забілі, а потым ужо ... павесілі. Нехта ўмела маскіраваў сляды, імкнучыся спісаць усё на няшчасны выпадак.
    Тады пачалі апытваць вяскоўцаў, найбольш бліжэйшых суседзяў, спадзеючыся такім чынам праясніць сітуацыю. Аказалася, што ў загінуўшага лесніка і ворагі былі, і нядобразычліўцы, і не раз яму пагражалі расквітацца, бо "надта шчыра панам служыць...”. А падчас гэтых апытанняў, зусім выпадкова, хлапчук, гадоў дзесяці, нечакана ўмяшаўся ў справу пана следчага і заявіў, што бачыў, як іхні сусед, пастаянна азіраючыся і стараючыся дзейнічаць патаемна, у тую ноч нешта хаваў у сваім стозе. Хлопчыку добра было відаць, бо спаў ён на свежым сене ў гумне, а той стог знаходзіўся якраз насупраць вакенца, прарэзанага ў шчыце страхі. Пайшлі туды і знайшлі там бляшаную каністру з-пад газы. Схапілі тады таго гаспадара, прыціснулі добра ў пастарунку і той выкрыўусё, распавёў, якды штотам рабілася. Аказалася, што і быў ён не адзін, а некалькі чалавек сабралася і змовіліся яны разлічыцца
    з ненавісным лясным служакаю. Яго выклікалі з хаты, забілі і, аднесшы на значную адлегласць, павесілі ў нейкім напаўразбураным свіронку, якім даўно ніхто не карыстаўся. Таму няшчаснага і не маглі доўга адшукаць. Потым злыдні вярнуліся і з усіх бакоў, папярэдне паабліваўшы будынкі газай, падпалілі сядзібу. Таму так спапяляюча ўсё і згарэла.
    Самае цікавае, “з гаручай саломай”, пачалося на судзе, які адбываўся ў павятовым Пінску. Туды ж, адпаведна, выклікалі ў якасці сведкаў і многіх вяскоўцаў, каб падчас судовага разбіральніцтва яшчэ раз пераканаўча даказаць віну, пакуль што, падазроных. Людзі ж, як вядома, розныя бываюць: як па фізічным, так і па разумовым складзе. Вось і тут так атрымалася. Выклікалі чарговага вяскоўца. Стаіць ён, са страху перад высокім судом, дрыжыкі пускае, а тут пан суддзя і пытаецца:
    «Раскажыце, сведка, будзьце ласкавы, па праўдзе і па парадку, як там усё адбывалася?
    -	Праўду, толькі праўду, пане суддзя, залапатаў селянін. Людзі там з саломаю бегалі... А салома тая, аказваецца, яшчэ і гарэла... Сухая, бачыце, была...
    -	Якая салома? Што ты вярзеш?! зароў суддзя. Я ж цябе папярэдзіў, каб гаварыў толькі па парадку, і толькі па сутнасці справы... Што салома гарыць, то мы і самі здагадацца можам! Давай далей і без усялякай дурноты, бо яшчэ загадаю, каб табе за такія сведчанні і лозаў усыпалі!
    Пачуўшы згадку пра лозы, вясковец ажно засакатаў, сыплючы “важнымі фактамі”, як яму ўжо тут падавалася:
    -	Я спаў, але прахапіўся ад крыкаў і тупату па вуліцы... Нехта ўсё бегаў... Таму, падскочыўшы да акна, задраў жончыну спадніцу і, ясная справа, убачыў, што ўвесь канец збегся да “машонкі", бо гарэла “машончына” сядзіба. Там ажно страляла адтой гарачыні. Туды ўсе і беглі, выпаліў вясковец і, задаволены сабою ды ўласным красамоўствам, выпраміўся на ўвесь рост.
    Але тое, што ён убачыў, збіла яго з панталыку яшчэ болей усе прысутныя трэсліся са смеху і адно торкалі пальцамі ў ягоны бок, маўляў, во гэта “сведка” усім сведкам сведка. Такое ў судзе адмачыць умудрыўся! Нават грозны суддзя і той выціраў вочы хусцінкай і круціў галавою. Пачулася ягонае выразнае:
    -	Але ж і насмяшыў... У такой справе і гэтулькі смеху... Каб жа на яго, такога сведку...
    Але ўсё вельмі хутка і вельмі проста патлумачыў вясковы солтыс, які таксама ў якасці сведкі быў выкліканы ў суд. Ён, папрасіўшы прабачэння, устаў і пачаў амаль што даслоўна “перакладаць” сказанае селянінам на нармальную, зразумелую для ўсіх мову.
