• Газеты, часопісы і г.д.
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Адносна збожжа і збажыны, то тата, бясспрэчна, ведаў намнога больш, бо, чаго там здзіўляцца, ён быў прафесійным камбайнерам, якому не адзін год давялося папрацаваць не толькі на родных палетках, але і на абшарах Расіі і Казахстана. Ды і тое, што гадаваўся з трох гадоў без бацькі, таксама далося ў знакі, многаму навучыла ў нялёгкім вясковым жыцці. Ад яго давялося пачуць не толькі шмат разнастайных камбайнерскіх ды малацьбітных гісторый. Але яшчэ і народных павер’яў, прымхаў. Ён у іх, па шчырасці, не надта, каб і верыў, але ніколі
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    адкрыта і не адмаўляў. Зыходзіў з правіла: калі нікому не шкодзіць, то няхай сабе гавораць людзі, няхай вераць. Галоўнае, каб на шкоду ўсё гэта не сышло.
    Ніколі не забуду, як тата вучыў мяне малаціць будучае насеннае збожжа. Яго адкладвалі спецыяльна ў бок. Яно чакала свайго часу. Тыя снапы стараліся лішні раз не варушыць і не перакладваць без прычыны. Насеннае збожжа нават не дасушвалі ля грубкі ці печы. Гаварылі, што яно і само па сабе дойдзе. Старыя людзі не дазвалялі малаціць такія снапы цэпам: «Мой дзед заўсёды так рабіў, то і ўраджаі ў яго былі намнога лепшыя, чым у астатніх вяскоўцаў. Таму на яго ўсемагчымыя зайздроснікі ды абібокі і казалі, што ён варажбіт і заўсёды ведае замоўныя словы, якія дапамагаюць яму з года ў год. А тут, сынок, калі разабрацца, то нічога дзіўнага ці сакрэтнага і не было. Проста выпадала рабіць любую справу з душою, старанна, нічога не парушаючы з ранейшых правілаў-запаветаў. Вось і збожжа на насенне малаціць трэба было ўмеючы, думаючы наперад ні пра тое, як хутчэй абабіць каласы, а пра тое, як іх вясною прыдзецца засяваць у свежыя роллі. Глядзі, як гэта робіцца». Тата ўзяў сноп, вынес яго на дзяружку, якая была пасланая пасярод току ў гумне, узняў над галавою і проста пачаў трэсці. Зерне само па сабе сыпалася, нібы з нейкай парванай кішэні. Патрос крыху гаспадар, потым перавярнуў каласамі ўгару і яшчэ пару разоў трасануў і запэўніў: «Ну, вось і ўсё... Сноп абмалочаны... Нават калі станеш далей яго цапамі абіваць, то амаль нічога не выйграеш... Збожжа добра дайшло ў снапах, таму і сыплецца так адвольна... Таму і не чапаюць насенных снапоў і аберагаюць іх ды правяраюць уважліва, ці не кожны дзень, каб ніякая трасца да зерня не ўбілася... А гэтай саломай потым стараюцца пакрываць стрэхі ў гаспадарчых будынках... Гэта на той выпадак, сынок, калі надта неўраджайны год, галодны ды паморкавы, надасцца, то тады такую салому здымаюць і пачынаюць яе малаціць... I зноў жа, тыя намалочаныя жмені збожжа ідуць не ў млын, а прызначаюцца толькі для сяўбы, бо голад усё дазвання вычышчае ў вясковых закутках... I людзі правільна рабілі, што думалі не пра тое, як жывот набіць з галадухі, а пра тое, як пасеяць нівы, як дачакацца новага ўраджаю ды спадзявацца, што менавіта гэты ўраджай будзе добрым і голадтой забудзецца, нібы нейкі страшны сон...».
    Ён даў і мне паспрабаваць абмалаціць самастойна сноп збожжа. Я ўжо так трос яго, што тата ажно засмяяўся: «Так і цэпам не абаб’еш, якты яго вытрас». Сеялі мы тым зернем вясною палову свайго агарода, «каб перамяніць корань», як у нас гаварылі адвеку. Таму ў сваім жыцці я навучыўся і сеяць, і жаць, і малаціць. Шкада, што не ўмудрыўся пераняць ад матулі выпякаць хатні хлеб, пра што заўсёды вельмі шкадую.
