• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замак пабудаваны з крапівы  Зміцер Вішнёў

    Замак пабудаваны з крапівы

    Зміцер Вішнёў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2010
    41.33 МБ
    — А так — цішыня. Толькі косы. Гэта з фільма.
    — Тут фільмаў не глядзяць. У нас электрычнасць учора адключылі.
    — I як жа вы пакутуеце ?
    — У вас такі няшчасны выгляд, — сказаў парцье.
    — He варта псаваць апетыт нам, птушка жалобная, — сказаў я.
    Парцье пакрыўдзіўся і прапусціў нас у дом. Па калідорах на інваліднай калясцы ездзіў дзядуля. Ён штосьці мармытаў, слініў жоўтыя пальцы і пісаў імі на паперы крамзолі. У яго быў шчаслівы выгляд.
    — Сачыняе, — паважліва сказаў парцье.
    — Мы спынімся на барадзе дзядулі, — сказаў я. — Гэта ж самая звычайная аблачына. Снег тут — звыклая з’ява.
    Я, пэўна, сцепануўся ад холаду. Сняжынкі нагадваюць драбіны. Рыпучыя. Быццам яны нараджаюцца ад рыпу майго гусінага пяра.
    — Тут не жывуць фетышысты, — сказаў дзядуля. — I наогул вы памыліліся домам. Вы жылі ў іншым
    месцы. Прыгледзьцеся. Я не ваш дзядуля. У мяне радзімка на шыі.
    — Сапраўды, — сказаў я. — Як я адразу не заўважыў? Але вы пачастуеце нас вячэрай? Мы з дарогі. Вельмі прагаладаліся.
    — Вас чакае манная кашка, — сказаў дзядуля.
    У сталовай сярод пыльных кандэлябраў нас чакалі талеркі з манкай. Ліпкія азёры прапаноўвалі фігурнае коўзанне. Я абуў канькі і заслізгатаў. Пасля сальтамартале я зваліўся. I пайшоў пад лёд. Я крычаў. Я стагнаў. Але было запозна. Аніхто не ратаваў.
    43.
    Выплывае з туману хатка на курыных лапках. Кружляе неяк загадкава. Дзвярыма і аканіцамі грукае, комінам варушыць.
    I плыве яна кудысьці. А туман пыхкае салодкай і сырой ватай. Курыныя лапкі востраць кіпцюрыкі аб карчы. Дзверы і аканіцы робяць масаж пячонкі, якая гудзе ад дробных расколінаў. А комін, як нябесны вершнік, усё скача і скача, і здаецца, што зараз яздок паляціць, куляючыся па далінах і лясах, па лагчынах і рэках...
    — Я яшчэ ўчора зрабіў журналістам заяву, — сказаў я, — што казкі не прымаю блізка да сэрца. Паколькі сэрца ў мяне мае пяць срэбных клапанаў і дзесяць вентыляцыйных шахтаў. Я ў дзяцінстве быў вельмі нервовы — любіў маршыраваць разам з Урфінам Джусам па кніжках. Мы рабілі як фашысты,
    якія палілі літаратуру на вогнішчах. Тое самае. Таму маё сэрца — гэта палымяны матор.
    — Я б на гэтых вогнішчах смажыла біфштэкс, — летуценна прамовіла Нат. — Заўсёды ў дзяцінстве адчувала недахоп мяса ў арганізме. Ты звярнуў увагу, якая я хударлявая?
    — Ага. Асабліва апошнім часам, калі твой жывоцік расце ад піва як на дражджах. Сама ху-да-р-ля-вая... а пуза барабанам.
    — Ты мяне параўноўваў неяк з крэйсерам «Аўрорай», — з сумам сказала Нат, — а цяпер зусім на мяне забыўся. Кампліментамі сыпеш, нібы зубастая акула.
    — У процівагазе ты выглядаеш як маленькі анёл, — сказаў я.
    — Яшчэ, — сказала Нат.
    — У бронекамізэльцы ты падобная да насарога, — сказаў я.
    — Яшчэ-яшчэ, — сказала Нат.
    — У піжаме арыштанта ты нагадваеш пабітага сабаку, — сказаў я.
    — Вой, хачу яшчэ, — сказала Нат.
    — У касцы пажарніка ты — вылітая вобла, — сказаў я.
    — Мілы мой трус, — сказала Нат і ўкусіла за вуха.
    Вецер прайграў на маім левым вуху сімфонію. Рэкі абдалі левую частку шыі зялёнымі хвалямі. I раптам... Раптам... Вельмі раптам прыляцеў вясёлы матылёк — мой маленькі сябра.
    — А давай у хатцы пашукаем злодзея, — прапанаваў я. — Звычайна яны любяць сядзець у
    закінутых хатках. Асабліва пасля Чарнобыля. Зэкаў у радыеактыўных палях болей, чым пустазелля. Сядзяць там, як пацукі.
