Запісы забітага кантрабандыста
Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
Султан, убачыўшы грошы, якія лічыў ужо страчанымі, павесялеў усміхнуўся шэра-жоўтымі зубамі і ненапружную ўмову прыняў.
Гэтак мы і прамаршыравалі паўз вахцёра (агента 006 — атрымвай, лысы мікрахабарнік, новую мянушку!), выйшлі з небяспечнай для майго здароўя зоны — інтэрната політэхнічнага інстытута. Мянтоў ці, праўдзівей, «шэрых», на прахадной не заўважылі.
Я ўжо з палёгкаю ўздыхнуў, убачыў святло ў канцы тунеля, як раптам, амаль ужо на волі, нас раз’ядналі. А калі прасцей, мяне запынілі. Султан прайшоў спакойна, а госцю два плячыстыя, са строгімі тварамі таварышы — і адкуль толькі ўзяліся? — перагарадзілі дарогу.
— Тут жывеш? — здзекліва спытаўся адзін з іх, а другі адразу схапіў мяне за рукаво на выпадак, калі я паспрабую ўцякаць.
He паспеў я нічога сказаць, адказаць на пытанне, нібы і не самае цяжкае. He змог вось так адразу, з лёту, зноў у сітуацыю ўлучыцца. Усяго секунду назад расслабіўся, змяніў дух і не быў — фізічна не быў гатовы адказаць і на ўсякае іншае, яшчэ прасцейшае пытанне, напрыклад, як зваць хлапчыну — мяне, не каго іншага. Таварышы тармазнулі не толькі маё цела, але і свядомасць. Лёгка тармазнуць чалавечка, з маленства агаломшанага крыклівымі лозунгамі ды казачнымі тэорыямі. Куды складаней, як высветлілася, спыніць нашчадка тых, каго гандляры рабамі гадоў дзвесце назад шыфравалі як чорнае дрэва. «Дрэва» аказалася моцным.
— Тут! — больш чым упэўнена заявіў Султан і ўсім сваім атлетычным корпусам стаў паміж мною і цікаўнымі хлопцамі.— Са мною! — 1, зрабіўшы прыкметную паўзу, дабіў іх, няўсмеш-
лівых: — Пляменнікам пасла Сацыялістычнай Рэспублікі Гвінея! A вы супраць таго, каб мы, белы і чорны, пад адным дахам жылі? Супраць роўнасці і братэрства ўсіх народаў?
Супраць пляменніка пасла, а тым болып роўнасці і братэрства народаў вартавыя сацыялістычнай маралі і парадку нічога не мелі. Мелі супраць мяне, аднак гэтую сваю думку-прыдумку павінны былі пакінуць сабе.
I мы пайшлі далей — міма сталовай, да выхаду са студэнцкага гарадка.
— А калі пацікавяцца і высветляць, што ты жывеш адзін? — пасмялеў я, выйшаўшы на вуліцу і ўбачыўшы жаданы аўтобус.
— Нічога страшнага. Па дакументах я жыву з двума студэнтамі з вашых. Але каб перад вачыма не мітусіліся і ў чужыя справы насоў не сунулі, аплачваю ім асобную кватэру. I хлопцам даспадобы жыць самастойна, і мне добра. А калі пачнуць глыбока капаць — дарэчы, як я нюансы вашае мовы за пяць гадоў вывучыў? — хлопцаў і ў інтэрнат вярнуць нядоўга.
— Усё ж давай я касцюмец забяру ў цябе ў аўтобусе. На ўсякі пажарны.
— Ах, як дзяржава родная сваіх жа грамадзян застрашыла! — паківаў галавою Султан,— He ўкрадзеную, а купленую рэч чалавек баіцца ў рукі ўзяць, быццам страціць іх баіцца...
«У нас не сярэднявечная Англія і не Арабскія Эміраты мінулага стагоддзя — рук не адсякаюць. А вось галаву за парушэнне правілаў валютных аперацый могуць адцяць»падумаў я, але кампаньёну нічога не сказаў. Хіба жыхар вольнай Гвінеі мяне зразумее?
Так, моўчкі, і развіталіся. У аўтобусе Султан сунуў мне за пазуху шаўковы камплект, буркнуў: «Удачы!» — і на наступным прыпынку выскачыў. He, не на наступным — я папрасіў яго праехаць яшчэ адзін — на той жа пажарны выпадак. Перастрахоўка ў нашай небяспечнай справе — адна са складнікаў поспеху, ну ды пра гэта я ўжо, здаецца, казаў.
