• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    разам, то там вопытны ды спрактыкаваны чалавек і вучыў дапытлівага хлапчука ўсяму таму, што ўмеў сам. I за матэрыяламі далёка бегаць не даводзілася, яны заўсёды былі побач, пад рукою: лаза-вербалоз, елка ці сасна, бяроза ці дуб, ліпа ці крушына, a то салома, чарот, сытнёг. Адно не лянуйся. 3 тых часін тата і лапці мог сплесці на розныя лады з заплюшчанымі вачыма, і плаў на сеткі, і рознае хатняе прычындалле. Нешта перахапляў адразу, а нешта даводзілася перапытваць, дадаткова ўглядацца, слухаць усемагчымыя тлумачэнні, каб потым не абмішурыцца, бо далёка не ўсе з вяскоўцаў адносіліся спагадліва і ласкава нават да сіраты.
    Першы гарлачык стары сплёў тату з сырой яшчэ саломы, папрасіўшы сноп саломы ў вяскоўца, які ў нечым быў яму вінен. Прычына знайшлася даволі сур’ёзная. Пасвілі яны тады кароў у лесе і, выбіўшыся на вялікую паляну, дзед заўважыў, што там процьма салодкіх і саспелых ужо дазвання суніц. Спачатку проста так ласаваліся, а потым дзед і прыдумаў, што спляце гарлачык, а малы пастушок назбірае сабе ягад дамоў. Посуду ж тады, як сёння, шклянога ці пластмасавага, не было ўвогуле і даводзілася выкручвацца ўсім падручным. Добра, што той хутаранец выручыў, не адмовіў у саломе і даў невялікі снапок. Усім тады адразу знайшлася праца: каровы, наеўшыся, ляжалі, дзед выплятаў гарлачык, а малы памочнік уважліва сачыў за тым, як гэта робіцца, ды паспяваў яшчэ задаваць шматлікія пытанні. Усяго за нейкую гадзінку спрактыкаваныя рукі старога сплялі пасудзінку. Няхай сабе яна была і не надта падагнаная, і калолася, бо салому не сашморгвалі, і не вельмі трывалая на выгляд. Толькі тут было галоўнае іншае: цяпер суніцы смела можна было збіраць у гарлачык, не баючыся, што як у шапцы ці ў прыполе яны проста пачавяцца і дамоў іх тады не данясеш, бо гэта атрымаецца нейкае месіва. А так пастушок ганарліва крочыў за каровамі дамоў, прыціскаючы да грудзей гарлачык са спелымі суніцамі. Шчодрае на ягады тады было лета. He адзін і не два разы насіў ягады малы дамоў, радуючы матулю і маленькую сваю сястрычку.
    Тата гаварыў, што з першага разу зразумеў, што да чаго, але ўсё роўна абавязкова трэба займацца любой справай пастаянна, з невялікімі ўсяго перапынкамі, каб навыкі яе не забываліся, а трывала сядзелі ў галаве і “трымаліся ў руках". Потым ужо, калі прыйшоў з войску, ажаніўся і адчуў цягу да ўсяго саматужнага, пачынаў нешта ўдасканальваць, узмацняць, перайначваць у саламяным промысле. Рабілася ўсё няспешна, удумліва, з параўнаннем ранейшых (і сваіх, і чужых) вырабаў. Тады ж зразумеў, як правільна змяняць саламяны колер, як зрабіць саламяны “век” даўжэйшым і многае іншае. Гэта толькі на першы
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    погляд тут усё так проста і някідка, а калі пачнеш паглыбляцца ў справу, то гэтулькі ўсялякіх перашкод ды складанасцей, што адразу ж за галаву ўхопішся. Неяк падумаў і вырашыў замяніць лазовыя ці вярбовыя голькі-дубчыкі, якімі мацавалася салома, на шпагатавыя ніткі, што давала дадатковую надзейнасць і трываласць простай, здавалася б, рэчы.