    — Я таксама хачу быць пацуком! — усклікнула Нат.
    — У нетрах, нетрах я хадзіў, па дарозе заблукаў. Там хатку я адшукаў, дзе напіўся і на канапу зваліўся. I ў залатога пацука закахаўся!
    — Ну ты і паэт. А між іншым, я свае скураныя пантофлікі з табой псую. Яны, між іншым, пяцьсот баксаў каштуюць. Паглядзі, якія ў іх шпоры. Французскія. Заўтра пайду ў «Сэканд-хэнд» і набуду чаравікі для шпацырак з Сафам. Нахабнікам і Гарынычам.
    Толькі Нат прамовіла гэтыя словы, як з коміна хаткі распачаліся стрэлы нейкімі шарамі... Мы заплюшчылі вочы... I... I раптам зразумелі, што на нас сыплюцца рознакаляровыя пернікі... А потым і цыдулка звалілася проста ў рукі Наты, дзе было напісанае адно слова: «Чакаю».
    — Чакаю, — сказаў я, — гэта ад чароўнага чабурэка. Цяпер усе пішуць, каму не лянота. Слесары і брамнікі. Чыноўнікі і мастакі. Кранаўшчыкі і мыйшчыкі посуду.
    — Я адчуваю, адчуваю: тут будуць прыгоды, — сказала Нат.
    — Што ж, варта станчыць па-фінікійску, — сказаў я. — Фінікі — гэта святое. Каб душа нашая не памірала.
    — Тэлевізара наглядзеўся. А я сваю скрыню выкінула з акна. Дзякуй богу, абышлося без шматлікіх ахвяраў, толькі жабку прыціснула. Я правярала. Была яна. Была.
    — Ну, хадзем, — сказаў я і выцягнуў з кішэні кніжку.
    — Навошта?
    — Каб вершы чытаць, — сказаў я. — Звычайна злодзеі рэагуюць на іх неадэкватна: альбо звярэюць, альбо супакойваюцца.
    — Яны і так звяры. Куды болып звярэць? Трэба з малпы ў чалавека ператварацца.
    — Вось мы і будзем вядзьмарыць.
    — Гэтымі баладамі?
    — Пахавальнымі. Аўтар — Віктар Буль Жы, ён неяк з ангінай ляжаў у шпіталі, вось там натхненне і плёскалася, нібы ў акварыуме. Па ягоных словах, балады пісаліся ў перапынках паміж уколамі і ўціхамірвальнымі кашулямі.
    — I што, дзеці чытаюць гэтыя баладачкі? — запытала Нат.
    — Яны проста кайфуюць. Робяцца непаўнагадовымі наркаманамі, — адказаў я.
    I мы пайшлі. Цэлафанавую траву прыціскалі. Яна хрумсцела і спявала.
    На пластыкавых лужынах заставаліся сляды, якія потым чамусьці набывалі ўсе колеры вясёлкі. I атрымоўваліся някепскія творы мастацтва. Графітавых конікаў пужалі. Да мармеладавых пернікаў падбіраліся. Паелі трошкі-трошкі — і ў хатку. А там руды кот ходзіць па перыметры хаты, вусамі цыгарэтнымі дыміць і песеньку муркоча пра самавары. А побач белы электраімбрык гудзе і булачкі толькі выпечаныя попелам упрыгожваюцца. Чорныя гэтакія. I пахнуць смачна.
    — Вуй, хачу, — сказала Нат.
    — Калі будзеце аплочваць рублямі, тады па нашанскім балотным курсе, — заявіў кот. Хвост у рудога гандляра выгнуўся дугой і стаў падобным да кола ад ровара. Кіпцюры ператварыліся ў сталёвыя абцугі.
    — Вы наогул хто такі ? — запытаў я.
    — Што? хіба не бачна? — адказаў кот. — Пародзісты ад ютант спадарыні Бабы-Ягі.
    44.
    У зубах жылі дуплы. Зазвычай там сяліліся калібры. Жылі яны на самай вялікай і счарнелай мясцовасці. 3 трыснягу, галькі і гліны будавалі нешта накшталт жытла. У гэтых няшчасных дамках яны збіраліся зграямі і рэзаліся ў падкіднога дурня. А хто прайграваў, таго яны падсмажвалі і з’ядалі пад агульны рогат мясцовых вярблюдаў.
    — Мне думаецца, што неўзабаве я буду гандляваць кактусамі ў начніку, — сказала Нат.
    — Кактусы растуць нібы дзядоўнікі, — сказаў я. — Нейкія матросы панаехалі, свецяцца зебраўкамі.
    — Р-ы-б-а, — сказала Нат і пацалавала мяне ў шчаку.
