Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
— Юстачка, даруй мне, — загаварыла Марыя хрыплым, слабенькім голасам, — я, напэўна, застудзілася...
— Мая ты любая... дараваць табе — што?
Юстына пяшчотна абняла яе, цалуючы. У абедзьвюх пацяклі сьлёзы.
Гэтак, крэпка абняўшыся, захлынутыя пачуцьцямі, яны й сядзелі, не зважаючы на час. Максім ужо знэрваваўся, ня ведаючы, што рабіць. Агата і тая зачмыхала ў хустку, гатовая вось-вось заплакаць.
— Усё, табе нельга напружвацца, кладзіся вось так, — загадала Юстына мяккім голасам.
Захінаючы Марыю ў кодру, яна павярнулася да Агаты:
— Цёця Агата, ці не зрабілі б вы мне ласку?
— Але, дачушка. Што ты хацела?
— Яна ўся гарыць. Калі ласка, ці не заварылі б вы ліпы? У яе, пэўна, запаленьне лёгкіх. Яна хоць паела што?
— Я давала ёй трохі заціркі з малаком, але яна нават не кранула.
— To зрабеце ліпы.
Старая выйшла.
Юстына, прыбіраючы цяпер сваё паліто, запыталася ў Максіма:
— А ты ўжо ўправіўся зь лекцыямі?
— Мамка, я нават не паеў яшчэ, я цябе чакаў.
— Але, дзетка. Хадзі вазьмі хлеба, вячэру я зраблю пазьней.
Застаўпіыся адна з Марыяй у пакоі, Юстына яшчэ раз з трывогай разгледзела ейны запалы твар. Як яна зьмянілася! Юстына ж памятала, якой яна была... тады.
...Менск. Выпускны баль у Педагагічным інстытуце. Сьціплая й такая прыгожанькая, Манечка... са сваім чарнявым, зухаватым Валодзькам. Дзьве маладзенькія птушкі, поўныя жыцьця, на веснавой галінцы, гатовыя вось-вось нырнуць ў бурлівыя воды сьвету. Абняўшыся... у вачах каханьне... Мары, спадзяваньні... Якая будзе шчасьлівая пара, казалі ўсе...
Дзірка ад кулі. Вось што раптам успомнілася Юстыне. ...Прыкмета?
Няўжо гэта тая самая жанчына, якую яна некалі ведала такой шчасьлівай дзяўчынай, зараз ляжыць, змардаваная й зьнясіленая, на ейным ложку?
— Манечка, мілая, калі ласка, ці можаш ты мне расказаць, — спагадліва папрасіла Юстына, -—• што здарылася з табой, дзе ты была? Я мушу табе сказаць наперад, мы ж па табе паніхіду справілі ў царкве. О, Божа мой, даруй нам...
Марыя паглядзела на яе скоса. Шэрыя, запалыя вочы падаваліся большымі, чым звычайна.
— Дзякуй табе, Юстачка, — прашаптала яна. — Вялікі табе дзякуй. He прасі ў Бога дараваньня. Пэўна ж Ён разумее. Дык мяне й забівалі двойчы... але я бач жывая. Магчыма... Спадзяюся, што ачуняю й...
— Так, даражэнькая, так... — горача запэўніла яе Юстына.
Выбух цяжкога кашлю ўскалатнуў ложак. Потым Марыя сьцішылася, намагаючыся аднавіць дыханьне, тады працягнула:
— Першы раз Бэргдорф застрэліў усіх маіх і мяне...
— Бэргдорф?! ...Ах, сукін сын! — Юстына аж ускочыла са злосьці. — Гэтта ж аднойчы ён вярнуўся з апэрацыі на партызан і распусьціў погудкі, што ты з тваімі былі забітыя й спаленыя партызанамі. Усе да адзінага!
— Узвар гатовы, — паведаміла Агата празь дзьверы.
Юстына хутка паднялася й праз хвіліну зьявілася зноў з поўным кубкам пахкай, духмянай гарбаты.
—Пі, міленькая, — прыпадняла яна Марыю на ложку. — Гэта ліпа, лепшы сродак ад прастуды, — і паднесла кубак да ейных вуснаў.
— Але... навошта ж ты мне так, я сама магу. Дзякуй Богу, я яшчэ ў сілах трымаць кубак, а празь дзень-два, трохі адпачыўшы, буду ўжо на нагах, — паспрабавала яна ўсьміхнуцца.
— Вядома, будзеш! Толькі ня трэба так сьпяшацца. Ты зараз у добрых руках, сярод сяброў, і ўсё самае горшае ўжо прайшло.
Паміж прыступаў цяжкага кашалю Марыя расказала сваю неверагодную гісторыю: двойчае змаганьне са сьмерцю, Калпакоў-Бэргдорф, Лара Войнік, Янка Белы й усё-ўсё астатняе...
