Залацістыя саломкі снапкі
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 261с.
Мінск 2021
так, што адкрываеш яе, набіраеш ягад, а потым, калі захочаш, «каб вішні праз верх не рассыпаліся, то шчыльна закрываеш саламяны посуд». Пасля гэтага можна ўжо смела спускацца па драбіне, не баючыся, што нахілішся і тады ягады пасыплюцца на зямлю. Каб такая пасудзіна не вельмі цягнула мяне “да зямлі”, тата прыдумаў да яе і хітрае мацаванне, якое ахоплівала не маё тулава, а мацавалася на плячах і таму мне было значна прасцей упраўляцца з “набірушкай” на драбіне, ці нават стоячы на стале, які таксама часта прыносілі і прыстасоўвалі да своеасаблівай пляцоўкі, якую займалі зборшчыкі ягад.
Калі ўпершыню насыпалі вішнямі поўны вялікі кош, то тата з мамай неслі яго ўдваіх. Яно і зразумела: так і зручней, і намнога лягчэй. Задаволеныя былі гаспадары, тым болей, што праз нейкую ўсяго гадзіну да іх і “купцы” з суседняй Дабраслаўкі прыехалі. Пачалі, якзаўсёды, таргавацца. Вішні былі спелыя, буйныя, ажно адлівалі не чырванню, а нейкім чарнаватым адценнем, што лішні раз сведчыла пра іхнюю сакавітасць і спеласць, набрыняласць салодкім сокам. Тата сказаў, пыхкаючы самасадам: «Многа за вядро браць не будзем, але менш, чым за тры рублі не аддамо. Самі ж разумееце. Паглядзіце, якія ягады». Дабраслаўцы зрабілі выгляд, што ім дарагавата, але тым не меней не маюць часу, каб лазіць па вёсцы і шукаць, хто там яшчэ прадае вішні. Адзін дзядзька крутнуўся і, гігікнуўшы, прамовіў: «Для мяне задорага! Там мужчына прадае па два рублі вядро, то я лепей вазьму ў яго!». Сказаў, так і папёр з нашага двара. Астатнія спакойна перасыпалі вішні ў свае вёдры і працягвалі здзіўляцца, што, здавалася б, карзіна і не надта вялікая, а ўлезла ў яе ажно чатыры вядры, якія яны ўзялі ды яшчэ і з вядро засталося. Гаспадар прапанаваў забраць і рэшту, бо вішань у нас на продаж болей не заставалася. Толькі для сябе пакінулі пару дрэўцаў неабабранымі.
Дабраслаўцы б забралі і рэшту, але тут прагучаў голас: «А гэта ўжо маё, чалавечку!». Разам з голасам у двор уваліўся той вясковец, які пабег купіць таннейшых ягад. Бацька спакойна прамовіў: «Я гэтую рэшту прадаю ўжо за пяць рублёў. Людзі не бегалі, не соўгаліся, мы з імі спакойна дагаманіліся, а з табою, то нічога добрага не атрымалася». Дабраслаўцы, угнуўшы галовы, стаялі і чакалі развязкі. Прыйшоўшы чмыхнуў сярдзіта і прымірыцельна сказаў: «А за чатыры?». Бацька не паддаваўся: «За чатыры ў мяне і гэтыя людзі забяруць. He хочаш, то бегай далей, а я цану скідваць не стану». Забраў дзядзька апошнія вішні за пяць рублёў і падаліся дабраслаўцы да свайго воза. Адчувалася, што вясёлая ў іх будзе зваротная дарога, што “дапякуць” яны свайго аднавяскоўца “ўменнем таргавацца".
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
Неяк незаўважна саламяныя рэчы ўваходзілі ў мой ужытак. Мабыць таму, што ўсе карысталіся такімі прыстасаваннямі і нешта пра іх патлумачвалі, калі ўжо звярталіся з канкрэтным пытаннем. А так атрымлівалася: ёсць рэч, то і ёсць, а з чаго яна, то і галаву сабе не забівалі. Іншая справа, калі нехта з вяскоўцаў выштукоўваў ужо такі саламяны ўзор, што і вачэй ад яго нельга было адарваць, тады зусім іншы паварот у разважаннях і ацэнках гэтага прадмета. Яно і зразумела, да звычайнага, будзённага, можна сказаць, што і да груба-неахайнага, прывыкалі хутка. Маўляў, усё роўна саламяны выраб доўга не праслужыць, дык чаго ўжо над ім залішне завіхацца, распадзецца неўзабаве, згніе і ўсё закончыцца ягоны саламяны “век”. Праўда, такія адносіны да гаспадарчых прадметаў былі характэрны далёка не ўсім вяскоўцам, часта сярод іх сустракаліся і тыя, хто імкнуўся ўсё рабіць трывала, надзейна і, разам з тым, прыгожа, неяк самабытна, адрозна ад многіх. Да такіх людзей таксама прызвычайваліся. Спачатку нібыта дзівіліся: траціць дарма свой вольны час на абы-якія "прыдумасы”, калі можна смела пайсці і прасцейшым шляхам. Потым пераставалі асуджальна хістаць галовамі, бо такія суседзі не адмаўляліся ад сваіх задум і ўзялі такія паводзіны сабе за жыццёвае правіла. Так яно і павялося, так яно і засталося.
