• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замак пабудаваны з крапівы  Зміцер Вішнёў

    Замак пабудаваны з крапівы

    Зміцер Вішнёў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2010
    41.33 МБ
    — Лепш чыгуновым ядром, — сказала Нат, — як сямейны засмок. Хочаце, пакажу?
    — Хачу, — пагадзіўся дворнік-дружыннік.
    — Я раўную, — сказаў я. — Я супраць ядраў. I наогул я — пацыфіст!
    — Супакойся, Сафік, — сказала Нат. — Мы цяпер здадзім яго ў прыёмнік-размеркавальнік, як варо-
    жага суб’екта. Ён падчас службовых абавязкаў хабар прыняў — натурай.
    Праз хвіліну агульнага маўчання Нат дадала:
    — Здадзім гада.
    — Ага! — крыкнуўя. — Злопаў!
    Я з радасцю пацёр рукі і паглядзеў на парцалянавага дворніка-дружынніка, які ўжо адступаў і нервова-нервова стукаў шчоткай па фуфайцы. Вусы ў яго таксама нерваваліся: яршыліся і танчылі танга. I... тут бы і задумацца над падзеямі апошніх тыдняў. Усё круцілася самалётнымі лопасцямі. Нас проста і незваротна кудысьці зацягвала. Падзеі былі вакол падазроныя.
    — Вы аплацілі малахітавых жукоў? — запытаўся раптам чалавек у форме чыгуначніка.
    На твары падробленага чыгуначніка ляніва чырванелі рэйкі. Па вялікім сінім полі каціў медны вагон. Стук ягоных колаў здаваўся нямецкім маршам.
    — Мы толькі марозіва паелі, — сказала Нат, — трускалковага.
    — За ўсё трэба плаціць, — павучальна сказаў чыгуначнік.
    — Пэўна, вы фальшывы чыгуначнік. Вы выпадкова не дзядзя Ваня? — нечакана запытаў я.
    — Адкуль вы ведаеце? — здзівіўся фальшывы чыгуначнік.
    — Па вашых надброўных дугах прачытаў, — сказаў я. — Напрыклад, у вас там яшчэ напісана, што самагонку вы глушыце ў адзіноце на бойні.
    — Сапраўды, — пагадзіўся фальшывы чыгуначнік, — апошнія пяць дзён не выходжу з запою.
    — Так што... Пра якіх вы там жукоў заікаліся? — запытаў я.
    — Я тут наогул па службовых абавязках, — сказаў фальшывы чыгуначнік. — Мы тут пажарныя вучэнні праводзім. Цягаем брандспойт па розных каналізацыях.
    — Я ваш партрэт у школе бачыла. Праўда, там вы выглядаеце трошкі маладзейшым, — прызналася Нат.
    Чыгуначнік скрывіўся і схаваў рукі ў кішэнях штаноў.
    — Дык вы гонар школы? — здзівіўся я.
    — У некаторай ступені я біёлаг, — прызнаўся дзядзя Ваня. — Але часам у сувязі са скарачэннем заняткаў праходжу практыку ў пажарнай брыгадзе.
    — Як цікава, — сказаў я. — А чаму на вас форма чыгуначніка?
    — Для канспірацыі, — ціха вымавіў дзядзя Ваня і пачаў адступаць у выратавальныя дрэвы.
    — Куды ж вы? — крыкнуў я. — Мы яшчэ не ўсё абмеркавалі!.. Пра запалкі і жукоў не скончылі гаворку!..
    Але фальшывы чыгуначнік, біёлаг-пажарнік дзядзя Ваня адступаў... Адыходзіў моўчкі, нібы... адпаўзаў нібы ўдаў...
    39.
    I вось сяджу з касцяной люлькай у зубах — дымлю, і з гліняным кілішкам у руках — п’ю фіялетавы лікёр. Гэх, Ната-Ната, Нато, Нат, Натка, Наталля,
    Націк, Натусік і г. д. ... I чаму знікла? Схавалася, як мілы маленькі прусачышка. Я ўжо сумую. Вершы не пішуцца. Карціны крыўляюцца. Я ўжо кепскі. Алкаголь мяне знішчыць. Яна ж, Натка, мажліва, мяне прыгалубіць. Тады не памру.
    Я паглядзеў на тэлефон. На ягоным корпусе скокалі фактурныя расколіны і рыжыя іерогліфы. Ён скончыў стагнаць з учарашняга дня. Ён быццам аб’еўся атрутным сіропам і здох. Як пацук. Так. Бронтазаўрычны пацук. Вывеў, называецца, на сваю галаву новы від жывёліны.
    Я падабраўся да тэлефона і прыклаў да яго вушную ракавіну. Дзесьці ўдалечы. Там, дзе туманная смуга. Дзесьці, дзе над возерам бегае раззлаванае рэха. Дзе чарот і вецер — браты. Там. У тым далёкім свеце штосьці праіскрылася і папрасіла дапамогі. Я падняў чорны хобат слухаўкі, які выгінаўся, і прысоскам наклаў на вушную ракавіну.