VI
Я ўпершыню дарыў Наташы такую дарагую рэч і, вядома ж, хваляваўся. Сэрца збівалася з рытму: а раптам, выклаўшы паўгысячы фунтаў не дагаджу? Раптам колер не той ці фасон не такі? А калі,
што найгорш,— памер не падыдзе? Прымяркоўваў на вока, але меркаванне — не меранне. Урэшце, раптам проста не пад настрой заяўлюся?
Аднак хваляваўся я дарма. У Наташы, калі яна ўбачыла серабрыста-блакітны камплект, зроблены на недасяжным для нас туманным Альбіёне, у старой добрай Англіі (мы любілі гэтую краіну-востраў завочна, па кнігах яе пісьменнікаў), так загарэліся вялікія карыя вочы, такім неверагодным шчасцем засвяціўся яе мілы тварык, што я думаў — памру ад разрыву сэрца.
Наташа абняла мяне і — ад чаго я й зусім страціў галаву — заплакала. Яна ведала, якой цаною дастаецца такое хараствоведала і забараняла мне выпрабоўваць свой лёс.
Я лёгка прытуліў каханую да сябе:
— Мая бедная... маленькая...
Наташыны слёзы капалі мне на грудзі. Гарачыя, дарагія мне слёзы. Нельга, няможна прымушаць яе плакаць. Ды што я магу зрабіць, калі Найвышні не даў змогі мне выбіраць? Зрэшты, выбар быў, але які?! Рызыкаваць, ісці па вастрыі нажа і думаць, што ты рухаешся ў шуканні лепшага жыцця, або да смерці чакаць на чужым прыпынку чужога аўтобуса? Да самай смерці чакаць...
Я не хачу прачакаць жыццё! He хачу!
Я абдымаў Наташу, цешыўся цяплом яе цела, слодыччу далікатных вуснаў. За гэта можна ўсё аддаць! Нават само жыццё!
Я быў шчаслівы. Я зразумеў галоўнае, і ні пры чым тут праклятыя грошы і бясконцыя гонкі! Я зразумеў праўду. У мяне ёсць за каго аддаць жыццё! Я зразумеў, што гатовы памерці за ўсмешку каханай! Шчасце — вось найвышэйшае прызначэнне чалавека!
За Наташынай спінай пад гадзіннікам я ўбачыў адрыўны каляндар. Машынальна зірнуў, прачытаў на ім: 1984, 8 лютага. Ну вось, учора лісток забыў адарваць... Гэтаксама машынальна адзначыў сабе: «Запомні гэты дзень. Дзень, калі ты зразумеў нешта вельмі важнае. Можа быць, найважнае для цябе».
Недзе паблізу паставілі на ўсю магутнасць родны «шарп», ці што — даляцела: «...пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Генеральны сакратар Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Юрый Уладзіміравіч Андропаў».
«Адышоў, карміцель. Чарговы правадыр Краіны Дэфіцыту,— падумаў амаль што абыякава. Знячэўку прамільгнула: — А можа, апошні? Апошні правадыр і першы ваяр невідочнага фронту?»
I яшчэ нейкая думка прабегла ў падсвядомасці, але чамусыді не пакінула следу. Непрыемная думка, трывожная. Такое засталося адчуванне. Вельмі канкрэтнае. Таму што мне і сапраўды стала халодна. Нібы мяне схапілі раптам у смяротна-ледзяныя абдымкі. I толькі праз які час тая думка-бяглянка павярнулася-варухнулася ў амаль нерухомых мазгах: «Калі-небудзь памрэм-адыдзем і мы, зусім іншыя ваяры зусім іншага невідочнага фронту».
Тады я не думаў, што гэта здарыцца так скора.
Усход штука тонкая
I
У далёкія васьмідзесятыя мінулага стагоддзя трон Галоўнага Стырнавога бязмежна ганарлівай Краіны Саветаў, тады яшчэ непадзельнай, заняў, урэшце, гэбіст, найінтэлектуальнейшы за ўсю лубянкаўскую гісторыю. I я дапяў: надышоў час адпачыць ад мясцін спазнаных. Дапяў, бо ўразумеў: хадзіць-дыхаць свежым паветрам па роднай зямельцы цяпер небяспечна. Памагатыя Галоўнага інтэлектуала могуць спорна даць па шапцы і не на жарт сапсаваць не толькі настрой, але і скурнае покрыва з фрызурай.
— А што гэта вы, добры чалавек, удзень і не на рабоце? — спытаюць,— Га?! Другая змена? Які ж вы гаварун, жартаўнік і адважны ўвадначассе! Дзівосненькае спалучэнне! Ўсё як мае быць! Ану, пройдзем! Дазвольце ж вас за ш-шкірку! Даз-з-в-о-о-лыде! Будзе ў цябе, разумнік, і другая змена, і трэцяя, і чацвёртая з коптарам, і пятая праклятая! Усё будзе!