    — Вядома, — пагадзіўся я. — Я твая акула. А ты — мой акіян. Я скокаю ў цябе кожныя пяць хвілінаў і атрымліваю асалоду ад шторму. Твае водарасці — гэта паток жаданняў. Бурбалкі — надзея на выратаванне. А сонца за даляглядам — прадвеснік шчасця.
    Але ўсё ж п’ю твае хвалі і кружляю ў віры. Цалую і кусаю цябе — сонечная свежасць. Холад і дрыжыкі — сеткай на маёй свядомасці.
    — Мы абстрагаваліся, — сказала Нат.
    — Мы ўцягнуліся, — сказаў я, — у працэс.
    — У які?
    — У наш, — сказаў я і закруціў пяцілапісты вентыль на злым кране. Вада булькнула пару разоў і схавалася ў трубе. Толькі зрэдку, як у змяі, з крана выцягвалася джала. Але гэткае пяшчотнае. Кроплепадобнае. Ручаінкавае.
    — Суцэльны патоп, — сказала Нат. — А яек у продажы няма.
    — Гэта не патоп — гэта мы раздумваем. Думаем, гэтак кажучы, якім чынам сінтэзаваць курыныя мазгі ў яйкі.
    — А можа быць, яны ўсё ж зваляцца з неба?
    — Безумоўна, — сказаў я. — Але я аддаю перавагу хуткасці. Каб не стамляцца. Гэтак прыемна раніцай з’есці яечню і выпіць кубачак кавы.
    — Ну, — сказала Нат, — скажы, нарэшце, штосьці істотнае.
    Я ўставіў у вока пашараваны манокль і правыў:
    — Дзяўчынка мая, мы ўзлятаем да аблокаў. Там у пухнатых краях мы будзем плаваць на серабрыстых якарах. Я буду зрываць з цябе чмяліныя кветкі. Я буду дарыць табе шакалад у хрусткай фользе. У музычных парадах мы будзем стукаць хмарамі па небе і прыклейваць цукеркі, як папяровыя самалёцікі, да засохлых градзінак і вінаградзінак.
    Нат паглядзела на мяне і рассмяялася:
    — Ты падобны да дракончыка! У тваіх вачах — смажаныя пончыкі! 3 твайго рота тырчаць кропчыкі! Ты, напэўна, перапёлачнік!
    Я раздзьмуў шчокі.
    45.
    Мы сядзелі па кутах кватэры на кукішках. Кілішкамі. У капялюшыках з залатымі фішкамі. Як мудрацы, маўчалі і думалі. Дудзелі патрошку. Сузіралі. Сонца люстраное. I раптам ускоквалі, хадзілі, спрабавалі крычаць, але не маглі. Галюцынацыя клалася на мазгі. Дзень перапаўзаў па кватэры светлым напільнікам і клубкамі запальваў пыл. Глюкозай качалася моль. На паперах крычала паэзіі соль. На падваконні ляжаў пасінелы сантэхнік і дробна ікаў. 3 піялы мы пасыпалі яго расцёртай крэйдай. Белай і шэрай. Бура-малінавай. Ягоны лоб перасякалі маленькія калдобіны. Быццам пячаткі брытвіны. Адно вока выкацілася і чырванела семафорам. У пэўнай ступені мухаморам. Hoc уражваў сваёй крывізной і ёмістасцю барвовага. Хтосьці шпацыраваў па бары. Вусны здаваліся дрэвамі перакаці-поле, яны ўвесь час торгаліся і натапырваліся. Пупкі твару. Шыя здзіўляла сваім кадыком, які вытыркаўся паплаўком. 3 камбінезона тырчэла каламутнае рыльца бутэлькі. Падобнае да патыліцы. Наогул перад намі быў нават не сантэхнік, а нейкая дзіўная рыбіна. Біна Ры. Дзікая рабіна. Мы прызвычаіліся ўжо да дзіўнаватых ператварэнняў новага жыхара нашага дома і таму
    моцна не здзіўляліся. Хутчэй прыглядаліся і напружана думалі пра асаблівасці чалавечай прыроды.
    — Ён хутка трапіць у летаргічны стан. Гэта заўсёды адбываецца з людзьмі, якія вядуць няправільны лад жыцця, — сказаў я і змоўк.
    3 увагнута-выгнутай якарнай жырандолі на нашыя сінія пальцы асядалі пёркі. Празрыстыя белыя роздумы. Шыпеў вецер. I гэта было дзіўна. I штосьці, што адцягвала ад сантэхніка. Дакладней, хтосьці. Па прыродзе аднавокія, па карме трохвокія, па псіхалогіі чатырохногія. Пішчалі. Прасілі хлеба. Танчылі на нашых пазногцях. А бэзавасць пазногцікаў Нат у некаторых з іх выклікала прыступы клаустрафобіі. Яны хаваліся за шырокімі крэсламі і дробна дрыжэлі.
    I тут раптам мы расшкамуталі нашую мудрэцкую мачалку.