Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
Прыйдзі пад вечар ты на поле I палюбуйся ім, саколе! Ў якія роўныя шнурочкі Цяпер пакладзены снапочкі! I як прыгожа-слаўны бабкі! Якія ладныя іх шапкі!
I хоць яны ўсе адзінакі, Але і выраз і адзнакі У кожнай бабкі асабісты, А наагул усе фарсісты, Зірнеш дальбог жа, возьме ўцеха, I не стрымаешся ад смеху: Яны так мілы, так прыветны, Так самавіты, так фацэтны, I пазіраюць так прыхільна, Прыгледзься толькі да іх пільна! I многа ж іх: не змерыш крокам I не акінеш нават вокам; Стаяць радамі, зухаваты, Як на ўрачыстасці салдаты [7, с. 218].
Акінутая паэтычным вокам сялянская ніва выглядае менавіта такім чынам. Але ж, паводле народных прыкмет, была своеасаблівая, спрадвечная “інструкцыя”, як правільна класці звязаныя снапы, як потым іх ставіць у дзясяткі і г. д., ва ўсім павінен быць парадак. I парадак гэты не меў права на парушэнне. Улічвалася і тое, які бок палетка зацішнейшы, з якога звычайна боку выходзіць хмара, і спеласць каласоў у снапах і г. д. Калі ўжо зжалі, то думалі, як зберагчы зжатае, не растрэсці зерне, не вытрасці яго з пераспелых каласоў: «Снапы трэба класці
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
пасярод загона трохі наўскасок, каб збожжэ нахіляласо ў адзін бок, а не мітусіласо» [22, с. 98],
А. Сержпутоўскі звяртаў асаблівую ўвагу на тое, што «снапы не можна застаўляць на пожні раскіданыя, а трэба злажыць іх у хрэшчыкі ці паставіць у бабкі, та палявы дзедко будзе зберагаць іх, калі ж снапы знайдзе не ў ладу, та ён абазлуе й пачне трасці да вытрахаць з снапоў зярнята» [22, с. 99],
Але ж у беларускай народнай міфалогіі прысутнічаў не толькі згаданы “палявы дзедко”. Акрамя яго называлі вяскоўцы і "палявую бабу", і "жытнюю бабу”, і “жытняга дзеда”, і “жыценя”. Вядомая справа, што ў залежнасці ад мясцовасці гэтыя персанажы мелі нейкія рэгіянальныя асаблівасці, хоць асноўныя рысы заставаліся традыцыйнымі. Хіба можна забыцца, як мая бабуля, калі мне надакучвала сядзець-гуляцца аднаму пад пякучым сонцам на жніўным полі і я пачынаў уголас румзаць, каб хоць такім чынам прывабіць да сябе ўвагу, запытвалася: «Што гэта, унучак, цябе саплівая баба пацалавала?». Магла сказаць і па-іншаму: «Во ўжо ўвесь угнюсіўся, што і глядзець на цябе не хочацца... Мабыць, ты сёння з саплівым дзедам пасябраваў?.. Вось ён ужо цябе і плакаць прымусіў, і нам адпачынку ды вольнай працы не даў... Ці не сорамна табе, такому вялікаму, з гэтым саплівым старым сябраваць?..».
Пра “жытняга дзеда” мне многа расказвала матуля. Вяла з сабою на поле за руку і гаманіла, апавядала пра тое, што калі я буду добра сябе там паводзіць, то валадар жытняга поля “жытні дзед” дасць мне потым падарунак: кавалачак смачненькай каўбаскі, a то і купленыя ў магазіне цукеркі-“падушачкі”. Мне яны ўжо былі вядомыя і на смак, і на выгляд, таму стараўся слухацца, іграцца на полі, каб не адрываць ад справы матулю лішні раз. Вядома ж, не раз і не два запытваўся: як жа выглядае той таямнічы “жытні дзед”, якога ніхто з людзей не бачыць, затое ён пільна сочыць за парадкам у сваіх уладаннях, узнагароджвае спагадлівых і працавітых, шчырых і нязлосных і, наадварот, бязлітасна карае тых, хто асмельваецца неяк парушаць спрадвечныя законы паводзін на жытнёвым полі? Аказваецца, што ён нябачны звычайнаму воку, але калі ўважліва прыслухацца, то можна выразна пачуць, як жаласліва стогне ён, спачуваючы жнейкам, іхняму нялёгкаму лёсу. Апрануты ён гэтак, як і людзі, росту значна меншага і звычайна дасягае такой вышыні, як самыя высокія каласы на ніве. Днём “жытні дзед’’ стойваецца недзе ў гушчы поля, дзе яшчэ шамацяць, аб нечым размаўляючы паміж сабою, каласы, ці ў бліжэйшым кустоўі, але, па перакананнях старых людзей, ніколі не спіць. Яго непакоіць тое, як будзе зжаты і звезены свежы ўраджай. He дае расслабляцца і забывацца
жнеям, бо калі яны толькі забудуцца і пачнуць проста механічна джыхаць сярпамі, то тады могуць даволі моцна парэзацца, параніцца сярпом, які “і назублены, і навостраны на ўсё жніво”.
