Запісы забітага кантрабандыста
Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
Султан, як паляўнічы беркут, разглядаў наваколле сваімі шэракарычневымі негрыцянскімі вочкамі. Позірк на сабе я лавіў ужо разы з тры, але ён па-ранейшаму не заўважаў мяне. Нарэшце, спатыкнуўшыся, запыніўся.
— Yes, артыст, талент! — усміхнуўся — Няма пытанняў. Ален Дэлон, што не п’е адэкалон! Пайшлі, канспіратар.
Падышоўшы да вахцёрскай будкі, Султан сунуў пад журнал рэгістрацыі наведнікаў «Снікерс», тады яшчэ мала вядомы. Ох, і не любілі фарцы ў гэтым тоўстым сшытку адзначацца! Разокдругі распішашся за візіт і чакай дома позвачку! Вахцёр хуценька зіркнуў на бакі і толькі тады, звыкла-спрытна, апусціў квяцісты прастакутнічак у кішэньку цёмна-сіняга фрэнча з даўжэзнымі, як на вырост, рукавамі. У такіх ветэраны па-геройску маршыруюць па вуліцах у шумлівыя майскія дні. Аднак наш вахцёр, з усяго відаць, героем вайны не быў. Нешта выдавала ў ім іншага героя —героя невідочнага фронту Зрэшты, дзе ў яго было асноўнае месца работы, пакуль што мяне не датычыла. Галоўнае — ён падачкі прымаў і, значыць, асабліва не замінаў нашай фарцоўскай справе.
Узяўшы адступнога, дробны карупцыянер адкінуў запаветны шлагбаумчык, і я накіраваўся да Султана ў госці. Ён, як, між іншым, і ўсе шчасліўцы-негры (для савецкіх міс — вядома ж, французы), што раптоўна і дружна апынуліся ў нашай ціхай правінцыйнай сталіцы, жыў па-каралеўску, даруйце, па-султанску — у тым сэнсе, што адзін у пакоі.
Але цяпер, калі я зноў апынуўся ў атлетычнага чорнага хлапчыны, убачыў не зусім звыклую для мяне сцэну: на знаёмай канапцы ўладкаваліся, ажно чатыры. модна-паглядныя красуні. Султан бухнуўся побач з дзеўчынёхамі і паблажліва паказаў мне рукою на кут, які амаль да столі быў застаўлены кардоннымі скрынкамі:
— Прымай, dear friend, японскую тэхніку!
Хлопец быў не толькі гулякам, але і чалавекам справы: прывёз усё, што я перад яго ад’ездам заказаў.
Сякія-такія цяжкасці Султан, мне здалося, у дарозе меў. Хутчэй за ўсё і ў кішэньку патрэбнаму чалавечку ў патрэбны момант паклаў колькі зялёных паперак. Так, між іншым, нібыта на гарбату. Якія праблемы! А вось фрэнду яго, гэта значыць мне, пакуль негр па еўропах адпачываў-бадзяўся, давялося тройчы напяць жылы, каб мані назбіраць. Шмат мані. I за адным разам не засвяціцца, не пагарэць. He паехаць па туман і ў тумане тым не прапасці. Адужаў я
і
24 I
ўсё гэта. Вось, калі ласка, жыў-здароў, чаго і ўсім зычу, прывезеную на мой заказ апаратурку купляю. Паэт, адным словам...
Аднак гэтым разам, нават пасля знікнення — на знак Султана — даўганогіх красуняў, выкладваць грошыкі я не спяшаўся. Годзе мне разлікаў загадзя! Бо заплаціць — гэта нават не палова справы, а так сабе, глупства. Галоўнае — пранесці гэтыя грошыкі валютныя, а потым — вынесці дарагія цацкі. Валачэш нібы сваё, a глядзі ты — сэрца проста заходзіцца, а нервы, як іржавыя струны, гатовы лопнуць-зазвінець. На кожным кроку тую апаратурку ў інтэрнаце адабраць могуць. А таму больш я такім макарам — не хадок. Плаціць — дык без памылак, каб уласнаю скураю расплачвацца не давялося! I я прапанаваў Султану новую схему выношвання рэчаў няпершай патрэбы.
— Папрасі свайго абібока-земляка, усё роўна цэлы дзень адно шарыкі ў кішэнях ганяе, каб памог тэхніку да таксі паднесці. Тачку я падагнаў, стаіць метраў за сто ад аўтобуснага прыпынку. Як бачыш, на бяспецы не эканоміў. Паднапружся трохі і ты. Учора ледзь жывым з інтэрната вырваўся. Больш рызыкаваць не хачу! Расплачуся, калі разам з таварам апынуся на нейтральнай тэрыторыі. Там, дзе буду пэўны, што купленае — ужо дакладна маё. I не пярэч. У маёй бяспецы і ты, калі не дурань. павінен быць зацікаўлены. Згодзен?