He ведаю, калі тата ўпершыню сплёў саламяны гарлачык. Ці то яму нехта падказаў, ці то мама, як звычайна, настойліва прасіла-пераконвала, каб «прыдумаў што-небудзь для любой справы, каб не цягаць за сабою цяжкі эмаліраваны посуд ці даволі нязручны і крохкі гліняны». Магчыма, што гаспадар проста рабіў усё па аналогіі: бачыў гліняны гаршчок, гладыш, макітру, а вырабляў яе з саломы. Галоўнае для яго было: ухапіць форму і памер, а астатняе ўжо падганялася па ходу працы. Увогуле, саламяных гарлачыкаў мне ўвогуле мала даводзілася бачыць у сваім жыцці. Калі ж першы раз, у раннім дзяцінстве, такі выраб трымаў ва ўласных руках, то нават і ацаніць яго па-сапраўднаму яшчэ не мог, не хапала тады ў мяне практычнага (гаспадарчага) вопыту.
А на самой справе надзвычай удала ўтаты атрымлівалася выплятаць саламяныя гарлачыкі. Шкада толькі, што да нашых дзён не засталося ў маёй этнаграфічнай калекцыі ніводнага з іх. Але яны заўсёды карысталіся вялікім штодзённым выкарыстаннем-попытам, без іх не абыходзіўся амаль ніводны вясковы дзень. У нечым ды гэтыя рэчы былі патрэбныя. Тут нават у самай асцярожнай гаспадыні гарлачыкі рваліся (разбіваліся, калі былі гліняныя) даволі хутка. He раз даводзілася чуць, як мама, скрушліва ўздыхнуўшы, даводзіла тату: «Гэты гарлачык, а я да яго так ужо прызвычаілася, нейкія два гады адно
і праслужыў, а ўжо дно выпадае (значыцца, ён ужо і тады іх выплятаў, а я ці не памятаю, ці не бачыў, як гаспадар гэта рабіў)... Такі зручны, да любой амаль што справы прыдатны, і на табе... Можа паглядзі ды неяк падпляцеш... Шкада ж выкідваць... Бакавінкі яшчэ цэлыя, моцныя, надзейныя; здаецца, што на іх і салома колер не змяніла ад старасці... Адно, што дно пасыпалася... Нібы нейкія малюсенькія мышы яго спецыяльна пагрызлі-патачылі... Ведаю, твае рукі ўсё могуць парапаваць... Я прынясу, а ты паглядзі, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там здарылася...».
Аднойчы яны нават ледзьве моцна не пасварыліся. Мама прынесла ў хату гарлачык, каб тата ацаніў ягоную разрушальнасць. Гаспадар узяў у рукі, агледзеў з усіх бакоў, калупнуў пальцам донца і спакойна прамовіў: «Што ж ты, жонка, дабіваешся? Ён сваё адслужыў. Атрымліваецца, што ўсё ў жыцці мае свой век. Нават салома і саламяныя рэчы. Нічога не папішаш. Прайшоў ягоны час. Шкадуй не шкадуй, а гэтым шкадаваннем нічога не зменіш». 3 гэтымі словамі спакойна ўкінуў гарлач у палаючую печ. Божачка! Што тут пачалося! Матуля ледзьве не з кулакамі кінулася да мужа: «Навошта ты яго ў агонь укінуў?! Я б яго для чаго іншага прыстасавала! Мала ці што ў нашай гаспадарцы ўсялякай драбязы, якую можна было б і ў напаўпадраны гарлачык складваць? За адну хвіліну такую рэч спапяліў! Думаць трэба, што робіш!». Тата павёў сябе на дзіва спакойна, нават неяк лянотна пацягнуўся і бомкнуў: «Не бойся, адбярэм з сынам саломкі, выпарым яе ў печы і зраблю табе новы гарлачык. Калі не будзеш сварыцца, то і некалькі адразу. Знайшла з-за чаго сварыцца. Ды так хутка завялася, не тое, што мой трактарны матор».
