Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
Марыя, забыўшыся на пакутны голад, ня зводзіла зь іх вачэй. Што за пара — Карпацін і Лара! Ну, і што яны прызапасілі тут для яе?
Барадаты заварушыўся, і зьедлівы голас прамовіў:
— Ну н ну! He моя лн это старая знакомая, моя любнмая учнтельннца! Как же, как же — рады вндеть!
Хлопцы за сталом захіхікалі, а камандзір працягваў:
— Вы, настаўніца наша даражэнькая, ужо прабачце, што я так прапусьціў магчымасьць абнавіць нашыя ўзаемавыгадныя адносіны. Цяжар абавязкаў, разумееце. Але сёньня, спадзяюся, з дапамогай гэтага сяброўскага тут гурту я змагу загладзіць сваю правіну. Ці ня так, Ларыса Сямёнаўна?
— А як жа ж, Аляксей Пятровіч. To ж бо... — тут жа пагадзілася Лара, зыркнуўшы на Марыю вачыма.
— Ну, як мы ёсьць ужо знаёмыя, — працягваў барадаты, — ня будзем марнаваць часу на прэлюдыі. Нашая дарагая госьцейка, пэўна ж, галодная, чаму б нам, таварышы, не запрасіць яе да стала. Дайце-ка ёй месца тут, побач са мной.
Пакуль партызаны хуценька перасоўваліся ды ўсаджвалі Марыю справа ад Карпаціна, Сьцяпан тым часам прысеў з другога кута стала.
Камандзір працягваў усё тым жа манерам:
— Толькі сёньня я меў поўны рапарт аб вашай учорашняй апэрацыі ў Малых Луках па зьнішчэньні фашыстоўскага падсабачніка Янкі Белага. Мне далажылі, што разам з тут прысутнай групай вы таксама сьмела бралі ўдзел у ёй. To вось я падумаў, як жа мы можам пакінуць вас, не запрасіўшы да нашага сьціплага сьвяткаваньня? Вы заслужылі, каб быць тут прысутнай, ці ня так, дарагая настаўніца?
Марыя была так блізка да ежы, што проста цярпела танталавыя пакуты. Спазмы страўніка прымусілі яе падумаць, каб нягледзячы на блізкасьць гэтага злыдня, ці не накінуцца ёй зараз жа на тую зашквараную сьвежыну, што стаяла перад носам. Карпацін і Лара (са сваёй яхіднай ухмылкай) і іншыя, пэўна, выразна адчувалі гэта, сочачы за ёй з усіх бакоў.
Марыя агледзелася на ўсю каманду. Бо ж учора яна бачыла іх толькі коратка. Па звычаі «лясных хлопцаў» бальшыня іх паадрошчвалі бароды, і, напэўна, кожны зь іх, як сьпявалася ў іхнай песьні, паабяцалі пагаліцца толькі «как прогоннм Фрнца co страны».
Коля, што сядзеў побач з Ларай, быў самы малады на выгляд — страмкі, з шырокімі вачыма, зарослы русявымі валасамі, якія паклікалі да ўвагі цырульніка. На ягоным твары не было й сьледу тае мярзотнасьці, такой звычайнай сярод старэйшых партызан. У Мішы была вялікая квадратная галава, яму было каля сарака, лысаваты, з адсутным позіркам, вялізным, непрапарцыянальным да ўсяго твару ротам, глыбока пасаджанымі вачыма. Патапыч — чарнявы, з густымі брывамі, злосным
паглядам — само чаканьне ліхадзейства. Грыша — мядзьведзь зь вялізнымі сялянскімі рукамі, рабым тварам, крыважэрнымі вачыма. I лагодны, спакойны, але вечна пільны, заўсёды напагатове, Сьцяпан.
Вакол усіх іх лунала паветра чаканьня нейкага йгрышча, быццам зараз рассунуцца кулісы й пачнецца спэктакль.
Ув атачэньні такой сьвіты, запаважаная прысутнасьцю Карпаціна, Лара сядзела ўся ў арэоле добра выкананай справы з выглядам чалавека, які наперад ведае, што й як тут зараз будзе, быццам той дасьведчаны паляўнічы, што пільнуе сіло на даўно высачанага зьвера.
