Запісы забітага кантрабандыста  Леанід Маракоў

Запісы забітага кантрабандыста

Леанід Маракоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2008
60.2 МБ
Горка-іранічная ўсмешка скрывіла ягоныя вусны. Так, цяпер ён можа і паздзекавацца з сябе: зрабіўся багаценькім. Значыць, з ранейшага і пакпіць не грэх. А калі сур’ёзна, папраўдзе? Дык нешта-такі спакусіла? Прачуванне, быццам у гэтым падарожжы нешта адбудзецца? Нешта здарыцца такое, што пераверне ўсё
ягонае жыццё? Пахітаў скрушна галавою, бы дзівячыся з таго, што ён, напавер, яшчэ зялёны юнак, раз гэтак наіўна верыць ці, прынамсі, спадзяецца на нейкі цуд.
— Зноў захандрыў? — з’явіўся нарэшце Аляксандр-Алекс — He пакінуць і на хвіліну! Годзе ўдаваць з сябе пакутніка! Слухай навіны. Зараз павесялееш. Я абышоў вагон, памеркаваў, што да чаго. Нашага з табой брата — ну, ты мяне разумееш — налічыў акурат з дзесятак. Дык пяць на пяць. Аптымальнае, адзначу, умеркаванне. Сабе пару, здаецца, падабраў Чарга за табой. Параіў бы атакаваць суседку маёй па купэ, але баюся, што яна птушка няўлоўная. Рукі ў золаце, на вушах — брыльянты, адзетая — быццам у Галівуд на ўданне Оскараў зберлася. Дый сама — краля атамная. А пах які ў яе купэ! Нібыта ў парыжскі парфумны магазін трапіў. Галава кругам! Такіх мадам-с у нашых вандроўках не сустракаў Яна з іншай оперы. Выпадковая, залётная пташачка. Выдае, што збегла ад мужамільянера на пару дзянькоў — развеяцца. У народ падацца. Можа, за ёю і пагоня ляціць? Самы, што ні кажы, дэтэктыў на тваіх вачах раскручваецца, а ты — сумуеш. Урэшце, глядзі сам. Бачу, таксама не прасцячок. Джынсы «Levis» — фірма без пытанняў. Красоўкі з трыма палоскамі, як у зборнай Саюза. Адным словам, думай, а я пайшоў збіраць статутны капітал. Трэба ж вас неяк аб’яднаць, згуртаваць. стварыць калектыў аднадумцаў у расслабленні і вясёлым ладзе жыцця. Інакш усю дарогу праседзіце, зашыўшыся ў нумарах. Знаная рэч. праходзілі. Знаёміцца трэба яшчэ ў цягніку, бо маліну могуць перахапіць мясцовыя джыгіты. Усе яны пры грашах. А бабкі каму хоця галаву закружаць. Допінг, які спрыяе збліжэнню ў палявых умовах, сам разумееш, адзіны — віно. I чым больш яго, тым хутчэй збліжэнне. Спраўджана ўжо...
Аляксандр, ён жа Алекс, ён жа Сашка, дастаў са свайго дыпламата пацёртую беспамеравую палатняную сумку і выйшаў.
«Добры экскурсавод,— зноў пахваліў Уладзімір хлопца,— учынны. Іншы на ягоным месцы пачаў бы нешта гамазіць: сёння адпачываем, усе пытанні па прыездзе. А гэты — з ходу ў бой! Малайчына, не лайдачыць. Пашанцавала, што ні кажы».
«Пашанцавала». Слова гэтае чамусьці асела ў галаве і нечым трывожыла. Кажуць, калі пашанцавала спачатку, дык будзе шанцаваць і далей. У чым? У каханні? Як у той славутай песеньцы савецкага баевічка пра белае сонца пустэльні? Дык там жа пашанцавала, здаецца, у смерці, а не ў каханні! Ці наадварот?
Добра было б, каб пашанцавала якраз у каханні, бо апошняе чамусьці абмінала яго. Пэўна што, сам вінны. Занадта высокімі меркамі мераў. Занадта ідэальныя ідэалы вымалёўваў і вышукваў. Вось жа, каб, як у салодкі вір, і на ўсё жыццё’ Каб аж дух займала, разрывалася-растаплялася сэрца!
I вусны ў каторы раз зноў перасмыкнуліся — зараз нават з нейкай з’едлівасцю: які ж ён дурань! У трохдзённай пустапарожняй п’янай (вядома ж, не без гэтага!) прагулянцы марыць спаткаць вялікае і светлае каханне! Ах-ах! Святая прастата! Наіўнасць, кажуць, як і дабрыня, аздабляе і нават ці не ратуе свет, аднак часцей за ўсё падводзіць асобнага чалавека.
