Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
Калі ўжо людзей наймалі крыць страху, то яны стараліся залішне не лайдачыць (не перакурваць, не адпачываць), бо ім за такія паводзіны маглі проста “не даплаціць, сказаць, што дамаўляліся зрабіць за два дні, а вы і ў тры не ўклаліся, нам іншых людзей ля вас давялося трымаць». Ды і калі нешта парушыш у дамове, то потым з іншымі гаспадарамі пачнуць узнікаць усялякія складанасці. Вясковая пагудка працавала надта хутка і спраўна. Самае цікавае, што маглі агаворвацца наватусемагчымыя падрабязнасці, якія, здавалася, не мелі важнага значэння. Толькі гэта на першы погляд, бо абодва бакі зорка сачылі за сваімі “інтарэсамі”: адныя жадалі паболей зарабіць, а другія паменей заплаціць. Гэта ж адвечная справа.
У некаторых выпадках гаспадар дамаўляўся з майстрамі і адносна таго, які вільчык яны будуць яму рабіць. Справа ў тым, што некаторыя работнікі рабілі самі, ні ў кога нічога не пытаючыся і ні пра што іншае не думаючы. А іншыя, мабыць, навучаныя горкім вопытам, наадварот, стараліся ўсё ўдакладняць, каб потым не адказваць на лішнія пытанні і не чуць лішнія абвінавачванні на свой адрас. Праўда, як падаецца, то найбольш частым быў варыянт, калі гаспадар разводзіў рукамі і гаварыў: «Хлопцы, я вас наймаю, мы дамаўляемся аб аплаце і тэрміне, а як ужо ўсё рабіць, даводзіць да ладу, то гэта вы ведаеце лепш за мяне...». Тыя заўсёды, звычайна, стараліся напоўніцу адпрацаваць такі давер з боку гаспадара, каб ён не знайшоў нейкіх прычын для сумненняў у іхняй працы. Нездарма ж і гаварылі часта: «Малайцы, гэтыя людзі! Працуюць, то як для сябе!».
Навучаючы мяне, малога зусім яшчэ ўнука, дзед любіў паўтараць: «Страху зрабіць не праблема. Самае галоўнае заключаецца ў тым, каб
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
не пакінуць дзірку недзе ў незаўважаным месцы. Дапусціш такое, то і зацякаць стане адразу, але гэта яшчэ паўбяды, а самае сапраўднае гора можа прыйсці тады, калі ўздымецца моцны ветруган. У тую дзірку ўб’ецца такі струмень паветра, што парве ўсё дазвання. Калі ж яшчэ нехта і дзверы “здагадаецца” не зачыніць на тую часіну, то, лічы, што страхі не будзе. Сарве адразу. Як бы яе моцна ні ўмацоўвалі, як бы яе ні прыкручвалі, а супраць ветравай сілы не выстаіць. He раз і не два даводзілася бачыць разгул неўтаймаванай стыхіі, а яшчэ часцей: чуць пра тое, як яна раскашавала. Як толькі дзірка зеўрае на страсе, то яе неабходна хутка прыкрыць новай саломай і старанна прыкруціць канцы новых трывалых паплецін. Здаецца, што і вецер дзьмуў з іншага боку, і не было яму магчымасці так разгуляцца, а ўсё роўна выдзірала, нібы нейкімі жалезнымі зубамі вынішчала. Добра, калі кроквы ды жэрдкі заставаліся, а то і іх магло паваліць, паламаць, павыкручваць. Тады саламяныя стрэхі і не дзіравыя здзірала так, што толькі смецце ў паветры насілася, а пра неахайных гаспадароў, то і гаварыць не выпадала лішні раз. Некаторыя гаварылі, без асаблівага на тое хвалявання, што, маўляў, яны з саломы страху і рабілі, каб яе не шкада было. Саломы па-новаму накідаць на жэрдкі вялікай складанасці не ўяўляе. Менавіта накідаць, а не акуратна ўкласці, падбіць ды папрывязваць, папрыціскаць перавясламі, а потым яшчэ і “апузнікам” прыладкавааць. Любая справа добрую завершанасць любіць, а не абы з рук».
Некаторыя з вяскоўцаў прыгадвалі здарэнні, калі раскрывала іхнія стрэхі падчас моцнага ветру, буры, навальніцы: «Зносіла так, што нічога з саломы наверсе ўвогуле не заставалася». Іншыя даводзілі, што там самі і былі, у першую чаргу, вінаваты не даглядзелі, не прасачылі, як мае быць.