Што б гэтая кампанія ні заплянавала для Марыі, адылі Карпацін не праяўляў ніякай сьпешнасьці, гуляючы ў бацькоўскую лагоднасьць са сваёй паланянкай. Перакідваючыся абазнанымі паглядамі з Ларай, ён кіўнуў Колю на вялізную бутлю, і хлопец ужо толькі зьбіраўся напоўніць камандзірскі кубак, як Карпацін прапанаваў:
— He, не. Мы ж мусім наліць «штрафную» нашай запозьненай госьці. Усё ж такі, яна нашая — так бы мовіць — ганаровая госьця сёньня. I, калі мне дазволяць сказаць шчыра, — зьвярнуўся ён наўпрост да Марыі, — гэтая сукенка вам вельмі да твару, мая дарагая настаўніца. Яна аддае належнае вашай недаацэненай зьнешнасьці. Ці ня так, Ларыса Сямёнаўна?
— А як жа, — сьпешна адказала Лара. — Яна так насуе ёй. А табе яна падабаецца, Марыя?
Партызаны пахвальна загудзелі. Марыя здагадалася, што яны будуць гуляцца зь ёй у кошкі-мышкі, а раз так, то й яна магла таксама згуляць сваю гульню:
— Чаму ж не. Ты ж пэўна ведаеш, што блакітны — гэта мой любімы колер. Ты зрабіла мне такую ласку, падарыўшы блакітную сукенку. Упэўнена, у цябе вялізная калекцыя, ёсьць з чаго выбраць, га, Лара?
Ларын па-каралеўску чароўны, з вульгарнымі рысамі твар крыху скрывіўся, і яна суха адказала:
— Я рада, што табе спадабалася сукенка. Што да калекцыі, зрэшты, выбару асаблівага не было. Уладарка гэтай сукенкі мела ўсяго адну гэтую, калі яе пусьцілі ў расход...
— He псавала б ты бяседы, Ларыса Сямёнаўна, — абарваў яе Карпацін, — непатрэбнымі тут намёкамі. Прапаную заняцца закускай. Але спачатку можна я скажу тост за здароў’е ўсіх вас, хто так пасьпяхова справіўся ўчора з заданьнем?
Кароткая прэамбула скончылася, Карпацін падняў свой напоўнены да краёў кубак, а за ім і ўсе астатнія, акрамя Марыі.
— За здароў’е! — раўкнулі партызаны.
Як шклянкі завісьлі над сталом, позіркі ўсіх завярнуліся да гэтага ізгоя сярод іх. Запытальна ўтаропіўся ў яе і Карпацін.
— Ну, вось што, мілачка, — націснуў ён добразычліва, — давай-ка з намі. Я ж разумею, што ты галодная. Хочаш есьці — выпі разам. Ці ты нас не паважаеш?
Улагоджаная такой па-бацькоўску праніклівай прамовай, хоцькі-нехацькі Марыя стала абараняцца:
— Дзякуй, вы такі добры. Але я не магу. Я ня п’ю.
Як быццам загадзя адпрактыкавана, усе рукі разам паставілі свае кубкі на стол. Цень скептычнай прыкрасьці зьявіўся на твары Карпаціна, астатнія скрывіліся з пэўным недаверам. Здавалася, кожны добра граў сваю ролю. Марыя сядзела засмучоная, вінавата апусьціўшы вочы.
— Што — ты? — зьдзівіўся Карпацін. — Ці вы чулі, таварышы? Як так? Настаўніца — і ня п’е!
Гэта была наступная падача, і партызаны як адзін незадаволена загудзелі. Ім відавочна не цярпелася, але яны йшлі на шворцы ў Карпацінскай гульні, хаця пэўна ж яны ўжо прынялі й да Марыінага прыходу.
— Так. Марыя, — загаварыла Лара тонам інструктара, — мы ведаем, што па мясцовым звычаі трэба адмаўляцца ад прымусу. Толькі ці не разумна было б табе тут ужо абысьціся без прыкідваньняў?
— Мусіш выпіць, мілачка, — мякка спанукаў Карпацін, вытрымліваючы на сабе позіркі шасьцёх пар вачэй. — Гэта—твой абавязак. Давай, падымай кубак. Бачыш, усе чакаюць...
Марыя падзівілася, калі ж ужо тая гадзюка выпусьціць свой ядавіты зуб?
Яна схіліла галаву яшчэ ніжэй і са страхам паглядзела на свой кубак. Праглынуць гэтую гідкую вадкасьць не было ніякай мажлівасьці. Яна ж усё нутро ёй выпаліць. Ейны страўнік патрабаваў ежы, а ня гэтай гары. Як ім патлумачыць, што ёй трэба сьпярша паесьці?
— Хіба толькі я магла б зьесьці што-небудзь спачатку. Я галодная, — прашаптала яна запытальна, гледзячы проста ў гэтыя цёмныя пранізьлівыя вочы, шукаючы там хоць праменьчыка разуменыія.
— Чулі, таварышы? Настаўніца хоча есьці, — перадражніў ён яе.
