Замак пабудаваны з крапівы  Зміцер Вішнёў

Замак пабудаваны з крапівы

Зміцер Вішнёў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2010
41.33 МБ
Па маім твары прапоўз белы вусень... за ім праслізгацела заклапочаная п’яўка. «Фу, — я выцер насоўкай срэбныя кропелькі поту з мармуровага лба. — Галасы, галюцынацыі — трэба менш піць. Нашто я ўчора высмактаў пляшку таго узбекскага каньяку? Небарака... Так не толькі пячонка ператворыцца ў катлету, сэрца — у варанае яйка, але і ў вар’ятню хуценька пабяжыш да братоў па розуму. Уражанне, што пабачыў сябе ў крывым люстэрку... Ы-ы-ы-ы... Звонкія трамваі — звонкія трамваі... Танкі-шманкі...» Я выцягнуў з рабой бульбіны відэлец і пачаў ім прымервацца да свінога філе.
(Як раптоўна зноўку пачуў дзіўны голас: Эй ты, боўдзіла гароднае, ты чаго на лірычнага героя імя па бацьку начапіў? Ты што, не беларус? Ды паглядзі на сябе ў крывое люстэрка... Паглядзі!.. Паглядзі ўважліва!.. Бачыш — не беларус... Разрэз вачэй у
цябе не той — не беларускі... Ты ж азіят! Маскаль ты недабіты!.. I ўвогуле, што за Мар’я Сяргееўна з грушкамі ў цябе выплывае напачатку твора?.. Ты б яшчэ пра Аляксандра Рыгоравіча з гарбузамі напісаў... Разумнік... Хаця што з цябе возьмеш: маскаль — ён і ў Афрыцы маскаль... Вітальевіч... Сафа Вітальевіч Бурштын... Блін...)
Я сплюнуў... Восьяны, нацыяналістычныя выбрыкі (ці мо беларутэнскія якія?)... У героя беларускі пашпарт ёсць? Ёсць. Там што напісана? Правільна!.. У сінім пашпарце — на тым, дзе квітнеюць каласы, свецяцца сцягі і зорачка, — напісана: ВІТАЛЬЕВІЧ!!! A каму не даспадобы — пайшлі да дупы! У постсавецкай краіне жывём, зрэшты... Нефіг тут нам навязваць дробнабуржуазны нацыяналізм... Культурную традыцыю, разумееш, развялі... Спадар... Спадарыня... Гаспадар... Гаспадыня... Фіг вам з макам!.. I камера з халоднай падлогай!.. А свіное філе — мне!.. 3 гэтымі думкамі я злосна ўтыркнуў відэлец у свіное філе і пачаў яго пілаваць ножыкам...
(Дагрызаючы філе, я заўважыў пад суседнім часопісным столікам скурчанага жоўтага карліка... Такі брыдкі чалавечак... Во, блін... Адкуль ён узяўся?.. «Гэй, ты! — кажу. — Гэта ты на мяне тут трындзеў?» Маўчыць, паскуда... Я працягваю: «Ты, шыбздзік недароблены, Леніна на цэнтральнай плошчы бачыў? Стаіць? Так — стаіць. Ну, дык не выёжвайся... Добрай раніцы, таварыш!»)
14.
Ха-ха. Сафа... Сафа... Гэта менавіта твая знешнасць была склееная з філейных частак захаду. А потым, калі цябе канчаткова склалі, — пабачылі нейкага чалавечага мутанта... Выталупленыя вочы бялелі шампіньёнамі. Рукі, аплеценыя ў марскія палотны, бліскалі шлагбаўмамі. Відэльцы былі патрэбныя не табе — іх патрабавала навакольная прастора. Тваё цела смажылі на патэльні рамана, і ў вантробах калупаліся ненажэрныя чытачы. «Сафа... Сафа...» — мармыталі людажэры. А Сафа плюхаўся ў гарачым алеі і шкварчэў, гатаваўся... меркаваўся да яго і вегетарыянскі гарнір.
15.
Раніцай, калі мая нага тырчэла з-пад коўдры агромністым горным наростам, зазваніў тэлефон. Стаіць у мяне каля канапы такі чорны свінтух і рохкае ў самы непатрэбны час. Хаця цяпер гэта было больш падобным да гудка паравоза. Я, не ўздымаючы галавы, намацаў далёкі тэлефонны лыч і выгукнуў хрыплае:
— Слухаю!
— Ты яшчэ спіш?!! — злосна пракрычалі мне. — Праз трыццаць хвілінаў цягнік! Сафа, ты яшчэ спіш?!! Уставай, сволач! У цябе квіткі на цягнік! Мы цябе чакаем!!! — Голас яшчэ прарыкаў нешта нязвязнае і злоснае, і пайшлі гудкі.
