Памер: 781с.
Мінск, Нью Йорк 2017
палётам думкі й дасканальнай стылістыкай, нядзельныя эгзорты14, чаравалі даслоўна ўсю моладзь. Калі заімправізаваў раз — помню — той моладзі тры канфэрэнцыі Вялікапосных Рэкалекцыяў, дык мелася ўражаньне, што гэта былі тры разьдзелы існай часткі літаратурнай у форме рэтарычнай дыскусіі з жыцьця моладзі, асабліва “зялёных” лібералаў залётнікаў... Залаты гэта быў чалавек, пэдагог і сьвятар прыцягаючы да сябе моладзь і натхняючы яе ідэйна. Якой амбіцыяй было паслужыць яму да Імшы сьв., або паезьдзіць зь ім пад руку зімою на коўзьлях (каньках). Паводля неспраўджаных чутак — быццам падчас гэткай гульні з моладзьдзю й жыцьцё скончыў на ўламаўшымся лёдзе Нясьвіжскага возера за свайго пазьнейшага гімназіяльнага дырэктарства. I любіла-ж ды шкадавала яго моладзь! Двух у нашай клясе было каталікоў і абодва ўступілі ў Духоўную Сэмінарыю — не нагавораныя проста з мосту, але ачарованыя ўасабляным празь яго сьвятарствам. Вынесеную з роднае хаты іскру хлапчачае ўпадобы да духавенства і прыгаства дому Божага ён, каханы мой Прэфэкт, Кс. Ян Гродзіс, апостал моладзі, разжухаў у полымя сьведамага здэцыдаванага сьвятарскага покліка.
Але гэта яшчэ ня быў той грунтоўны поклік паводля тэолёгічнага акрэсьленьня: idoneita conbuona volonta — як метка гаворыцца
14 Эгзорты — духоўныя лекцыі-казані, звычайна з маральнае тэматыкі.
па-італійску = ня толькі ахвочасьць, але і здатнасьць, галоўна надпрыродная, каторую трэ было фармаваць мазольнымі студыямі філязафічнымі й тэолёгічнымі ды вытрывалай асцэтычнай прахтыкай усабешняга духовага вырабленьня, жыцьця надпрыроднага сьвятарскага. Таму дрыжалі крыху кавалерскія ногі мае пераступаючыя (1915) парог гэткага жыцьця. Хутка аднак, амаль ля самага таго парогу, наіўная трывожлівасьць мая разьвеялася. Сэмінарыя аказалася ўсебакова так дасканальна да патрэбаў і празначэньня свайго алюмнату дарыхтавана, што тая выідэалізаваная здатнасьць здабывалася на крыльлях усё большай ахвочасьці й прыемнасьці, пры якіх маладосьць заміж (наіўна дамневанай) прыгнобы, чула эгзальтацыю, захопны парыў, для якога ніякая труднасьць ня была прыкрай і страшнай. Сапраўды, нідзе так даладна ня ёсьць пастаўлена пэдагогія навукова-ўзгадаваўчая, як у каталіцкіх духоўных установах. Да гэткіх установаў — і здаровай рэгулай, і высокавартасным цэнзусам прафэсарства, і сапраўды каталіцкім, інтэрнацыянальным (як у Рыме) духам суадносін — адзначалася бяссумніўна Сэмінарыя Магілёўская (у Петраградзе) зь ейным, крышталёвай справядлівасьці й дысцыпліны, цьвёрдааўтарытэтным Рэктарам, Балтрушысам15 (ліцьвіном, як і яго вучань, Гродзіс), у якога ўсе нацыі мелі адзінакавае права на самаакрэсьленьне й разьвіцьцё. Ён-жа, як слаўны кананіст, сябра Дзярж[аўнай] Акадэміі Навук, быў прафэсарам і Дух[оўнай] Акадэміі (адкуль выйшлі слаўныя протагоністы нашага адраджэньня). На ўзор Сэмін[арыі] і Акад[эміі] Магілёўскай фармавалася (1918) і Менская зь беларускай часткі алюмнату й прафэсароў гэных апошніх, зьліквідаваных рэвалюцыяй. Там фактычна ўгрунтавалася мая ідэйнасьць і сьвятарская, і нацыянальная, там атрымаў (1919) з рук Слугі Божага Біскупа Зыгмунта Лазінскага16 першыя сьвятарскія высьвяціны — Субдыяканату, там аставіў найлепшую частку маей душы. Тыя-ж высьвяціны, якіх вось маю шчасьце саракавыя ўгодкі абходзіць, эмігранцкая доля судзіла атрымаць, разам з тэолёгічным ліцэнцыятам (12.VI.1921) у Влоцлаўку17.
