Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
Прыйшлося мне прымаць удзел і ў "залатванні” саламянай страхі. Здарылася гэта, як заўсёды такое бывае, выпадкова і недарэчна. Я на той раз дапамагаў свайму дзеду ўносіць прывезенае сена ў ягоны хлеў. Там быў невялікі прыстаронак, туды і складвалі часткова корм для каровы, а астатні ладкавалі ў стог, непадалёку ад гаспадарчых будынкаў. Мне даводзілася таптаць тое, што дзед падаваў. Было надта душна і нічога амаль не відаць, бо пад страхою асабліва не разгледзішся. Калі гаспадар падаў усё сена, то па драбіне залез да мяне, прайшоўся па квадрату і зазначыў: «Яшчэ столькі і на зіму карове хопіць... Няма чаго асабліва хвалявацца...». А потым нечага спахапіўся: «Цікава, а на доўга яшчэ маёй страхі хопіць?». 3 гэтымі словамі не знайшоў нічога іншага, як нізануць віламі з усяго маху ў саламяны дах. Удар аказаўся настолькі “ўдалым”, што вілы не проста пранізалі страху, але і выдралі значны кусок прагнілой дазвання саломы. Я зарагатаў: «Во, і вакенца, і паветра свежае даходзіць стане...». Затое дзед не ўзрадаваўся, а неяк ніякавата прамовіў: «Заўтра з самае раніцы прыходзь ды будзем страху заплятаць... Каб хоць старая не паспела заўважыць, бо будзе мне на пазвоннае...».
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
Відаць, бабуля ўсё ж заўважыла і паспела добра “разагрэць” дзеда, бо калі я да яго прыйшоў, то ён ужо паспеў адабраць салому, звязаўшы яе ў некалькі снапоў на свежыя паплеціны, насек арэшніку і сліўняку, якога было ўдосталь паблізу і, як звычайна, курыў. Паглядваў на страху, нешта абдумваў і пыхкаў самасадам. Мне адразу ж далажыў, што раскрые кавалак страхі (квадратам), бо так будзе зручней уплятаць паплеціны і прыціскаць салому. Стары палез па драбіне наверх і пачаў раскрываць, скідваючы тое, што некалі было саломай. Потым я падаваў яму па снапу, а ён, па даўняй завядзёнцы, нешта спяваючы пад нос, завіхаўся.
Калі ўжо справа рушылася да завяршэння, то і я паціхеньку, каб дзед не пачуў і не забачыў, палез на страху. Сцішыўся за ягонай спіной і пазіраў на другі бок хлява: быццам бы там можна было ўбачыць нешта незвычайнае. Тым часам, нечакана, ногі сасклізнулі, рукі пацягнуліся і я паехаў па страсе ўніз. Крычаць не было магчымасці дзед бы не ўхваліў майго знаходжання на страсе. Ён нечакана крутнуўся і сам усё ўбачыў. He, каб неяк пастарацца затрымаць, стары, наадварот, захацеў пляснуць мяне з усяго маху слівовай паплецінай па азадку. Толькі задуманае не атрымалася: ці то крутнуўся дзед вельмі рэзка, ці то паплеціна за нешта зачапілася, ці то занадта замахнуўся, але стары сам паляцеў уніз галавою. Я паспеў яшчэ заўважыць, як міма мяне склізгануў гаспадар: ягоны ашчэраны рот, вылупленыя вочы, нехуды азадак. Усё гэта мігнулася і нечакана прапала. На самым краю страхі мне ўсё ж удалося так ушчаперыцца ў салому, што я не ўпаў, а завіс метры на тры над зямлёю. Дзед стаяў на галаве, уторкнуўшыся ёй у пясок. Азадак пахістваўся туды-сюды, нібы раздумваючы: падаць яму ці яшчэ пастаяць менавіта так. Усё значна паскорыла бабуля, якая з нейкай нагоды апынулася на гэты час у хляве (думаю, што яна спецыяльна сачыла з сярэдзіны, каб дзед і тут не ўмудрыўся яе ў нечым падмануць). Выглянуўшы і ўбачыўшы, што муж знаходзіцца ў такім становішчы, не знайшла нічога іншага, як голасна ўскрыкнуць: «I ён, як малое дзіця, са страхі коўзаецца!». Гукнуўшы, трэснула, што мела сілы, па дзедавым “сядле” нейкім кіем. Мабыць, тым, пры дапамозе якога заганяла карову вечарамі ўхлеў. Дзед, гігікнуўшы, нібы малады, адразу папёр да калодзежа. Там упёр сваю лысую галаву ў ночвы з вадою, а пасля ўжо пачаў ачмурэла азірацца. Відаць, яму не адразу даходзіла, дзе ён і што з ім адбылося. Бабуля патрасала кіем ад хлява: «Хадзі сюды, то я табе пакажу, як са страхі коўзацца!».