    Пра такую самую акалічнасць захавалася сведчанне і ў А. Сержпутоўскага. Ён сцвярджаў: «На насенне жыто лепш не малаціць саўсім, а толькі акалаціць і пасеяць, та жыто добрэ зародзіць. Потым той акалот можна малаціць, але не раней, пакуль жыто не пасеяно, то гаспадарка ніколі не будзе без хлеба» [22, с. 99]. Адрозненне ад татавага аповеду заключаецца ўтым, што ранейшыя гаспадары атрасалі (малацілі) жыта на насенне значна больш, чым у пазнейшыя часы, калі прыватнаўласніцкія гаспадаркі імкліва пачалі ліквідавацца. Таму патрыярхальныя вяскоўцы перамалочвалі і акалоты з-пад насеннага збожжа. Тут усё ішло па прынцыпу: «Не мышам жа пакідаць тыя зярняты ў каласах... Лепей іх таксама потым ужыць у сялянскую справу...».
    Змалацілі гаспадары збожжа, правеялі, ссыпалі ў бочкі ці ў сусекі і, вядома ж, кожнаму захацелася паспрабаваць смачнага “першага” хлеба, гэта значыць, выпечанага ўжо з новага ўраджаю. Mae землякі слушна сцвярджалі: «На святога Пятра і намалола, і напякла». Яны стараліся змалоць колькі збожжа, каб уганараваць на сялянскім стале жытні бохан, які і сімвалізаваў сабою заможнасць вясковай сям’і. Чамусыді менавіта на гэты аспект, на пах свежага хлеба, звярталі ўвагу многія мае інфарматары. Памятаю, як суседскі дзед Федзя часта мне, распавядаючы пра вайну, гаварыў з нейкім асаблівым шкадаваннем: «Хацелася зтае бойні вярнуцца жывым... Нажаць, намалаціць, намалоць збожжа, каб жонка спякла свежы хлеб, наесціся ўволю, а тады ўжо і паміраць не страшна... Многім гэтага хацелася... Мы ж вяскоўцы, у нас таму і сны свае, вясковыя: арэм, косім, сеем, жнём, малоцім, мелем, святкуем, як і працуем, па даўняму... Яно нам ніколі не перашкаджала і не перашкаджае... Як кажуць: што засталося, то тое і прыдалося...».
    Хораша, удумліва і пранікнёна разважаў чалавек і нельга было яму запярэчыць, бо за ягонымі плячыма быў багаты вопыт: і працоўны, і баявы. I той, і той даўся яму надзвычай цяжка: крывава, з потам.
    На гэтую акалічнасць, на непаўторны і незабыўны пах выпечанага хлеба звярталі ўвагу многія пісьменнікі і даследчыкі. Напрыклад, В. Адамчык пісаў: «У хаце стаяла парная гарачыня на стале і на лавах астывалі накрытыя чыстымі ручнікамі гарачыя боханы хлеба. Ад іх пахла гаркаватаю падпаленаю скарынкаю і кляновым лістом. У хаце, густа папацеўшы, плакалі вокны яны былі без дубальтаў» [1, с. 11].
    Прыгадалася і тое, як мая матуля пякла свойскі хлеб, наш, дамашні. Ёй таксама нялёгка даваўся будзённы наедак. Асацыіраваўся ён заўсёды з нейкім надзвычай таямніча-пахучым прысмакам. Асабліва свежы, калі мама даставала свае бляхі з печы і выкладвала боханы на
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    стол. Выкладвала не на голыя сталешніцы-дошкі, а на чысты абрус ці спецыяльна для гэтай мэты пасланы ручнік. Па версе пырскала вадзічкай і абавязкова прымаўляла: «Каб асеў... He ўздуваўся...». Спачатку апырсквала, а потым яшчэ нібы пагладжвала рукою скарынку.
    На твары застывала радасная ўсмешка і яна пачынала прыгадваць, пераказваючы мне можа сотні разоў тое, што некалі адбылося (ці адбывалася) у яе сямейным жыцці. Бедная матуля! Чаго ёй толькі не выпадала, а яна не счарсцвела душою, не закіпела нейкай іржою, а засталася спагадлівай да чужога гора і няшчасця, гатова была ў любы момант паспрыяць, прыйсці на дапамогу, падтрымаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі.
