• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    матэрыялу, а большую палову пруцікаў не ачышчаў, а толькі парасколваў, пазавострыў кончыкі і задаволена працягнуў: «За вечар управіўся, а думаў, што і за некалькі не паспею... Але гэта так хутка справа пайшла, бо ты, сынок, дапамагаў... Удваіх, хочаш ты таго ці не хочаш, а любая справа намнога спарней атрымліваецца... Вось што значыцца кампанія... Ды яшчэ мужчынская... Ты дапамагай, слухай і назірай-вучыся. Каб потым, калі спатрэбіцца, змог і сваіх дзяцей навучыць карыстацца гэтым саламяным рамяством...».
    Саламяная каробка
    Другім вечарам ён прывалок у нашу хацінку некалькі вялізных снапоў саломы. Здавалася, што ўся прастора ў будыніне была завалена пахкай жытняй саломай. He ўяўлялася нават, як гэта такую колькасць можна будзе ўладкаваць, прывесці да належнага выгляду. Гаспадар адно задаволена касавурыўся і ўсё старанна акідваў вачыма: «Нічога, што многа, затое будзе з чаго выбіраць. Калі пачнем раскладваць ды абразаць, падчышчаць, то каб і мала не аказалася, тут жа многае не задаволіць мае патрэбы. Салома не ўся пойдзе ў справу, яна толькі на першы погляд быццам бы роўная і гладкая, а станем падганяць, то і здзівішся таму, колькі адкінуў. Зараз пабачыш, як мы яе ладкаваць будзем. На першы погляд толькі падаецца, што ўся салома аднолькавая і яе можна выкарыстоўваць, але гэта памылковая думка. Яшчэ немалаважнае значэнне мае і тое, які выраб плануеш вырабляць. Калі
    гэта рэч такая, якую на людзі пастаянна паказваць станеш, то тут трэба добра напнуцца, пастарацца, каб потым іншыя адно языкамі цокалі ад зайздрасці ды не маглі ўпікнуць, што і салома не залацістая, а шэрая, што і не роўненькія шоўчыкі атрымаліся лазовыя, што і каласы неахайна былі абрэзаны і гэтакія разбэрсаныя пасмачкі звісаюць. Людзі ўсё заўважаць. Асабліва тыя, якія самі выдатныя ўмельцы. Іншаму то і так, і так добра, але гэтакі паварот справы, сынок, не для мяне. У мяне сваё бачанне і выкананне ўсяго таго, што даводзіцца рабіць. Калі ўжо абыяк плесці, то навошта тады ўвогуле рукі таміць? Тады ўжо лепей з неачышчанай саломы зляпіць дый годзе. Ды ў такім выпадку ніхто пра цябе добрага слова не прамовіць, не выкажа свайго захаплення тым, што атрымалася...».
    Татаў падарунак
    Мне карцела як мага хутчэй убачыць, як тата стане выплятаць каробачку, якую ён паабяцаў зрабіць менавіта для мяне. Самае галоўнае, што яна засталася цэлай нават да сённяшнага часу і ўсюды суправаджае мяне летам, калі выпадае збіраць каляндру, сушоны кроп, іншае дробнае насеннейка. А бацька нібы і не заўважаў маёй нецярплівасці.
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    Толькі тлумачыў і тлумачыў, паказваў, як правільна падбіраць салому ў пучкі ("ладненькія і не тоўсценькія, усяго па пяць-шэсць саломінак, бо калі будуць таўсцейшыя, то нязручна стане выплятаць сценкі ці адоначак” (дно)), як раўняць салому па даўжыні, а потым абразаць пустыя каласы, каб ужо заняцца непасрэдна саломай. I абразаць трэба было так, каб саломіны станавіліся роўнымі па даўжыні, каб не тырчэлі хвосцікамі ва ўсе бакі, як мышы з-пад печы. Тады тату давядзецца выконваць двайную працу: браць і ўсё выраўноўваць самому, не спадзеючыся на маю дапамогу.
