• Газеты, часопісы і г.д.
  • Заўтра ёсьць учора  Кастусь Акула

    Заўтра ёсьць учора

    Кастусь Акула

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 200с.
    Мінск 2008
    47.07 МБ
    I жвавенькія гукі «Яблочка» рэзалі ёй па мазгах, як бязьлітасныя тырчкі тупога іржавага нажа.
    Пайшоў гэны зьвяруга. Скончылася «Яблочко». Дзесь побач матляліся цені Грышы й Мішы. Ейнае цела, спустошанае й збруджанае, ледзь намагалася вярнуцца да нармальнага дыханьня.
    Коля ўвайшоў ціха, што кот, і прысеў на край ложка. Вузенькі праменьчык сьвятла, што прасоўваўся паміж фіранак, выявіў карціну, якая выклікала ў ім агіду.
    Хаця таксама, як іншыя, ён быў мабілізаваны ў шэрагі лясных атрадаў з прычыны наяўных абставінаў, гэткай прагай неабумоўленага гвалту ён апантаным ня быў. Некалі — цяпер здавалася даўным-даўно — ён навучаўся сельскай гаспадарцы
    ў Горы-Горыцкай акадэміі. Сын селяніна, ён любіў прыроду й усё жывое кожнай клетачкай свайго ладнага цела. Але напханы марксісцкай дактрынай, ён шчыра верыў у крамлёўскі красназоркавы маяк, што асьвятляў шлях да лепшай будучыні для ўсіх загнаных. Гітлерызм, зь іншага боку, увасабляў сабой гвалт, цемрадзь і барбарства.
    Ніколі яшчэ ў сваім партызанскім жыцьці не даводзілася яму выконваць такую бязьлітасную помсту ці гвалтаваньне.
    Карпацін любіў яго за кемлівасьць, лагоднасьць, спраўнасьць і надзейнасьць. Гэта было што да вайсковых справаў. Але зараз... Зараз усё ягонае нутро пратэставала супраць ролі ката. Цяпер ягоны праніклівы розум гірацаваў над тым, як бы гэтай жанчыне, якую гэныя вырадкі ператварылі ў жывы труп, захаваць жыцьцё. Ці мог бы ён зрабіць штось, не рызыкуючы сваім жыцьцём?
    Заняты вырашэньнем задачы, у якой не было рашэньня, ён не адразу пачуў Марыін шэпт:
    — Вады...
    Ён падскочыў.
    — Што такое, Коля, перасцаў, можа, га? — з рогатам сустрэў яго Сьцяпан. — Можа, мне за цябе ўправіцца, дзетка? Ці ты не цалаваны яшчэ? Га-га-га...
    — Яна хоча піць, — сказаў ён спакойна, зачэрпваючы вады зь вядра, што стаяла на бярозавай калодзе ля дзьвярэй.
    — Бач ты яго... А табе дзела?.. — прабалбатаў Міша непаслухмяным языком. — Яна ўсё адно здохне зараз...
    Коля ня стаў спрачацца й вярнуўся да Марыі. Яна выпіла й уздыхнула з палёгкай.
    — Цяпер слухай, — загаварыў Коля ціха. — Зараз будзем разам гушкаць гэты ложак, каб надурыць іх, пакуль будзем размаўляць. Я хачу сказаць табе, як будзем далей. Ня ведаю, ці гэта дапаможа табе, але я мушу паспрабаваць...
    Ложак рыпеў і скрыгатаў усімі сваімі сучляненьнямі...
    — Во як, чуеце? Я ж казаў, што ён ня цэлка, — зарагатаў Міша, і ўсе яго падхапілі. — To давайце з гэтага вып’ем...
    — Я чула. Мяне мусяць забіць. Ты? — Марыя затаіла дых. — Я.
    Наступіла поўная цішыня, якую перарывала рыпам койкі ды жартамі партызан за перабіўкай.
    — Верыш... — прамовіў Коля трохі зьбянтэжана, — адсячы мне правую руку, каб я ня мусіў гэтага... Я кажу... каб змог ратаваць цябе.
    Ён паглядзеў на яе. У гэтых мутных, адхіленых вачах ён заўважыў цень адчайнай абыякавасьці, але варожасьці там не было.
    — Ты... лепей апраніся... Я не магу... як іншыя, — прашаптаў ён.
    — Ты ратуеш мяне? Чаму?
    — У мяне свае падставы, — сьціпла адказаў ён. — Я не магу іх зараз патлумачыць, няма калі. Адно — я не разумею гэтага беспрычыннага забойства. Адзін Бог ведае... столькі нявінных людзей гінуць цяпер без усялякага сэнсу наагул... Калі ў баі, там ня будзеш разьбірацца... гэта адно. Але зараз... I потым, я думаю, гэта ўсё адно толькі Ларына ідэя. Гэта бач проста — крыважэрная падла. I вайна тут ні пры чым.
