Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
а, хутчэй, ад таго, «каб уволю наесціся жытняга свежага хлеба, накарміць сваю сямейку, адысці ад таго голаду, які быў, напрыклад, у папярэднія гады; выпадала абавязкова ўвабрацца ў сілу гаспадарам, іхнім дзецям, па-новаму ўзняць ці падтрымаць хатнюю жывёлу, бо і ад яе заўсёды таксама залежаў традыцыйны сялянскі дабрабыт».
Існавалі адвечныя народныя прыкметы, па якіх спрактыкаваныя вяскоўцы ўмелі (ці спрабавалі) вызначыць, які ён, ураджай, давядзецца на канец лета, калі надыдзе часіна жніва. Душа абавязкова радавалася, заўважаючы, як спорна ідзе ў рост жыта, як наліваюцца жытнёвыя каласы, але, адначасова, усё больш і больш трывогі ўбівалася ў сэрца, не давала спакойна спаць. Чалавек працы заўсёды баяўся прыроднай стыхіі: непагадзі, навальніцы з вятрамі ды праліўнымі дажджамі, празмернай засухі і г. д. Менавіта гэта ўсё магло знішчыць дазвання, прама на карані, прама на вачах, усё тое, што нейкі тыдзень таму абяцала быць добрым ураджаем. Сялянская будзённасць ніколі не была ад гэтага надзейна застрахавана. Восьтаму і хваляваліся: і Богу маліліся, і на неба пастаянна ўзіраліся, «каб толькі якой грувасткай хмары з дажджаміліўнямі, а то і з градам, не прынесла, каб толькі сонца не падвяло, ды свяціла ласкава і з ветрыкам, бо са свайго боку сялянскія мазалістыя рукі ўсё зрабілі, як мае быць». Гэта і быў адвечны клопат земляроба: не толькі пасеяць, не толькі прапалоць, але яшчэ спадзявацца на дапамогу Неба, Усявышняга, Прыроды. Лічылася, што ва ўсім і паўсюдна чалавеку працы абавязкова дапамагае яшчэ адна, надзвычай магутная і ўсюдыісная сіла, якую яны і неяк, хоць бы даволі ўмоўна, не маглі абмаляваць, перадаць словамі. Затое цвёрда былі ўпэўнены і перакананы, што яна ёсць, прысутнічае і што да яе выпадае звяртацца за кожным разам. Гэта была своеасаблівая духоўная складаючая, вядучая глыбінныя карані з ранняга язычніцтва, няхай сабеў нечым і празмерна прымітыўная, не вытрымліваючая рэальных тлумачэнняў, але яна, цвёрда быў перакананы продак, яго ніколі не падводзіла, не адварочвалася ад ягоных клопатаў і спадзяванняў. Таму ў яе існаванне неабходна было верыць. У крайнім выпадку, калі і закрадваліся нейкія сумненні, калі нешта “шкрабло на душы”, то ні ў якім разе не трэба было гэтага паказваць, выносіць на суд іншых; за лепшае лічылі прамаўчаць, каб не выклікаць нейкіх непажаданых непаразуменняў ці абвінавачванняў на свой адрас.
Нарэшце, жыта выспявала, паводле народнага календара, яго ўжо выпадала жаць. Звычайна тэрміны маглі разыходзіцца ўсяго на некалькі дзён, у залежнасці ад ранейшых перападаў надвор'я, якое ўплывала на рост збажыны. Зноў звернемся да радкоў знаўцы народнага жыцця Я. Коласа:
Цяпер увагу дайце хлебу, Сярпок крывенькі просіць дзела, Жытцо падходзіць, пабялела. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю, А спела-поўныя зярняткі Глядзяць, як спонкі-вачаняткі Нібы ім хочацца хутчэй як Спаткаць-убачыць мілыхжнеек [7, с. 215-216].
Проста, будзённа пачынаецца жніво, як самая звычайная праца, толькі больш адказная і знясільваючая, якая “дазвання выцягне сокі з земляроба, дасца яму ў знакі на цэлы год". У Я. Купалы момант зажынак (аднайменны верш) паказаны больш узнёсла: адразу з вынікам усяго жніўнага працэсу:
Ляжа сноп у снапок, Стане мэтлік, крыжок, He акіне і песня шнурка! Будзе рад бедачок Звозіць скарб у тачок, Вось яна, з мазалямі рука! [8, с. 79].