    «...Калі я замуж выйшла, то хлеба ў нас стала хапаць уволю. Твой жа бацька быў камбайнерам і, акрамя грошай, яму яшчэ плацілі і збожжам. Некалькі тон зарабляў за сезон. Свякроў, як убачыла, дык адразу закамандавала, каб я высыпала збожжа ў іхнія сусекі і бочкі. Ды не на тую нарвалася! Яна тады крычыць: выбірайся з мае хаты! А я ў адказ усё роўна па-вашаму не будзе! Так мы з месяц барукаліся і яна потым прыціхла. Стала казаць па-іншаму: раз у нас жывеш, то хлебам кармі! А я зноў на сваім настаяла: вы два разы хлеб печаце на сям’ю, а я адзін раз! Толькі на такіх умовах!
    Засмяялася тады твая баба Вольга, кажа, нехта ж падвучыў! Малайчына, у цябе сям'я заўсёды будзе дагледжаная і накормленая. Мне прыемна было чуць такое, тым болей, што яна пасля гэтых нашых спрэчак стала адносіцца да мяне намнога лепш.
    Першы раз самой трэба было хлеб выпякаць, а я ж ніколі раней гэтага не рабіла. Маці мая не вучыла такому. Распытала ў адной з суседак, што да чаго. Тая і гаварыла, каб надта не хвалявалася. Першы раз хлеб мала якой гаспадыні ўдаецца. Але з гэтага не смяюцца, наадварот, стараюцца падвучыць, каб у далейшым усё выходзіла добра.
    Іду і думаю гэта ў добрых, спагадлівых сем’ях, а тут жа ўсе ліхія. Ледзь што не так, то жыцця потым не дадуць. Суседка нагадала, што самае галоўнае, каб добра падышло цеста і каб удала вытапіла печ, бо не будзе моцнага жару, то хлеб не выпечацца. Калі ж надта напаліш, то згарыць усё дазвання! Трэба пастаянна назіраць за тым, што ў печы робіцца.
    Я дровы паклала, запаліла. Стараюся спакойна сябе весці, а свякроў з хаты не выходзіць, нібы ў яе спраў іншых няма. To туды тыркнецца, то сюды. Зразумела я, што яна пільна сочыць за тым, як я сябе стану паводзіць, ды што ў мяне з усяго гэтага выйдзе.
    Бачу, што дровы ярка палаюць, а мяне ўсю калоціць. Накладваю цеста ў бляхі, перад гэтым іх папраціраўшы салам. Стараюся, каб многа не накласці, бо выпаўзе хлеб з блях і пагарыць. Нарэшце выгарэла, я вуголле паразбівала, акуратненька зграбла яго ў кубку, а бляхі ставіць баюся. Пазіраю на свякроў, а яна на мяне. Потым бачу махнула галавою. Тады я ў печ бляхі, закрыла вусце, прычыніла ў коміне бляху і села насупраць на ўслончык. Пасяджу, пасяджу і падбягу да печы, каб зазірнуць, а раптам там гарыць мой хлеб?
    Свякроў не вытрымала:
    -	He адкрывай часта, бо выстудзіш печ і хлеб не падымецца!
    Тут я ўжо спакайней сябе адчула. Раз і яна ў хаце, то не дасць згарэць хлебу, папярэдзіць. Прыгадваю і суседчына: калі хлеб спячэцца, то ён сам, сваім духам, знак падасць, калі яго даставаць трэба. Чую пах свежага-свежага хлеба, ды такі, што ажно ў носе казыча. Тады рашылася адкрыць печ і даставаць бляхі. Я іх на стол дастаю і пераварочваю, як жанчына вучыла. Як толькі перавярну, дык бохан і выпаўзе акуратненька, нібы яго нехта падштурхне. Усе паклала радком, а потым вадзічкай стала апырскваць. Я апырскваю, а свякроў, усміхаючыся, ужо сама падвучвае:
    -	Гавары за мною: дай, Божа, каб новы ўзышоў і ў печы падышоў!
    Я паўтараю, а яна, задаволеная, ужо побач стаіць. Тады чаранком лыжкі адрэзала акрайчык, пацалавала яго і падаю бабе Вользе:
    -	Паспрабуйце, мама, ды не асуджайце, калі што якое...
    Я так асцярожненька падаю акрайчык, а яна мяне пацалавала і заплакала. Горкімі-горкімі слязьмі. Спрабуе нешта сказаць, а не атрымліваецца, бо слёзы перабіваюць. Потым усё ж прабілася выразнае:
    -	Гэта я хлеб твой, Манька, падсольваю.
    Мабыць, і ў яе жыцці ўсялякага было. Так сядзім мы з ёю і плачам: я з радасці, што хлеб атрымаўся з першага разу, а яна з таго, што прыгадала многае. Потым распытвала, маўляў, хто мяне падвучваў. Я і расказала.