• Газеты, часопісы і г.д.
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Прыгадаем, як вазілі снапы з палеткаў мележаўскія героі: «Ідучы побач з возам, які важка ўціскаў колішнюю раллю і пожню, крактаў, небяспечна калыхаўся, Яўхім увесь час сачыў за ім: то падтрымліваў рукой, то падпіраў плячом. Толькі выбраўшыся на дарогу, на выезджаныя каляіны, адступіў ад воза, пайшоў спакайней, лягчэй...
    ...Воз жаваў коламі пясок і пыл каляін, шастаў добра змазанай воссю, конь рыпеў гужамі...
    ...Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў ляпу гумна. Яўхім ішоў цяпер наперадзе воза, збоч каня, паглядваў, як уціскваецца воз, і на момант на вочы яго насунулася цемра: воз закрыў святло, што біла з двара. Калі воз стаў сярод гумна, цемра ўжо як бы апала святло зноў ішло ў вароты.
    Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною, прахалоду гумна, што хутка сушыла пот на целе і адзенні.
    Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць» [13, с. 224, 226],
    Увогуле гэта было надзвычай прыгожае і цікавае відовішча, калі ў своеасаблівы вясковы караван-ланцужок збіралася каля дзясятка, a то і намнога болей, вазоў, накладзеных снапамі. Коні ішлі размерана, атрасаючыся і адфыркваючыся ад надакучлівага гнюсу, а побач з левым бокам воза, у пераважнай большасці выпадкаў, крочыў гаспадар, які ў любы момант гатовы быў падставіць уласнае плячо пад нахіленую паклажу. Так яны і пераадольвалі перашкоду: чалавек і конь вечны яго вясковы памочнік і падтрымка.
    Вядома, што спрадвеку гаспадары надта хваляваліся за тое, каб на іхняе збожжа, зжатае, звезенае і складзенае на падворку ў стагі, сцірты (“тарпы”) ці ў гумне, a то і павешанае прасушвацца на азяродах, не вельмі накідваліся мышы і вераб’і. Якія засцярогі і меры тут толькі не рабіліся, але кожны з гаспадароў чамусьці з сумам зазначаў: «Як не сцярогся, а траціну збожжа мышы сажраць паспелі...». Такое заключэнне зыходзіла са шматгадовых (і шматвяковых!) назіранняў. Суцяшаючы
    сябе тым, што “мышам таксама есці трэба", вясковец ўсё роўна перажываў. Зерне гэтае давалася з такой цяжкасцю, з такімі невыцерпнымі намаганнямі, а тут... Тачылі мышы і чарвякі, наляталі вераб'і і шпакі. Толькі здавалася, штоў параўнанні з вялізным стогам шкоднікі нічога не вартыя. He раз прыходзілася чуць, як сцвярджалі ведаючыя палешукі, што “маленькая мыш, а за дзень вялізны сноп абмалоціць”. Гэта адна, а калі іх было многа? У некаторыя гады, паводле ўспамінаў сялян, мышэй было столькі, што яны «ад гумна да гумна цяклі ракою, здавалася, што парваўся нейкі вялізны мех з гэтай поганню і таму яны разбегліся па няшчаснай зямлі».
    Таму людзі і ратаваліся, загадзя стараючыся прадухіліць гэтую навалу рознымі шляхамі. Згадвалася пра рэлігійны аспект, калі да святых рэчаў і свянцонай вады звярталіся вяскоўцы, спадзеючыся, што магутная боская сіла спыніць мышынае і вераб’інае нашэсце, не дасць ім беспакарана вынішчаць збожжа. А. Сержпутоўскі адзначаў: «Калі ў стог пашні на прыгумеччы ці дзе-небудзь або ў торп у гумне палажыць проскурку, та мышы збожжэ й не крэнуць.
