Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
Бог няроўна дзеліць, падумала Марыя. Адзін чалавек цяжкім шляхам прыходзіць да ўсьведамленьня вартасьці свабоды й простых жыцьцёвых рэчаў: здаровага цела, адзежы для яго, сытага страўніка— але ня можа здабыцца на гэта ці абрабаваны іншымі; другім жа дадзена ўсяго гэтага ў збытку, але Бог зробіць яго сьляпым ці дурным. 1 абое пакутуюць.
Марыіны мутныя вочы блукалі па краі пшанічнага поля. Урэшце, сьляды самашкадаваньня зьніклі зь ейнага гладкага, загарэлага твару, вусны падцягнуліся ўв адну тонкую лінію, і на твары зьявіўся цень пагарды. Як яна завярнулася да дзядзькі й заглянула проста ў ягоныя блакітныя пустыя вочы, Лявон нэрвова заміргаў і адвёў вінаваты позірк, быццам дзіця, якому зараз вымавяць за шкоду.
— He пераймайцеся, дзядзька, — сказала яна роўным голасам. — Я ўсё разумеіо. Больш за тое, я чакала, што гэтак будзе. ...Але ад гэтага не лягчэй. Ня ведаю я, куды мне йсьці і што рабіць. Якая, зрэшты, розьніца... — зглынула яна камяк. — Мяне так шмат шпынялі па гэтым жыцьці, што я ўжо прывыкла, што той бяздомны сабака...
I ў гэтых апошніх словах чуўся ўвесь боль, уся горыч ейнага стану. Ня здолеўшы сказаць яшчэ нешта, яна адвярнулася зноў глядзець на летні краявід.
— Марыя, дзетка, я дапамагу табе. Толькі сыдзі, разумееш?
— Так, дзядзька.
Лявон панізіў голас да шэпту:
— Я дам табе грошы й адрас майго сябра ў Таронце. У яго там сям’я, дзеці. Мы калісьці працавалі разам. Я ўпэўнены, яны дапамогуць табе, пазнаёмяць зь іншымі добрымі людзьмі ў горадзе, пэўна, і працу знойдуць. Пабачыш, тое гарадзкое жыцьцё, можа, яшчэ лепей для цябе будзе. Пэўна што. Глядзіш, і мужыка там знойдзеш, выйдзеш замуж і...
Усё гэта ён прагаварыў на адным дыханьні, быццам сьпяшаўся хутчэй выслабаніцца ад гэтага.
— Заўтра падвязу цябе да цягніка. Мовы табе хопіць, каб даехаць, а там, з тваёй адукацыяй, я ўпэўнены, ты ўладкуеш сваё жыцьцё. Усё будзе добра.
— Будзе... — рэхам паўтарыла Марыя дзядзькавы словы.
Што б яны там ні значылі... Добра так і не было ў мінулым. Ейнага перапоўненага кубка горычы хапіла б на некалькі чалавек. Але не было ніводнага, каб падзяліцца.
Заўтра зноў панясе яе па плыні, самотную, згубленую душу ў гэгым вялізным раўнадушным сьвеце, бурамі гнаны маленькі вадаплаў, які прагне адно бясьпечнай, спакойнай гавані.
— Божа, дапамажы Ты мне, — прашаптала яна на гук адыходзячых дзядзькавых крокаў.
I тады ўсплыла старая думка, што хавалася дагэтуль недзе ў завулках ейнай памяці.
Гэтта ж ў Таронце жыве забойца ейных дзяцей і маці. Хіба ня Бог скарыстаў Ліду, каб вывесьці яе на шлях да свайго лёсу? Ці ня ёсьць такі паварот адказам на ейныя гарачыя малітвы?
Узбуджаная трывогай і няпэўнасьцю гэтага рызыкоўнага парынаньня ў няведамае, якое чакала яе наперадзе, усю рэшту нядзелі Марыя правяла ў нэрвовых зборках, рупліва пазьбягаючы сустрэч з варожай гаспадыняй гэтага дома.
23
У СУДЗЕ
Раніцай паліцэйскі самаход прывёз іх ва ўнутраны двор вялізнага будынка, і празь цяжкія бакавыя дзьверы іх завялі ў драцяную клетку. Астрожная наглядчыца з паважным выразам увіхалася са сваімі штодзённымі абавязкамі са спраўнасьцю добра падмазанай машыны.