15 Ігнаці Балтрушыс (1864—1919), рэлігійны дзеяч летувіскага паходжаньня, каталіцкі сьвятар. У 1889 г. рукапакладзены ў сьвятары і стаў прафэсарам Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі. У 1910—1918 гг. быў рэктарам гэтай жа сэмінарыі.
16 Зыгмунт Лазінскі (пол. Lozinski; 1870—1932), каталіцкі ярарх, у 1917— 1925 гг. біскуп Менскі, у 1925—1932 гг. — Пінскі.
17 Улоцлавак (пол. Wloclawek) — горад у Куяўска-Паморскім ваяводзтве Польшчы. Тут ад 1569 г. дзейнічае Найвышэйшая духоўная сэмінарыя Улоцлаўскай дыяцэзіі.
Было нас сямёх менчукоў (6 белар[усаў] і паляк) нэопрэзьбітэраў, высьвячаных ad servitiam dioecesis Minscensis = для абслуті Менскай дыецэзыі; улады аднак Влоцлаўскія, манючыся ўсіх прысабечыць, паназначвалі на становішчы ў сваёй дыецэзыі. Мы аднак усе салідарна — як прысягнулі Богу, дзякуючы за сьвятую іскру покліку, аддаць яго свайму гаротнаму, духова асірацеламу народу, а ня чужынцам, і бяз нас шчасьлівым — так наадрэз і сказалі: дзякуем за ваш канфорт, пускайце нас на нашу каханую, апустошаную вайною й акрыўджаную палітыкай, Меншчыну — памагаць нашаму прасьледаванаму біскупу й народу!..
I кінуліся ў вір душпастырскай працы на парахвіях, па школах, дабрадзейных інстытуцыях, нацыянальных арганізацыях. Кіпела дзейнасьць. Рос энтузыязм, бо чуліся не самотнымі. Тады налічалася сьведамых беларусоў сьвятароў на этнічных прасторах беларускіх каля добрых дзьвюх соцень, але раскіданых пад рознымі больш ці менш лёяльнымі дыецэз’яльнымі юрыздыкцыямі. Найбольш лёяльнымі адносна беларусаў былі сьв. п. бп. Юры Матулевіч18, архб. Ропп19 і бп. Лазінскі. Іншыя аднак сілы не далі разгону.
Я пачаў сваю дзейнасьць ад соленнай Прыміцыі20 ў дню свайго патрона Сьв. Пятра і гадавога парахвіяльнага фэсту, які сапраўды ператварыўся ў многатысячную правінцыяльную ўрачыстасьць ледзь не гістарычнага значэньня з увагі на сэнсацыю: пабачыць першага зь непамятных часаў ксяндза палескага паходжаньня з прасьледаванай калісь парахвіі... Хіба й сяньня яшчэ не замярло ў разбуджаных масах эха таго незабыўнага цуду Божага міласэрдзя, як не замярло яно ў маім сэрцы...
Чым больш аднак абмацоўвалася чужанацыянальнае панаваньне ў нашым акупаваным суседзьмі краі, тым менш станавілася таго духавенства сьведамага. У народзе, праўда, сьведамасьць паволі
18 Юры Матулевіч (літ. Jurgis Matulevicius-Matulaitis, 1871—1927), каталіцкі сьвятар заходняга абраду, тэоляг, генэрал ордэну марыянаў. У 1918 г. абраны віленскім ардынатарам, у сьнежні таго ж году кананічна ўзначаліў Віленскую дыяцэзію. Як рэлігійны й культурна-грамадзкі дзеяч выступаў за нацыянальную й рэлігійную талерантнасьць, клапаціўся пра ўзровень рэлігійнага жыцьця ў дыяцэзіі. Падтрымліваў сярод іншых і беларускі нацыянальна-рэлігійны рух, заахвочваў маладых беларускіх клерыкаў і сьвятароў да шырокага ўжываньня іх роднай беларускай мовы ў штодзённым жыцьці й душпастырскай дзейнасьці. Ад 1923 г. знаходзіўся ў канфлікце з польскім урадам, у 1925 г. адышоў ад кіраўніцтва дыяцэзіяй.
19 Эдвард фон Роп (ням. Eduard Michael Johann Maria Baron von derRopp, 1851—1939), рэлігійны i грамадзкі дзеяч. У1904—1907 гг. біскуп Віленскі, у 1917—1931 гг. арцыбіскуп Магілёўскі.
20 Прыміцыя — урачыстая першая служба.
расла, але сыноў народу, ідучых за поклікам духоўным, працэджвалі, пераарыентоўвалі й зьвіхалі ім у духоўным, ці цывільным (пасьля выдаленьня з сэмінарыі) стане, ідэйны шлях. Шчасьліўцы толькі выбіваліся й трымаліся на ідэйным непахісным узвышшы.
