Запісы забітага кантрабандыста
Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
Цвяроза ўсё ўзважыўшы, я не стаў пазбывацца рэчдока і закопваць магнітолу ў снег, а паправіў неацэнную ношу на плячы. аддыхаўся і зноў паддаў ходу.
Снегу ў лесе было па калена, і белы холад адразу пралез у лёгкія, не для нашай зімы, італьянскія боты-факстроты. А з выгляду вунь якія фарсістыя! Серабрыстыя, з чорнаю аблямоўкаю. Толькі футра ў іх з гэтага... з пілавіння, ці што? Бр-р, чао, ціфозі! Нездарма справядлівыя ангельцы пры нагодзе не абмінаюць, каб не павыхоўваць гэтых халяўных майстроў. Зрэшты, у абутку, не разлічаным на нашы снягі-маразы, быў, як ні дзіўна, і свой плюс: у іх мерзлі ногі. А гэта змушала варушыцца — каб зусім не закалелі.
Бегчы было-такі цяжка. Але што рабіць, што чыніць? Як той казаў, час — грошы. I не толькі грошы! Час — яшчэ і жыццё! Якое ў нас усіх адно-адзінае. Гераклітавы словы, што двойчы не ўвайсці ў адну рэчку, мелі для мяне вельмі канкрэтны сэнс. Мала каго з фарцоў гэбэшнікі лавілі двойчы. Ставала і аднаго разу. Першы і апошні! Можна па-іншаму: фарц, як і сапёр, мыляецца ўсяго раз.
Збіваўся дух. Я ляцеў штосілы. Але пакрысе хваляванне ўляглося, і галава запрацавала спакойна. Галоўнае — хутчэй мінуць лясок. Дзякаваць Богу, ён быў невялікі — кіламетр-паўтара.
Я мчаўся, як вецер, але і цяпер, бегучы, мусіў рабіць найневыноснейшае, як па-дзеля мяне — чакаць. Чакаць адказу: чым гэтыя ўцёкі, гэтая небяспечная авантура скончацца? А тым часам скончыўся лес. Яго разрэзала дарога. Я перайшоў на хаду, разгледзеўся. Уздыхнуў з палёгкаю: не збіўся! За дарогай пачыналіся могілкі. Вымучана ўсміхнуўся сам сабе: могілкам узрадаваўся! Можа, так яно
калі і будзе... Жартую, нервы супакойваю. Галоўнае — дарога. Бо дарога — гэта жыццё. На яе і спадзяваўся я. А дакладней, на таго, хто мусіў мяне чакаць.
Таксіст — малайчына. He падвёў. He з’ехаў. А не — капцы хлапцу залётнаму. Калі б я, выскачыўшы з лесу, рынуў да аўтобуснага прыпынку, то пільныя сябры-таварышы ўмомант «замялі» б уцекача з «шарпікам». Хоць і позна, але раскусілі строгія хлопцы фокус з дзіва-куртачкай і па асфальтавай дарожцы ад інтэрната да аўтобуснага прыпынку хутчэй за мяне дапялі. Тут бы і хапнулі з японскім магам! Дзве тысячы манетак! Вунь яны, галубочкі, шэпчуцца, планы складаюць, як бы фарца хітрэннага ў нетутэйшым маскхалаце і з дарагою японскай штуковінай пад пахай за адно месца ўхапіць. Добра гэбісты разлічылі: з такою бандураю далёка не ўцячэш!
Разлічылі, ды не ўсё! Фігу ва*м з макам! Разумнікі! I мы не лапцем капусту сёрбаем. Як гэта Генка, мой сябра і канкурэнт у бізнесе, калі ў добрым гуморы. выпендрываецца пры развітанні: «Бай-бай, жыві — не прападай!» Ara, by-by, аўф відэрзэен, таварышы — ды не нашы! Да няхуткай сустрэчы!
Я закінуў скрынку на заднюю сядушку, плюхнуўся побач і, паказерыўся — што там на прыпынку? «Тра-та-та, тра-та-та, мы вязём з сабой ката!» — гэта зноў у мяне нервы разгуляліся. Кінуў шафёру:
— Паехалі! I газу не шкадуй, шаноўны!
«■Позна, хлопчыкі. ачухаліся — радаваўся я, аддаляючыся ад сваіх лаўцоў. Бачыў ззаду ў шыбе, як тыя кінуліся даганяць,— Дзе там! Адпачніце! Сёння мадам удача не ў ваш бок вочкамі міргае. Цягнічок ужо цю-цю... пайшоў. Вырвалася з гэбэшнай пасткі ахвяра».