Марыя агледзела пакой, запоўнены рознымі людзьмі, жанчыну з Арміі Паратунку, што сядзела на першай лаўцы, мужчынаў за сталамі перад крэслам судзьдзі. Бяссоная ноч ляжала цяжарам на ейных всйках. Ад рою думак, разваруіпаных блізкасьцю да зброі правасудзьдзя, закалацілася сэрца, ёй зрабілася нядобра.
Вакол бальшыні жанок у клетцы віравала аўра абыякавасьці. Некаторыя перашэптваліся й хіхікалі, іншыя адно пазяхалі й нудзіліся, як быццам гэта была дзея нейкай надакучлівай драмы, якую яны ўжо бачылі сто разоў, у якой яны ўжо ведалі, як паводзіцца й што рабіць і якіх судзеяньняў, калі такія магчымы, чакаць ад іншых на гэтай шматлюднай сцэне.
Пакой зь непамерна высокай столяй выглядаў пагражальным. Шэрагі даўгіх лавак перад памостам судзьдзі. Жоўтае сьвятло
ад дзьвюх адасобленых прыладаў нейкім чынам разьвейвала мутны прыцемак, што быў у пакоі нават у сонечны дзень. На сьцяне выява з маладой, грацыёзнай, прамяністай жанчынай так не пасавала ўсяму гэтаму асяродзьдзю. Марыя ўжо ведала, што гэта маладая каралева, каранаваная кіраўнічка краіны.
Самае апошняе, чаго Марыя чакала ад гэтага сьвету, — капрызам лёсу сутыкнуцца з законам гэтай краіны. Было ўжо цалкам відавочна, што яе арыштавалі за прастытуцыю. Тое, што гэта жахлівая памылка, нікому не абыходзіць. Што вырашыць судзьдзя, тое і будзе. А як яна зможа яму патлумачыць, што адбылося, — калі язык у яе завязаны чужой мовай? У іх павінен быць тлумач, напэўна павінен. Трэ было папрасіць. Мусіць жа ў гэтых людзей быць хоць кропля разуменьня й спагады...
Вось ахайна прыбраны чалавек, мажны, сярэдняга веку — сакратар суду — падняўся і прамовіў афіцыйным, добра пастаўленым голасам:
— Калі ласка, усім прысутным устаць. Магістратны суд ідзе. Судзьдзя Фэргусан на чале.
Высокі мужчына ў чорнай мантыі зьявіўся ў бакавых дзьвярах, падышоў да памоста, узяў малаточак і, стукнуўшы тры разы, абвесьціў:
— Суд пачынаецца. Клеркам падаць справы, калі ласка.
Судзьдзя Фэргусан аглядзеў натоўп, што сабраўся перад ім, паліцыянта каля дзьвярэй, потым кінуў вокам на драцяную загародку, запоўненую дзённым ураджаем кліентак. Як ён прыняўся за справы, ягоны абыякавы голас і паводзіны засьведчылі, што гэтая гульня для яго ня новая; некаторыя з тых, над кім ён вяршыў правасудзьдзе, былі ўжо надта яму знаёмыя.
Марыя ніколі яшчэ ня бачыла, як праходзіць суд, ні ў камуністычнай, ні ў дэмакратычнай краіне. 3 тых кніг, дзе яна чытала аб ім, яна магла адно цьмяна сабе ўявіць, што суд — гэта нешта накшталт бою. Зараз судзьдзя Фэргусан падаваўся ёй робатам, цалкам непранікальным і глухім да людзкіх патрэбаў тых, хто стаяў перад ім, які не дапускаў большай разумнасьці, чым гэта палягалася законам.
Калі надышла ейная чарга, Марыя зусім згубіла жаданьне рушыць, і наглядчыца падапхнула яе далікатна за загародку. Як яна ні зьбіралася з духам, як ні падрыхтоўвалася, яна (усё ж) задрыжэла перад пранікальным позіркам судзьдзі. Яна чулася нібы голай. Так моцна, што сакратар, высокі, у гадах мужчына з савіным тварам мусіў паўзарыць пытаньне двойчы, каб вярнуць
яе да рэальнасьці. Гэтак мусіць адчуваць сябе заяц, затраўлены ў пастку паляўнічымі.