Бах! Мяне кінула пад лёд... Бах! У вушы папаўзлі нахабныя мурашы... Бах! Mae вочы расплюшчыліся і ператварыліся ў плафоны! Было адчуванне, што ў мяне цэліцца снайпер. Праспаў!.. Праспаў цягнік Масква — Берлін, да якога чапляецца адзін няшчасны вагон з Менска і на які мы бралі квіткі загадзя! За месяц!.. Бо інакш — толькі аўтобусам. А гэта вам не хухры-мухры. Гэта ехаць не адзін дзень. Я ўявіў сябе ў аўтобусным крэсле, уявіў скурчаным і брудным, нібы складзеным у некалькі разоў і запхнутым у валізку. О, божухна, толькі не гэта! А яшчэ многамнога палотнаў (вось дзе я ўжо ненавіджу ў сабе мастака!), якія не ўвапхнуць у гэты пракляты аўтобус. Бо не гумовы!.. Хаця... хіба на галаву пакласці?! A яшчэ, яшчэ... абавязкова там не будзе працаваць прыбіральня! Я ўявіў, як прымяраю рознакаляровыя твары: афрыканскія, японскія, аўстралійскія... Уявіў, як шчыліцца ў нямым крыку мой рот: «Н-е-е-е-е-е-е! Толькі не гэт-а-а-а-а-а!»
Я ўскочыў. Я не служыў у войску, але цяпер мне мог пазайздросціць кожны прафесійны салдат. Вось дзе б узрадаваўся мой бацька!.. У мінулым ён быў афіцэрам савецкай арміі. Ягоныя бліскучыя боты з падкоўкамі не аднойчы адбівалі барабанны дробат па брукаванцы еўрапейскіх гарадоў. За ягонай спінай заўсёды весела развяваліся штандары акупацыйнага атрада. Цяпер бацька стаяў перада мной у новенькай зялёнай форме падпалкоўніка і радасна ўсміхаўся, блішчэў залатымі пагонамі, ззяў зорачкамі і ціха махаў рукой: «Уставай-уставай! Паснедай. I трэба ў школу. Маці прыгатавала ўжо... Блінчыкі з мёдам...»
А-а-а-а-а-а-а!!! Гэта мой крык нібы ядро закруціўся і зашыпеў па пакоі!... А-а-а-а-а-а!!! He паспела згарэць бабруйская запалка, як я быў ужо сабраны. У зубах — торба, за спінай — заплечнік, і яшчэ многа-многа скручаных палотнаў... Столькі скруткаў нармальны чалавек не можа ўтрымліваць адначасова. Яны былі паўсюль! Я выглядаў як дзікабраз... А магчыма, я быў падобны да пехацінца перад марш-кідком... Але ж трэба памятаць, што ў выключных сітуацыях чалавек здатны на самае неверагоднае!..
— Алё! Таксі...
16.
Перад пад ездам мяне чакаў пітон — паглынальнік новых відаў дзікабразаў. У ягоных бяздушных вачах адлюстроўвалася лісце дрэваў. Я згадваў савецкі мульцік пра ўдава і папугая... пра даўжыню ў папугаях... а калі пра даўжыню ў дзікабразах? У гэтых думках не было б нічога арыгінальнага, калі б не адно «але». Недалёка ад пітона блішчэлі акулярамі пяць бабулек. Сярод гэтай нерамантычнай раніцы яны выглядалі ляжачымі паліцэйскімі. Ды і лавачка ператваралася ўжо ў адну вялікую інвалідную каляску. А калі пітонаў вымяраць у беларускіх бабульках, што гніюць каля пад’ездаў? Гэтая думка засела ў галаве нібы ўкус змяі.
Дзікабраз даў нырца ў разяўленую пашчу пітона. Наперад, Берлін!
17.
Бацька быў, праўда, несапраўдным акупантам — у войска яго забралі гвалтам. У інстытуце, дзе ён вучыўся на інжынера, не было нават вайсковай кафедры... Але пасля заканчэння вышэйшай установы яму загадалі ісці служыць: «Партыя робіць ласку! Служы!» I бацька служыў — служыў усё жыццё. Хоць і не пераносіў шыняля на дух. Быў акупантам у Вугоршчыне, Польшчы, служыў на Беларусі ў Паставах і Слуцку, у тундры на Мысе Шміта... I таму штандары за яго спінай развяваліся весела толькі на кастрычніцкія і майскія святы... Але падкоўкі стукалі з гонарам!..
18.
А зрэшты, усё было інакш. Я прачнуўся ад яркага святла — яно лезла ў вочы нахабнымі тарантуламі. У белым пакоі стаяў грукат... Акурат перада мной танчыла цыганка. Яна круцілася ваўчком, выкручвалася, нібы яе нехта казытаў. Правакавала белым жыватом і мармуровымі рукамі... Грымела бранзалетамі...