    — У Вашынгтоне ідуць дажджы, — сказала Ната. — Ногі я прамачыла. А гарбаты са зверабоем нідзе няма. Уяўляеш, якая трагедыя?
    — Купі мне стусіну, — сказаў я. — Там павінны быць добрыя стусіны з булдавешкай у выглядзе галавы ката.
    — Ты мяне кахаеш? — запытала Нат.
    — Званіла твая мама, — сказаў я, — хвалюецца. Яна прыгатавала твае ўлюбёныя арэхавыя булачкі і чакае цябе. У нас тут квяціста і сонца.
    — Уяўляеш, якая трагедыя — я не патрапіла ў басейн. А там шампанскае падаюць у вядзерцах з ільдом кожныя пяць хвілінаў, калі крычыш... Рыбкі там пла-
    ваюць цудоўныя... I многа іх, многа, як канцылярскіх кнопак, што на тваім стале.
    — Сантэхнік захварэў, — сказаў я.
    — Я заўсёды дапускала, што ягоныя прыгоды ў жабных клубах могуць мець наступствы. Ён не галадае ?
    — Ён проста прыхварэў і не вылазіць з лядоўні. Я хаджу ў краму два разы на дзень...
    — Ты б гарбаткі яму даваў і грэнкі з грэлкамі. Там усё ж халодна.
    — Абавязкова перадам ад цябе прывітанне, — сказаў я. — Доўга не гуляй па Вашынгтоне. Там, кажуць, злачынцы ходзяць пад АСД.
    — Пакуль, — сказала Нат.
    — Пакуль, — сказаў я. — За пакуль б’юць як гумовую кулю, а потым паведамляюць — атрымайце дулю!
    Я выцягнуў тэлефонны шланг з вушной ракавіны і агледзеўся. Бо з тым «пакуль» поўня мне прымроілася. Яна качалася мячыкам па пакоі. Па зэдліках, стале і маіх нагах. Гэткі срэбраны шар.
    — У цюбецейцы, — сказаў нехта.
    — Вось менавіта, — сказаў я. — Вельмі паршывая поўня.
    — Часткова. Але гэта ўсё праз карыес. Многа спіртнога, цыгарэтаў і жанчынаў.
    — Так, — сказаў я. — Поўня часта сядзіць у Літве. Там добрае піва і цудоўныя старажытныя вулкі. Яна любіць поўзаць на сваім пузе па бруку. Дарэчы, і песні яна спявае выключна пра вайсковыя будні.
    — Усё ж не звяртай асабліва на яе ўвагі. Яна зрабілася нахабнай. Часта кажа глупствы. I наогул заелася. Разбэсцілі яе ўсялякія паэты і мастакі.
    — Вось так і жыву, — сказаў я, — у цішы і спакоі. 3 поўняй. У якой цюбецейка.
    — Зрэдку яна апранае чорны плашч, макасіны і берэт, — сказаў нехта.
    — Ты мне, Нехта, таксама надакучыў, — сказаў я. — Вымятайся са сваёй поўняй.
    — Ну і добра, — сказала Поўня.
    — Ну і чорт з табой, — сказаў Нехта. — Мы пайшлі ў карчму. А ты тут сядзі і зайздросці нам. Пакуль.
    — За пакуль — ламаюць рогі і шыкоўныя стусіны, а потым і кажуць: заносьце марынаваных троляў, — сказаў я. I прыклеіў да свайго чырвонага ад перапояў твару атрутную ўсмешку. Яна атрымалася падобнай да раскладанкі. Гэткая ж рыпучая, гэткая ж нервовая. Таму я падняў чорны карэньчык тэлефона і закапаў яго ў вушную ракавіну. Там ён хутка ажыў, пусціў новыя карэньчыкі і сказаў:
    — Ага. Ты з роду Манюшкі. У цябе многа ад слова «маніць». Пэўна, ёсць такое?
    — Ёсць заўсёды нешта. Але не ўсё ператраўліваецца. Напрыклад, у лядоўні ёсць свежамарожаны в’етнамскі сантэхнік, — сказаў я. — А лепш за ўсё наогул галадаць па Полю Брэгу. Будзе бераг чысты.
    Голас у вушной ракавіне раптоўна трансфармаваўся і, пасля хвіліннага клекатання з пенай і пырскамі, выявіў акустычны варыянт голасу Нат.
    — Ты мяне добра на паперы расклаў, — сказала Нат.
    — Мару, — сказаў я. — На мелаванай з ружамі.
    — Вой, — сказала Натка, — я іншае мела на ўвазе.