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    -	Пане суддзя, задраў гэты сведка жончыну спадніцу, якая вісела на вакне замест фіранкі, якую гаспадыня днём памыла, а “ўвесь канец збегся да “машонкі”. Тут ён меў на ўвазе, што ўся вуліца збеглася да гарэўшай хаты. Лесніка таго, забітага, па-вулічнаму, па-вясковаму, у нас клікалі за вочы, няйначай, як ... "машонкай”.
    Зала зноў зайшлася ў нечуваным рогаце. Цяпер ужо смяяліся з удалага народнага аповеду...».
    Калі іду міма падворка, дзе некалі стаяла хата мясцовага гультая Трафіма, то абавязкова прыпыняюся. Вядома ж, зараз тут жывуць іншыя людзі, узвышаюцца іншыя будынкі, але ўсё роўна “памяць” пра таго бэйбуса, з ягонымі ўсялякімі гісторыямі і прыключэннямі, прымушае пастаяць і па-новаму ўзнавіць у памяці з таго, што пра гэтага лайдака ведаў я. Гэта толькі я, а іншыя, якія знаходзіліся з ім побач з самага дзяцінства і ажно да смерці. Адных толькі "саламяных” выпадкаў хапіла б на таўшчэразную кнігу. I ва ўсіх галоўнай дзеючай “асобай” быў ён Трафім. Прывяду толькі некалькі з іх, найбольш для мяне памяткіх, бо тады ўжо я быў школьнікам і хадзіў на працу, у летнія месяцы, у калгас. А там, ля старэйшых, многаму можна было не толькі навучыцца, але і наслухацца, а нарагатацца так, што ажно прападаў голас і потым балелі бакі. I гэта ўсё было нявыдуманае, а жыццёвае, непрыдуманае, а некалі здзейсненае.
    Нічога, што бэйбас і лайдак, але з-за таго, што замнога гаварыў, абралі яго вяскоўцы першым старшынёю мясцовага калгаса. Праўда, не доўга быў на гэтакай важнай пасадзе Трафім, недзе праз год яго выперлі (“як ён сам сцвярджаў: за палітычныя рэпрэсіі і ганенні..”), панізілі, бо ж партыя “сваіх не кідае”, а Трафім выбіўся ў “парцейцы” яшчэ ў партызанах, зрабілі брыгадзірам. Тут ён не кідаў сваёй ранейшай дурноты, але не так быў навідавоку і пастаянна знаходзіўся дзе-небудзь са сваёй брыгадай. Звычайна спаў і надта не любіў, калі яго будзілі. Тады пачынаў крычаць, тупаць нагамі, пырскаць слінай, пагражаць, што ўсіх чыста “перасаджае, уладкуе ў турму на пару гадоў» і г. д. За лепшае лічылі яго не чапаць, бо звяжашся з дурнем, то потым сам не рады будзеш. Аднак здараліся і выключэнні не частыя, затоеўдалыя.
    Аднаго разу жала жаночая палова брыгады жыта ў далёкім урочышчы. Раней жа ўсюды дабіраліся пехатою. Адно што торбачкі ды якое калгаснае, неабходнае для працы, прычындалле, везлі на вазку. Туды ж ставілі і пару бітонаў з вадою, бо невядома, ці акажацца побач якая прыдатная крыніца. Піць жа ў жніво заўсёды хочацца. Праца ж надта цяжкая ды выжыльваючая. Усе заняліся сваімі справамі: жанчыны кінуліся “па халадочку" жаць, а Трафім уладкаваўся спаць і праз
    пару хвілін хроп так, што ажно пошчак нёсся па блізкай дуброве. Неўзабаве адна са жнеяк, бо “добра ў хаце паснедала”, захацела піць і падалася да вазка. Колькі там бітонаў не шукала, іх не аказалася. Тады давай будзіць брыгадзіра, а той, нават не ачомаўшыся ад сну, адразу кінуўся да вяскоўкі біцца. Толькі і тая аказалася не з палахлівых і давай яму працівіцца. Завязалася ў іх "барацьба”. Папрыбеглі астатнія жанчыны і глядзяць з цікавасцю: хто ж пераможа? Ажно злаўчылася цётка і гэпнула брыгадзіра на спіну. Тут ужо, як апынулася зверху, то “дала яму панюхаць духам з-пад спадніцы”. Няшчасны Трафім пачаў верашчаць, што задыхнецца. Магчыма, лепей яму не трэба было гэтага рабіць. Але ж зробленага не адкладзеш! Ды і калгасніцы сталі раіць “перавярнуць, гада, чэравам уніз, каб лішняга не бачыў’’. Перавярнулі і сталі дамаўляцца, як жа яго пакараць так, каб надалей запомніў, але каб і іх за гэтакае самаўпраўства потым не перасаджалі, бо часы былі надта ліхія.
