• Газеты, часопісы і г.д.
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Адносна “спору”, "спаравання” знаходзім звесткі ў многіх даследчыкаў беларускага фальклору: «Цэнтральнай для жніва становіцца ідэя спору, сытнасці, увасабленне якой магчымае і праз прадметны сімвал (колас-спарыш, апошні сноп, барада і г. д.), і ў сістэме міфічных вобразаў. Спарыш, Спешка-Спарышка залічваецца да апякунак жніва. Яна быццам прылятае “з белым ветрыкам, на белым матыльчыку” і дапамагае ў працы. У аснове вобраза Спарыша Бога ўрадлівасці і дастатку ляжаць язычніцкія ўяўленні аб продках, ад якіх залежаў дабрабыт земляроба...» [2, с. 489],
    Праўда, у гэтым выказванні надзвычай завуалявана значэнне Спарыша (і яно моцна ўзвышана, бо тут Спарыш "богурадлівасці і дастатку”), а ў нашым разуменні і ў тлумачэнні нашых інфарматараў «спор гэта калі табе пачынаецца працаваць надта хутка і спорна, не адчуваеш тады асаблівай стомы, толькі жыхаеш сярпом і валіш збожжа сноп за снапом... Спор ён нежывы, ён знаходзіцца, сядзіць у кожным чалавеку і прачынаецца ў нейкі адказны момант... He выключана, што спор з’яўляецца тады, калі жняя “ўвабралася ў сілу, прыжалася ў значнай ступені” і не адчувае такой стомы і знясілення, як раней... На яе нешта найшло і гэтае нешта часцей за ўсё звязвалася са спорам...».
    Бабуля, якая не ведала ніякай граматы, пераканаўча сведчыла, што «спор гэта калі ты пачынаеш працаваць, нібы заведзены...». Няма ў табе стомы і ты жнеш, не разгінаючыся, не спыняючыся, чым выклікаеш зайздрасць суседак. Тыя потым так і гаварылі, што «ў яе спор увайшоў... сёння ён ёй дапамагае і з такой жняёю няма чаго і спрабаваць зжынацца... яна ўсё роўна перагоніць усіх астатніх... у такі час цела жняі нібы дзеравянее і становіцца непрыступным для стомы і нават для болю... спор такая сіла, якая можа многае пераадолець...
    калі жняі на ўсё жніво выпадае некалькі такіх спорных дзён, то гэта вялікае шанцаванне. Найчасцей здараецца, што ўвогуле пра ніякі спор і гаворка не заходзіць...».
    А. Сержпутоўскі прыводзіць у сваёй працы шматлікія перасцярогі, якімі неабходна, паводле народнага светапогляду, карыстацца зажынаючай гаспадыні, на якую ў той дзень ускладваліся заўсёды асаблівыя спадзяванні і надзеі: «Зажынаючая жанчына, як ідзе зажынаць жыто, та вельмі сцеражэцца, каб хто не перайшоў дарогу з пустым вядром, бо жыто будзе пустое, мало ўмалотнае ці ў сям’і стрэне якое-небудзь другое ліхо.
    Як жанчына йдзе зажынаць жыто, та яна павінна асцерагацца, каб ні з кім не затрымацца на дарозе, бо пры жніве будуць усялякія затрымання.
    Зажынаючая жанчына не павінна ні з кім гаманіць, а лепш моўчкі рабіць свае дзело, каб у жніво не было ні якае перашкоды і каб людзі не званілі ды не часалі языкоў» [22, с. 96].
    Дзед гаварыў, што «ў жніво трэба на сваю ніву выбірацца як мага раней. Адправіць хоць некага першым з сям’і. Робіцца гэта для таго, каб тыя, хто будзе дабірацца пазней, праходзячы міма, гаварылі такой гаспадыні: “Памагай Бог!”. Гэтым самым, атрымліваецца, яна, знаходзячыся на ўласным загоне, “спор” ад людзей збірае. А той "спор" вельмі спрыяе ў працы. У жніво без такой хітрасці нельга. Пра тую своеасаблівую хітрасць маладзейшых заўсёды навучалі старэйшыя людзі, якія ўсё дазвання ведалі пра жніво, пра тое, як там асцерагацца ад чужых позіркаў, чорных слоў, ад выпадковых парэзаў, усемагчымых калецтваў. 3 такімі ведамі гаспадыня нідзе і ніколі не прападзе і не адстане ад іншых. He яна, а ёй, будуць па-добраму зайздросціць жнейкі, якія стануць казаць, што яна найлепшая, наймайстравіцейшая сярод іх».