    Аказваецца, што яшчэ і паасобна кожную саломінку неабходна было вылушчыць з верхняга слоя, каб яна заблішчэла, стала адліваць сонечным святлом. Тата паказаў, як гэта робіцца. Здавалася б, нічога хітрага ў гэтым няма: ён заціскаў саломіну намёртва ў адной руцэ, а другой браў і сашморгваў верхні слой. Але мяне адразу папярэдзіў, каб я так не ўздумаў сашморгваць, бо адразу ж парэжу свае рукі. Мне, за лепшае, трэба было знаходзіць, як ухапіцца за тоненькую шкурку і потым пацягнуць за яе. Пацягнеш хутка і рэзка, то яна адразу ж і адарвецца, ад самага кораня да вершалінкі. Калі ж пачнеш корпацца, рабіць не так, як табе паказалі, то праца значна замарудзіцца. Аказалася, што і ў самай простай справе неабходны практычныя навыкі і ўменне.
    Адвярнуўшыся і сцішыўшыся, каб тата не заўважыў, я ўсё ж паспрабаваў таксама хвацка шмаргануць саломіну ў руцэ. Зрабіў так і адразу пачуў, як моцна запякло далонь. Адскочыў падалей і зірнуў на свае пальцы: яны былі ў крыві. Вядома ж, зароў ад страху. Думаў, што тата пашкадуе, але ў адказ пачуў: «Я ж цябе прасіў, папярэджваў, а ты ўсё роўна не паслухаўся. Вось і маеш. Даць бы табе па азадку, але ты і так трасешся. Хадзі да мяне і слухайся ва ўсім, a то зноў што-небудзь прыдумаеш. Супакойся, зараз кроўка твая спыніцца, прысохне і ўсё будзе нармальна. Трэба ж было табе, гарэза, паспрабаваць. На мяне глядзіш, за гэта малайчына, але ж у мяне рукі загрубелыя, на іх цвікі выпрамляць можна, не тое, што салому сашморгваць. Папрацуеш з маё, тады ў гэтым усім і пераканаешся».
    Выгаварыўся тата, пагладзіў мяне па галаве і зноў усеўся на свой невялічкі зэдлік, які верай і праўдай служыў яму падчас выканання нейкіх хатніх работ. Узяў сашморгнутыя, ачышчаныя саломінкі, было іх роўна пяць, яшчэ раз уважліва аглядзеў, нешта падправіў, выраўнаваў і ўздыхнуў: «Ну што ж, пачнем...». Перагнуў той жгуцік і пачаў сплятаць яго лазовым пруцікам. Мяне ўразіла іншае, што даўжыня перагнутай саломкі была ўсяго сантыметраў пяць, не болей. Заўважыўшы маю няўцямнасць, гаспадар патлумачыў: «Гэта ж пачатак дна, а потым я стану
    яго павялічваць, аплятаючы коламі саломы. Дно будзе вось такім», і тыркнуў пальцам у лісток паперкі, на якім нешта было распісана. Аказваецца, ён любую рэч не толькі ў галаве трымаў, але, перад пачаткам працы, яшчэ і на паперы нешта выпісваў, пазначаў, акрэсліваў. Як цяпер, то разумею, нават вопытны чалавек недзе можа памыліцца, абавязкова прапусціць нейкую дробязь, а калі апамятаецца ці, што ўжо значна горш, заўважыць хіб, то тады яму давядзецца ці выкінуць амаль гатовую рэч, ці ўсё перарабіць з самага пачатку. Таму і пасміхваўся тата, ды на ўсе пытанні адносна свайго “малявання" патлумачваў: «Вы сабе, як хочаце, то так і рабіце, а я ўзяў ужо сабе за завядзёнку, што пазначаю на паперцы ўсе асноўныя памеры і этапы, каб не зблытаць незнарок. Яно то і так у галаве сядзіць, але на паперку зірнеш і табе спакайней становіцца. Вучыся, сынок, запамінай усё, як робіцца, то неўзабаве і ты што-небудзь спляцеш. Цябе то я вучу, а мяне ж ніхто не накіроўваў у такіх справах».
    Як цяпер, у сталыя свае гады, то я не перастаю здзіўляцца са свайго таты: ён жа працаваў калгасным механізатарам і ў любое надвор’е, у любы дзень знаходзіўся то на сваім трактары, то на камбайне. Пры гэтым быў на “свежым паветры”, адкрыты і маразам, і завеям, і віхурам-вятрам, і залевам. Ніякіх кабін, нават самых простых, для засцярогі людзей ад праяў надвор’я не папрыдумвалі. Здаралася так, што тата ледзьве ўвальваўся ў хаціну, зусім адубелы ад марозу ці навылёт мокры. Ад стомы і холаду не мог самастойна распрануцца, дапамагалі яму ў гэтым усёй сям’ёю. Перакусіўшы, адразу лез на печ, на гарачую чарэнь. Часам матуля яму і есці туды падавала. Здавалася, што гаспадар ужо не зможа нічога рабіць, але гэта толькі так думалася, бо праз якую гадзіну тата ўжо сядзеў ля печы, курыў-дыміў сваёй самакруткай, што-небудзь рабіў і распавядаў мне сваю чарговую гісторыю. Адкуль толькі браліся сілы і жаданне ў чалавека, каб не паддавацца цяжкім выпрабаванням і рабіць сваё, задуманае. На гэта, мабыць, трэба было не толькі жаданне, але і непахісная сіла волі, гаспадарчага духу, які ніколі не даваў яму расслабіцца.