Яна скончыла.
Юстына сядзела нерухома са змрочным тварам.
— Чаго ты? — запыталася Марыя.
— Так. Нічога...
— Цябе нешта турбуе. Што? — настойвала Марыя.
— Маня, а што будзе, калі гэты Бэргдорф дазнаецца, што ты жывая ды тут, проста ў яго пад носам?
Доўгае маўчаньне.
Марыя сьціснула вусны.
— А дазнаецца?
— Ніякім чынам. Цяпер толькі тры чалавекі ведаюць пра цябе. Паглядзім, што можна... Максім!
— Што, мамка? — зьявіўся ў дзьвярах хлопец.
— Зрабі ласку, пакліч Агату. Я хачу сказаць вам нешта абаім.
Праз хвіліну ён вярнуўся з Агатай, і Юстына загаварыла зь імі ўрачыстым тонам:
— Калі ласка, паслухайце мяне ўважліва, бо гэта тычыцца жыцьця й сьмерці. Зразумела?
Яны кіўнулі.
— He гаварыце нікому — нікому! — што Марыя ў нас. Ясна?
— Нікому? Чаму? — запытаўся Максім.
— Я ж сказала, гэта справажыцьця й сьмерці. Ніхто ня мусіць ведаць, што Марыя тут. Асабліва гэны паліцай Бэргдорф. Гэта ён і застрэліў усіх Марыіных і яе, а потым расказваў усім, што іх забілі партызаны. I цяпер, калі ён дазнаецца, што Марыя жывая, Бог ведае, што ён зробіць.
— Зразумела, — сказала Агата. — Ня дай, Божа, каб мой язык калі якое...
— Што?! Гэты кончаны вырадак! — закрычэў хлопец.
Усе ўтрох разам завярнуліся да яго.
— Максім, спыніся! — абарвала яго Юстына. — Як ты гаворыш? Дзе ты гэтаму навучыўся?
— Так, я лаюся, мама. I буду лаяцца! — закрычэў ён ізноў. — Паршывы, гідкі забойца — вось ён хто! Значыць, праўду гавораць, што ён мардуе нявінных людзей, ці ня так, мама?
Узрушаны й злосны, ён глядзеў натрох жанчын, гнеў і адчай былі напісаныя на ягоным расчырванелым тварыку ў рабацінках. У гэтым выкліку й ягоным шчырым абурэньні Юстына пазнала адразу ягонага бацьку.
—Яго самогатрэба прыкончыць, мама! Далібог, ён заслужыў гэта!
— Максім! — Юстына падышла да яго, паклала рукі яму на плечы й зазірнула ў вочы. — Ты што гэта? Тс-с! Сьціхні. Пакуль ніхто яілчэ не гіачуў. Людзі гінуць ні за што апошнім часам...
— I ня сьціхну я. мама! — вырваўся ён. — I не шушукай на мяне! Ты баісься, бо ты — жанчына, вось чаму, — ён паглядзеў на іх зь лёгкай зьнявагай. — Але... А я не баіося! Каб у мяне быў аўтамат, я б пайшоў наўпрост у паліцэйскую камэндатуру і прыстрэліў бы ўсю гэтую брыдоту!
— Максім! — жахнулася Юстына. — Я загадваютабе: змоўч! Разумееш ці не?
Яна яшчэ ніколі ня бачыла свайго сына такім. Што ж будзе, калі... Ад гэтай думкі кроў застыла ў жылах. Ён зараз такі буйны ды агрэсіўны, аж ён ніколі ня быў такім злым.
He жадаючы саступаць, хлопец сьмела працягваў:
— Чаму, мама, аднаму падонку можна цягацца наўсьцяж ды забіваць нявінных, а другім абараніць сябе — нельга? Чаму, мама? Ён жа забіў цёці Маніну сям’ю, так?
— Так. Але...
— А пайсьці ды забіць яго — нельга. Ты гэта хочаш сказаць, мама?
Канчаткова ашаломленая, Юстына бухнулася ў крэсла. Марыя глядзела на хлопца зь цікавасьцю ды прыхільнасьцю да таго, што ён казаў; Агата набожна хрысьцілася, ссохлымі вуснамі нашэптваючы малітву.
— Максімка, я цябе прашу, сынок, ты ж яшчэ зусім малы. Думай пра школу, а не пра забойцаў. Толькі зрабі, што я цябе прасіла...
Ён з момант павагаўся.
— Ты не адказала на мае пытаньні, мама. Раз ты ня хочаш быць шчырай, то я вырашу іх сам.
— Сынок, толькі бяз глупстваў, я малю цябе.