Алекс не затрымаўся. За ім у дзвярах паказаліся афіцыянт (выдавала адзенне) і двое кавалераў. Уладзімір здагадаўся: з іхнае, мужчынскае, пяцёркі, пра якую казаў яго аднакупэйнік і новаспечаны прыяцель. Пад чулым кіраўніцтвам экскурсавода яны недзе ўжо крыху «прынялі» і цяпер расслабіліся, усміхаліся. Адзін, жвавейшы. з ходу адрэкамендаваўся: «Віктар!» — і прыстукнуў абцасамі, як унтэр-афіцэр у бальшавіцкіх кінастужках. Сыпаў жартамі, іскрыўся весялосцю. Ужо праз хвілінку даверліва казаў Уладзіміру:
— Алекс кажа, ты на мільянерку вока паклаў. Што ж, пану, як кажуць, лепш відаць. Мы сціплейшыя, на каралеў не заглядваемся.
— He мялі, Віцька, лішняга,— перапыніў жартаўніка Алекс,— Збегай лепш па цыгарэты. Пра курыва зусім забыліся.
— Арганізуемпамяркоўна адказаў Віцька і знік.
Алекс пазнаёміў Уладзіміра з другім з іхнае пяцёркі:
— Гэта Сяргей.
— Валодзя,— паціснуў ён руку высокаму, русяваму, з дабрадушным тварам хлопцу,— Ну вы, чэрці, і набралі! — ацаніў колькасць выкладзеных на лаўку закусі і напояў— Імяніны ў каго ці Дзень настаўніка ўздумалі адзначыць?
— У мяне народзіны,— засаромеўся Сяргей,— I зарплату ўчора атрымаў. Так што... Дарэчы, мая мама і праўда настаўніца.
— He бянтэжся, Сяргейка, тут усе свае,— падбадзёрыў яго Алекс — А дзе ж наш пяты? — успомніў пра «пяць на пяць»,— Голіцца? Бач ты, які ў Віцькі сусед абачлівы. Між іншым, твой канкурэнт, Валодзя. У яго таксама разлік на мільянерку.
— Канчайце, без мяне мяне ажанілі,— незласліва абурыўся Уладзімір,— Чым слухаць вашу балбатню, наведаю лепш тамбур, асвяжуся на халадку.
Выйшаў у тамбур і сутыкнуўся з свежанапарфумленым «пятым» — як ён адразу здагадаўся. «Нішто сабе хлопчык, акуратненькіпарахаваў— Бадай што, і занадта. Сапраўды канкурэнт! I, мабыць, небяспечны. Як у яго наконт шэрага рэчыва, інтэлекту, значыць? Трэба паглядзець».
— Добры дзень,— павітаўся Уладзімір,— Думаю, вы з нашых, чарнавіцкіх?
— Але, ваша праўда. Экскурсавод, Аляксандр, здаецца, казаў што збор у ягоным купэ хвілін праз пятнаццаць. Вас, пэўна што, паслалі мяне з курылкі выкурыць? — скаламбурыў «пяты».
«Не ставала, каб мяне нехта некуды пасылаў». Уладзімір адчуў ці не падкат злосці і адказаў у такім самым лёгка-іранічным тоне:
— Ай-я! Прасілі знайсці каго на падмогу дзяўчатам — стол сервіраваць.
— Што ж, можна і памагчы,— «Пяты» патушыў цыгарэту і прайшоў у вагон.
«Не такі ўжо і змей, дарма злаваўся. I наагул, мужчынская палова, здаецца, на вышыні. А ў дадатак — ніводнага знаёмага»,— ужо зусім супакоена падумаў Уладзімір, зацягваючыся ментолавым «ВОК».
Цыгарэты напярэдадні купіў, без пракгыкі, як мага даражэйшыя, нават не ведаючы, што за яны, бо курэннем пачаў бавіцца нядаўна, як грошы завяліся. Думаў даражэйшыя — лепшыя. А тыя. як выявілася, жаночыя, амаль што безнікацінавыя, накурыцца імі нельга. Дык патушыўшы трэцюю, кінуў пачак у тамбурную сметніцу. «Трэба пашкадаваць лёгкія, пакуль не прысмактаўся»падумаў сам сабе і вярнуўся ў вагон.
У іхным купэ чуўся гучны смех, раз-пораз яго перапыняў спрактыкаваны барытон гаспадара.
Калі Уладзімір адсунуў дзверы, у формуле «пяць на пяць» заставалася адзіная вакансія.
— Прывітанне!
— Дабрыдзень! — пачуліся галасы.
Адказаў з усмешкай:
— Добры дзень і вам, людзі добрыя! — 3 паклонам, не надта модна, але элегантна назваў сябе: — Уладзімір.
