Запісы забітага кантрабандыста
Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
Такі вобраз доктара-крывасмока (грошыкі ж людзям крывёю дастаюцца) склаўся ў мяне, і, са*мо сабою, ехаць да яго ахвоты не было.
А «крывасмок» быў чалавекам наўздзіў прыстойным і цывілізаваным: акуратна падстрыжаныя скроні і патыліца, бялюсенькі шаўковы халат, пах дарагога адэкалону, гаворка без азіяцкага пранонсу, які скажае словы. Праўда, доктар ветліва вітаў толькі нас. Пасля рабскага паклону і нясмелага падкладання на краёк стала канверта Руслан, заікаючыся, выціснуў:
— Гэ-эта мае госці з Беларусі.
Доктар заміж адказу пстрыкнуў двума пальцамі ў бок дзвярэй: «Пайшоў!»
I Руслан пайшоў.
«Ты глядзі, які аўтарытэтны таварыш,— падціснуў я губы,— Нават зяця мадам Зу-зу нулём лічыць! Нездарма Руслан усю дарогу калаціўся ад страху».
Пазней зразумеў: верх старэйшых над малодшымі на гэтых землях закладзены ў генах.
Застаўшыся з намі, суровы доктар умомант ператварыўся ў добрага Айбаліта і згладзіў узніклую няёмкую сітуацыю:
— He варта ўсё бачанае ў нашых краях блізка прымаць да сэрца. 3 абарыгенамі толькі гэтак і трэба абходзіцца. Інакш нельга — адразу на карак сядуць. Усход — штука тонкая і... жорсткая — Доктар разгарнуў шматок паперы і прадоўжыў: — Хоць бы той Руслан. Дзеці пустэльні і ёсць дзеці пустэльні! Прысылае малодшага брата з запіскай. (Можа, менавіта па ёй доктар зараз пальчыкамі пастуквае?) Чытаю: «Вельмі паважаны...» (Акурат па ёй!) Так, гэта няважна... Во: «Пайшоў трэці дзень. як бульбашы прыехалі па машыны і пасяліліся ў нашай гасцініцы. Я, само сабою, узяўся дапамагчы, а тут, як на ліха, перад Новым годам усе распрадаліся. Вы ж ведаеце, у студзені новая партыя чакаецца... А я пра яе зусім забыўся. I вось вынік. Што рабіць? Дапамажыце...»
Доктар падняў на нас добрыя, поўныя прыязнасці вочы і спытаў:
— Зразумела, шаноўныя госці, пра што Руслан турбуецца? Тады — едзем далей. Просьбу хлопца я без увагі не пакінуў. Хоць вы, пэўна што, і спытаеце, дзеля чаго паважанаму доктару, для тутэйшага люду чалавеку амаль што святому, дапамагаць нейкім прыезджым беларусам? 3 якое такое прычыны? На гэтае пытанне з ходу і не адкажаш. Прапаную, сябры, прайсці ў дворык пад навес
і там, дзе не так задушліва — чуеце, ветрык пагульвае? — папіць гарбаткі, а заадно і пагаварыць.
He ведаю, як Вахтанг і Гарык, а я пачаў прыслухоўвацца да доктаравых слоў. I праўда ж, што яму да нас, прыхадняў з іншага свету? I чаму ён сказаў не проста пра нейкіх прыезджых, a — прыезджых беларусаў? За гэтым нешта ёсць?
Мы прайшлі ў нутраны дворык, селі, падкурчыўшы пад сябе ногі, на спецыяльным узвышшы пад стрэшкай, што бараніла ад нясцерпнага сонца (у нас бы — перш-наперш ад дажджу), за шчодра застаўленым усходнімі ласункамі нізкім столікам — дастарханам. Гаспадар наліў зялёнай гарбаты. 3 апетытам сёрбаючы яе з кубачка тонкага, лічы празрыстага, фарфору, гасцінны «крывасмок» несупынна гаварыў, гледзячы на мяне і нібыта адказваючы акурат мне на тыя зусім невыпадковыя пытанні:
— 3 нейкага часу, сябры, лічу беларусаў сваімі братамі,— пачаў аповед доктар, Kajii мы трошкі асвойталіся за імправізаваным застоллем,— Думаю, пасля таго як раскажу, вы зразумееце чаму. Пачну здалёк. Паходжу я са старадаўнага і шаноўнага роду. I род мой нікому і ніколі не бьгў вінен. А на мне раптам. з незалежных ад мяне прычынаў павіс і дагэтуль вісіць адзін даўжок. I не здзіўляйцеся — менавіта перад беларусамі. Даўно ўжо вісіць, а вярнуць яго не выходзіць: беларусы за маёй тут бытнасцю яшчэ ні разу да нашых мясцін не дабіраліся. А рэч вось у чым. Калі я паступіў у Маскоўскі 1-ы медычны інстытут, мне ўпярод было вельмі цяжка вучыцца: залічалі ж нашага брата, сярэднеазіята, само сабою, за грошы, а засвойваць курс даводзілася «сумленна» — самі разумееце, усіх не купіш! Думаў капцы мне. Свяціла адно — вяртацца ў аул, бараноў пасвіць ды авечак стрыгчы.