На душы палегчала, але ненадоўга. «Трэба нешта рабіць. Мо паспрабаваць змяніць тактыку. Мянты з гэбістамі зноў аблаву наладзілі. Няўжо на штодзённае паляванне перайшлі? Учора праскочыў, пашэнціла, сёння таксама — загадзя з таксі парупіўся. A заўтра? Што будзе заўтра? Ці не апынуся ў тым шэрым аўтобусіку з карычневымі фіранкамі, які таварышы ў цывільным перад паляваннем на надта шустрых хлопцаў у двор інтэрната падганяюць? Ой як не хочацца ў кабінеце з закратаванымі вокнамі адказваць на хітрамудрыя пытанні. Ой як не хочацца! А тут, глядзіш, і давядзецца зараз. Дальбог, давядзецца... Што? Ну і ляпнуў! Як лапцем па вадзе. Ціпун на язык! Ох, накаркаю, ох... Трэба, відаць, пера-
дышачку арганізаваць, тэмпы збавіць. Як гэта ў маракоў (ды ўжо ж, у іх!) кажуцы «Малы наперад!» Вось і мне трэба наперад — малым ходам. Інакш і праўда замятуць. А тады ўжо мала не падасца...
II
На наступны дзень я здумаў-такі ў бой не ісці, тайм-аўт зрабіць. Ды фарц плануе-мудруе, а кон з ім у свае гульні іуляе! Зваліўся мне, як снег на галаву аднапалчанін з Алтая. Тыдзень таму званіў прасіў памагчы ўбрацца па-чалавечаму. I я, на сваю галаву паабяцаў знайсці ягоную мару: джынсы «Ьее», ды яшчэ амерыканскай маркі. I вось ён, родны, любы, дарагі, у госці зазірнуў. I дастань яму хоць з-пад зямлі, раз абяцаў тыя самыя каўбойскія порткі — памры, але дастань, калі слова даў!
Даў дык даў! I значыць, трэба выконваць.
Рызыкуючы нарвацца на хлопцаў з невясёлымі тварамі, ператрос плойму інтэрнатаў з неграмі, з арабамі, з палякамі — пуста. Няма на гэты вось час дэфіцытнага тавару, і годзе!
I раптам, мала не ў роспачы, я згледзеў у нягодніка Генкі тое, што «доктар прапісаў». Умеў гэты шустрык нейкім спосабам эксклюзіўныя рэчы даставаць. Талент у хлапца быў выбітны! Дык, не таргуючыся, давялося раскапіэліцца за портачкі на топавы прайс — 190 вельмі моцных савецкіх рублікаў. Што ж! Галоўнае — слова датрымаць. Слова гонару для фарц-брата куды важчэй, чым для партыйца. Таго, што за народ заўзімаецца, a напраўду кроў з яго смокча. Слова гонару для фарца болып чым проста слова. Сказаў — значыць, на гвалт мусіш выканаць. А як жа! Дамоваў жа мы не ўкладаем і вэксаляў не падпісваем — на даверы ўсё трымаецца. На знакамітым шчырым слове. Нават удакладніў бы: на шчырым шляхетным слове. Як даўней было. Няпісаны закон. Звычаёвае права. He кажу пра тое, што і чыста па-чалавечаму гэта прыносіць асалоду. Вунь як шчыра ўсміхаўся-развітваўся са мною ашчасліўлены аднапалчанін, як імпэтна з акна купэ ручкаю махаў!
Але, але. хоць фарцы слоў на вецер не кідалі — не расходзіліся слова і справа і ў тых, хто на іх паляваў,— у гэбэшнікаў і бандытаў. Пра першых ужо колькі слоў закінуў і, па ходзе апавядання, спадзяюся, дадам яшчэ трохі. А пра бандытаў павучальную гісторыю,
пакуль з галавы не выскачыла, раскажу. Відаць, і ўспомнілася яна невыпадкова.
Трапіў я неяк на імяніны да сяброўкі і суаўтаркі, скажам так, шырока папулярнага ў вузкіх колах кампазітара. Народзіны музыкантавай пасіі адзначаліся ў найлепшым рэстаране горада-героя. Дык і госці ж былі не з класа гегемонаў-пралетараў. Сярод запрошаных мне адразу папаў на вока ціхі сімпатычны хлапчына. Нават на фоне ўсяго гэтага бамонду ён вылучаўся звышмодным прыкідам. He яркасцю вопраткі, а яе вытанчанасцю і строгасцю, што, як ведама, грошай каштуе. (Чулі, скажам, пра касцюмы без швоў?) I паводзіў сябе малады чалавек звышветліва і звышдалікатна. Ну проста хлапец-маладзец!