Сцвярджалі і тое, што “жытні дзед" меў зусім невялікі рост, “недзе ўсяго з вялікую птушку, якая таксама пастаянна жыве паблізу ад жытнёвага поля, не аддаляецца ад яго, а часта і той дзед ператвараецца ў тую птушку, бо так яму значна лягчэй сачыць за ўсім тым, што адбываецца ў ягоных уладаннях”. Прыгадвалі, што тая ці іншая вяскоўка, але здаралася гэта выпадкова, магла заўважыць “жытняга дзеда" і, што самае галоўнае, нічога іншага, акрамя жалю і шкадобы, ён у яе не выклікаў. Такі ўжо быў худзенькі, зморшчаны ўвесь, ледзьве перасоўваўся ад стомы, а апрануты то, не раўнуючы, як самы сапраўдны жабрак: «Паабнасіўся ўвесь, паабарваўся, па палях ды нівах швэндаючыся, пад дажджамі ды вятрамі, пад сонцам ды халоднымі туманамі начуючы. I так маленькі, а тая вопратка на ім адно шамаціць. Ствараецца ўражанне, што апранута яна на адныя, лічыце што, косці. Аўжо валасы на ягонай спалавелай галаве то нагадвалі сабою тыя ж самыя жытнія каласы з канкрэтнай сялянскай нівы. I калі жыта стаяла раўнюткаю сцяною, то і валасы на галавае былі гладка зачасаныя, а калі жыта стаяла разбэрсанае і ўскудлачанае вятрамі ды дажджамі, то і ў “жытняга дзеда” на галаве бачылася нешта падобнае».
Як і любому іншаму міфалагічнаму персанажу, "жытняму дзеду” прыпісваліся розныя чароўныя здольнасці і магчымасці: ён мог спакойна ператварацца (“перакідвацца”) у невялікіх звяроў і вялікіх птушак, ад самога нараджэння ў яго нібыта было тры вокі: «Тры вокі “жытні дзед” меў для таго, каб мець магчымасць бачыць усё, што адбывалася вакол яго на жніўным полі, нічога не павінна было прасклізнуць міма ягонага погляду. Таму меў два вокі спераду, як і любы з людзей, а трэцяе на патыліцы, але пасаджана яно было таксама на ўзроўні пярэдніх. Атрымлівалася, што як ён ні стаяў, а ўсё яму было бачна, нічога нельга было схаваць. Таму яго часта і называлі вяскоўцы паміж сабою усёбачачым, усёзаўважаючым. Ніколі не гаварылі, што ў пакаранне за дапушчаную прамашку ці нейкі грэх у адносінах да сваёй асобы “жытні дзед” прымушаў, напрыклад, жняю рэзаць сабе руку. Такога не здаралася. Караў ён неахайных ды няўважлівых жнеяк тым, што калі яны прыходзілі дамоў, то на ўсю ноч ён балюча скручваў ім спіну. Праўда, на раніцу, калі трэба было зноў ісці жаць, адпускаў боль. Такім чынам, папярэджваў вясковак, каб болей яны былі больш пільнымі і ахайнымі».
Ніколі не адпачываючы лішняй хвіліны, “жніўны дзед” пастаянна ходзіць па ўжо зжатых нівах і сочыць за тым, як там папрацавалі сялян-
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
скія рукі. Хадзіў, углядаўся, падбіраў выпадкова прапушчаныя ці выпаўшыя каласкі, звязваў іх у свой невялічкі снапок і нёс менавіта на ржышча да таго гаспадара, дзе ўсё было зроблена сумленна і шчыра, і падкладваў там да снапоў, дзясяткаў, коп. Гэта сведчыла пра тое, што “жытні дзед” прадказвае гэтаму гаспадару: на ягонай ніве на будучы год будзе надзвычай добры ўраджай. Шчыраму чалавеку добры ўраджай, а гультаю ды абібоку галодны год. Тут усё справядліва, бо за доўгія стагоддзі, за якія чалавецтва мноства разоў сеяла і зжынала ўраджай, людзі прызвычаіліся да таго, што “хлеб усяму галава”. А раз так, то і адносіцца да ўсяго выпадала надзвычай асцярожна і паважліва, без нейкіхтам агаворак.
