• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Тую каробачку я бярог (і берагу!) усё сваё жыццё. Быў толькі невялікі перапынак, калі давялося служыць у войску, то не чапаў гэтую саламяную рэч амаль два гады. Атак, кожны год, а зараз ужо і месяц, a то і часцей, бо знаходзіцца яна ў маёй гарадской кватэры, трымаю
    ў руках даўні падарунак свайго таты. Здаецца, што і гады ўвогуле не паўплывалі на яе: адно, што пацямнела саломка і на дне з’явіліся выразныя сляды гнілі. Недзе, мабыць, раней, калі мяне не было, ці паставілі каробачку ў сырое месца, ці ўсыпалі нешта і не даглядзелі, а яно пагніло і такім чынам паўплывала на захаванасць рэчы. Тым не меней, як аказалася, памяць наша захоўвае ўспаміны не толькі пра людзей, падзеі, але і пра рэчы таксама. Дзякуючы ёй мы здольны вяртацца ў мінулыя гады, аднаўляць тое, што мінулася даўным-даўно і, тым не меней, ажывае, дазваляе будаваць цвёрды лагічны рад у вяртанні да свайго, а то і да чужога, мінулага. Неяк яно і не надта складна гучыць і сфармуляваць усё можна, як "саламяная памяць”, “саламяныя ўспаміны", “гісторыі, звязаныя з саломай”, “саламянае цеста” (выраз майго дзядулі, якім ён акрэсліваў усё тое, што, на ягоную думку, было “сшыта белымі ніткамі па чорнаму полю, a то і наадварот”).
    Увогуле тата плёў з саломы многа ўсялякіх каробак. Зразумелая справа, што па форме яны былі аднолькавыя, але затое значна адрозніваліся па памерах. Тэхналогія вырабу была спрадвечная. Адзінае адрозненне, якое мне тады ўдалося ўлавіць, у рэчах, большых па форме, тата звычайна выкарыстоўваў неашкураныя лазовыя ці вярбовыя пруцікі. Ён мне даводзіў, што там, дзе гэтая рэч у далейшым будзе актыўна выкарыстоўвацца, празмерная прыгажосць не трэба. Значыць, і ашкурваць пруцікі не выпадае, бо гэта адно толькі дарэмна страціць час. Калі гэта будзе сявенька, то яна вельмі хутка запыліцца, загнюсіцца, і адзінае, што гаспадар можа потым зрабіць для яе ачышчэння, гэта старанна выбіць ці вычысціць якой-небудзь шчоткай з сярэдзіны. А не, то стукне аб калена раз-другі і павесіць каробку ці паставіць да наступнай сяўбы. Тое ж самае адбывалася і з іншымі каробкамі, якія знаходзілі свой ужытак у надворнай гаспадарцы. Іх і ў хату гаспадыні ніколі не ўносілі. Такім прыстасаванням, такому посуду заўсёды знаходзілася месца ў гаспадарчых будынках. Адзінае патрабаванне, якое прад’яўлялася да ўсіх саламяных вырабаў, іх ніколі нельга было пакідаць на адкрытым месцы, бо пойдзе дождж, моцна намочыць, салома набрыняе і расплывецца. Тады давядзецца плесці нешта новае, не спадзеючыся аднавіць старое, і слухаць усялякія агаворкі, што «выкінула ў двор, каб каробка праветрылася ды ад гразі прачысцілася, а яна ўся і разлезлася, нібы нехта яе з вялікімі намаганнямі ў розныя бакі цягнуўдраў». Язык, як вядома, касцей не мае, а ў сялянскай гаспадарцы заўсёды выпадае быць абачлівым, памяркоўным і акуратным адначасова.
    Яшчэ памятаю, што калі тата выводзіў сценкі ў вялікіх каробках, то часта недзе, прыкладна, пасярэдзіне з абодвух бакоў уплятаў, для тры-
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    валасці, «каб каробка не пераламвалася напалам і не выйшла з ужытку заўчасна», лазовыя кіёчкі-ўмацаванні. Яны маглі быць невялічкімі і прамымі, а маглі заходзіць пад самае дно і таму мелі форму літары Т". Усё прадумвалася. Часта таксама ўплятаў такія кіёчкі для таго, каб пазней за іх можна было чапляць вяроўкі ці кавалкі грубай палатніны, якія прызначаліся для нашэння такой каробкі на грудзях ці за плячыма. Калі браць і чапляць проста за салому, то гэта азначала, што “па-жывому” рваць адразу ж саламяную сценку, бо ў ёй выпадала рабіць дзіркі. I няхай сабе яны былі не надта вялікія, тым не меней гэта не спрыяла трываласці рэчы. А калі там былі загадзя прадугледжаныя калочкі ды яшчэ з былымі, абрэзанымі галінкамі, то чапляць вяроўкі ці палатніну было надзвычай зручна. Тутдумалася і рабілася ўсё наперад, а не зтакім разлікам, што, ат, потым, калі што-якое, папраўлю. Падплятаць на полі здагадваліся толькі няўхлямныя гаспадары, якія і такзаўсёды “весялілі” вяскоўцаў сваімі выхадкамі і паводзінамі.