    — Ведаю, — сказаў я. — Пра касмічныя караблі. Пра Юрыя Гагарына. Там усе лятаюць. Спачатку ля-
    жаць, а потым — лунаюць. Ніякіх падтэкстаў. Проста і зразумела. Як у народнай казцы.
    I тут у мае дзіравыя дзверы забарабанілі. Выбівалі на дзвярах нейкія афрыканскія рытмы. Неўзабаве ў дзірку праціснулася галава Наткі. На гэтай галаве мне спадабаліся вялікія кольцы, якія звешваліся з вушэй на срэбных ланцужках.
    — Вельмі прыгожыя падшыпнікі, — сказаў я.
    Нат скрывілася і заскочыла ў кватэру. Услед за ёй у дзірку праціснуўся невядомы.
    — Гэта наш новы член сям’і? — запытаў я.
    — Хто?
    — He прыкідвайся паравозам. Я кажу пра гэтага маладога, акулярнага, высокага і няголенага.
    — Падабаецца?
    — Заўсёды аддаваў перавагу бальшавікам. У душы. Бо іх колер — чырвоны. He люблю блакітных шорцікаў. Вельмі шчыра. Ногі вібруюць антэнамі. Ты б свайму вадалазу нагавіцы падкараціла, бо валакуцца, быццам мантыя, — сказаў я.
    — Ён, між іншым, умее фарбаваць падваконні, — сказала Нат. — А па нядзелях ходзіць у царкву і слухае пропаведзі.
    — Ён што, звар’яцеў на глебе рамонту кватэраў? — запытаўся я.
    — Я чуў, — сказаў малады вадалаз, — вы трымаеце сантэхніка?
    — Так, — сказаў я. — Я якраз думаў завесці яму цацку. У яго рэжуцца зубкі, а грызці няма чаго. Хочаце быць гумовым мячыкам?
    — Ён яшчэ не гатовы, — сказала Нат.
    — Так-так, — сказаў малады вадалаз. — Я яшчэ не ўсе ўступныя іспыты здаў ва Універсітэт культуры.
    — Вы, мабыць, будзеце машыністам, — сказаў я.
    — На жаль, — сказаў вадалаз, — я буду драматургам.
    — Якая страта для мінскага дэпо паравозаў, — сказаў я. — Але вы не губляйце надзею. Я паклапачуся. Вас не прымуць на драматурга. Будзеце мячыкам.
    — Я не хачу, — сказаў вадалаз. — У мяне алергія на цытрусавыя.
    — Ната, — сказаў я, — прынясі мне малаток і кнігу Карла Маркса «Капітал».
    — Ты будзеш калоць арэхі ? — запыталася Нат.
    — Я буду калоць лёд на пяшчотных плячах ворагаў пралетарыяту, — сказаў я.
    — Астап, шукай! — сказала Натка.
    Малады вадалаз пачаў абшукваць шафы. Пыл ляцеў гарбузовымі семкамі. Статуэткі старажытных бажкоў перасоўваліся, нібы шахматныя фігуры. Кнігі курчыліся ў фальклорных беларускіх танцах. Карціны гудзелі аэрапланамі. Свіныя мухі падалі ў непрытомнасці. Нарэшце хвілінаў праз трыццаць вадалаз знайшоў сякеру.
    — Малатка няма, кнігі Карла Маркса няма, затое ёсць сякера, — сказаў ён.
    — Гэтая сякера яшчэ належала майму дзядулю — рэліквія, — сказаў я. — Малайчына, Астап. Цяпер шукай цвікі.
    Пасля чарговага абшуквання шафаў са стукам дзверцаў і паліцаў замест цвікоў былі знойдзеныя канцылярскія кнопкі. Гэткія шэрыя сталёвыя п’яўкі.
    — Цвікоў няма, але ёсць жыхары балотных вадаёмаў, — сказаў вадалаз.
    — Малайчына, Астап. Ты зарабіў цукерку «Мішка на поўначы», — з гэтымі словамі я выцягнуў з кішэні паласатай піжамы абяцаны ласунак і працягнуў вадалазу:
    — Еш, няздзейснены машыніст.
    Астап заззяў шклом акуляраў, як вочы аленя перад смерцю. Разявіў сваю белую пашчу і закінуў туды кавалак чорнага вугалю. 3 топкі рынулася ўвышыню полымя і паглынула паўночную ахвяру. Толькі белыя мармуровыя калоны яшчэ па інерцыі раскручвалі вось высокага скляпеністага будынка.
    Я ўзяў кнопку і пачаў яе забіваць у падлогу.
    — Што гэта? — запытаўся Астап.
    — Аддзяляю свае зямельныя гектары ад вашых сотак, — сказаў я.
    У тэрыторыю Наткі і Астапа былі ўключаныя раскладанка, мыйня і палова кухоннага падваконня...
    — Гэта — дыскрымінацыя, — сказала Натка.
    — У прыбіральню будзеш хадзіць па тунэлі да суседзяў, — сказаў я і пайшоў спаць.