Усяго мне не трэба было, усім можна толькі задавіцца. А таму ў роспачы надумаў я пакінуць на які час прасторы маёй невялікай, але вельмі любай Бацькаўшчыны. Наважыўся палавіць рыбку ў мутнай вадзіцы Каракумскай пяскаватай невядомасці. Нечакана паўстаць перад панамі экс-басмачамі з забароненай камерцыйнай прапановай: купіць у шчырых хлопцаў, ад белага спякотнага сонца разамлелых, не раскошу, а сродак руху (як пераконвалі нас, хітруючы, класікі) — саўковы «Mersedes», «Volvo», «Ford» і тачанку разам. А менавіта: нязбыўную мару сумленнага савецкага чалавека — аўтамабіль, мабыць, і нездарма ахрышчаны татарскім словам «Жыгулі».
Адзін, вядома, у такое далёкае падарожжа не выправішся. Дык ідэяй вандроўкі на «Каракумскую выспу скарбаў» я падзяліўся са старэйшым таварышам па рабоце Валерыем Яфімкіным. Ён не толькі ўспрыняў сказанае блізка да сэрца, але і стаў актыўным арганізатарам каманды — збіральнікам, натхняльнікам і папулярызатарам.
— Колькі таго жыцця! Пад лежань-валун вада не цячэ! — размахваў агітатар метровымі рукамі і бліскаў дзюймовымі вачыма.— Ляцім, пакуль лепшыя тачкі не парасхапвалі! (Уласна, тады і прыйшло мне да галавы, што «тачка» — слова, можа, скарочанае ад «тачанкі».)Вы ж ведаеце, Масква дзецям поўдня заўсёды зямных даброт больш падкідвала! — не сунімаўся аратар — Іхным слязам яна верыць. А як жа інакш? Усход — штука, вядома, тонкая, як у тым фільме казалася, але і капрызлівая, дадам ад сябе.
Рана ці позна пасля такіх гучных слоў і зманлівых абяцанняў павінна была згуртавацца падпольная каманда ахвотнікаў рызыкнуць сваім здароўем і грашыма. Яна і зберлася. Аднак сам Валерка ў апошні момант занядужаў і ў тую дарожку не выправіўся. Так і не ўведалі мы, ці сапраўды галоўны агітатар прыхварэў ці проста трохі астыў, пакуль іншых вучыў праўдзе-розуму. Ды хай яго Бог судзіць.
Урэшце група азіяцкага захопу сфармавалася з трох адважных гвардзейцаў.
Першым хацелася б назваць кіраўніка раённага хору — маларослага чалавечка з лысінкай, самааддана закаханага ў сваю занадта фігурыстую Рымачку. Гэта быў ціхі, на людзях і мухі не пакрыўдзіць, але ваяўнічы на кухні нацыяналіст з велізарным і неўтаймоўным жаданнем вырвацца з галечы. Як сапраўдны змагар за справядлівасць, а значыць, прыхільнік усяго экстрэмальнага, у тым ліку забароненай літаратуры, у прыватнасці самвыдату і антысавецкай замежнай фантастыкі, ён і мянушку меў адпаведную — Гары Гарысан. Для сваіх — Гарык.
Другім ахвотным праехацца ў край далёкі стаў «часовы» сусед кіраўніка раённага хору па лесвічнай пляцоўцы, прымак з разліку (прапіска плюс дармовы секс) недавучанай бульбашкі, аматар вясёлага, бесклапотнага жыцця і ўладальнік моцнага здароўя грузін Вахтанг — красунчык, росту трошкі большага за сярэдні, з пякельна-чорнымі шарлатанскімі вачыма. Фразу: «Ах, якая дупка!>> — ён вымаўляў без аніякага акцэнту. Ён, супраць свайго славутага цёзкі, народнага спевака Кікабідзе, быў «вольным» мастаком і баламутам.
Укамплектоўваў бліскучую тройцу ваш пакорлівы слуга — таксама «хлопец з нашага двара» (як і сачок-агітатар пералічаных вышэй таварышаў Валерка), даўней студэнт-спартсмен-камсамолец-выдатнік, потым — абаронца не сваёй Радзімы, а на той момант — ну што зробіш?! — звычайны, прыдушаны жыццём радыёінжынер, ды заадно — меламан, аматар вострых адчуванняў і прыгод — часцей на сваю галаву.