Султан думаў нядоўга, яшчэ раз пацвердзіўшы, што хлопец ён вуда. Пачуўшы «о’кей», я прадоўжыў:
— План такі. Я спакойненька спускаюся ўніз, іду да таксі і чакаю вас у машыне. Вы з апаратурай ідзяце не да таксі, а да аўтобуснага прыпынку. Я кранаюся з месца і кіруюся ў ваш бок. Вы, нібы не заўважаючы, што таксі занятае, галасуеце. Таксіст спыняецца, гатовы вас падабраць. Вы хуценька загружаеце ў багажнік «шарпы» і гэтак сама хуценька сядаеце ў машыну. Выйдзеце, калі я ўпэўнюся, што за намі няма хваста. Такі мой план. Ты з ім згодны?
Султан марудзіў, маўчаў. Зацікавіўся на супраціўнай сцяне плакатам з чамусьці маркотным Джорджам Харысанам.
Во як, выходзіць, кампаньён думае пра маю бяспеку! Мяне разбірала злосць. Што такое? Нават такой дробязі не хочаш зрабіць для сябра? Каціся ты тады к чортавай мацеры! Ці да свайго чорнага афрыканскага дзядулі! А казаў жа, што мая бяспека для цябе такая ж важная, як і твая ўласная. Маўчыш? Вось вам і найлепшы сябра плюс кампаньён ды таварыш. Што ж, прапала кароўка,
хай прападае і вяроўка. Няма ў мяне больш ахвоты рызыкаваць сабою. Дый грашыма, фактычна, таксама не сваімі. Мама крэдыт дагэтуль яшчэ не выплаціла, і мне ён жывым дакорам: не для сябе ж брала. He спакусіць мяне цяпер і нядрэнны — хай сабе звышвысокі! — пад’ём зялёнымі. Асабліва пасля нядаўняй гісторыі з Міколкам-паравозам.
Даючы такую хвосткую мянушку сціпламу рабаціністаму хлопцу, я ведаў, што пазычыў яе ў пісьменніка-камуніста Майкла (жартую) — Міхася Лынькова. Але вельмі ж яна адпавядала напорыстаму Калюнчыку, сябру па шныранні і праточванні. Таварышы аператыўнікі вылавілі неяк яго на адным з паверхаў незабыўнага інтэрната медінстытута. Міколка-паравоз, не раўня няўдачліваму бегунку Мішку Бязяеву, быў хлопец спартыўны, баксёр, да таго ж — раскола і адважны. Ён параскідаў мянтоў па калідоры і даў дзёру. Служкі закону спачатку разгубіліся, але ненадоўга: як-ніяк трэніраваныя былі хлопцы. Праз пару хвілін ачунялі і кінуліся наўздагон, заадно крыкам і шумам збіраючы плойму таварышаў па службе і актывістаў з паверхаў.
Міколка ведаў: калі яго зловяць, дык не толькі пасадзяць, але і ныркі пастараюцца пусціць у вольнае плаванне. Таму ляцеў без духу. як ад сабачай гайні. Пераскокваючы праз вахцёра, ён зачапіўся за будку. Яго закруціла, і, наляцеўшы на вушак дзвярэй, уцякач зламаў сабе нос ды ключыцу. Але тады Міколка-паравоз нават не заўважыў гэтага. I болю не адчуў. Адчуваў ён ці, лепш, разумеў што цяпер галоўнае — вырвацца, уцячы. I Міколка-паравоз уцёк. Нездарма ж я даў шустраму хлопцу лынькоўскую мянушку! Дарагою цаною — адлежваўся цэлы месяц! — але змог уцячы, пратараніўшы засаду. А ці змагу я выбрацца з падобнага пераплёту? He ўпэўнены...
Султан зноў перавёў вочы на Харысана. Экс-«бітл» па-ранейшаму маўчаў.
Я не стаў браць з яго прыклад.
— Паслухай! — ужо не трымаў злосці, хоць і разумеў: інтарэсы справы вымагаюць памяркоўнасці — Ты ж нічым не рызыкуеш. Калі спытаюць — выносіш свае ўласныя — паўтараю — уласныя рэчы. Пераязджаеш, скажам, жыць да... бацькоў свае нарачонай. (Ведаў, што балючы для Султана прыклад падабраў але ж слова — не верабей...) Вось і ўсё. I ніякіх пытанняў. Сядзеш у тачку — і паедзеш. У выніку — і я не засвяціўся, цэлы, здаровы, на волі гуляю, і табе добра: прадаў, вышэй узняўся, павялічыў свой капітал у Citi bank.
I.