Замілаванасць да людзей, да іхняй цяжкай і выжыльваючай працы, да ўсяго таго, што яны рабілі, пастаянна выклікала пачуццё цеснай знітаванасці з прыродай. I атрымлівалася, што ўсё, выконваемае імі на ўлонні прыроды, спрыяла таму, што яшчэ больш спляталася жыццё вяскоўцаў з тым самым “патаемным подыхам далёкіх сіл, якія дапамагалі ў любым выпадку, не давалі апускаць рукі, а, наадварот, супакойвалі, пераконвалі, што і цяжкая праца ўсё роўна некалі канчаецца”. Таму для жыхароў вёскі, напрыклад, жніво было своеасаблівым святам. Ад усяго патыхала гэтай святочнасцю: ад вопраткі (на цяжкую працу кіруюць жанчыны, а апрануты, то нібыта на кірмаш!); ад вясёлай гаманы, ад стракатасці фарбаў і г. д.:
Угрэла сонца. Жней чародкі Ідуць паважна, як лябёдкі, У хустках лёгкіх, кофты белы, Іх рукі дужа загарэлы. Ідуць дзяўчаты, маладзіцы I жарты строяць, як блазніцы, Ідуць шумлівы, гаварлівы, Звініць іх голас, смех шчаслівы;
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
Чутна і песня маладая, I поле раптам ажывае. I мацяркі з дзяцьмі малымі Ў лубках-калысках за плячыма Такая ты, жаноча доля, Марудна цягнуцца на поле.
Прыйшлі на вузкія загоны, Дзе каласочкі шумы-звоны У таямнічы спеў злілі, Упаўшы чолам да зямлі [7, с. 216].
Вось так умела і хораша перадаў класік беларускай літаратуры выхад жаночай грамады, “настроенай на важную бітву-жніво", на поле. I, магчыма, той, хто не зведаў, як гэта жаць уручную, як гэта разгінацца ў суткі ўсяго на некалькі гадзін, а потым зноў шчыраваць з сярпом, можа не ўлавіць не толькі ўсю адказнасць такога моманту, ягоную звышнастроенасць, але і не зразумець: у чым жа складанасць такой сітуацыі? Яна ж жыццёвая. А раз так, то ўсё ў людзей ідзе па-старому, пракладзеным продкамі шляхам. Затое хто сам жаў сярпом або хоць бы вязаў перавяслы і збіраў зжатае ў снапы, то той выдатна ўяўляе і па-новаму адчувае “былую” атмасферу. Мала ў ёй было зайздроснага: спёка, стома, салёны пот, гнюс. Здранцвелая спіна, дрыжачыя ад бяссілля рукі і ногі.
Ад гэтага стараліся таксама ратавацца, неяк пазбаўляцца фізічнай стомы. Прадугледзець магчымую траўму (хоць такога прадбачыць не мог і самы асцярожны знахар!), прытрымлівацца даўняй завядзёнкі ў плане распачынання працы, у тым, як зрабіць так, каб хоць крыху меней балелі рукі. Некалі мама гаварыла, відаць, навучала мяне, малога: «Сыночак, калі ідзеш у першы раз на жніво, то яшчэ ўдома абавязкова трэба перавязаць правую руку, ля кісці, чырвоным каснычком... Вузенькім такім, як звычайны шнурочак... Некалі яшчэ мая бабуля так мне самой казала: “Чырвоны каснычок чырвоная кроў, а ён яе стрымлівае. He дае магчымасці надта хутка кіпець, а значыцца, і стамляцца”. Яшчэ старая даводзіла, што калі вечарам пакратаць руку перад каснычком і ніжэй яго, то можна пераканацца, што вышэй рука ніколі не будзе гарачэйшай, чым ніжэй. Калі пачынаеш жаць, а потым займаешся гэтым пару тыдняў запар, то ў любыя перасцярогі паверыш. Адно толькі хочацца, каб не балелі рукі, каб была хоць нейкая палёгка». Такія сведчанні-навучанні былі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі (а то і свету, дзе толькі людзі жалі сярпамі). Напрыклад, А. Сержпутоўскі таксама прыгадваў амаль што аналагічнае: «Каб у жанцоў не балелі
рукі, зажынаючая жанчына абвязвае сваю правую руку чырвонаю ніткаю або жычкаю. Калі ж у каго з жанцоў забаліць рука, та той хутчэй абвязвае сабе руку чырвонаю ніткаю» [22, с. 97],