    Ягоныя спагадлівыя вочы глядзелі на яе так блізка, і ён падаўся Марыі анёлам, што спусьціўся да яе з зусім нечаканага боку. Паціснуўшы ейную левую руку зь непрыхаванай пяшчотай, ён працягнуўся да ейнага твару, мякка пагладзіў падбародак і шчокі.
    — Як шкада, што я не сустрэў цябе ў іншы час ды ў іншым месцы. Ты такая мілая. Я праклінаю дзень, што зьвёў нас так жорстка, што я мушу быць тваім катам. He, я ня буду! Я не магу... — ён сьціснуў губы. — Зь іншага боку, як жа нам ухіліцца? Гэтая сьцерва зжарэ мяне жыўцом разам з трыбухамі.
    — Коля, — хваля эмоцыяў запоўніла яе, яна заікалася, — дзякуй табе... тысячу разоў дзякуй... — яна пацягнулася за ягонай рукой і пацалавала яе.
    — Ты што! Ня трэба! — ён выдзернуў сваю руку, ужо губляючы кантроль над сваімі сьлязьмі, гатовымі вось-вось пырснуць з вачэй.
    — Ты нават ня можаш сабе ўявіць, што ты зрабіў для мяне. Словы твайго спачуваньня й разуменьня ёсьць для мяне лепшым знакам ад Бога. Няхай літасьцівы Бог бароніць цябе кожны дзень і кожную гадзіну. Дзякуй жа табе, Коля.
    Адводзячы пагляд ад ейных мокрых вачэй, партызан раптам падняўся.
    — Апранайся, час ісьці, — загадаў ён зусім іншым, рэзкім голасам і пайшоў за перабіўку па ейную вопратку.
    Чацьвёра партызан, ужо ў ніц п’яных, валяліся па лаўках, мармычучы папулярную ў той час партызанскую песьню:
    «...Ой, бярозы ды сосны, Партызанскія сёстры...»
    Кінуўшы Марыін швэдар і паліто на ложак, ён завярнуўся й крыкнуў гэтаму стройнаму партызанскаму хору:
    — Ну што, пойдзе хто са мной?
    Сызевы абарваліся. Партызаны ўперыліся ў Колю, што сьпешна здымаў зь цьвіка на сьцяне камандзіравы пісталет, потым адзін на аднаго, намагаючыся ўспомніць пра што тут ідзе.
    Коля агледзеў кожнага, спыніўся пільна на Сьцяпане. Ларын ад’ютант быў п’яны таксама, хаця, як Коля ведаў, ён быў мацнейшым да гарэлкі. Гэны рэдка набіраўся так, каб губляць пільнасьць.
    — Ну дык што? Мне ж сьведка патрэбны.
    — Але. Чаго ж не, — падняўся Сьцяпан. — Я пайду.
    — Го, і я, хлопе, — прачнуўся Грыша, шукаючы вачыма падтрымкі. — Га, чаго там, гуляць дык гуляць, — хутка вырашыў ён і, ледзь трымаючыся на нагах, павалокся ў кут да Марыі.
    — Гэй, а ты куды? Ты ўжо меў сваю чаргу зь ёй, цяпер яна цалкам мая, — хапіў мужлана за рукаў Коля.
    Грыша спыніўся, моўчкі паглядзеў на пісталет у Колевых руках.
    — Што йшчэ, маладзён? Мо беражэш гэтую фашысцкую шлюху? Яна ж здохне ўсё адно, га!
    Тут ён пхнуў Колю так моцна, што хлопец ледзь утрымаўся на нагах. Гэны зноў рвануў Грышу за рукаў і наставіў яму ў жывот пісталет.
    — Досыць табе! Я мушу зрабіць сваю справу, і я зраблю яе, нават калі мне прыйдзецца прыстрэліць цябе! Я ясна сказаў?
    Пэўна, што ясна. Косячыся на пісталет, Грыша лагодна прамармытаў:
    — Ланна-ланна, хлопе, бяры яе. А я лепш вазьму ды йшчэ глыну, — і павалокся назад да стала.
    — Годзе. Я пайду з табой, — Сьцяпан паклаў руку Колю на плячо.
    Коля ўважна паглядзеў на Ларынага вернага ад’ютанта й падзівіўся, ці гэта Лара наказала яму ісьці. Сьцяпан выглядаў досыць цьвярозым. Нават не турбуючыся, каб надзець кажуха, ён пацягнуўся на двор за Марыяй і Колем. Коля спыніўся й клікнуў часавога:
    — Максім, хіба б пайшоў выпіў. Усе, бадай, на цябе забыліся.
    Месяц на небе час ад часу выглядаў з-за тонкіх аблокаў. Ляніва падалі вялізныя мяккія сьняжынкі, усьцілаючы лес срэбраным пухнатым покрывам.
    -— Туды, — паказаў Коля празь дзялянку.