Асабліва выпадала прыслухоўвацца да прадказанняў "жніўнага дзеда”, калі ён паказваўся перад людзьмі. Ужо не хаваўся, не сачыў за імі, а сам выходзіў да вяскоўцаў. Апрануты тады быў ці як падарожны, ці як жабрак-вандроўнік. Меў зрэбную торбу цераз плячо, а ў руках трымаў заўсёднага спадарожніка такіх людзей кій. Гаварылі, што раз ён не пабаяўся паказацца людзям, то рабіў гэта для таго, каб папярэдзіць іх аб надыходзячым "страшным голадзе, які дазвання падчысціць сялянскія сусекі і гумны, выб’е хлявы і пуні, не пакіне і крышачкі хлеба на заўтрашні дзень”. Убачыўшы такое прадказанне-папярэджанне, вяскоўцам неабходна было не абмяркоўваць паміж сабою, што б гэта азначала, а адразу кідацца і рабіць запасы на зіму з усяго, што можна было сабраць, злавіць ці знайсці: з ягад, з рыбы, са збожжа, з агародніны. Здаўна верылі, што “жытні дзед” рызыкуе выходзіць адкрыта перад сялянамі толькі тады, калі сам перакананы, што наперадзе выпадзе ліхі і галодны год. Гэта лішні раз падкрэслівае ягоную сапраўдную спагадлівасць да людзей. Пра такое даўней часта згадвалі, бо давялося ўволю нагаладацца нашым продкам, таму яны нават такімі простымі аповедамі папярэджвалі, што з падобнымі прадказаннямі жартаваць не даводзіцца.
Пра “жніўнага дзеда’’ гаварылі таксама, што ён бярэ сабе за правіла абавязкова прысутнічаць пры восеньскай сяўбе: «Ён там не проста ходзіць па палетку, а старанна аглядае яго і калі заўважыць недзе зерне ці зярняты, якія не засыпаныя на той момант зямлёю, то ўтоптвае сам яго ў глебу і такім чынам не дае загінуць будучаму каліўцу збожжа. Пераконвалі, што неахайнага сейбіта “жытні дзед” мог пакараць тым, што зводзіў ягоныя рукі ў плячах і на некалькі дзён чалавеку выпадала пакутаваць ад моцнага болю. Так даходзіла да таго вяскоўца, што трэба не даваць падстаў жытняму гаспадару лішні раз караць сябе».
Як і ў любога іншага міфалагічна-дэманалагічнага персанажа, у “жытняга дзеда” была свая “пара” (жаночая палавіна), якая называлася “жытняя баба”. Праўда, гэты персанаж быў вядомы толькі ў беларусаў Смаленшчыны, а на астатняй тэрыторыі нашай краіны не прысутнічаў. Існаванне такога вобраза зводзілася да таго часу, калі жнеі пачыналі ладзіць свае дажынкі. Тады яны выбіралі сярод дзяўчат самую прыгожую і працавітую, спляталі і адзявалі ёй на галаву вянок са збажыны, а на кашулі прышывалі па баках яшчэ прамяністыя зоркі з залацістай паперы ці матэрыі. Пасля ўпрыгожвання самой “жытняй бабы” ў рукі ёй уручалі невялічкі і старанна звязаны снапок, які яна, узначальваючы жаночае жніўнае “войска”, несла, ідучы паперадзе, да гаспадарскага двара. Там снапок перадаваўся ў рукі гаспадару. Суправаджалася такое “дарэнне" шчырымі зычаннямі ў добрым ураджаі і моцным здароўі, у памнажэнні сям’і, у пладавітасці жывёлы, а той, хто прымаў снапок, павінен быў шчодра "аддарыць” жнеяк і саму “жытнюю бабу”.
Сучасныя дажынкі на калгасных палетках
Наш народ заўсёды лічыў, што жніўную абраднасць, жніўны працоўны комплекс дазвання павінен ведаць любы з вясковых жыхароў. У адваротным выпадку ім пагражала суворае пакаранне з боку апекуноў палеткаў (“жытнёвага дзеда’’ і “жытнёвай бабы”), а таксама вялікі ўрон у вядзенні ўласных гаспадарчых спраў. Нешта парушыш з заведзенага з даўніх часоў, а адказваць давядзецца не толькі парушальніку, але і ягонай сям’і, роду. Патрыярхальнае жыццё даволі часта не патлумачвала, чаму менавіта так, а не іначай трэба рабіць: «Гавораць так ад даўніх