Сваіх духоўных школ нельга было мець, асабліва на родных акупаваных тэрэнах. Праектаваліся заграніцай у форме місыйных закладаў пад пратэкцыяй самога-ж Папы, як напрыклад Беларуская Калегія ў Рыме, на якую ахвяраваны ўжо быў навет і капітал, але закрутыя шляхі былі да іх зьдзейсьненьня21... Дробныя групы, як нп. Марыянаў22, фармаваліся й выхоўвалі моладзь23, але зараз-жа былі эксмітаваныя...
разганяныя па сьвеце. Працавалі толькі адзінкі ідэйныя, змагаючыся з перашкодамі, з тэрорам моральным і фізічным. Да гэткіх належаў і ніжэйпадпісаны тут юбілят. Колькі раз запыняны, страшаны, путаны, атручаны горкім сарказмам, зьнеслаўляньнем! Колькі разоў выкіданы з роднага этнічнага тэрэну. Кіданы ваеннымі абставінамі, выстаўляны на сьмяротную небясьпеку.
I вось спаглядае цяпер зь юбілейнага ўзвышша на пройдзенае. Што бача? Дзе тыя, што пад старасьць ягонага пака-
21 Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе вядомая гісторыя брыльянтавага калье княгіні Магдалены Радзівіл. Гл.: Надсан, Аляксандар. Таямніца брыльянтавага калье // Надсан, Аляксандар. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. 2-е выд. Менск, 2009. С. 42—80.
22 Марыяне — чальцы мужчынскай каталіцкай манаскай Кангрэгацыі Беззаганнага Зачацьця Прасьвятой Дзевы Марыі (лац. Congregatio Clericorum Marianorum sub titulo Immaculatae Conceptionis Beatissimae Virginia Mariae), заснаванай y 1673 г. y Польшчы.
23 Маецца на ўвазе Друйскі кляштар айцоў марыянаў, які існаваў у 1923— 1939 гг. і пры якім ад 1924 г. дзейнічала школа (ад 1933 г. — гімназія).
леньня пяроймуць ідэйную працу? Дзе наш ідэйна-сьвятарскі прырост?..
Тут на эміграцыі ў вольным сьвеце — пара маладых поклікаў, пачынаючых ужо дзейнасьць на ўсходняй ніве. А па-за імі новага студыюючага нарубкі ня відно нікога. Калі дзе хто забадзяўся ў чужацкіх сэмінарыях ці манастырах, дык прымушаны быў адрачыся свайго народу, а служыць чужым інтэрэсам. Там за жалезнай заслонай дзеецца тое самае — этнічны беларускі элемэнт купляе сабе магчымасьці да студыяў за цану собскае натуральнае душы нацыянальнае, аддаючыся чужынцам на апосталаў дэнацыяналізацыйных у сваім уласным народзе. Ці не трагэдыя гэта!?
Але, годзі бедаваць! Шукайма спосаба ў выйсьця з гэтага трагічнага палажэньня. Мы мусім разбудзіць поклікі сярод нашай моладзі ды памагчы ім забясьпечыць адпаведныя ўмовы для студыяў і вырабленьня духовага, падрыхтовы духовай патрыятычнай, не шавіністычнай. Гэта будзе магчымым, калі пашырым і паглыбім душпастырскую працу сярод нашых масаў і мецімем сутычнасьць з нашым юнацтвам ды калі ўдасца стварыць свае ўзгадаваўчыя калегіі.
Пацяшаючым зьяўляецца той факт, што ў Лёндане закладзіны такой калегіі пачаліся24. Калі яна залюдніцца ды будзе вясьціся на асновах заспакойваючых нашыя патрэбы, г. зн. калі ні агранічыцца толькі да ўзгадаваньня ўсходніх місіянароў, а выхоўваціме юнацтва і для лацінскага абраду, дык тады-б магла ў нейкай меры балючыя патрэбы нашы і надзеі на будучыню апраўдаць. Адклікаемся тут да грамадзкай помачы.
За жалезнай заслонай існуюць на этнаграфічных землях беларускіх сэмінарыі ў Беластоку й Драгічыне дыецэзыяў Віленскай і Пінскай. Там напэўна ёсьць моладзь беларуская, але трэ было б яе толькі рэвіндыкаваць да апастольства ў сваім родным духу адраджэнскім. Калі няма духоўных да гэтага ўзгадаваўцаў, дык хай сям’я, роднае асяродзьдзе патрыятычнае наагул духа роднага ў іх падтрымоўвае.