    Часта салому перад тым, як ужываць яе пры пляценні, мачылі. Рабілі гэта свядома, бо тады яна набывала пэўную гнуткасць і спрыяла працы майстра. Тата такую салому раскладваў у вялікія ліпавыя ночвы, якія сам жа маме і выдзеўб, а потым заліваў з чыгуна кіпятком. Такая салома не толькі рабілася эластычнай, але таксама набывала медзяны колер. Аказваецца, што часта салому замочвалі не толькі для эластычнасці, але і менавіта для змены колеру. Такі прыём прымянялі, калі выпляталі рэчы на продаж. На кірмашах збіралася шматлюдзей, якія Ma­mi напоўніцу ацаніць майстэрства вяскоўца і набыць нешта, вырабленае ім. Карысталіся попытам такія “медзяныя” вырабы. Іншая справа, што, безумоўна, у першую чаргу глядзелі на кошт. Як бы там не было, але мастацкае аздабленне, нават у самай простай гаспадарчай рэчы, таксама мела станоўчае значэнне. Нехта браў толькі для будзённага выкарыстання, а іншы яшчэ глядзеў на тое, як рэч была зроблена. Хацелася, каб не толькі рукам было зручна, але каб і вачам было міла глядзець на тое, за што вымушаны быў заплаціць грошы, няхай сабе не такія і вялікія. У вяскоўцаў капейка заўсёды была ў цане. Навату наваколлі добра ведалі, хто можа проста сплесці, напрыклад, каробку пад ягады, а хто яшчэ і “адштукаваць” яе: упрыгожыць раўнюткімі шнурочкамі пераплятаючых нітак, вывесці вечка з іншага колеру саломы, часта нават завяршыць справу распалавіненай (“расколатай”) саломкай, каб самы верх вырабу нагадваў сабою адметную ад іншых “штуку". Тады ўжо ішлі ў “справу” і ўсялякія агаворкі іншых гаспадароў, што і салома не роўная, і ў таго майстра палеткі свае добрыя, то ён і выплятае з цудоўнага матэрыялу, а мы, маўляў, пакутуем са звычайнай сало-
    май, таму ў нас і вырабы такія, але для ўласнай гаспадаркі «і такое пойдзе, бо на продаж мы ніколі і нічога не рабілі, тым болей, з саломы».
    Усё роўна, якой бы не была неабходнай, а то і не вельмі часта выкарыстоўваемай рэч, гаспадар стараўся зрабіць яе трывалай, а далей ужо думаў пра прыгажосць. На гэта ўплывала ў значнай ступені і тое, як у чалавека было з вольным часам. Хапала яго, то не спяшаўся і задумваў нешта ўдасканаліць ці ўпрыгожыць, а калі падціскала, то рабіў зацята, як найхутчэй, каб адразу ж выплеценую рэч пусціць у справу. I ў каторы ўжо раз даводзіцца канстатаваць: вясковец вяскоўцу ў гэтай справе ніколі не быў роўны. У некага ж ды многае атрымлівалася лепей, а ў іншых, так і гаварылі, «што з ягонай каробкі і бульба вялікая, не тое, што зерне, павысыпаецца: там і салома неабчышчаная, там і лаза абы-якая і ў любы час нарэзаная; з такой рэчы ні толку, ні доўгага веку ў яе, хоць і жадаў бы, то ўсё роўна не будзе...». Канешне, з такімі вырабамі стараліся не вытырквацца на вочы людзям, бо выдатна разумелі, што «іх падымуць на смех, не дадуць пахваліцца тым, што і яны нечага вартыя...».
    Часта чулася з боку гаспадынь: «Спляці, ды спляці, ты, мне новую каробку. Колькі можна старой карыстацца? Яна ж і дзіравая, і яе ўжо мышы дазвання пашкуматалі... Жанкі смяюцца, што па дарозе дзе-небудзь з яе дно вываліцца... Так і гавораць, ці не страшна мне ў такую каробку чарніцы сыпаць... Угнуся адно, каб не бачылі, што ў мяне слёзы на вачах нагортваюцца... I гэта пры жывым гаспадары... каб жа не ўмеў, а то ж умееш, але не зробіш, бо табе гэтага зараз не хочацца. Трэба яшчэ, каб пад настрой падпала... Ага, ужо гады тры прашуся, каб выручыў, а ты ўсё ці адмоўчваешся, ці адмахваешся... Мне што, па суседскіх мужчынах ісці? Глядзі, каб потым табе шкадаць не давялося... Зараз, у чарговы раз, на чарніцы пара прыйдзе, а з чым я ў лес падамся? 3 гэтай, парванай і дзіравай, болей не пайду... Есці ягады любіш, ласуешся імі не меней за малое дзіця, то хоць бы ў гэтым павагу да жонкі праявіў... Колькі ж можна прасіцца, на прамілы Бог, ды ведаць заранёў, што ўсё роўна не пачуеш маёй просьбы, не возьмешся за справу...».