Доктар памаўчаў, звесіўшы голаў, быццам страшэнна засмучаны чалавек. Потым схамянуўся, скінуў з сябе горкую безнадзейную асуджанасць, сонечна ўсміхнуўся:
— Ды знайшоўся адзін чалавек, узяў мяне на буксір, пацягнуў за сабой, і мы — паехалі. Пазней, калі я ўвайшоў у «працэс», у рытм, стаў рыхтавацца самастойна і неўпрыкмет нават захапіўся навукай.
Зноў свідруючы вострымі чорнымі вачыма акурат мяне, доктар секануў:
— Чалавек, які ўратаваў тады сённяшняга вашага апавядальніка, быў з Беларусі. з-пад Гомеля. Ён скончыў інстытут з чырвоным
дыпломам, і пакідалі яго на кафедры вучыцца далей, у ардынатуры, але неспадзеўкі выпускнік выказаў жаданне служыць на Паўночным флоце. Бо (як ваш зямляк мне пісаў пасля з Мурманска) з дзяцінства, прачытаўшы «Дваццаць тысяч лье пад вадой» (колькі людзей гэтыя «лье» паклікалі ў дарогу!), марыу плаваць на падводнай лодцы. Ведаючы, што паводле стану здароўя ў вайсковую вучэльню не пройдзе, паступіў у медычны інстытут, спадзеючыся такім ходам праскочыць на флот. I, трэба заўважыць, ён свайго дамогся: лучыў на падводную лодку. Лучыў на сваю галаву. Яна патанула яшчэ да Маскоўскай алімпіяды. Як? Сапраўдная прычына да гэтага часу засакрэчаная,— Доктар зноў замаркоціўся, уздыхнуў: — Такая вось невясёлая гісторыя. Ды нічога не вернеш,— I яшчэ тужлівей дадаў: — Гэтак я і не адплаціў свайму беларусу дабром за дабро. Цяпер трэба сплачваць доўг беларусам наагул. Яго землякам.
Расчуліў мяне ды, пэўна што, і Вахтанга з Гарыкам доктараў аповед. Уражваў трагічны лёс безыменнага земляка. На нейкі час нават прыцьмела ўсведамленне таго, дзеля чаго я тут з кампанейцамі.
Але доктар нечакана, амаль без паўзы, вярнуў нас, кажучы сённяшняю моваю, да парадку дня:
— Цяпер успомнім мэту вашага прыезду. Хацелася б адразу ўдакладніць: не проста ад шкодлівасці не можа Руслан знайсці вам машыны. Апошнім часам з усяго Саюза кінуліся ў нашу глуш аўташукальнікі і падчысцілі тутэйшыя засекі грунтоўна. Але для беларусаў, абяцаю, нешта знойдзем. Дарэчы, пакуль не забыўся. Раю не толькі на машыны паляваць, але і да мясцовых крам і крамак прыгледзецца. Актыўная Каракумская мытня закідала іх заморскім таварчыкам пад самую столь. Калі мяне па размеркаванні загналі ў гэтую глушэчу, я гады тры запрашаў сяброўаднакурснікаў прыехаць адпачыць, а заадно і набыць абноўкі па смешных, цэнах...
Крамкамі з заморскім таварчыкам доктар зноў адвёў нас ад галоўнага. I гарбатка зялёная — добра, і зычлівая ўсмешка — добра, але пара б ужо і да справы. I калі доктар сказаў: «А зараз...» — мы замерлі ў чаканні. Выявілася — заўчасна.
— А зараз лічу патрэбным сцісла ўвесці вас у курс мясцовых звычаяў і ладу жыццяпрадоўжыў «крывасмок» (зноў успомнілася забытае было слова).— Яны досыць дзіўныя і гэтым цікавыя. Але спачатку прапаную напоўніць кубачкі. Бачу, вам не надта даспадо-
бы зялёная гарбата? He праблема, памяняем на чорную. Але ўсё ж хачу параіць: пастарайцеся прывучыць сябе піць і зялёную. Хоць бы чаргаваць яе з чорнай. Вынік не задоўжыцца. Праўда. самі вы гэтага, можа, адразу і не адчуеце. Першай адчуе жонка...