Спачатку падумалася, што ён — наш, фарц, толькі надта ўжо круты. Заляцеў на вялікіх «манях» у завоблачныя вышыні. Але Hernia ў харашунчыку, відаць, было чужое, бо турбавала мяне. I пры зручным выпадку я пацікавіўся ў знаёмых, што за суб’екцік. Пра вытанчанага госця ніхто нічога толкам не сказаў толькі даведаўся я, што запрасіла яго сама імянінніца. Нядаўна з ім пазнаёмілася. Сама дзівілася: «А сустрэліся мы ўпершыню на вуліцы. Уяўляеце, я — і ў такім месцы знаёмлюся! Як вам падабаецца? Няёмка нават казаць. Хоць, можа, гэта сам лёс Вадзіка да мяне падаслаў калі два хуліганы ля пад’езда прычапіліся».
Ох, гэтыя вулічныя знаёмствы! Ох, гэтыя вулічныя заступнікі! Папалася, галуба, як неразумнае дзіцятка. Вадзік прапёр не хуліганаў а сваіх жа падстаўных сябрукоў. Камедыю, казаў бы, хлопцы разыгралі. Той адважны, як выявілася, быў не заступнікам слабага полу, а грабежнікам. бандытам, праўда, яшчэ маладым, неспрактыкаваным пачаткоўцам. Пачаткоўцам? Так, але як пачаў!
Атрымаўшы ад наводніка адрас кватэры, наладаванай апаратурай ды іншымі дарагімі рэчамі, ён дачакаўся, калі гаспадары пойдуць на работу, і зрабіў спробны званок. He пачуўшы адказу, пазваніў яшчэ раз. На ўсякі выпадак. Зноў — цішыня. Далей ужо не стаў чакаць — выбіў нагою дзверы. (Во быў час — за фанеркамі спакойна спаць клаліся!)
Хоць на званкі ніхто не адказваў, кватэра была не бязлюднай. Нямоглая бабулька, маці перакладніка гандлёвага прадстаўніцтва, які перыядычна шастаў за мяжу, сядзела ў інвалідным крэсле і чытала. Тая кніга сталася апошняй, якую яна бачыла ў сваім жыцці.
Схапіўшы бабульку за валасы, сабраныя на макаўцы шырокім грэбенем, Вадзік прыціснуў сівую галаву да спінкі крэсла і ткнуў растапыранымі пальцамі ў падслепаватыя вочы. Як потым расказваў братанам, пашкадаваў паўжывую каргу, таму і не прыкончыў. Пашкадаваў...
Вадзік выхоўваўся ў інтэлігентнай сям’і і ўмеў сябе добра паводзіць. От імянінніца яго адразу і не раскусіла. Раскусіла. калі ўжо было позна.
Неяк красунчык пазваніў «кампазітарцы». Пачуўшы, што тая праз дзве гадзіны ад’язджае на гастролі, узрадаваў: паспее падвезці ёй свежанькі альбом любага ёй Кліфа Рычарда. А якая ж мадам адмовіцца ад Кліфа, ды яшчэ і Рычарда? He адмовілася і яна. Тым болей не дапусціла й думкі пра што дрэннае. Дый не ведала, што не трэба было ёй успамінаць пра гастролі. Нешта зусім іншае разумеў яе дабрадзей-харашун пад гэтым словам.
3 халодным спакоем «заступнік» упакаваў і склаў ля выхаду ўсё каштоўнае, чаго было ў кватэры. А гаспадыню, супраць тае «каргі», не пашкадаваў — здзекаваўся з даверлівай нябогі, як хацеў. Навошта? А так, для ўласнай асалоды — кайф лавіў. А заадно і добрую навучку заўдаў каб не грашыла з чужымі мужамі. Заклеіў шырокаю стужкаю скотча рот і без таго анямелай ад страху ахвяры і, сарваўшы з яе рэшткі бялізны, прывязаў бедную, за рукі да батарэі. (Можа, Вадзік быў першы, з лёгкай рукі якога іншыя нелюдзі сталі сваіх ахвяр да абагравальнікаў прыкоўваць.) Абліў яе вадою, каб вярнуць да памяці, і стаў хвастаць па далікатным целе моцнаю папружкай з якаснай скуры ад добрай старой фірмы «Super Rifle». А ў добрай фірмы і спражка добрая — бронзавая.
Нездарма ж усмешлівы Вадзік адзяваўся з асаблівай выкшталцонасцю ды строгасцю, у сэнсе — дорага. Дорага гэта каштавала і імянінніцы — заплаціла яна жыццём.
А гадоў праз пяць збілі да смерці і самога Вадзіка — на той час ужо аўтарытэта, празыванага Япім, вядомага ў бандыцкім — дый не толькі ў бандыцкім! — асяроддзі. А хай не лезе «беспределыцнк» на бензакалонкі, у супермаркеты, адным словам — куды не трэба. Рот яму не заклейвалі. Дык на выспачцы, недзе ў забытых Богам балотах паміж Гомлем і Бранскам, лямант стаяў — нечалавечы. Зрэшты, Вадзік калі і быў чалавекам, дык толькі часткова.