Гаспадары маглі замовіць майстроў, каб іх асабліва ніхто не перахапіў, і загадзя, недзе за месяц, а то і за два да пачатку. Яшчэ ж многае залежала і адтаго, якая сезонная занятасць па гаспадарцы насоўвалася на вяскоўцаў. Людзі працы заўсёды ад яе залежалі, а кожны кіраваўся яшчэ і ўласнай занятасцю. Здаралася, што нават за большую, чым звычайна, аплату не жадалі адрывацца: «Не магу, чалавечку, бо касьба пачынаецца... Нельга мне нікуды адлучацца, бо жніво пачалося... He маю магчымасці зараз прыйсці да цябе, бо, як не круці, а свая праца так ушчаперыла, што і на дзень адарвацца няма магчымасці...».
У Заходняй Беларусі асабліва многа саламяных стрэх было па вёсках, увесь дахавы матэрыял тады быў даволі дарагім, і вяскоўцы звярталіся да спадручных. Праўда, рабілі з саломы, але надта асцерагаліся яе вогненебяспечнасці. Усё зводзілася да таго, што надзвычай
строгім быў усюдыісны пажарны нагляд. Самае дробязнае парушэнне ці адхіленне ад устаноўленых норм жорстка каралася. Старэйшыя пераказвалі, што тады і саломы на страху шкадавалі. Абыходзіліся найменшай колькасцю, каб астатнюю пусціць на кармы, на дадатковую падкормку. Вельмі часта сена не хапала да вясны, таму і выручала салома. На Палессі то яшчэ больш выручалі балоты, дзе заўсёды, у любое надвор’е, акрамя страшэнных залеваў і паводак, можна было нарыхтаваць сена, няхай сабе і не такога высакаякаснага, як звычайна.
Тады і саламяныя стрэхі рабілі не такія капітальныя. Калі змяншалася колькасць саломы, то і паплеціны ўмацоўвалі праз адну жэрдку. Заўсёды спадзяваліся на тое, што "апузінкі” ўтрымаюць усё на месцы. Мой дзядуля пры такіх згадках адно фыркаў і сцвярджаў: «Калі так зробіш, то некалі ды абавязкова вецер, асабліва моцны, парве такую страху. Любая справа любіць надзейнасці і трываласці. А так, то пойдзе ўсё ці добра, ці надзвычай дрэнна».
Бачыць старыя, абамшэлыя саламяныя стрэхі (лепей сказаць тое, што ад іх заставалася на той момант) прыходзілася ў шматлікіх фальклорных экспедыцыях. Асабліва тады, калі шляхі пралягалі праз невялічкія вёсачкі, закінутыя хутары і г. д. Глядзеў на такія збудаванні, на падваліны і стрэхі, на падслепаватыя вокны і збуцвелыя вуглы і неяк пастаянна не адступала думка: «Як толькі нашы продкі выжывалі ў такіх збудаваннях? Як ім прыходзілася трываць і пакутаваць!». I тут прыгадвалася маміна: «Сыночак, галоўнае, каб хатка... He важна, якая яна... Няхай сабе і малюсенькая, і старэнькая, і падслепаватая... Няхай сабе яе і прадзімала і прамарожвала... Галоўнае, што яна была свая і ты ў ёй была гаспадыняй... Свая хата, свая печ і грубка, а калі гаспадары ўвішныя, то і бяды той не адчуеш... Вайна недалёка яшчэ заставалася, яе жудасныя сляды ўсюды адчуваліся... А што салома на страсе, то гэта і не заўважалася, бо не да прыгажосці тады было...».