Выразы твараў партызан адразу перамяніліся да радасных усьмешак.
— Бедная ты наша, бедная,—залямантавала Лара. — Я мусіла б даручыць Пруднікавай, каб лепей даглядаля цябе.
— Я дапамагу табе, — умяшаўся Карпацін. -— Мы тут усе людзі добрыя, разважлівыя, і ўсе цябе разумеем. Вырашым гэта дэмакратычным шляхам. Думаю, ты таксама за дэмакратыю. Што скажаце, таварышы?
— Правільна, камандзір, вырашым гэта разам, — адважна выступіў Патапыч. Усе дружна падтрымалі яго.
— Піць! — раптам раўкнуў хор галасоў.
— Прагаласавалі адзінагалосна за піцьцё. Усё, вырашана, мілачка, — мусіш падпарадкавацца й выпіць разам, — мякка натлумачыў Карпацін.
— Я не магу. Калі ласка, зразумейце, малю вас. Мяне званітуе... — зноў запрасілася Марыя ледзь чутным голасам.
3 такім жа вынікам можна было зьвярнуцца да сьцяны.
— Ты маеш бессэнсова й упарта настойваць?!. He паважаючы адзінадушную волю ўсіх тут добрых людзей? — удаў вялізнае зьдзіўленьне Карпацін.
Марыя маўчала.
— Ну і ну! I што мы будзем з гэтым рабіць, хлопцы? Прыкладзем сілу?
— Нам нічога не застаецца, — пацьвердзіла Лара.
— Коля, — раўкнуў Карпацін і кіўнуў на шырокі скураны рэмень зь пісталетам, што вісеў на вялікім цьвіку на сьцяне.
Коля хуценька падскочыў, хапіў пісталет і паклаў яго на стол перад камандзірам. Цяпер усе сачылі за масластымі рукамі Карпаціна. Ён выцягнуў барабан і дастаў зь яго ўсе кулі. Трымаючы адну зь іх перад Марыяй, пачаў яе настаўляць:
— Бачыш, мілачка, гэтую кулю. Зараз будзем гуляць у адну простую, але цікавую гульню. Сама пабачыш, гэта цэлая забава. Вось, глядзі сюды ўважліва. Барабан ёсьць цяпер пусты, бачыш? Я ўкладаю туды адну кулю, вось так, — ён крутнуў барабан указальным пальцам, — і цяпер нацягваю курок. Адзін шанец з шасьці, што вось гэтая куля прашые тваю галаву. Пакуль я буду націскаць курок, у цябе ёсьць пяць шанцаў добра падумаць пра падпарадкаваньне адзінадушнай волі ўсіх прысутных тут таварышаў.
Карпацін зноў крутнуў барабан і наставіў рулю проста Марыі ў скронь.
Жанчына зьбялела.
Усе партызаны, затаіўшы дых, былі ўтаропіўшыся ў Карпацінскі палец, што павольна націскаў курок...
Затвор адскочыў і шчоўкнуў. Стрэлу не было.
Выдых палёгкі зьняў напружанасыдь вакол стала.
— Гэтым разам пашанцавала. А наступным можа цябе й забіць, — спакойна пракамэнтаваў барадаты. — Адно памятай, ты ў любы момант можаш перадумаць, узяць кубак і выпіць.
Марыя раптам адчула задушлівую паніку, сэрца абрыўна забухала; у галаве, уваччу сьціснула...
Па другі бок ад Карпаціна Лара паглядала на яе расслаблена, зь нейкай адхіленай пагардай. У Мішы ажно адвісла сківіца, агаляючы пажаўцелыя зубы. Твар Сьцяпана набыў выраз урачыстай цікаўнасьці. Патапыч зыркаў з кепска прыхаванай злосьцю. Коля ёрзаў на зэдліку, употай сочачы за астатнімі. Грыша, чалавекгара, наважыўся прапанаваць:
— Таварыш камандзір, дайце гэтую настаўніцу мне на час, я яе ўраз настаўлю.
Карпацін зыркнуў на яго з дакорам:
— Тут будзе. Спачатку я ёй займуся.
Курок зноў рушыў напалову, і Марыя, цяпер ужо старанна перакананая, што гэта ня жарты, павольна пацягнулася за кубкам, паднесла самагонку да вуснаў.
Пісталет адрынуў ад скроні.
Усё ейнае змучанае цела пратэставала.
Зь першым жа глытком, як пацякло ўніз, ёй апякло пустое нутро фасфарычным жарам. Запёрла дых, яна закашлялася так сільна, што баялася разадраць сабе страўнік, які скурчыўся ў спазмах ад болю.