    Каб вераб’і не калацілі да не пілі ў азяродах збожжа, трэба яго пасыпаць свянцонаю чацвярговаю солью» [22, с. 99],
    Пераконвалі, што заможныя сяляне, а чаму менавіта толькі яны, бо такая паслуга была платная і за яе выпадала заплаціць лішнюю капейку, звярталіся да мясцовага бацюшкі, каб той прыйшоў і над свежаскладзенымі стагамі ці сціртамі са збожжам адслужыў малебен. Такое дзеянне пераконвала гаспадара ў тым, што ніякія мышы і вераб'і, чарвякі і іншыя шкоднікі не будуць болей псаваць ягонае збожжа: «У нас Уладзімір, то толькі сажне і звязе жыта на падворак, то адразу ж у бліжэйшую нядзелю прывозіў дахаты папа і той служыў малебен ля стагоў. Гаспадар быў на дзіва заможны. Кожнае лета наймаў з дзясятак жнеяк ды яшчэ трох-чатырох парабкаў круглы год трымаў у сваёй гасподзе. Таму яму было за што хвалявацца. Плаціў, сам хваліўся, папу добра, то той з ахвотай прыязджаў спраўляць сваю справу. Парабкі гаварылі, што і на самой справе жыта ў снапах было не надта паедзенае. Значыцца, малітва тая дапамагала ў вядомай ступені, не давала нізашто знішчыць ураджай. Яшчэ пераконвалі, што нежывых мышэй і пацукоў часта знаходзілі ў ягоных сціртах. Так і ратаваўся той вясковец».
    Часам падкрэслівалі, што бацюшку запрашалі не да аднаго гаспадара, а да некалькіх адразу. Мабыць, з разліку, што так давядзецца меней заплаціць: «Я ўжо падлеткам быў. I на тое лета ўраджай збожжа быў небывалы. Гэтулькі нажалі, гэтулькі стагоў наклалі збожжа. Гумно было поўнае, сцірта цэлая на прыгуменні стаяла. Тады наш дзед закаманда-
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    ваў, каб бацька з суседзямі зхаўрусаваўся і прывёз да сябе бацюшку. Ён у нас добры чалавек быў. He сквапны, бо пра іншых усялякае гаварылі, а гэты бацюшка і працаваў сам, і іншых ніколі не акідаў. Так і зрабілі. Пасля службы ў царкве прывезлі бацюшку на наш падворак, той ажно тварам прасвятлеў, убачыўшы колькі збажыны нажалі гаспадары. Адслужыў малебен і на нашым прыгуменні і да суседзяў схадзіў па чарзе. Потым яго яшчэ і частавалі ў хаціне. Бацюшка не накідваўся на ежу і пітво, а хваліў Бога, што даў людзям гэтакі цудоўны ўраджай, ды прасіў шчыра, каб і на другі год гэтакая збажына ўрадзіла і каб зямля такім чынам сваіх працаўнікоў аддзячыла. Такі ўраджай, на маёй памяці, то ўсяго пару разоў і надараўся, a то ўсё болей звычайнае жніво, a то і частыя неўраджаі выпадалі. Усялякае здаралася ў сялянскім жыцці, таму і ад мышэй тых клятых імкнуліся неяк засцерагчыся».
    Былі і іншыя засцярогі, якія ў народзе перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Земляробы ў іх верылі. А, магчыма, што гэта была і простая сіла самапераканання, якая паступова прыводзіла і да сапраўднай упэўненасці, што ўсё гэта спрацоўвала ў рэальнасці: «Пакуль хлеб на полі зложан у хрэшчыкі, мышы яго не чапаюць, а як яго перавозяць у гумно, та мышы пачынаюць грызці; каб яны не грызлі, трээ ў торп у гумне палажыць хрэшчык, што спечан на хрэсцы» [22, с. 99], Палешукі былі перакананы, што ўсё «даўняе, праверанае многімі людзьмі, абавязкова дапамагае, яно падтрымлівае і такой старой навукі няма чаго адмаўляцца, няма чаго адкарасквацца, бо дзяды дурному не вучылі. Іхнія веды выручалі ў жыцці і не раз. Таму і нам, лепей, да ўсяго адносіцца з належнай павагай». Часта гаманілі пра тое, што «звычайную прасфорку, якую куплялі ў царкве, зберагалі на цэлы год і па часцінках разламвалі і ўжывалі ў справу, калі толькі трэба было. Так рабілі, напрыклад, на той момант, калі звозілі снапы з нівы дамоў. Як першы раз прывозілі, то старэйшы з сям'і ў самы адонак стога, тарпа ці сцірты, на складзеныя накрыж два снапы, заторкваў і малюсенькія кусочкі прасфоркі. Рабілася гэта для адпалохвання мышэй ад гэтага ўраджаю збожжа. Некаторыя з гаспадароў то тыя кавалачкі расціралі ў парашок і пасыпалі імі каласы першых, перакрыжаваных паміж сабою, снапоў, а іншыя, то проста заторквалі тыя кавалачкі, каб яны адразу нікуды не выпалі, пад пярэвясла. Гаварылі, што і малітвы абавязкова выпадала прашаптаць, а сусед наш даводзіў, што замову на захаванне збожжа няблага прыпадае прагаварыць. Кожны прапаноўваў свой варыянт, але ў адно, то верылі свята: у тое, што прасфорка дапамагае ратавацца ад нашэсця мышэй. Гаварылі, што і на новым месцы, куды кемлівыя гаспадары ўмудраліся звозіць новы ўраджай, усё роўна, праз нейкі ты-
    дзень усяго, знаходзіліся мышы. Нібы іх хто туды перакідваў ці спецыяльна падносіў. Яны, відаць, па паху адчуваюць, дзе знаходзіцца збожжа і дзе ім знойдзецца спажыва».