    Асаблівая ўвага ў жніво ва ўсе часы надавалася сярпу (сярпочку, серпейку, сярпеньку), на якога спадзяваліся, што гэты «сталёвы памочнік не падвядзе, не схібіць, а будзе рэзаць і рэзаць сваімі вострымі зубчыкамі жыта, падбіраючы яго жменя за жменяй, няхай сабе і надзвычай марудна, але набліжаючы жанцоў да дажынак, да найшчаслівейшага моманту завяршэння новага ўраджаю».
    I тут таксама было шмат усялякіх перасцярог адносна паводзін жнейкі падчас жніва. Сцвярджалася, што гэта заснавана на пільных назіраннях людзей працы за тым, як такія “адхіленні” ад традыцыйнага жніва могуць потым “дацца ў знакі" вяскоўкам. Найперш ім, бо жніво і асацыіравалася цвёрда з жанчынай (жанчынамі). А. Сержпутоўскі запэўніваў: «Жнучы, як трэба пастаяць ці зкруціць перавясло, та не можна
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    ўбіваць сярпа ў землю, а трэба яго вешаць сабе на плячо або на што другое, бо нячысцік хопіць серп і наробіць на ём псоты, так што той серп будзе рэзаць рукі.
    Калі хто пяройдзе паміж постаццю і жанцом, та ён пашкодзіць таму жанцу тым, што ён парэжа сабе рукі.
    He можна перадаваць сярпа з рук у рукі, а трэба яго кінуць на зямлю ці палажыць на сноп, бо тыя жанкі хутко пасварацца адна з другою.
    Як задасца ліхі серп і ім жанчына абрэжа руку, та яго трэба занесці да каваля, каб ён ачысціў серп ў горні й зноў назубіў яго.
    Сярпом не можна кроіць хлеба, бо той серп будзе рэзаць рукі.
    He можна пераступаць цераз серп, бо такім сярпом будуць жанцэ рэзаць сабе рукі» [22, с. 97],
    Многае, вельмі многае спрадвеку назапашвалі ў сваёй памяці нашы продкі. Што толькі яны туды не ўбіралі! Здавалася б, што, з аднаго боку, гэта было надзвычай прымхлівае, непраўдзівае, а з другога нібыта вяртала ў старажытнае язычніцтва, калі чалавек і прырода былі непадзельныя, жылі адной, супольнай душою. Чым іншым выпадае растлумачваць пэўныя народныя павер’і, a то і прымхі ды забабоны: “Каб не балела сярэдзіна, жанчына як першы раз пойдзе жаць, робіць сабе пояс з пераўясла да й падпяразваецца так, каб каласы былі ззаду. Яшчэ лепш, калі тая жанчына раздзенецца, бы маці радзіла да так і пажне цэлы дзень” [22, с. 97], Канешне, тое, што старажытныя людзі, займаючыся земляробствам, у канкрэтных выпадках баючыся парушыць сакральнасць зямлі, распраналіся дагала і так "зачыналі" працу (сяўбу агуркоў, бульбы, зерня і г. д.), доўга непарушна захоўвалася ў народзе і ўжывалася на практыцы недзе яшчэ ў 20-30-я гады XX стагоддзя неаспрэчны факт. Праўда, найбольш прымхлівае, архаічнае, a то і чыста цемрашальскае адмірала, адыходзіла, заставалася толькі ва ўспамінах і фіксавалася даследчыкамі як рэлікты мінуўшчыны.
    «Павер’і, звязаныя са жнівом, прадстаюць у непадзельным адзінстве з адпаведнымі магічнымі рытуальнымі дзеямі. Час уборкі ўраджаю быў адзначаны пэўнай адкрытасцю, а адпаведна, актывізацыяй духаў і дэманаў. У гэты час забаранялася расказваць казкі, непажаданымі лічыліся сямейныя ўрачыстасці (выраз “жаніўся, як жыта жалі” пра чалавека, што дзейнічае неабдумана, заганна). Усё было накіравана на дасягненне адной мэты: сабраць ураджай і забяспечыць плён на наступны год. Гэтай мэце падпарадкоўвалася і выкарыстанне матываў вясельнай абраднасці. Эратычныя элементы (эратычная сімволіка барады, варожбы, песенная вобразнасць “Як пан паню абдыме, так такое жыта мае” і інш.) з іх агульнай ідэяй урадлівасці першасныя, “нату-
    ральныя” ў абрадзе, вясельныя больш познія, хоць і не чужыя. Значнае месца ў сістэме жніўных уяўленняў займаюць элементы культу продкаў. Верылі, што поспех у жніве залежыць ад апякунства продкаў, якія ў сваю чаргу патрабавалі адказных захадаў на працягу года. На Каляды жанчыны імкнуліся зачарпнуць няпоўныя тры лыжкі куцці, каб у час жніва на іх долю выпала менш працы. Як месца і сродак кантакту з “тым” светам выступае дажынкавая барада, што мела назвы “дзед”, “дзедава барада’’ і г. д. Пасля заходу сонца забаранялася жаць, не дазвалялі спаць на ніве і інш.» [2, с. 488],
    Нашы вяскоўцы, з якімі даводзілася гутарыць, амаль аднагалосна сцвярджалі, што «сон на жніўнай паласе не надта добрая справа». Яшчэ калі жняя засынала днём, падчас кароткага адпачынку, то гэта амаль правіною і не лічылася. Там у чалавека ўсё атрымлівалася міжволі: такая ўжо стома, такая ўжо млявасць навалілася, што сон сам напаў, нібы нейкім туманам напусціўся. Таму і заснула прама на сырой зямлі. Іншае, зусім іншае гаварылі пра тых, хто не слухаўся парад і спецыяльна ўкладваўся спаць. Мала гэтага, яшчэ і адмахвалася грэбліва ад такога папярэджання, ад таго, што можа “ўсю за такі сон на палетку скруціць”. Гаварылі і пра тое, што калі аслухацца і заснуць на ніве, то стануць пастаянна сніцца ўсялякія страшныя і пачварныя сны, якія не будуць даваць спакойна адпачываць непаслухмянай жанчыне. Звядзецца хутка, знясілее і абвяне, нібы якая лугавая кветка падчас спёкі. Сон, нават кароткі, нават урывачны, павінен быць абавязкова здаровы, моцны, а калі ён страхлівы, то «гэта не да здароўя».