Калі мы завяршылі сваю справу, то стары паціху папрасіў у мяне, каб я нікому асабліва не распавядаў, што тут адбылося: «Жонка і без цябе ўсім панараскажа такога, што потым будзе, хоць з хаты выбірайся».
А. Сержпутоўскі даволі падрабязна распавёў пра тое, як палешукі будавалі свае хлявы і гумны: «Калі сцены ўзведзены, укопваюць у зямлю высокія сохі слупы з вілападобнай верхавінай. На гэтыя слупы кладуць клаць, ці сволак кроквіны. Яны вольна ляжаць і на сценах. Потым упоперак да ключоў прывязваюцца бярозавымі пярэвітамі хварасцінамі тоўстыя пруты на адлегласці 2-3 вяршкі адзін ад аднаго. Калі такім чынам касцяк даху гатовы, яго пакрывапюць па краях кулеваю, гэта значыць непамятай саломаю ці чаротам пад стрыхоўку рыдлёўку, а вышэй накідваюць тоўсты слой саломы, кастрыцы ці віту вітарніка, гэта значыць скошанай па лёдзе травы. Канёк выкладваюць звязанаю ў снапкі саломаю і прыкладаецца звязанымі папарна накрыж ключыкамі козламі, якія дасягаюць амаль да краю даху і сваім цяжарам прыціскаюць салому. У хлявах дахі бываюць двухсхільнымі і чатырохсхільнымі» [24, с. 32-33].
3 народных прыкмет А. Сержпутоўскі не забыў нагадаць характэрную рысу: «Калі з немалочанага жыта зрабіць дзе-небудзь у гумне кавалак страхі, та гаспадарка заўжды будзе мець хлеб» [22, с. 99].
У гэтага ж даследчыка сярод шматлікіх запісаў ёсць народная казка “Стары бацько”, а ў ёй наступнае сведчанне: «Але ось настаў там велікі голад. Прапаў немаль увесь статак. Пухнуць людзі ад голаду, жыватамі качаютца, нема за што рукзалажыць. Панеслі дзеці старэнькаму бацьку апошні хлеб, а ён да й кажэ ім, каб ены садралі з харом стрэхі да й вымалацілі тую салому. Паслухалі дзеці старэнькаго бацьку, садралі стрэхі да й давай малаціць старую салому. Глядзяць, аж на таку так многа зернят, што хваціць хлеба да новаго ўраджаю. Пытаюць суседзі, адкуль у іх хлеб, а тые й расказалі ім, што гэто іх наўчыў стары бацько, катораго ены хаваюць у пограбе» [23, с. 46],
А вось К. ІУІашынскі сведчыў: «Накрываюць хаты ў лясных вёсках драніцамі, а каб дах на стыках не прапускаў ваду, драніцы з аднаго боку выпускаюцца вышэй за драніцы з другога. Каб дошкі-драніцы не маглі ссунуцца ўніз, іх падпіраюць, якужо гаварылася, адмысловай дошкай закрылінай (Мазыршчына), а ў Рэчыцкім п. прыбіваюць драўлянымі калочкамі да канцоў крокваў уздоўж драўлянага карытца (лотак). Часам дах крыюць кароткімі тонкімі дранічкамі (дранка), і тады прыбіваюць 2 альбо 3 латакі, а канёк накрываюць карытцам, падобным да латака, павернутым вострым дном уверх (ваўчок). Шчыт (прычолак) у рэчыцкай хаце забіваюць дошкамі.
У палявых вёсках стрэхі крыюць саломай, а часам трыснягом. Вільчык страхі ўмацоўваюць казлінамі. Драўляная або саламяная страха ў Рэчыкім п. завецца крышай; тая частка пакрыцця, што спускаецца за
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
сцяну стрэха, вокны окна, шыбы абалонкі, каробка, што трымае дзверы, ушнякі... Ніякіх аздоб паляшуцкая хата не мае, толькі як выключэнне ў заможных сялян на краях страхі над прычолкам прыбіваюцца разьбёная дошчачка, часам на вільчыку хаты з’явіцца бляшаны пеўнік, аднак гэта цалкам новыя з'явы» [12, с. 148].