    Ягоныя гарлачыкі разыходзіліся, найперш, сярод родных і знаёмых, якім тата дарыў свае вырабы. У вёсцы заўсёды так вялося, што ты нешта падаруеш чалавеку, а ён аддзячыць потым нечым іншым. Спрадвечная традыцыя, якая прадугледжвала павагу адзін да аднаго, навучыла цаніць любую працу, любы занятак ці промысел, ва ўсім гэтым бачыць практычную і гаспадарчую запатрабаванасць. I ў той раз тата сплёў не адзін гарлачык, а недзе каля пяці штук. I ўсе яны былі “рознакаліберныя” (ягонае трапнае вызначэнне), бо ўбіралі ў сябе ад літра і недзе ажно да шасці ці сямі. Мама, радасная і вясёлая, не ведала, як ёй быць. Свяцілася ад задавальнення, нібы малое дзіця, і ўсё прыдумвала: у які гарлачык і што яна стане збіраць. Выставіла свой навюткі саламяны посуд на вялікую паліцу ў сенцах, абачліва преравярнуўшы яго пры гэтым уверх дном. Ведала гаспадыня, што рабіла: у такім становішчы гарлачы з сярэдзіны не будуць пыліцца, не стануць усялякія павучкі плесці ў іх свае цянёты. Цяпер ёй можна было быць спакойнай у гэтым плане і не адварочвацца ад суседак, якія таксама любілі пахваліцца сваімі новымі прыладамі і рэчамі. Праўда, усё дзівілася, маўляў, а што ж я буду збіраць у самы вялікі гарлач? Гэта ж такі посуд, які і за паўдня цяжка будзе напоўніць наватсамай увішнай гаспадыні.
    Неяк прыйшоўшы позна з працы, замёрзлы і прамоклы на восеньскім студзёным дажджы, тата, лежачы са мною на гарачай чарэні і ўглядваючыся ды ўслухоўваючыся ў тое, як пры даволі цьмяным святле керасінавай лямпы мне прыходзіцца чытаць (“бэкаць"), каб пагаварыць са мною ды распытаць, як там ідуць мае школьныя справы, сказаў: «Ведаеш што, сыночак, а ў нас жа засталася яшчэ тая распараная салома... Многа мы тады яе напарылі, то каб не давялося яе выкідваць, я выплету табе таксама гарлачык... Памятаеш, тады распавядаў, як мне такую штуку зрабіў мой стары хаўруснік дзед, з якім мы каровы пасвілі некалі... Тая паляна, дзе мы тады збіралі суніцы, не зарасла... Нядаўна там быў, бо ездзіў па дровы аднаму вяскоўцу... Сунічніку там мора... А раз так, то і ягад, адпаведна, кожнае лета бывае многа... Пакажу табе тую паляну і будзеш ты туды за суніцамі гойсаць... Пахучыя і непаўторныя яны на смак... Назбіраеш поўны гарлачык і дамоў прынясеш... Усіх нас пачастуеш: і мяне, і маму, і малодшага твайго браціка... Мы толькі тую салому над чыгуном з кіпятком патрываем і яе
    можна смела пускаць у справу... Болей запарваць яе не варта... Абавязкова зраблю, не сумнявайся...».
    Стрымаў тата сваё слова: сплёў мне гарлачык. Цудоўны ўзор саламянага паходжання. Неяк асабліва ўрачыста ўручыў мне яго, прамовіўшы пры гэтым: «На, сыночак, ведаю, што ты яго не раз і не два менавіта суніцамі ляснымі напоўніш... Захоўвай яго, аберагай, то не глядзі, што салома, а і яна ўсё роўна доўга служыць... Памяць табе будзе...». Гаварыў так, нібыта прадчуваў, што не надта доўгі зямны шлях яму быў адведзены ў ягоным жыцці. А я, і сапраўды, дзясяткі разоў прыносіў дамоў суніцы менавіта ў тым гарлачыку. Іншая справа, што калі ягад было вельмі многа і была ахвота назбіраць іх болей, то высыпаў першы гарлачык у саламяную каробку (таксама спецыяльна для мяне сплеценую, і ўлазіла ў яе, як зараз памятаю, дзевяць літраў), а збіраць працягваў зноў у гарлачык, імкнучыся напоўніць яго і ў чарговы раз.
    А хіба можна забыць той непаўторны лясны пах і адметны смак суніц, асабліва, калі мама насыпала іх у вялікую місу і залівала смятанай? Я старанна аберагаў свой гарлачык, ашчаджаў яго, але ўсё роўна ён у мяне знік (дакладней, прапаў). Здарылася гэта тады, калі я служыў у войску і ажно паўтара гады не быў дома. Усім “запраўляў” тады мой малодшы брат, якому не так балела за старыя гаспадарчыя прадметы і рэчы, ён іх трушчыў, ламаў і, вызначыўшы, што болей яны ўжо не прыдатныя ў далейшым ужытку, спальваў ці проста выкідваў. Так ён паступіў і з маім саламяным “сябрам” гарлачыкам.