    Звярталі ўвагу і на тое, калі нейкая з сялянак старалася жаць сваю ніву пасля заходу сонца. У народзе заўсёды лічылася, што светлавы час гэта чалавечы, а начны гэта “чарцячы”. Hi ў якім разе нельга было ўлазіць у чужую, асабліва дэманалагічную прастору, парушаць яе межы. Атрымлівалася, што людзі здаўна дамаўляліся з нячысцікамі і імкнуліся болей не нарывацца на абвастрэнне адносін, няхай сабе, і з чарцямі. Хапала вяскоўцам і іншых праблем, акрамя гэтых. Тым болей, што іх лёгка можна было абмінуць, пазбегнуць такой недарэчнасці: «Неабвольна нашы людзі глядзелі на тых, хто не слухаўся і ўсё роўна стараўся нешта парушаць на жніве. Іх лішні раз перасцерагалі, але такія перасцярогі дурням і дурніцам не заўсёды адкрывалі вочы. Сонца ўжо за лес села і на ноч паказвае. На вечар, то зразумела: тут можна пастарацца якую гадзінку, а вось на ноч, то там выпадала прыспешвацца і кіраваць дамоў. Нездарма ж гаварылі продкі, што “ў Бога дзён многа", колькі б тае працы не было, а ўсё паспееш зрабіць, бо Богам яно ж спланавана. А некаторыя толькі пахваляюцца, што ў такі час
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    і жаць добра: і прахалода ўпала, і ветру няма: жні сабе ды ад гнюсу адмахвайся. I пра такіх працаўнікоў у нас казалі здаўна: “Людзі спаці, а сава жаці”. Сцвярджалі, што калі нехта такое ўчыніць, то яго потым нячыстая сіла дамоў не пускае і па палетках да самага рання водзіць. Такое пакаранне на іхні лёс выпадае».
    Яшчэ калі жнеі жалі свае палоскі (загоны), то гэта не так было заўважна, а вось калі наймаліся ці раней ішлі на прыгон, а пазней на калгасныя палеткі, дзе іх ставілі (“выстаўлялі") жаць клінам-ланцугом, a то і ўвогуле ў адну лінію, то станавілася ясна, «як і якая майстрыца тут увіхаецца». Зразумела, што ўсе аднолькава жаць не маглі: і з-за сваіх фізічных магчымасцей, і ў залежнасці ад майстравітасці, практычнасці. Таму і адставалі адна ад другой жнеі, таму і лаяліся, што «я намнога болей за дзень сажну, а ты працаваць не стараешся, затое ад стала не адагнаць...». Часта спорнай працы не спрыялі шматлікія хваробы, якія тады нікім (маецца на ўвазе з прафесійных медыкаў) не лячыліся: «усё ішло, як ішло, адпускалася на самацёк... таму і паміралі людзі заўчасна... звычайна пра такіх гаротнікаў-працаўнікоў і гаварылі, “што ён і не ляжаў, а амаль што на сваіх нагах памёр”. Затое нам тут бачыцца зусім іншае: чалавек пакутаваў, трываў боль да апошняй хвіліны, ажно пакуль неяк усё ж мог самастойна ступіць... усё ў працы і ў працы... ужо ледзьве дыхаў, а ўсё роўна пёрся сваім хоць нечым дапамагаць... думаў, што праца падлечыць... не, такога ніколі не было: праца нікога на ногі не ставіла, а, наадварот, заўчасна ў магілу зводзіла...».