Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
такое павер'е ведалі і самі не парываліся і другіх не падштурхоўвалі. Але, здаралася, што потым уся вёска рагатала, як той ці той чалавек прыйшоў нейкаму гаспадару малаціць дапамагчы, а той яго цэпам па спіне аперазаў і з прыгумення, як сабаку, прагнаў прэч».
У сялянскай гаспадарцы вяскоўцы ўсе прылады выраблялі самі (падганялі “пад руку”). Селянін добра ведаў рост кожнага члена сям'і, таму, звычайна, ніколі не забываўся пра такі фактар. Недарэку высмейвалі і торкалі ў яго бок пальцамі ўсе, без нейкага там асаблівага выключэння. Маўляў, панарабляў цапоў, якія амаль у два разы даўжэйшыя за малацьбітоў, то яны імі сабе ўласныя спіны паадбівалі ды гузоў на галовах пазаймелі: «Наш бацька, то стараўся любую рэч, любую прыладу ў гаспадарцы так ужо адштукаваць, што нібыта ўсё на нейкі продаж вырабляў. Пры гэтым у яго заранёў была назапасена мноства ўсемагчымых паленцаў, кіёчкаў, жэрдачак. I ўсё з розных дрэў. Вось скажы, што тое ці тое зрабіць трэба і ён адразу пачынае перабіраць свае запасы. Гэта азначала, што ў яго для такой рэчы таксама ляжала паленца ці жэрдка. Сам біч рабіў з маладога дубовага цурбалачка. Яго ён ашкурваў, рабіў акруглую на ім баразёнку, прывязваў сырамятным рамянём да цапільна. Апошняе, як і пераважная большасць сялянскіх прылад, рабілася з яловай ці сасновай жэрдачкі. Яны і лёгкія і добра “кладуцца на руку". Асабліва, калі гаспадар яшчэ пастараецца іхзачысціць ад нейкіхтам сучочкаў ці шарахаватасцей. Цапы ніколі з гумна не прыбіралі. Пасля таго, як малацьбу заканчвалі, гаспадар хрысціўся прама там, у будыніне, крапіў свянцонаю вадою і новы ўраджай, і вуглы гумна, ток, салому, збажыну, а цапы ўжо, якія таксама апырскваў, вешаў на бэльку. He па цэнтры, а дзе-небудзь з краю. Гэта нібы пацвярджала, што яны заўсёды гатовыя да сваёй адвечнай працы».
Гаварылі таксама часта і пра тое, што сярод вяскоўцаў знаходзіліся найбольш спрытныя і ўмелыя працаўнікі. I неабавязкова гэта маглі быць амаль стогадовыя дзяды. Зусім маладыя мужчыны таксама вылучаліся майстэрствам і цягавітасцю. I так ужо з боку хораша за імі назіраць было. Яны нібы і не працу найцяжэйшую выконвалі, а песню спявалі. Так у іх усё хвацка атрымлівалася. Пра такіх гаварылі, што “яны працаваць навучыліся з малаком маці”: «Мой прадзед таксама малаціў хвацка. Любіў займацца з гэтым ад самага рання. Яшчэ ўсе спалі, а ён з сабою браў ліхтар і сунуўся паволі ў гумно. Там і распачынаў працу. Здавалася, што яму ніколі не даў бы дзевяноста гадоў, якія ён ужо на той момант меў за сваімі плячыма: сухенькі, худзенькі, увесь сівенькі, а малаціў, то нібыта заведзены. Ды яшчэ нешта сабе і пад нос мармытаў. Пра яго гаварылі, што калі ён тры капы снапоў не
саб’е, то яго лепей не чапаць, бо ён раней гэтага, ні адпачываць, ні вады піць не стане. Такую завядзёнку меў. Неяк пахваліўся, што аднаго разу, праўда, у маладыя гады, да полудня, без пярэдыху сем коп снапоў змалаціў. Надта ён свайго споршчыка не любіў, таму і пакараў такім манерам. Піў дзядуля толькі падагрэтае малако, баяўся, каб вадою сярэдзіну сваю не застудзіць. Ведаў, што гаварыў. Мяне надта любіў, то вучыў малаціць. Казаў, што там самае галоўнае, гэта каб сябе не перасіліць, бо калі надарвешся ў працы, то потым адысці, аднавіцца будзе надта цяжка. Паводле ягоных слоў, то ён ніколі за дапамогай пры малацьбе не звяртаўся. I сапраўды, навошта, калі чалавек па пяць коп за дзень спакойна сабе абіваў. Напрацуецца, прыйдзе ў хату, добра перакусвіць (“у смак”) і клаўся адпачыць. Заўсёды залазіў на печ, там нешта гаварыў сам з сабою. Магчыма, у галаву нейкія думкі прыходзілі, a то і ўспаміналася мінулае. Ён, самае галоўнае, што і памёр тады, калі з гумна прыйшоў. За сталом пасядзеў, устаў, да печы падаўся і асунуўся на падлогу. Было яму без двух гадоў сто».