    Прыдумалі. Садралі з Трафіма штаны і ажно зайшліся з рогату, бо брыгадзіраў азадак нагадваў зараз сабою цеста, якое расплылося ва ўсе бакі. Расплылося ды яшчэ і дробна-дробна дрыжэла. Ведаў жа, гіцаль, што простым аглядам ягонай “маёмасці” разгневаныя жанчыны не абыдуцца. Так і выйшла! Дзве самыя дзябёлыя жанчыны сядзелі на плячах і на нагах, а завадатарка ўхапіла свежазвязаны сноп, распусціла яго, узяла ў здаравенную далонь пук каласоў і зрэзанымі канцамі рэзка пачала торкаць у "расплывісты” азадак. Трафім заверашчаў. Яму б, дурню, маўчаць, а ён крычаць. У такіх выпадках крыкі ды пагрозы толькі лішне раз'юшваюць людзей. А ён рабіў і тое, і другое. Жанчына здаволілася і напрыканцы яшчэ з усяго маху разоў колькі перацягнула каласамі, як пугай, свайго начальніка. Можа нехта не ведае, што свежыя каласы, сабраныя ў пук, па сваёй цяжкасці і моцы нагадваюць змочаны канец вяроўкі. Таму сіла такога ўдару і моцная, і балючая.
    Разагнуўшыся, разгневаная ўсё яшчэ жанчына закамандавала: «Цяпер слухайце сюды, жанкі! Раз і зваліла і біла нашага дурнога начальніка я адна, то каб ніхто потым на мяне не данёс, няхай кожная з вас зробіць тое ж самае. Тады і вы будзеце са мною звязанымі. Ніхто залішне языка не распусціць. А гэтаму дурню ні ў кога веры няма. Скажам, што ён голым азадкам са сцірты вырашыў паспускацца, каб праверыць, ці добра яна складзеная. А штаны зняў, каб іх не парваць. Споднікаў, боўдзіла, ніколі не насіў. Усе чулі? Давайце, па парадку, пайшлі!».
    Перапала тады Трафіму “саламянай кашы" ажно залішне. ІУІала гэтага, у той паўбрыгадзе (“звяне”) з жанчынамі аказаліся і два старыя дзяды, якія таксама смыкаліся працадні зарабляць для сваіх хатніх.
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    Калі ўсе жанчыны “адстраляліся”, то мужчыны, пераглянуўшыся паміж сабою, падышлі да завадатаркі: «I мы, Ганна, папрацуем над гэтым гіцлям, каб і на нас нічога дрэннага не падумала... Толькі нам няёмка саломка, то мы яму лозкай упішам... Няхай і ад нас крыху зведае, як гэта людзей крыўдзіць...». Нічога, што старыя, але ля трафімавага “сядла” пастараліся на славу! Яктолькі брыгадзіра адпусцілі, то ён гэтакламануў ад грамады, што адно тупат разлёгся. Уцякаў, што нават штаны пакінуў.
    Людзі неяк вытрывалі без вады, але калі вярталіся дамоў, а ісці было больш за дзесяць кіламетраў, то чым бліжэй станавілася да вёскі, тым беспакойней і трывожней жнейкі сябе адчуваалі. Усе ведалі, што Трафім гэтага проста так не пакіне, ён пабяжыць адразу скардзіцца, “падаваць паданне”. Сапраўды, на блізкім да паселішча мастку стаяла старшынёва “тачанка”, на якой сядзеў не толькі сам старшыня, але і ўчастковы міліцыянт. Калгаснікі толькі падышлі, як пачулі злавесны брыгадзіраў голас: “Што, папаліся? Цяпер я вам у азадкі саломай тыкаць стану! Цяпер вы ў мяне ўсе зведаеце! Яшчэ і ў міліцыю пазабіраюць, там пасядзіце ды падумаеце, як начальства крыўдзіць!’’. Ён бы і яшчэ гарлапаніў, але яго перабіў міліцыянт: “Што вы з ім такое ўчынілі, што ён бегае і ўсёй чыста вёсцы свой азадак паказвае? Кажа, што вы яго моцна збілі. Гэта праўда?".