25
Г
I я, твой кампаньён, застаўся пры табе, не трэба некага шукаць. Ясна тлумачу?
За трэцім заходам Султан здаўся, і мы ўдарылі па руках.
Праз чвэрць гадзіны мой пабрацім з сябрам-земляком падыходзілі да прыпынку. За намі ўжо ўвязаліся «нашы» хлопцы. Відаць, сцямілі: гэтым разам навучаныя жыццём чорныя самі нясуць дарагую апаратуру на дом заказцу Надумалі праверыць суб’екцікаў Тармазнулі ля прыпынку, сталі бесклапотна пастукваць нага аб нагу — грэцца. Простыя, звычайныя хлопцы. Гаварылі абы пра што, а насамрэч — чакалі аўтобуса, каб падсесці, прасачыць, вылавіць — і адабраць, само сабою.
Як я зайздросціў седзячы ў машыне, людзям на прыпынку! Не-не, вядома ж, не гэбэшным ганчакам, а звычайным рабачаям, інжынерам, настаўнікам, дробным клеркам, словам, народу. Як хацеў памяняцца з кім-колечы месцамі! Выскачыць з машыны і шуснуць у шэрую аднародную масу. У таксі з выгладжанымі (не без удзелу рэдзенькага сняжку) звышпразрыстымі шыбамі я быў нібы на экране. Адчуванне такое, быццам усе глядзяць на машыну і бачаць у ёй на задняй сядушцы тваю скурчаную ад хвалявання, амаль па-дзіцячаму бездапаможную фігурку.
Так, многім з нас у трывожныя хвіліны хочацца стаць маленькімі, шэранькімі, непрыкметнымі. Схавацца ў натоўпе. Схавацца, a што далей? А далей — такое самае шэрае, беспрасветнае жыццё, такія самыя шэрыя, беспрасветныя будні, дзень за днём — усё тое самае. Будаўніцтва сацыялізму і камунізму пад хітраванскім лозунгам: «Заўтра будзе лепей, чым учора». Гэта значыць, што добра вам будзе потым, заўтра, а працаваць за капейкі трэба цяпер, сёння. Несумленная гульня атрымваецца...
«Ах, табе не падабаецца? — прачнуўся ўва мне прыхільнік самакрытыкі,— Тады гуляй у тую, у якую гуляеш, і не ный!»
Так, ныць — нікчэмны занятак. Схамянуўся, сканцэнтраваўся: гэтым разам хлопчыкі без шынялёў, але зноў жа ў шэрым (тыя, дарэчы, што са мною мінулым разам у кошкі-мышкі гулялі, а цяпер выдаюць сябе за народ) — перайгралі. He заўважылі, праваронілі, як скранулася і ціха рушыла да прыпынку таксі, што, здавалася, драмала ля ўвахода на могілкі.
Раз-два — бухнулі два «шарпы» ў багажнік, а трэці — ужо на сагрэтае месца ззаду, мне, новаму ўласніку, на калені. Кампаньёны, адзін за адным шустра і прыцэльна ўпырхнулі туды ж. Паселі — ужо
і месца было мала, «шарпік» ва ўпакоўцы во — з метр даўжынёю! — і рушылі.
Гэбэшнікі кінуліся былі да таксі. Ды позна, галубочкі, піць баржом, вагончык, як кажуць, зачыніўся! Султан-нягоднік амаль што дэманстрацыйна бразнуў дзверцамі ў іх перад носам ды яшчэ махнуў ашалелым хлопцам чорна-карычневай далонькаю — чао! Мужныя хлопчыкі разгубіліся ад такога дзёрзкага ўчынку і адразу трохі астылі. Што тут скажаш? Султан можа дазволіць сабе выступіць не па нотах: ён жа падданы калоніі былой, а не цяперашняй.
Так і выскачыў я тады сухім з вады або, калі каму больш падабаецца — жывым з полымя. Гэта радавала, але расслабляцца не дазваляла. Наперадзе быў новы, заўтрашні, дзень, новыя тыдні і месяцы, а яны абяцалі новыя ўцёкі ад бясконцай пагоні.
V
Гэтым разам прарывацца праз цэнтральны ўваход было б звычайным самагубствам: гэбэшнікі, як напаказ, паселі вакол вахцёра.
«I чаго б гэта? — ламаў я галаву— Раней, хітруны, хаваліся, затойваліся ў засадах і, толькі выбраўшы момант, зрываліся з ланцуга. Цяпер — пайшлі адкрыта. Чаму? — пытаўся я і сам сабе адказваў: — Відавочна, начальства з праверкаю чакаюць. Вось і здумалі паказаць, як яны на давераным аб’екце нястомна парадку пільнуюцца, не спяць, у поце чала працуюць».