Праўда, матуля і тут паказала свой характар: катэгарычна зазначыла: «Ты толькі гаворыш хутка і паліш, не задумваючыся і не параіўшыся. А новае рабіць станеш праз год, a то і праз паўтара. Ведаю я цябе. Ці ж першы раз такое здараецца ў нашым жыцці. Колькі разоў ты мяне падводзіў. Усё абяцаў, а мне даводзілася кожны дзень напамінаць, упрошваць, каб паслухаўся, ды выручыў. Іншыя мужчыны, то сказалі і тут жа зрабілі, а ты ў мяне не такі. У цябе папапросішся, пакуль дойдзе да тваёй галавы. Ужо колькі гадоў з табою разам жывём, а да твайго такога нораву прыстасавацца не магу. У каго ты такую рысу перахапіў?».
Якраз-такі ў гэтым выпадку ўсё атрымалася даволі хутка, бо тата, прыхапіўшы мяне з сабою, пайшоў у гумно, дзе ў прыстаронку ў яго была акуратна складзена салома, а па кутах стаяла рознае гаспадарчае прычындалле. Гаспадар часта называў яго “сезонным”. Маўляў, лета ці вясну адпрацавала і зноў да будучага сезона трэба схаваць, каб
ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
потым не рыцца і не шукаць па розных месцах. А так заўсёды ўсё і навідавоку, і пад рукамі. Папярэдзіў, што выбіраць будзем салому мякенькую, доўгую, не пабітую. Паказаў, у якім месцы ляжыць салома з нашага палетка, якую яны з дзедам Уладакам малацілі ўручную. Неўзабаве ў нас было пару вялізных снапоў саломы. Тата, пасмейваючыся, пацвярджаў, што набярэм паболей, каб можна было выплесці некалькі гарлачыкаў. Атрымліваецца, што паабяцаў, дык выпадае і слова трымаць, a то зноў “атрымаем на арэхі”. Прынеслі ў хату і ледзьве не завалілі ўсю маленькую хацінку. Мама, праўда, нічога на гэта не сказала. Моўчкі прынесла ночвы і пачалі парадкавацьз гаспадаром салому ў іх. Тата, каб паболей улезла, зверху прыкладваў яшчэ гусенічныя металічныя прэнты, залілі вадою салому і паставілі ў печ. Так трэба было паўтарыць некалькі разоў запар. Праз пару гадзін тата дастаў ночвы і мне давялося ўсклікнуць ад здзіўлення: салома была не жоўта-сонечная, а васкова-карычневатая. Калі яе выкладвалі, то яна не шалясцела, як звычайна, а неяк пакорліва клалася і клалася саломінка да саломінкі. Тата папярэдзіў, што такую салому добра пускаць у справу амаль што адразу, даўшы ёй крыху сцекчыся, каб пазбавіцца ад празмернай вільгаці.
Такую салому і чысціць было намнога прасцей, бо яна страціла сваю “калючасць" і можна было смела сашморгваць верхні слой. 3 гаспадаром заселі за шчырую працу. Я ўжо ведаў, як падбіраць саломку па даўжыні, па колькі сцяблінак складваць у пучкі. Таму цярпліва чакаў, калі тата скажа падаць новую «порцыю». Пачаў гаспадар, як вадзілася, з донца. Нават нічога не маляваў, а рабіў ужо “на вока”. Ведаў, што да чаго, таму ні ў чым і не сумняваўся. Нават не паспеў расказаць мне, як звычайна, чарговую гісторыю, а ўжо задаволена пакручваў перад сваімі вачыма донца, якое пры цьмяным восеньскім святле ўсё роўна адсвечвала васковым колерам. Мне карцела даведацца: адкуль у яго ўменне выплятаць гарлачыкі? Па-нашаму іх называлі традыцыйна “збанкі”. Тата, не спяшаючыся, закурыў, а потым ужо, пачынаючы выводзіць акружнасць, пачаў гаварыць. Аказалася, што яго вучылі не родныя бацькі ці дзед. Першы з іх памёр, калі тату было ўсяго тры гады, а другі не ўмеў увогуле плесці з саломы нават самыя грубыя рэчы і прадметы. Пашанцавала яму на шчаслівыя сустрэчы з рукастымі вяскоўцамі, з якімі даводзілася ў самым раннім дзяцінстве пасвіць кароў і авечак. 3 адным такім, старэнькім дзедам, тата тады вельмі пасябраваў. Стары жыў адзін, нікога ў яго з родных не было, то апекаваўся маім татам, які таксама гадаваўся сіратою. Той дзядулька ўмеў амаль усё на белым свеце зрабіць сваімі рукамі. Працяглы час яны знаходзіліся