«На аднаго глядзіш, як ён цэпам махае, то, здаецца, усю сілу ўклаў у той біч, каб наймацней ім гупнуць. А іншы, то лёгенька ўзмахнецца, спрытна тым цэпам свісне так, што і каласы не зварухнуцца і зноў усё пачынае. Машына, ды і толькі! Такому толькі не перашкаджай, не замінай, не трапляй пад руку і ўсё ў яго будзе добра. Калі даводзілася назіраць, як адразу малаціла некалькі чалавек, то нязвычнаму воку даводзілася здзіўляцца, як гэта ў іх усё атрымліваецца, нібыта па парадку. He перашкаджаюць адзін аднаму, не блытаюцца, а раўнамерна наносяць удары па роўна разасланай збажыне. Пакладуць жыта каласамі ў сярэдзіну у адзін рад. Рассцілаюць, то тры, то чатыры, a то і пяць снапоў адразу і пачынаецца. Калі за сцяною стаіш, то ўражанне такое, што музыкі ў бубны выбіваюць нейкую мелодыю, да болю знаёмую. Такая рытмічнасць у працы была. Задаваў рытм, звычайна, самы старэйшы сярод малацьбітоў. He даваў ён спяшацца, каб раней часу “не выдыхліся”, але і не замаруджваў тэмп, каб “не пазасыналі, a то яшчэ ўпадзе каторы і захрапе на ўсё наваколле". А каб вы пабачылі, як мужчыны з гумна на полудзень ішлі: важна, не спяшаючыся, зноў-жа, па старшынству. Трымаліся такой завядзёнкі ў будзённай працы. Паважалі і старэйшых, і тое, чаму яны навучалі».
Здавалася б, у непісьменных вяскоўцаў, якія не ведалі ніякай іншай граматы, акрамя жыццёвай, усё было раскладзена наперад. Меркавалася загадзя, куды і што будзе ўжыта, дзе што і якое спатрэбіцца. Тую ж салому яны не проста адкідвалі ў бок, а стараліся адразу сартыраваць, каб і ў далейшым з ёю лягчэй было працаваць і прыдалася яна
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
там напоўніцу. Вопытнае сялянскае вока ўсё прыкмячала і ўсё заўважала, без гэтага не выпадала правільна весці ўласную гаспадарку: «Калі толькі пачыналі малаціць, то наш бацька, акінуўшы вачыма снапы, сам раскладваў іх па гурбах. Папярэджваў, што калі гэтыя пачнем малаціць, то старайцеся біць адно па калоссі, бо салома гэтая пойдзе на страху. Ужо ў хляве каровы праз страху з зоркамі вітаюцца і дажджы праліваюцца, не затрымліваючыся на жывёлу, таму вясною, a то яшчэ і да снегу паспеем страху перамяніць. Іншыя можна і болей прыбіваць, бо яны пойдуць на сечку, а там ніякай розніцы няма, што рэзаць. На подсціл, то ўвогуле пускалі самую бітую, паламаную і счарнелую салому, якая недзе паспела і падгніць, і папрылежаць на палетку і коньмі яна ўжо прыбітая. Асобна падбіралі салому для выплятання ўсмемагчымага саламянага посуду: каробак, каробачак, вярэнек, збаночкаў-набірушак і іншых. 3 гэтай то потым яшчэ і старанна перабіралі акалоты, каб павыкідваць тое, што загадзя не падыходзіла для такой справы. Ва ўсім трэба ведаць толк, неабходна проста разбірацца, бо далёка не кожны чалавек здольны адрозніць салому і па трываласці, і па валакністасці, і па стойкасці. Пачне нехта са старэйшых даводзіць, дык дзівуешся: як жа гэта ўсё можна ведаць і ўмець. Паабіваюць капу снапоў і старанна салому прыладкуюць па розных кутах, а то і на панадворак выносяць ды дзе-небудзь у прыстаронках ці пад страхою, каб на яе не зацякала, параскладваюць. Любілі сапраўдныя гаспадары парадак. Ва ўсім любілі. I надта ім не падабавалася, калі нешта было не прыбрана, не прыладжана, не так, як ім хацелася, ляжала ці стаяла».
