Запісы забітага кантрабандыста
Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
Зрынаты мытнік, атрымаўшы адступнога, хутчэй за ўсё адпусціў бы ляльку, але ж во няўдача: хлопцы ў плашчах умяшаліся! Сына знатнага таварыша падстрахоўвалі, а тут даўся шанец вызначыцца. Цяпер усё пойдзе па поўнай праграме: спачатку будзе зададзена
«вясёлае» пытанне: «Дык, значыць, дэюіарацыйку запоўнілі, упісалі ўсё, што належыць». Потым пойдзе паўторны, ужо таталыіы шмон, за ім — складанне пратакола, канфіскацыя, а далей — як карта ляжа. Можа так легчы. што і да закратаванага неба дойдзе. Артыкул жа сур’ёзны: незаконны вываз замежнай валюты ў асабліва буйных памерах. Для нас — на жаль! — іншых артыкулаў няма. Мы ж ворагі дзяржавы! Адначасна і найлепшыя сябры масаў. Паспрабуй купі танней! Але ж цана гэтаму «танней» часам бывае над меру высокай...
Шкада, да болю ў сэрцы шкада было Барбі, але пры мытным даглядзе ёсць няпісаны закон, правіла, умова: кожны — сам за сябе. Жыццё так завязала-абавязала. Былі выпадкі, сёй-той расслабляўся, спрабаваў падаць руку тапельцу, вырваць сябра з ваўчынай пашчы. У выніку зазнаваў поўнае фіяска: «залятаў» сам і нярэдка яшчэ каго пад разборку ўцягваў. А вы ведаеце, што такое трапіць пад разборку? Гэта — быццам у цябе адрэзалі частку цела, скажам — нагу. Нават, бадай, горш. Бо жывуць і без ног, а вось пасля разборак хтокольвек гэты свет пакідае.
Помню, як білася галавою аб падлогу, галасіла і стагнала такая самая, як і гэтая злоўленая Барбі, размаляваная прыгожая дзеўчынёха. Як трагічна падобныя некаторыя лёсы! 3 эканоміі не «купіла» дэкларацыі на права вывазу валюты і, у дадатак, спяшаючыся, лішнія купюркі схавала так, што нават салагі знайшлі іх за некалькі хвілін. А грошай амерыканскіх было нямала: хацела зарабіць не толькі на хлеб з маслам, але і гардэробчык абнавіць. Вось і абнавіла. Апошняе страціла. Абчысцілі галубачку да ніткі...
А Барбі «плашчы» падхапілі і, нібы тэрарыстку, павалаклі «за кулісы».
Як яна залівалася слязьмі, вырывалася, маліла, прасіла! Знаёмая тут сцэна, нярэдкая. Але мытня, як і Масква, слязам не верыць. Я ведаў што дома ў Барбі засталіся маці-пенсіянерка і двое хлопчыкаў ведаў што ў кожны прыезд дзецям даваліся падарункі, і разумеў: гэтым разам не дачакацца ім стракатых пакетаў з цацкамі. Можа быць, не прыедзе і мамка, доўга не прыедзе. Але што я мог зрабіць? «Заляцелай» красуні ўжо нічым не паможаш. Шакалы ўчапіліся ў яе моцна. Дзеля чарговай зорачкі яны і роднага брата на часткі разарвуць. А мяне дома таксама чакаюць двое малых...
Задушыўшы ў сабе небяспечны тут жаль, я накіраваўся ў залу чакання, у якой толькі й было, што некалькі радоў былых
кінатэатраўскіх крэслаў. Мой ды Сяргееў пакеты з ежаю аб’ядналіся ў адзін, ён ляжаў цяпер між намі. Выклічуць на пераправерку Сяргея — ён возьме толькі сваю сумку. А пакет чый? Пакет — не яго. Паклічуць паўторна мяне, прыхаплю толькі свой баульчык пакет — не мой. Нават прайшоўшы мытню, расслабляцца не спяшайцеся: вас могуць высмыкнуць з залы чакання. Нярэдка гэта робяць прадстаўнікі іншай службы, пры ўспамінанні пра якую і найадважнейшаму мытніку хочацца кульнуць чарку. Яны ўсё могуць, але не ўсё ведаюць, а тыя, што ведаюць,— маўчаць. За тое, каб знаўцы «не ведалі», даводзіцца залучаць іх апетыты-веды ў сабекошт тавару.
«Інфармацыя — гэта грошы»думаюць некаторыя.
«Інфармацыя — гэта болей чым грошы»сцвярджаюць знаўцы. «Інфармацыя — гэта ўсё!» — кажуць багатыя.
«Інфармацыя — гэта жыццё!» — кажу я.