Былі і больш абагульненыя “жніўныя" прыкметы. Старыя жанчыны звычайна пераконвалі, што жацьтрэба ў чырвонай хусцінцы, а мужчыны даводзілі сваё, што, працуючы на жніве, неабходна мець на сабе чырвоны паясок (магла быць і паска-палосачка): «Наша сядзіба на хутары была. Там зараз і месца таго не знойдзеш, бо затапілі яго, калі возера пашыралі. Ніва знаходзілася непадалёку. Зусім побач. 3 двара выйдзеш і ў край поля ўпіраешся. Таму далёка ісці не выпадала. Яно то і добра, бо і вадзіцы напіцца, і перакусіць, і, калі што якое, то і адпачыць дамоў хадзілі. Самую спёку можна было ў халадку перасядзець. А вечарам пазней папрацаваць. Выгода свая была. Старыя таксама з намі ішлі. Ім жа не сядзелася ў такі час. Смешна было глядзець, як бабуля павязвала старым-старую чырвоную хусцінку, а дзядуля даставаў чырвоны каснычок, які ў яго ў пячной кубачцы да гэтага ляжаў. Нам яны патлумачвалі, што гэтыя прадметы дапамагаюць целу. He даюць яму празмерна стамляцца. Я пастаянна, калі жаць выходзіла, то перавязвала сабе правую руку, у якой серп трымала. Навяжу чырвоны каснычок, а пад самы вечар, здаецца, што ён яшчэ чырванейшым станавіўся. Можа, і праўда дапамагаў, а магчыма, што і ад поту набрыняў і прасольваўся дазвання. Старэйшыя ж верылі, то і мне хацелася, каб лягчэй працавалася, каб не такая дзікая стома навальвалася. Яно то, калі здаровы, ды нічога не баліць і ведаеш, што ў хаце ды па гаспадарцы нехта ўправіцца, дапаможа. To і жаць не страшна. Уцягнешся, спор надыйдзе і адно толькі душа радуецца, на ўсё навокал гледзячы, а, сыночак, яшчэ як спяваць пачнуць, дык не перадаць словамі: ні таго жалю, ні таго хараства і замілавання».
Зразумела, што тут ужо і пра жаночую долю падумаеш, і пра несправядлівасць сялянскага жыцця, і пра тое, як добра было ў дзяцінстве, калі не даводзілася мець клопатаў са жнівом:
Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка! А прохладзь вечара далёка. Замлела ўсё ў жары-тамленні, Зямля гарача і каменні;
А ўсюды ціха, нема, глуха, I толькі заедзь каля вуха Гудзе агідна, надаедна, Бы сама наша доля бедна, Ды дзіцянё з лубка-калыскі
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
Заводзіць плачы свае, піскі, А кучаравыя снапочкі, Над ім злучыўшы каласочкі, Стаяць спакойна і маўкліва, Бы кажуць жнейкам тым жычліва: «Да нас ідзіце, дабрадзейкі!
Пад наш цянёк хавайцесь, жнейкі!» [7, с. 217],
Адметна тое, што як бы цяжка не было, але не чуліся праклёны (ці якія іншыя злосна-брыдкія словы) на адрас жніва, бо жніво заўсёды асацыіравалася толькі з святым хлебам. I нельга было, ні ў якім разе, лічыць гаспадарчыя справы выкананымі, калі заставалася хоцьжменя стаячага ў полі жыта. Яго не выпадала пакінуць. Гэта быў вялікі, незамольны грэх! I любыя агаворкі тут не прымаліся. Такое лічылася пустаслоўем, а гаспадара такіх слоў заўсёды асацыіравалі з гультаём, абібокам, пустадомкам, які за лепшае лічыў пашукаць агаворку, каб толькі лішні раз не напнуцца, не давесці распачатую справу да лагічнага і практычнага завяршэння. Па-рознаму здаралася і падчас жніва. Усялякія і жнеі былі. Нездарма ж гавораць, што і не ўсе людзі роўныя. Так і тут. Асаблівае захапленне заўсёды выклікалі ў вясковак жнейкі “з лёгкімі рукамі”. У гэтае азначэнне ўкладвалася найперш тое, што гэтакія “жнейкі ніколі не адчувалі стомы ў руках і жалі надзвычай спрытна і ўмела”. Яны, звычайна, заўсёды зажыналі агульнае поле (раней панскае, а пазней калгаснае, бо працяглы час і ў абагуленых гаспадарках жалі далёка не машынамі: ручная праца доўга ішла паралельна з “крыху механізаванай"). А. Сержпутоўскі пісаў: «Зажынкі робяць у аўторак або чацвер (мужчынскія дні. A. Н., Я. Н.), та пагода будзе шанцаваць. Калі ж зажынаюць у суботу, та жанчыне не будзе балець сярэдзіна. Калі ж зажынаюць у п’ятніцу, то хаць мышы не будуць есці збожжа, але жніво вельмі доўга працягваецца, бо памяшае непагадзь» [22, с. 96].