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАП
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
ТРАДЫЦЫЙНЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ
СААОМА, I СЕЧКАЙ, САЛОМА
Надзвычай часта салома выкарыстоўвалася ў сялянскіх гаспадарках у якасці дадатку да асноўнай ежы для жывёлы сена. Справа ў тым, што вяскоўцы перамешвалі яе з сенам, але ўсё ж, найчасцей, рэзалі з саломы сечку, выкарыстоўваючы для гэтай справы самаробныя і заводскія сячкарні. Ясна, што нажом сечкі не нарэжаш, таму і прыдумвалі кемлівыя галовы такія прыстасаванні, якія рэзалі-здрабнялі салому, тым самым значна скарачалі час, патрачаны на гэта, і фізічныя намаганні. Потым гэтую сечку запарвалі ў цэбрах гарачаю вадою. Здаралася, што туды ж дадавалі яшчэ і мякіну, далей перамешвалі і неслі каровам ці авечкам або коням (праўда, апошніх сечкай і мякінай стараліся не карміць, бо каню “патрэбна была сіла”, а ад такога корму сілы не дадавалася, таму коням падсыпалі авёс ці прыносілі лепшае, мурожнае, сена). Сечку пастаянна рэзалі ў зімовы перыяд, калі жывёла знаходзілася ў “стойлах”, г. зн. у хлявах і, адпаведна, не выходзіла на пашу. Яшчэ часта адзначалі, што перад тым, як рэзаць
сечку, салому змешвалі з сенам гэта для таго, «каб жывёла не надта разбіралася ў тым, што ёй падсунулі есці ... некалі дзед падвучваў, што сена, для перамешкі з саломай, неабходна выбіраць мурожнае... салома, яна і ёсць салома, таму і стараліся дадаваць да яе самае лепшае сена... а калі яшчэ якой паўторбы мякіны дададуць гаспадары ды запараць, то жывёла ажно давіцца... магчыма і ад таго, што пераменьваюць ежу...».
Мой тата, чалавек надзвычай майстравіты, сячкарню зрабіў сам, «каб не плаціць грошы абы за якую ламаку, a то зайдзеш прасіць, а табе пачынаюць прама ў вочы выказваць... не люблю я такога... каб за ўсялякую драбязу, ды выказвалі... тым болей, што я сам магу ўправіцца... для мяне гэта і не такая складаная справа... паглядзеў я ўжо і нават прадумаў, як стану рабіць...». Дзе вечарамі, а дзе раніцамі ўсё нешта скручваў, змазваў, падвострваў, а потым зладзіў і спецыяльную падстаўку, каб было зручней круціць ручку сячкарні і падаваць па жалабку салому да бліскучых нажоў. 3 другога боку (ззаду) знаходзілася вялікая дашчатая скрыня, у якую сыпалася сечка. Усё было прадумана старанна. Як на сённяшні дзень, то і з вялікай доляй творчай фантазіі. Задаволены тата, калі ўпершыню прадэманстраваў мне, як працуе ягоная “машына”, зазначыў: «За паўгадзіны на тыдзень можна смела нарэзаць сечкі для нашых кароў... Цяпер не трэба да некага хадзіць са сваёй саломай ды там рэзаць яе на сечку... He люблю я прасіцца... Добра, калі ўсё сваё на падворку маеш...». Ён і іншым хваліўся-паказваў сваю сячкарню. Прыходзілі суседзі, сябры-механізатары і ім падабалася тое, як было выраблена. Прызнавалі і той факт, што гэта неабходная рэч у гаспадарцы.
Памятаю, як гэта адбывалася ў іх з дзедам Уладакам. Мужчыны добра пасядзелі за нашым сталом, быў нейкі прысвятак, а потым гаспадар вырашыў завесці дзеда ў пуню і паказаць свой “навадзел”. Адчыніўшы дзверы ў памяшканне, дзе пад самую высокую страху ўсё было заладкавана сенам, тата паказаў рукою ў бок: «Вось яна, мая сячкарня! Новенькая, невялічкая, а нажы выгастрыў, то і малады бярэзнік будзе спакойна рэзаць». Але стары плямкаў нешта сваё: «Ат, знайшоў чым хваліцца... Бачыў я і не такія машыны...». Канешне ж, такія даволі грэзлівыя адносіны і зняважлівыя словы маглі запроста адбіць ахвоту ў любога чалавека дзяліцца сваім поспехам, радасцю. А тату, мабыць, хацелася як мага хутчэй паказаць, як лёгка і нячутна працуе ягоная сячкарня, як яна рэжа салому. Таму, відаць, пачуўшы такое замест ухвалення, ён з усяе сілы злосна крутнуў прыстасаванне! Нават не за ручку, а проста ўхапіўшы за кола. Але гэтага хапіла для таго, каб ужо
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
праз якое імгненне дзед казлом скакаў па падворку, трымаючыся за ніз жывата і не здолеючы вымавіць ніводнага слова. Аказваецца, яму з усяго маху ў прычыннае месца ляснула ручкай сячкарні. Тое, што многае і ўсялякае бачыў, гэта адно, а тое, што пры любым механізме абавязкова выпадае захоўваць правілы бяспекі, гэта другое.