Пакуль мы ўсміхаліся з доктаравага, можна сказаць, чыста інтэлігенцкага, жарту, падалі чорную гарбату. Урэшце мы не надта і прагнулі яе, але ўжо, за дзень-другі, зразумелі: гарбата тут не пітво, а перадусім баўленне часу. I нават нешта большае. Як у нас не робяцца справы без «моцных напояў», тут — без гарбаты. Разумеючы тое, мы таксама — услед за гаспадаром — дружна ўзяліся за кубачкі.
— Дык пра тутэйшыя звычаі,— працягваў тым часам доктар.— Паабедзенная лагоднасць дзяцей пустэльні — не мае граніцаў— правёў рукою, нібыта акрэсліваючы небакрай. Усміхнуўся і перайшоў на пафасна-жартаўлівы тон: — Прыняўшы дозу, без яе тут болыласць як без паветра,—укалоўшыся ці накурыўшыся, галава сям’і як бы знікае, зліваецца са святым духам, вызваляючы гэтак патрэбную ў жытле шматдзетнай сям’і прастору. Вяртаецца ж зноў у свет жывых быццам з ніадкуль. От не было нікога на ганачку — і на табе! — ёсць! Усмешлівы вясёлы чалавечак з кубачкам зялёнага чыфірчыку сядае на ніколі не маляваны ганак, асалавела азірае родную бязмежную пустэленьку і ўцягвае першы глыток — асцярожны, нясмелы, маленькі-маленькі. За ім — друті, больш пэўны, болып жыватворны. «Ха-а-а...— выдыхае і растае нашчадак аднаго з так і недарэзаных камуністамі басмацкіх родаў— Якшы-ы»1.1 зноў глыток: «А-а-а...» I доўжыцца гэта да вечара...
— Вы проста паэт! — не стрымаўшыся, перабіў я доктара,— Як сакавіта працэс адыходу ў кайф апісалі! I праўда, райскае жыццё зладзілі для некаторых не вельмі свядомых народаў кіраўнікі роднай камуністычнай партыі і шаноўнага савецкага ўрада. А як бульбаш ці хахол, дык — да станка яго, гада, да станка! I за тры капейкі ў дзень, за тры капейкі! Як паўднёва-ўсходні таварышсусед, нашчадак варвара Чынгісхана, дык — на яму, родненькаму, чыфірчыку, на! Хай прахалоджваецца-адпачывае! Толькі б не чапаў той станок: загубіць жа...
На здзіўленне (і дзякаваць Богу!), доктар не пакрыўдзіўся, наадварот, падтрымаў мяне:
1 Добра-а-а... (узб.)
— Цалкам з вамі згодны! Але... Але пра гэта, думаю, мы яшчэ пагамонім. Пазней...— I нарэшце-такі, зусім знячэўку, прамовіў: — Цяпер вернемся да вашага клопату. Я аддаю вам выдзеленую мне Мінздравам машыну. Не-не, не махайце рукамі! Вы не так зразумелі. Я аддаю вам не машыну a — чаргу на яе. На жаль, не маю змогі за вас яе аплаціць, самі бачыце — будуюся, другі паверх нават не скончаны, але, як кажуць, чым багаты — памагу: тысяча-другая заўсёды знойдзецца.
...Сустрэча з «беларускім даўжніком» у пясках Каракуміі — ці не найважнейшая частка нашай адысеі. Калі б не доктар і не яго шляхетны ўчынак, адплата доўгу заўчасна загінуламу сябру, дык што было б далей? А нічога! «Фініта ля камедыя!» Цалкам магло б здарыцца так, што вярнуліся б мы з пяскоў сыпучых наагул без караў. А хіба што — з пяском: у кішэнях, як ужо гаварылася. I на зубах. Таму доктару — доктарава! Тым больш што скончыў ён якраз, яшчэ раз падкрэслю, словамі, якіх болып за ўсё прагла душа мая, як і душы маіх сяброў-спадарожнікаў:
— Так што, калі не пярэчыце, прапаную праехацца ў аўтамагазін. Нас там ужо чакаюць.
V
У паўтаралітровую, малочнага колеру «пяцёрку» я ўлюбіўся адразу. Грошай на дзяржцану (за парогам магазіна машына каштавала ў два разы даражэй) было досыць, і доктару раскашэльвацца не давялося. Праўда, ад куплі і далейшай прэзентацыі яркіх югаслаўскіх чахлоў я «даўжніка беларусаў» не ўтрымаў.