    Так было і з маёй каробачкай: тата паабяцаў і стрымаў сваё слова. Донца на вачах пачынала павялічвацца і ўжо станавілася зразумелым, што зараз будзе. Я прыціскаўся да гаспадара і з радасцю чакаў таго моманту, калі ён пачне выводзіць сценкі. Гэта заўсёды найбольш хвалюючая і адказная хвілінка. Гаспадар закурыў, перамяшаў вуголле ў грубцы. Паказаў свой выраб маме і паціху пасунуўся на зэдлік да стала з паперай. Я трымаў у руках туга сплеценае донца і ўжо ўяўляў, што ў хуткім часе буду гуляцца са сваёй каробачкай. Праўда, тады нават
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    і не здагадваўся, якая ж яна будзе на выгляд. Думаў, што такая, як і іншыя, вялікая. Іх я ўжо бачыў у нашай хаціне, у гаспадарцы і мог спакойна адносіцца да такіх прадметаў хатняга ўжытку. А тата задумаў сваё. На самой справе атрымалася так, што каробачку гаспадар завяршыў на трэці дзень. Але работу скончыў зусім незвычайна: узяў і для такой маленечкай пасудзінкі сплёў яшчэ і хвацкую накрывачку. Калі паказаў завершаную работу, то мама і дзед, які, як звычайна, бавіў у нас чарговы вечар, былі ў захапленні. Пра сябе то я нічога і гаварыць не буду, бо я нават спаў з каробачкай недзе ажно дзён з дзесяць, пакуль паспеў да яе прызвычаіцца і яна ўжо стала для мяне нечым будзённым. Але ж гэта потым, недзе ажно праз паўгода, a то і праз год. Спачаткуўсё пайшло па-іншаму і радасці маёй не было канца. Я нават каробачку на вуліцу не выносіў, каб пахваліцца перад суседскімі дзецьмі, бо баяўся, што асабліва старэйшыя, таму яшчэ і больш распушчаныя, што-небудзь з ёю зробяць: папсуюць, замажуць, насыплюць якога пяску ці якой іншай трасцы. Гэта была мая, уласная, каробачка і мая радасць.
    Калі ў першы раз мама ўзяла мяне ў лес па чарніцы, то я ўгаварыў яе, каб навязала і мне такую ж ношку, як і сабе, каб абавязкова паклала туды маю каробачку, у якую я стану збіраць ягады. Матуля адно ўсміхнулася і ласкава прамовіла: «Малавата ты, сыночак, хочаш мне дапамагчы... Ты ж у мяне ўжо вялікі... Трэба, каб ты штук пяць такіх каробачак назбіраў... Вось тады гэта будзе сапраўдная дапамога... Тады мне суседкі зайздросціць стануць... A то ўсяго адну... У яе недзе ўсяго літр ягад і ўлезе. He болей таго... У лесе старацца таксама трэба... Проста так прагуляцца, то занадта непрыгожа будзе для такога вялікага хлопчыка... Калі назбіраеш поўную сваю каробачку, то мы з яе ягады перасыплем у вялікую і пачнеш па-новаму... Ягад у гэтым годзе ў лесе многа... Зімою ўсё гэта спатрэбіцца... Любая ягада, у любым выглядзе, яна ж вылячальная... Насушым чарніц... Паеду ў Пінск, то прадам там і табе абавязкова што-небудзь прыкуплю... Трэба ж аддзячыць сына за тое, што ён мне ва ўсім дапамагае... Ды і хораша ў лесе настолькі, што ажно дух спыняецца... Ты яшчэ ж не быў у ягадах, не ведаеш, дзе і як яны растуць, як іх выпадае збіраць па аднюсенькай, пастаянна нагінацца і разгінацца... За дзень так нашчыруешся, што потым кругі перад вачыма плывуць».