«Інфармацыя — гэта добрае жыццё!» — ведаюць абраныя.
*
— Ці ты Ясь, ці ты не...— матляў галавою сп’янелы Сяргей.
— Ці ты Ясь, ці ты не-еабагнала і пераспявала яго Ліля,— спадабаўся ты мне!
На час «гастроляў» Ліля рабілася Сяргеевай жонкаю. Збліжаліся яны адразу пасля ўзлёту; развітваліся — за хвіліну да пасадкі на роднай зямлі.
А дома ў Лілі быў муж — заводскі інжынер-рабачай, які цягнуў на худых пракураных плячах усё КБ, але не выцягваў і траціны рэальнага сямейнага пражытнага мінімуму Ён жыў звычайным шэрым даперабудоўным савецкім жыццём і шчыра верыў: менавіта яго стараннямі ў сям’і ўсе адзетыя, абутыя, не галодныя, а ў выходныя пуцуюць апельсіны і бананы. Ліля з ім не спрачалася, ніколі нічога не тлумачыла і нават па-свойму кахала. Але ў дарозе адрывалася ад нудных будняў, дазваляла сабе развеяцца. He супраць быу адпачыць ад жонкі-выхавальніцы («Ох, і заляціш ты калі з поўнай канфіскацыяй!») і Сяргей. Вось такая «сямейная пара», даволі тыповая для «эміратнікаў».
Дзіўна, як абое яны мяняліся, калі вярталіся ў Мінск і сходзілі з трапа самалёта. Уражанне было такое, што гэтыя двое не толь-
кі не ведаюць адно аднаго, але і псіхалагічна несумяшчальныя. Сяргей — вечна расхлістаны, гаманлівы; Ліля — сама акуратнасць, строгасць, спакой. Флірт фліртам, а сем’ямі «эміратнікі» даражылі.
ц
107
і"
*
Пабудзіла нас сцюардэса, як заўсёды, загадзя. «Непрабудных», назюзюканых — шмат, а яны з сяброўкаю — удзвюх; пакуль усіх раскатурхаюць...
Усё ж голас у яе быў нязвыкла рэзкі, але спрасонку я не надаў гэтаму значэння. Пазней, у гатэлі, пачуў: селі мы толькі з трэцяга заходу. Я не здзівіўся. «ТУ», адбыўшы два тэрміны, вядома ж, стаміўся цягаць нас па белым свеце і, здаецца, надумаў паставіць крыж на сваіх пякельных пакутах. Двойчы, заходзячы на пасадку, ён не выпускаў шасі. Але. за трэцім разам стары злітаваўся, пашкадаваў бедалагаў-чаўнакоў. I нават досыць мякка, нібы просячы прабачэння, прызямліўся.
«Сабрацца!» — загадаў я сабе, як, відаць, і ўсе, спускаючыся па трапе. Нас чакала новая небяспека — арабы. Гэтыя хлопцы амаль непрадказальныя. Хоць мытня ў Дубаі нулявая (максімум, што забяруць, дык гэта лішнюю гарэлку), затое ў іншых дачыненнях... Прагледзеўшы пашпарт, возьмуць і заедуць ні з пушчы ні з поля проста пад дых: «No!» No — і ўсё! Накаўт! Тлумач, даводзь, крычы, скардзіся, млей — «No!» I кожны з нас, аддаючы дакументы, высільваўся на ўсмешку, на ўпэўненасць: «Усё о’кей, ніякіх “No!”».
Аднак «No!» прагучала і гэтым разам. На адрас Лёвы.
0 Божа, ці ёсць Ты на свеце?! Я вытрымаў бы такі ўдар, Сяргей — таксама, Ліля не здалася б, ды і іншыя, відаць. Толькі не Лёва. Ён быў сумленным хлопцам, чаўнаком-аратым, але — бесталковым, нікуды не вартым рахункаводам і ўжо даўно заблытаўся ў сваёй бухгалтэрыі: што выгадна вазіць, а з чым «пападалава», дзе плюсы, а дзе мінусы. Ён лётаў закупляўся, працаваў a хмары згушчаліся. I чым болей Лёва лётаў, чым болей накупляў, тым болей дадавалася блытаніны з грашыма і таварам, тым часцей ён мусіў рызыкаваць, «біць па-банку», набываць новы, не правераны на прадавальнасць тавар (а разам абавязкова трэба ўпісацца ў адпускную цану, меншую за магазінную ў паўтара-два разы), тым
глыбей залазіў у пазыковую яму. I цяпер яму сказалі: «No!» Ціха, забойча, непахісна. Як дубінкаю па нырках.