    Даводзілася слухаць татаву з дзедам размову адносна саламянага “брыля" капелюша. Таку нас іх называлі адвеку. Толькі вось плялі на ўсю вёску адзін ці два чалавекі. Болей таго, каб бясплатна не тыражаваць свае вырабы, яны пагаджаліся рабіць “брылі” толькі за грошы. He тое, што землякі былі надзвычай сквапныя. He, у іх проста амаль ніколі не было грошай. Нават самай мізэрнай сумы і той не ставала. Нашы мужчыны, седзячы вечарам за сталом, перакусваючы і выпіваючы, завялі нечакана гаворку пра гэтыя капелюшы. Пачаў дзед, які Вялікую Айчынную вайну закончыў баямі з японцамі і, адпаведна, там бачыў, што мясцовыя жыхары насілі на галовах вялізныя галаўныя ўборы, якія закрывалі не толькі іхнія галовы, але і плечы таксама. Дзед сцвярджаў, што самая вялікая спёка ў такім галаўным уборы пераносіцца вельмі лёгка. Тата дадаў, што і ён у Азербайджане назіраў за тым, як мужчыны хаваліся ў полі ці па садах, працуючы пад такімі “брылямі”. Таму запэўніў свайго цесця, што неўзабаве і той будзе мець такі капялюш, толькі трэба прыходзіць і дапамагаць, бо працы стане многа: салому давядзецца не проста зачышчаць, але яшчэ і расколваць уздоўж, каб
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    лягчэй было вырабіць сапраўдную рэч, якая будзе падобна на фабрычную, але атрымаецца намнога мацнейшай і фасонісцей за апошнюю. Дамова была імі добра запіта і прыкушана і прыходзілася толькі чакаць пачатку справы.
    Плялі першы (пробны) “брыль” зімовымі вечарамі, даўжэзнымі, як п’яная песня. Праўда, толькі ў буднія дні, бо ў суботу і нядзелю дзед быў пастаянна заняты на паляванні. Гэтую прыхільнасць у сваім жыцці ён ніколі і ні на што не прамяняў. Самае складанае ва ўсёй справе заключалася, як аказалася, у расколванні саломы. Яшчэ з таўсцейшага канца сцябла то ўсё ішло нармальна, а вось недзе, пачынаючы з сярэдзіны, салома не вытрымлівала і проста рвалася. Вынаходлівы тата і тут хутка знайшоў выйсце: салому выпадае калоць да таго месца, дзе яна звужаецца, а гэты кавалак адразаць, бо іначай і за год не нарыхтуем сабе падыходзячага матэрыялу. Так справа пайшла значна хутчэй, спарней і, самае галоўнае, што цяпер салома вытрымлівала і не рвалася. Мне карцела іншае: пабачыць, як тата стане плесці “брыль”. Астатнія ягоныя вырабы я бачыў, нават крыху пасабляў, дапамагаючы тым, што ці падаваў нешта, ці падтрымліваў. А тут жа зусім новы выраб будзе: нечуваны і нябачаны мною раней. Бацька пацвельваўся, яго падтрымліваў дзед, тады мне нічога не засталося, як прыгразіць, што про-
    Юнак у саламяным капелюшы
    ста пайду спаць і няхай яны са сваім “брылём” сядзяць самі. За мяне адразу ж уступілася матуля і прыкрыкнула на старэйшых, каб не дражнілі малога. Тыя ўжо пагадзіліся з такім паваротам справы і паабяцалі, што "брыль” будуць мераць на маёй галаве і калі я пайду спаць, то ўся справа адразу ж стане.
    He памятаю ўжо, з чаго тата пачаў плесці, але здаецца, што з самага верху, каб потым паступова апускацца да нізу, пры гэтым пашыраючы да пэўнай ступені ўсю акругласць капелюша. Аказалася, што і тут узнікла чарговая перашкода: расколатая салома добра клалася радочак за радочкам, але калі майстра пачынаў яе “сшываць”, то яна адразу ж прагіналася і на месцах прагінаў утвараліся прыкметныя дзірачкі. Дзед не бачыў у гэтым ніякага хіба, наадварот, яму падабалася, што будзе мноства такіх дзірачак і праз іх свабодна стане гуляць паветра. Значыцца, галава ніколі не спацее. Але тата рашуча не пагадзіўся з такім паваротам і адрэзаў, што ніколі не быў прыхільнікам усемагчымых хібаў і недаробкаў калі рабіць, то рабіць сумленна і акуратна, а не абы з рук. Стары на гэтакія словы “закапыліў” губу. Гаспадар заціх, а затым усклікнуў: «А я вазьму і памяняю манеру пляцення. Стану плесці так, як рабіў зімовыя маты на вокны і дзверы: пераймаючы радок з радком, то гэтыя дзірачкі, безумоўна, адразу ж і пазакрываюцца. Атрымаецца так, што адзін радок будзе страхаваць другі. Вось і ўсё, а мы тут галовы ламалі. Аказваецца, усё можа выйсці і талкова, і надзейна. Ды і мяняць нічога асабліва не давядзецца».