    Часта чулася і надзвычай спрошчанае сцверджанне, якое грунтавалася на аналогіі: калі гаспадар, не падумаўшы і нічога лепшага не знайшоўшы, пачынае есці на прыгуменні ці ў гумне, дзе ўжо знаходзяцца снапы, то там, ратуйся ты не ратуйся, а завядуцца мышы. Ды такія будуць галодныя, такія пераедлівыя, што і салому, і тую нават пачнуць жраць: «У той час, як возяць з поля снапы, кала азярода, стагоў або гумна, не можна нічого есці, бо ат мышэй не будзе атбою, так яны будуць грызці хлеб» [17, с. 99].
    Верылі, што гаспадар, які ці то быў надта галодны, ці то проста зрабіў гэта, не падумаўшы, але ён адразу сам прыклікаў мышэй да свайго стога ці да ўласнага гумна: «Хлебны дух ён далёка чутны, асабліва галоднаму. I няма вялікай розніцы: чалавек гэта, звер, ці тая ж самая дробная мыш. He паслухаўся старэйшых, учыніў па-свойму, то і маеш суровую адплату. Яшчэ добра, калі вясковец агледзіцца, што гэтулькі мышэй адразу з’явілася і пачне перакладваць тарпы, перасыпаць іх соллю. Праўда, найбольш спрактыкаваныя, то аднагалосна сцвярджалі, што соль ужывалася для таго, каб збожжа не гніло і ў ім не заводзіліся чарвякі. А што ж ты выратуеш, калі і з месца на месца снапы пераладкуеш? Мышы дык нікуды далёка не выберуцца, тутжа і застануцца. Гаварылі, што і котак на ноч прыносілі і пакідалі, ледзьве не прывязваючы ля збажыны, і малітвы па-новаму шапталі, але такія дзеянні ўжо мала дапамагалі. Справа ўскладнялася, відаць, тым, што мышэй прыцягвала недарэчнае дзеянне гаспадара. Снапы ж ніколі, калі хто не ведае, на сырую зямлю не клалі. Рабілі спачатку адонак недзе з паўметра вышыні над зямлёю, на ўкапаныя слупкі, слалі жэрдкі ці дошкі і на іх потым пачыналі складваць снапы. Зноў-жа, каласамі ўсярэдзіну, стараючыся асабліва не разгойдваць і не кідаць каласамі, каб заўчасна не асыпалася зерне. На ноч прыкрывалі зверху торп ці стог або сцірту саломай, каб, калі пойдзе нечакана дождж, не прамачыла прыбранае на пагоду збожжа. Раніцай раскрывалі і зноў клалі снапы, ажно да таго часу, пакуль не лічыў гаспадар, што ў гэты стогужо хопіць звозіць. Кожны меркаваў па-свойму. У кожнага была свая галава на плячах. Тут не надта бегалі па суседзях за парадамі. Баяліся, бо тыя з зайздрасці ці з насмешкі маглі такога нараіць, што потым час быў валасы на галаве апошнія ірваць. Вялікае ўменне было хлеб зберагчы і захаваць».