Аднак гэтым разам удалося яго ўратаваць. Я забраў у Лёвы грошы і спіс з заказамі. Мы абняліся, развіталіся, і ён пацёгся ў бар глушыць горкую і чакаць зваротнага рэйса. Сяргей даў яму пакет з «белай», замаскаванай пад мінералку; у Арабскіх Эміратах сухі закон.
Лёве не пашанцавала толькі з уездам. Некаторым жа...
Быў у мяне сябар — Віктар. Куды пазней за падзеі, якія тут апісваюцца, калі ўжо практычна не было сэнсу купляць тавар у Эміратах і большасць перакінулася на іншыя краіны-кантыненты, ён працягваў лятаць у Дубаі па сімвалічныя дзвесце «зялёных» ды яшчэ і транзітам праз Маскву Чаўночны бізнес у Эміратах для большасці быў не першым, чым яны заняліся ў перабудовачныя часы. Віктар жа спахапіўся позна і звольніўся з інстытута толькі на пачатку дзевяностых. А тут яшчэ і ажаніўся. Неўзабаве нарадзілася дачка, і пайшло-паехала: ложачак, возічак, памперсы, зусім не таннае фінскае дзіцячае харчаванне, садавіна, сокі. Патрэба ў грашах расла з гнятлівай хуткасцю. I Віктар працягваў цягаць мяхі туды-сюды амаль задарма. Некалі захапляўся культурызмам, і цягаць груз было не так ужо цяжка. Нават форму быццам падтрымваў. Але сэрца...
3 чарговай паездкі Віктар вяртаўся, цягнучы на сабе пяць аграмадных баулаў.
Да свайго дома Віктар падходзіў уночы. Стаялі лютаўскія маразы, а яго праймаў пот. Раптам адчуў боль у грудзях. «Нічогасупакоіў сябе,— дайсці да ліфта, а ад яго — два крокі». Але ліфт не рабіў, і два крокі абярнуліся ў сто пяцьдзесят чатыры. На сто пяцьдзесят пятым, перад самымі дзвярыма, Віктар упаў. Разляцеліся ў розныя бакі баулы. У адным разышлася маланка, і з выпнутай упакоўкі памперсаў усміхнулася вясёлая маленькая бландзіначка. Зусім як Віктарава дачушка.
Калі б ён змог дацягнуцца да званка! Калі б Люда, выглядаючы яго з акна, не адлучылася пераспавіць (скончыліся няшчасныя памперсы) дачушку... Ды рвецца заўсёды там, дзе тонка. Так і абарвалася Віктарава жыццё.
Ён быў не першы з «эміратнікаў», хто ахвяраваў сабою, каб у сям’і быў хоць нейкі дастатак. He дачакаюцца хлопчыкі з бабуляю і ўспомненай вышэй Барбі — мамы і дачкі. За два месяцы да вызвалення з лагера яна загіне на будоўлі нікому не патрэбнага электразавода. Прыдушыць красуню трохметровая пліта перакрыцця.
Усё гэта адбудзецца значна пазней, а цяпер... I
Цяпер мы праходзілі дубайскую мытню. Як звычайна, пацярпелі аматары зэканоміць на «гаручым» (у Эміратах, нагадаю, яно прадаецца толькі ў спецмагазінах для белых і коштам ад дзесяці ўмоўных адзінак) і ўзяць у «паход» сваё. А наагул усё прайшло спакойна.
Выходзілі з аэрапорта, нібыта з вайны вярнуліся. Нарэшце засталіся ззаду праверкі, ператрусы, гулкі грукат сэрцаў у грудзях. Наперадзе — свабода. Свет рабоў іхных гаспадароў і наш свет — тых, хто між імі.
Ішоў пераломны 1996-ы. Канец лістапада.
Мы выйшлі на плошчу перад аэрапортам «Дубаі» ў 12.34 па мясцовым часе (дарэчы, ён супадае з нашым). Зіхоткі, у праменнях сонца, паралелепіпед вакзала, тоўстае шакаладнае шкло вокнаў, увішная здаравяцкая абслуга з нястомным кваканнем: «What? What? What?»1 — усё гэта крыху падымала настрой.
Было не горача: плюс дваццаць дзевяць.
Ад часу сустрэчы ў «жоўтай чарапасе» з двума салдатамі невідочнага фронту і сябрам з «групы падтрымкі» мінула каля дванаццаці гадзін. Больш дакладна, два гады і дванаццаць гадзін лёту-жыцця над безданню. Нашага жыцця.
— Касіў Ясь канюшыну! — ажывала ў таксі за маёй спінаю Ліля,— Ка-асіў Ясь канюшыну...