На маёй памяці ў нашай вёсцы ўжо не накрывалі хаты саломай. Адышло гэта ў гістарычны нябыт і на замену саломе прыйшла драніца, а потым ужо і шыфер. Спачатку маленькі па сваіх памерах, а потым усё большы і большы. Таму часта ў дзядулі проста распытваў пра тое, як рабілі стрэхі даўней. Ад яго і даведаўся, што нават зрабіць акуратна хатнюю страху мог далёка не кожны гаспадар. Накрыць хлеў, гумно, пуню гэта адно, а жылое памяшканне зусім іншая справа. Калі вясковец сам не мог гэтага зрабіць, то, звычайна, наймаў пару чалавек. Пару наймаў таму, што стараліся накрываць адначасова страху з двух бакоў. Мала якое магло надвор’е ўсталявацца. Добра, калі ціха і сонца, ні ветру, ні дажджу няма. А калі раптам выплыве хмара, з ветрам ды з навальніцай, тады як быць? Калі з аднаго боку будзе накрыта будыніна, то яе ветрам разбэрсае так, што той страхі не тое, што не пазнаеш, але і не збярэш потым. Таму і наймалі вопытных людзей. Загадзя дамаўляліся адносна таго, што ўвесь падручны і патрэбны матэрыял будзе нарыхтаваны. 3 боку гаспадара будуць дадатковыя памочнікі, але страху павінны скончыць за два дні. Звычайна так і вялося, бо ўсе ведалі, колькі гэтая справа, прыкладна, займае часу.
Усё ішло так, як і тады, калі накрывалі з аднаго боку. Проста тутужо на кожным баку быў майстра, а ў яго свае памочнікі. Адзін мог знаходзіцца побач на страсе, а яшчэ адзін, a то і два унізе, каб адтуль падаваць снапы з саломай, паплеціны ды і ці мала што іншае. Тыя ж самыя прылады працы, у асноўным тая ж манера выканання. Яшчэ вельмі хораша на новай саламянай страсе глядзеліся маладыя бярэзінкі, звязаныя папарна і перакінутыя недзе на паўметровай адлегласці, пара ад пары, камялькамі ўніз. Гэта рабілася таксама для таго, каб салома хутчэй спрасоўвалася і прылягала на сваё будучае месца. Але абавязкова сачылі майстры і за тым, каб бярэзінкі былі не надта цяжкімі, таму што тады яны самі спрыялі дачаснаму "пралежванню” саломы і з’яўленню дзірак у страсе. Такім чынам, там атрымліваліся перакрыжаваныя ўмацаванні паплецінамі да жэрдак, а зверху яшчэ і “апузнікам” (так у нас называлі тыя бярэзінкі). Маглі ў гэтай якасці выкарыстоўваць і вербалоз (лазу), бо ён надта добра вязаўся. Праўда, ён меў адзін вялікі недахоп: надзвычай хутка высыхаў дазвання і тады быў “лягчэйшы за сена”. У такім выпадку весці гаворку пра нейкае там да-
датковае прыцісканне, увогуле не выпадала. А так “апузнік" прылягаў, уціскаўся ў салому і ляжаў там ажно да таго часу, пакуль яго не зрывала, бо ён трухлеў ці скідвалі на ніз, калі па-новаму перакрывалі страху. Звычайна так і гаварылі: «Адзін гной застаўся: і ад саломы, і ад “апузніку”, і ад паплецін, нягледзячы на тое, што яны знаходзіліся ў сярэдзіне страхі і з усіх бакоў былі прыкрытыя саломай». Часта дзівіліся: чаму на страсе так урос мох? Найбольш вопытныя і здагадлівыя адразу тлумачылі: «Таму, што салома пачала гніць, а гэты мох, якраз-такі, і прабіваецца на той макраце. Ён не такі, як мох-даўгунец, які выкарыстоўваюць пры канапачанні сцен, а, наадварот, цвёрды, нейкі кусцісты, з дамескам вялікай колькасці пяску (!). Гэта ад яго, калі такую салому пакідаюць потым жывёле на падсцілку, то апошняя не хоча вяртацца назад у хлеў, бо баіцца таго паху. Таму за лепшае лічылі тую салому і той мох вывезці і выкінуць куды-небудзь».