    Магчыма, што “просьбы” маглі быць і іншага характару: з праклёнамі, са слязьмі, з крыкамі-галашэннямі. Вясковае жыццё яно было ў многім арыгінальнае і непрадказальнае адначасова. Хіба ж забудзешся на тое, як некалі, у мае дзіцячыя гады, школьная прыбіральшчыца скардзілася сярод жанчын: «Жаночкі, а мой жа дурында і новай каробкі не сплёў, і старую разбіў. Падумайце толькі: папрасілася ж добра, а ён раз’юшыўся і такое ўчыніў. Я ж і падумаць нават не магла, што так рас-
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    ходзіцца ды, самае галоўнае, што гэтак хутка завядзецца. He паспела і пары слоў сказаць, а ўжо атрымала напоўніцу». Нехта з жанчын пацікавіўся, ці то проста так, ці то каб падкузьміць: «I як жа гэта ён каробку разбіў? Даўмецца ж трэба. Яе і разламаць не так проста, асабліва калі ўмела сплецена. А тут проста: узяў і разбіў. Гэта ж табе не гліняны гаршчок, які можа ўдрызг разляцецца ад моцнага ўдару. Гэта ж салома...». Тая, што скардзілася і распавяла “чыста ўсю праўду”: «Ды мне па спіне як урэзаў, то яна і раляцелася! Толькі пылоцце ды бруд у паветры то з паўгадзіны віселі! Здавалася, што і свету белага не відно! Сонца і тое не прабівалася! Потым да самага вечара ў вачах ад такой пылоты рэзала, а ў носе, то нібы яго хто самога саломай заткнуў, так ужо было не прадыхнуць!». Жанчыны ажно з рогату пакочваліся ад такога “прызнання”. Тым болей, што яны выдатна ведалі, як жыве «весела ды галасіста» тая прыбіральшчыца са сваім мужам. У іхняй хаце праз дзень "сабачае вяселле" было: з музыкай, з танцамі і песнямі, і з ... бойкамі, адпаведна.
    Даволі доўга тата выштукоўваў (менавіта так, а не іначай!) каробку для збору вішань. Тады ў любой гаспадыні не надта многа было купленага посуду: каструль, вёдраў, балей, ночваў. Усё было саматужнага вырабу: глінянае, драўлянае, саламянае, вядома ж, пастаянна нешта выходзіла са строю. Яго імкнуліся адрамантаваць (падклеіць, падплесці, запаяць), але гэта таксама ненадоўга. Нейкі год-другі пройдзе (а то і зусім пару тыдняў) і ўсё роўна купляць давядзецца. Таму нярэдка можна было пачуць, як разважалі вяскоўкі паміж сабою: «Зразумелая справа, што нічога вечнага ў гэтым свеце не бывае, тым болей нейкай рэчы. Хацелася б, каб яны даўжэй служылі, каб былі больш даўгавечныя. Толькі ж хочацца аднаго, а робіцца зусім іншае. Купіць, то не штука, але ж грошы, якія так цяжка дастаюцца, якія потам ды слязьмі зарабляюцца, крывавымі мазалямі ды болем у целе, назад ніхто не аддасць і не верне. Таму і нашы дзяды-прадзеды ўсё навучыліся самі вырабляць, што з лазы, што з голля, што з лыка, што з саломы, з гліны ды з дрэва. Здаецца, з усяго, што знаходзілася навокал, нашы продкі запроста маглі вырабіць сабе патрэбную рэч. Звычайная салома, а як яна іх заўсёды выручала. Таму і карысталіся самаробнымі рэчамі доўга, ашчаджаючы іх, сочачы, каб тыя заўчасна не парваліся. Толькі ж у жыцці ўсялякае здаралася. Нічога вечнага не было: зношвалася, рвалася, дзіравілася. Таму, так ці іначай, калі не хацелася, шкада было развітвацца з цяжкасцю сабранымі грашыма (капейкамі няшчаснымі!), тады самі зноў і зноў звярталіся да старадаўніх рамёстваў. Атрымлівалася, што выдатна разумелі вясковыя жыхары, як любая справа, любое ра-