Падкрэслівалася, што на страху асабліва падыходзілі саломіны-стаякі (“стаўбуны”). Лічылася, што калі такой саломай накрыць ці перакрыць будыніну, то страха акажацца больш даўгавечная, чым пры звычайнай саломе: «Калі малацілі, то перабіралі потым акалоткі і з іх даставалі саломіны-стаякі. Яны адрозніваліся ад іншых тым, што былі не ломкія, а цвёрдыя, як чараціны, і іх стараліся пускаць толькі на накрыццё будынкаў. Калі шанцавала гаспадару і такіх “стаўбуноў” было многа, то імі запроста маглі накрыць адзін бок страхі, a то і ўсю. Тады вясковец быў упэўнены, што бліжэйшыя гадоў дваццаць такую салому не выпадзе замяняць. Тыя “стаўбуны” і на палетку заўсёды вылучаліся. Яны раслі, нібыта, паасобнымі кустамі. Гаварылі ведаючыя людзі, што гэта нейкае іншае жыта трапіла, што не з іхняга насення. Пазней мой бацька гаварыў, што ў калгасным жыце “стаўбуноў" ніколі амаль не бывае. Іх там вырываюць ці выкручваюць заранёў, гарантуючы такім чынам чысціню сорту збажыны. Затое ў “стаўбунах” каласы былі значна большыя і зерне ў іх, адпаведна, буйнейшае. Некаторыя з гаспадароў стараліся
такія снапы ці такія жмені збажыны абмалочваць асобна, каб завесці сорт такога буйнога жыта. Гаварылі, што калі іх малацілі, то давяралі такую справу найбольш вопытным малацьбітам, каб тыя ўжо ў гэтай працы верхаводзілі. Атак, то яны больш нічым і не адрозніваліся. Калі сёння некаму паказаць і запытацца, што да чаго, то ў адказ адно паціснуць плячыма, не болей таго».
Самому даводзілася некалі “малаціць” з бацькам і дзядулем. Павінен сказаць, што тут бацька паказваў сапраўднае майстэрства, а вось дзядуля, то той не надта завіхаўся. Было відаць, што гэты занятак яму не вельмі падабаецца. Праўда, мяне ўсё роўна падвучваў. Як зараз разумею, то іншыя ягоную “навуку” проста не ўспрымалі б, а я быў малы і цэп для мяне тады быў дзівоснай цацкай, якая надакучыла хвілін праз дзесяць. Бацька ж, падказваў тое, што выдатна ведаў: «Сынок, гэтую салому не лупі так, бо мы з яе будзем каробкі з табой усю зіму плесці. У саломе ж зерня няма. Яно толькі ў каласах, а каласы, самі па сабе, займаюць толькі сёмую ці восьмую частку каліва. Таму вопытныя малацьбіты не расходуюць дарма сілу на салому, а біч апускаюць адно на каласы, на верхнюю частку снапа. Бачыш, якзбажына рассцелена. Знізу і малаціць нічога не выпадае. Навошта, калі там жыта няма. Адно што сілку сваю будзеш расходаваць задарма. Вось туды, туды трапляй. I яшчэ, калі збажына спелая, то яе і малаціць даволі проста. Стукнеш бічом адзін-другі раз і ўвесь сноп асыплецца на ток. Дадаеш удараў толькі для таго, каб падстрахавацца на ўсялякі выпадак. Мне самому давялося з сваім дзядулем малаціць з малых гадоў. Ён усяму гэтаму мяне і навучыў. Тут усё важна: і куды біць, і як біць, і колькі ўдараў, і як правільна цэп трымаць, каб пры замаху ды ўзмаху ён не надта рукі ірваў. Бо калі гэтага не ўлічваць, то праз кароткі прамежак часу рукі сабе так вырвеш, што і дыхнуць цяжка будзе. Дзядуля бухаў цэпам і было выразна відаць, што такі занятак яму не па душы. Удары біча клаліся ў розныя мясціны і стваралася ўражанне, што малоціць не стары чалавек, а маладзён, якому цэп трапіў у рукі ўпершыню. Тата пасміхваўся і прыспешваў тэмп, а дзед ад гэтага адно злаваўся».