«Што гэта? — падумаў я. — Адкуль? Адкуль яна ўзялася?»
— Прачнуўся, галубок? — заспявала цыганка.
— Хто вы? Што вам трэба? — злосна буркнуў я.
— Прачнуўся? — гаркнуў радасна мядзведзепадобны цыган, выходзячьі з кухні і грукаючы ботамі са шпорамі...
— Ну, так, — я з падазрэннем глядзеў на нечаканых гасцей. — Як вы сюды трапілі?
— Ха-ха-ха, — зарагатаў знаёмы голас. — ...Як мы цябе разыгралі?
Пётра Парабэлум. (Зрэшты, асоба містычная: я і сам не ведаю, існуе ён у прыродзе ці не.) Зноўку ён са сваімі дурнымі розыгрышамі.
— Забыўся, што ты мне ключы пакідаў? — Пётра ашчэрыўся. — Але не забывай — у цябе цягнік да Берліна. Гэта мы са Стасікам вырашылі цябе пракантраляваць. Каб даехаў.
Услед за Парабэлумам паказалася задаволеная круглая морда майго шчырага сябрука Стасіка:
— Ага. Ведаем цябе. Любіш ты спазняцца. Я — на машыне. А цыганскія ранішнія танцы — наш добры дробны падарунак на развітанне.
— Сволачы, — прастагнаўя. — He далі паспаць.
Раптам пазванілі ў дзверы.
— Мы яшчэ кагосьці чакаем? — здзівіўся я. — Я спадзяюся, гэтым разам без розыгрышаў?
Парабэлум развёў рукамі, нібы нажніцамі:
— Ды не... Здаецца, тут усе. Жартаў больш не будзе.
Я адчыніў дзверы. На парозе стаялі два невядомых: тоўсты і тонкі. Прычым рукі ў абодвух — у кішэнях, што вельмі падазрона. Дзіўныя суб’екты. Апранутыя ў плашчы. Капелюшы — па самыя вочы.
— Вы Сафа Вітальевіч? — раўнуў тонкі. I я заўважыў, як па ягоных вачах паплылі крумкачы.
— Ну-у-у, так... А ў чым справа? Я... — Я папярхнуўся, не скончыўшы фразы, бо тоўсты
выцягнуў з кішэні вялізны чорны пісталет і прыставіў яго да майго пуза...
— Ціха, — прашыпеў тоўсты. — Без глупстваў. Вы застаяцеся. Ніякага Берліна.
— Стаяць! Усім — на месцы! — гыркнуў худы, заўважыўшы, што мой сябра Стасік збіраецца кудысьці дазваніцца. — Інакш будзем страляць!!!
Цыганка загаласіла... Цыган (з першага погляду такі дужы і моцны) палез пад стол. Парабэлум пацямнеў ад злосці, быццам яго перасмажылі. А вясёлае мурло Стасіка ператварылася ў губку для посуду, і ён выпусціў тэлефон...
Мне заламілі рукі.
— Усе — на сваіх месцах! Пяць хвілінаў нікому не рыпацца! — прароў худы, — Нікога чапаць не будзем! А Сафа Вітальевіч ідзе з намі! Забіраем!!!
На галаву мне нацягнулі непразрысты мех... I чалавека, які яшчэ нядаўна спаў у паласатай піжаме, выпхнулі са сваёй кватэры. Басанож было не надта прыемна шкандыбаць па лесвіцы. Але я спадзяваўся, што, можа, нейкі мудак заступіцца за суседа Сафу Вітальевіча... Фіг! Hi сяброў! Hi суседзяў! Суседскім бабулькам толькі плявузгаць і паклёпы ўзводзіць! А як што зрабіць добрае — не дачакаешся... А гэтыя, гэтыя сябручкі-веселуны, маць тваю за нагу, што там заціхлі?!! Міліцыю трэба выклікаць. Прыстрэляць зараз Сафу ў якімсьці брудным месцы. I вітанкі.
Але, на жаль, аніхто за мяне не заступаўся. Я адчуваў, як цяжка ў спіну дыхае тоўсты і руля пісталета ўтыкаецца мне ў нырку. Худы нешта
мармытаў сабе пад нос: «налева», «направа», «прама», «глядзі, каб не спатыкнуўся».
Праз пэўны час мяне запхнулі ў машыну. Гудбай, Берлін.
19.
Прачнуўся я ў цягніку. Балела галава. Мала Ta­ro, яна нагадвала расплюснуты грэцкі арэх. Я з цяжкасцю згадваў, што мяне моцна ўдарылі па патыліцы, і потым усё... Ну чаму мне так шанцуе? Так і да інваліда недалёка!.. Увесь час хтосьці б’е па галаве ці труціць нейкімі напоямі!.. Каб з бадуна, і тое б было не так крыўдна!.. He жыццё — суцэльны дэтэктыў!..