Раптам Юстыне трапіла ясная думка. Дзеці сталеюць нашмат хутчэй за вайной. Аказалася, што пакуль яна была занятая са школьнымі дзецьмі, яна не зважала на свайго сына. Дзе што ён робіць на вуліцы пасьля школы? Пэўна ж, яна ведала, з кім ён бавіць час. Яны з хлопцамі вэндаюцца па горадзе, ведаюць ужо ўсіх пастаянных вайскоўцаў тут, і цалкам можа быць, што адведалі ўжо таго жыцьця болей, чым Юстына сабе ўяўляла. Верагодна, гэты ягоны выбух стаўся вынікам досьведу ваеннага часу.
Раптам Юстына пачулася старой. Яна паглядзела на сына з мальбой і сказала:
— Сынок, я больш не хачу слухаць тваіх глупстваў. Калі ты сапраўды хочаш дапамагчы цёці Мані, тады паабяцай грымаць язык за зубамі. Ну?
— Добра, мама, калі ты так хочаш. Але гэта насуперак маім...
— Кінь гэта, — абарвала яго Юстына. — Ідзі цяпер на кухню, і я зараз таксама буду.
Зь неахвотай пайшоў ён з пакою.
— Божа літасьцівы, хто б мог сабе ўявіць... — уздыхнула Юстына.
— Ці будзе маўчаць, думаеш? — спыталася Марыя.
— Будзе, я ўпэўнена. Але ён так напалохаў мяне... Слухай, Маня, а ніхто са знаёмых ня бачыў цябе, як ты прыйшла ў горад?
— He, — падумаўшы, сказала Марыя. — Я старалася як мага незаўважней.
— Ну, то добра. Як ты чуесься цяпер? Можа, трэба паклікаць лекара, хаця гэта й вельмі рызыкоўна, дый гэты стары жыве на другім канцы гораду.
— He турбуйся, Юстачка, усё будзе добра. Мяне трохі калоціць, але няма чаго хвалявацца. Мне толькі трэба адпачыць.
Іхныя вочы сустрэліся, і яны абедзьве зразумелі простую Марыіну ману.
18
НА ПАПРАЎКУ
Гэта былі найгоршыя два тыдні, якія толькі Юстына ведала ў сваім жыцьці.
Марыя не падымалася з ложка, цяжкі сухі кашаль разьдзіраў і змучваў ейнае саслабелае цела.
Яны абмеркавалі ўсе «за» й «супраць» і вырашылі ня клікаць лекара. У горадзе былі два невайсковыя старыя лекары, што займаліся гэтай справай на собскае забясьпечаньне. Недахоп мэдыкамэнтаў рабіў іхныя намаганьні амаль бескарыснымі.
А тутэйшая лякарня была запоўненая вайсковым пэрсаналам.
Жанчыны не даверыліся нікому. Што як той, каго яны паклічуць на дапамогу, усё ж прагаворыцца недзе? Нелыа было так рызыкаваць загубіць Марыю, стараючыся дапамагчы ёй.
Калі Марыя крыху акрэпла, Юстына вырашыла схадзіць зь ёй да інспэктара Трахімовіча, каб пашукаць для яе працы пад іншым імем. Калі б гэта ўдалося, Марыя магла б спадзявацца на належнае абсьледаваньне й па неабходнасьці лячэньне. А пакуль
што старая Агата прыкладала ўсе свае веды ў зёлках — што ёсьць вельмі распаўсюджаным у гэтай краіне, — а Юстына трымала скрыжаванымі свае пальцы.
Да канца другога тыдня Марыін кашаль пачаў пакрысе затухаць, на шчоках зьявіўся слабы румянец: яна заўважна ачуньвала.
Юстына дзячыла Богу, бо ейныя сродкі за гэты час даволі вычарпаліся, яна мусіла пазычыць грошай для падтрымкі сваёй сяброўкі й цяпер не магла сабе ўявіць, як жа яна зможа вярнуць доўг са сваёй худой настаўніцкай каліты. I ўсё ж яна была вельмі рада. Задавальненьне ад таго, што яна працягнула руку дапамогі, было ёй лепшай узнагародай за ўсе клопаты й страты.
Агата глядзела Марыю, пакуль Юстына была ў школе. Па вечарах — вядома, са стратамі для сваіх хатніх абавязкаў і школьных лекцыяў — Юстына не адыходзіла ад ейнага ложка. Час праходзіў незаўважным за бясконцымі размовамі. Абедзьве яны заглыбляліся ва ўспаміны змрочнага нядаўняга мінулага. Марыя гаварыла шмат, пыталася пра апошнія падзеі. Як быццам па ўзаемнай дамоўленасьці, абедзьве яны стараліся абмінаць самую блізкую іхным сэрцам тэму: дзеці й школа.