    Марудна, зь нейкім сумнёвам косячыся праз плячо, са зблытанымі, непрыбранымі валасамі, пакрытымі цяпер бліскучымі сьняжынкамі, Марыя йшла наперадзе гэтай дзіўнай працэсіі: за ёй сьледам — Коля зь пісталетам, настаўленым ёй у сьпіну, і Сьцяпан — няроўна барануючы мяккі сьнег вялізнымі валёнкамі.
    Сьвежае марознае паветра нейкім чынам абудзіла ейныя адчуваньні. Марыя закінула галаву ўверх і, зачапіўшы жменю сьвежага, пухнатага сьнегу, выцерла ім твар. Удыхнула глыбока чыстага, крамянога паветра—гэтай неабходлай часткі жыцьця... Яна ўжо апрытомнела й цалкам усьведамляла мэту гэтага паходу, і ўся ейная істота была захопленая адным неўтаймаваным жаданьнем — жыць.
    За дзялянкай грувазьдзілася глухая белая сьцяна дрэваў. Спакойны й вялікі ў сваёй ціхай магутнасьці лес узрушыў з Марыінай памяці хвалю ўспамінаў: ейнае зачараваньне зімовым лясным цудам некалі даўным-даўно. Цень настальгіі, падштурхнутая трымценьнем блізкай сьмерці, зь неверагоднай яснасьцю намалявала карцінку з даўнейшага жыцьця.
    Як яна была яшчэ малая, і як маці ўзяла яе з сабой у лес за каляднай ёлкай. Дробныя дэталі таго паходу даўно былі згубіліся ў ейнай памяці, але цяпер, абуджаныя абвостранымі пачуцьцямі, яны ўсплылі разам з вобразам маленькай дзяўчынкі, зачараванай зімовымі цудамі лесу, якія тая бачыла ўпершыню. Зь дзіцячай цікаўнасьцю яна разглядала сьляды зайчыка й курапаткі, усьцешвалася перастукамі дзятліка, ейныя вочкі лавілі праз дыямантавыя мігценьні сьняжынак бронзавае футра вавёркі, што шугала з аднае ялінкі на другую. Але болей за ўсё яна была ўражаная апранутымі ў бялюткі сьнег дрэвамі.
    — Мама, а дрэвы растуць узімку?
    — He, дзетка, яны сьпяць.
    — Мама, мама, глядзі туды! Там вавёрка! А чаму яна так скоча? А ёй ня холадна?
    — He, дачушка. У яе тоўстае футра, і ёй цёпла ў ім. Бач, яна шукае сасновыя шышкі.
    — А навошта, мама?
    — Зярняткі зь іх есьць.
    Дзяўчо ўвесь час церабіла маці пытаньнямі. Вось ізноў:
    — Мама, а што як воўк прыбяжыць? Цётка Наста аднойчы расказвала, як воўк ледзь ня зьеў дзяўчынку, але яе выратавалі... А хто яе выратаваў, мама?
    — Дзядзька Рыгор яе выратаваў, ён паляваў якраз і забіў тады таго зьвера.
    Здавалася, няма канца дзіцячай цікаўнасьці. Толькі маці тлумачыла Манечцы адныя загадкі прыроды, як дзіцячая фантазія бегла наперад, што тая вавёрка на верхавінах дрэваў, скочучы з адной галінкі на другую.
    Цягнуць сьвяточнага памеру ялінку дадому па калена ў сьнезе — справа нялёгкая нават для мужчыны, тым болей для жанчыны. Манечка старалася дапамагчы, як магла. Дзяўчынка сама была адно замілаваньне: заружовіліся шчочкі, носік замакрэўся, пачуцьцё гонару ў вялікіх блакітных вачах і ціхая радасьць ад такога салодкага прадчуваньня Каляд... Усё так выразна паўстала ў ейным уяўленьні.
    Шчасьце... Некалі так пешчанае ды ніколі не забытае...
    Зараз кожны крок па гэтым чароўным, засьнежаным лесе набліжаў яе да сьмерці.
    У любы момант гром Колевага пісталета можа разарваць цішыню начнога лесу. Таямніча-цёмны ў сваёй глыбіні, ён затаіў дых, быццам урачыста рабіў апошнюю павагу асуджанай жанчыне на ейным шляху да магілы.
    Як гэта будзе? Куды ён стрэліць: у галаву ці ў сьпіну? Зноў пякельны боль... Ці яна адразу апынецца там?.. Дзе — там?..
    Марыя зашаптала малітву.
    Яла падышла амаль да краю абрыву. Коля падняў пісталет, як раптам Марыя нечакана спатыкнулася аб высокае карэньне й кінулася наперад. Тут жа прагрымелі чатыры стрэлы запар. Але чалавек, што націскаў на курок, так і ня меціў у сваю мішэнь, якая ляцела цяпер ўніз, у засьнежаны адхон. Сьцяпан разам параўняўся з Колем, углядаючыся ў тую бездань.