Абвёў вачыма павесялелую ад першай чаркі кампанію. Пагляд прыліп да дзяўчыны, якая сядзела пры акне. «Тая самая, недасяжная»,— здагадаўся. 3 ходу адзначыў: «На выгляд гадоў
дваццаць: век — дзяўчыны-жанчыны. Вочы вялікія, сінявата-чорныя, валасы — пышныя, кучаравыя, як у мулаткі, скура — белая, чыстая, вусны, шчокі, нос — усё прыгожае, амаль што ідэальнае. I туман ад Францыі. Хмельны туман. Туман, які паглынае, гіпнатызуе, паралізуе. Няйначай хвалёны “Энволь”».
Яна адчула Уладзіміраў пагляд, злавіла яго, захапіла, спапяліла, скамечыла, стрэліла сваім, упілася, выціснула, як лімон, адпусціла, усміхнулася. «Та-ак,— пагадзіўся Уладзімір з бывалым Алексам,— няўлоўная і небяспечная. Ведзьма. Гэтакіх спальвалі на плошчах. A я заўжды шкадаваў спаленых ведзьмаў. Можа, і дарма...»
Алекс быў шчырым прафесіяналам у сваёй справе, і ноч праляцела — як імгненне. Апамяталіся пад раніцу. Прытарможаныя стомай, заціхлі. Пакрысе распаўзаліся па сваіх купэ. Знаёмства адбылося, хоць пакуль што — агульнае. Пары не сфармаваліся, але пэўнае збліжэнне намеркавалася.
— Для пачатку — няблага,— пазяхаючы, падсумоўваў Алекс, калі яны засталіся ў купэ адны,— Цяпер да вечара — ціхая гадзіна, a там — зноў у бой. Спакой нам толькі сніцца. Сэ ля ві.
Уладзімір на Алексавы высновы і надумы рэагаваў досыць абыякава. Нічога новага пад гэтым белым месяцам. Усё, як і трэба было чакаць, як вядзецца ў дарожных, на скорую руку, застоллях. Хіба толькі адзін вынятак — Марына. Божае стварэнне — пекнаты неймавернай! Сапраўды ідэальнага хараства! Якраз такую прагнуў сустрэць, хоць, пэўна ж, і не спадзяваўся, што яны ёсць, існуюць у рэальнасці. Незямное — нябеснае хараство! I сама ці не лепш за іншых разумее: не проста жанчына — багіня! I неначэпна, ледзь улоўна, падкрэслівае гэта, падтрымвае над адмыслова-бездакорнай галавою німб сваёй адметнасці. Нібы кажа: «Глядзіце, цешцеся, аднак жа... He спадзявайцеся! He разлічвайце! He лезьце з прызнаннямі!» Алексава банальнае «сэ ля ві» тут нічога не вытлумачвае: апроч Марыны, ніякага іншага «ля ві» там не было.
Думка абарвалася нечаканым, нават раптоўным Алексавым пахропваннем. Уладзімір схамянуўся, пазайздросціў: «Умеюць жа людзі вось так, легчы і адразу забыцца, заснуць. ІПчаслівы чалавек. Нервы — жалезныя».
Але неўзабаве здаўся і сам. Нервы нервамі, а арганізм сваё ўзяў.
Разбудзіла іх правадніца:
70	—		
— Падымайцеся, хлопцы, a то і памыцца не паспееце. Скора Чарнаўцы.
— Нішто сабе — прылеглі...— цяжка прачынаўся Алекс— Далі маху! Ды не бяды, на месцы наможам. I ты глядзі, ніхто не разбудзіў. Усё ж ціхая група назбіралася, інтэлігентная. Тэрмінова трэба нешта рабіць. Гэтыя сціпленькія ўвесь адпачынак могуць сапсаваць.
На вакзале Алекса сустракаў ягоны калега і, як відаць, даўны прыяцель з пралетарскім імем Арцём, ці — Малдаван, як ахрысціў яго Уладзімір за чорную чупрыну і вясёлы нораў. Ён і запрасіў іх «крышку праехацца».
— Сядайце, не бянтэжцеся,— адразу ўзяў стырно ў свае рукі,— Шчыра запрашаю ва ўкраінскую Швейцарыю!
Ехалі нядоўга, але і за гэты час шустры ды вясёлы Малдаван паспеў шмат чаго расказаць з гісторыі Чарнаўцоў. Гаварыў і пра свайго славутага земляка. Праўда, Уладзімір, загледзеўшыся на хараство тутэйшых мясцін і, думаючы нешта сваё, недачуў.
Рассяліў Арцём мінчукоў у двухмесных нумарах. Уладзіміра Алекс, вядома, узяў да сябе. Ён запрыкмеціў яго і прасякнуўся сімпатыяй яшчэ на вакзале ў Мінску, а найболей — у цягніку, калі на пытанне, адкуль бяруць грошы на такі, як у яго, «прыкід», Уладзімір адказаў што начамі вядзе эксклюзіўную дыскатэку, на якой асноўны кантынгент — прадстаўнікі новага капіталістычнага класа. Тады Алекс рэзюмаваў: «Зразумела, няма пытанняў».