— Дваццатага ліпеня, — бубнеў манатонным голасам сакратар, — прысутная тут Марыя Каравай, асоба бяз вызначанага мейсца жыхарства, бяз сродкаў да існаваньня, была заўважаная ў раёне вуліц Дандас і Джарвіс. Яна сноўдалася там некалькі гадзінаў, чапляючыся да мінакоў. Калі Джон Сміт, паліцэйскі канстэбль, задаў ёй пытаньні, пэўнага тлумачэньня сваім паводзінам не дала. Прысутная Марыя Каравай была затрымана й абвінавачана ў бадзяжніцтве.
— Марыя Каравай, ці пагаджаецеся з абвінавачаньнем? — запытаўся сакратар.
— Я... — Марыя запнулася. — Я нічога не разумею.
— Вы не разумееце па-ангельску?
— Так.
— На якой мове вы размаўляеце?
— Па-беларуску, па-расейску й па-нямецку.
— Вашамосьць, ці можам мы мець ваш дазвол запрасіць тлумача?
Судзьдзя кіўнуў, і тады з лавы падняўся лысы, з выглядам навукоўцы, мужчына й падышоў да Марыі.
— Містэр Сарочка, калі ласка, запытайцеся ў гэтай жанчыны, ці пагаджаецца яна з абвінавачаньнем.
Перакладчык пасьля тлумачэньня абвінавачаньня сказаў Марыі, што яна мусіць прызнаць сябе вінаватай ці невінаватай. Адчуваючы на сабе позіркі ўсіх прысутных, Марыя не магла паварушыць языком, пакуль ад яе зноў не патрабавалі заявы.
— Невінаватая, — прамовіла яна ўрэшце.
— Тады, місіс Марыя Каравай, ці можаце вы расказаць нам сваімі словамі, што адбылося? — запытаўся сакратар.
— Вашамосьць, — нсрашуча пачала Марыя, зачырванеўшыся. — Я ня ведаю, за што мяне арыштавалі. Я прыехала сюды толькі ўчора раніцай на цягніку з захаду ды хацела знайсыді сябра майго дзядзькі. Я не знайшла яго па тым адрасе, які мне даў дзядзька. Пэўна, ён пераехаў. I я разгубілася, я ня ведала, што рабіць. Я падумала, што калі б я змагла сустрэць людзей, што гавораць на маёй мове, то яны б мне дагіамаглі як-небудзь. Вось чаму я зьвярталася да людзей на вуліцы. Нічога не атрымалася. Я зусім згубілася, стамілася й тады села ў парку на лаўку. А тут да мяне падселі двох п’яных, сталі чапляцца да мяне. Я намагалася зразумець, чаго яны хочуць, і тады падышоў паліцыянт, нешта
запытаўся й арыштаваў мяне. Вось дакладна, што здарылася са мной, містэр судзьдзя. Бог чуе, гэта — праўда.
Калі містэр Сарочка ператлумачыў ейныя словы, Марыя адчула палёгку, што яе ўрэшце пачулі. Яна затаіла дых і з трывогай глядзела на судзьдзю. Падалося, што па ягоным твары прабег цень весялосьці, і калі ён загаварыў, голас ягоны гучэў ужо ня так сувора.
— Вы кажаце, місіс Каравай, што вы прыехалі з захаду?
— Так.
— Як доўга вы жывяце ў гэтай краіне і адкуль вы родам?
— У гэтай краіне я жыву амаль два гады. А прыехала зь Беларусі.
Судзьдзя папрасіў у памагатага дакумэнты.
— Гм... гм, — мармытаў ён, падпёршы рукой сваю мудрую шчаку, пакуль разглядаў ейны эміграцыйны пашпарт. — А якая ёсьць мэта вашага прыезду ў Таронта, місіс Каравай?
— У майго дзядзькі жонка — камуністка, містэр судзьдзя. Яна цэлы час атручвала мне жыцьцё, пакуль я жыла зь імі, і ўрэшце прымусіла дзядзьку — зрэшты, мяккага, лагоднага, але бязвольнага чалавека — выгнаць мяне з хаты. Мне нічога больш не заставалася, як паехаць сюды з надзеяй, што тыя людзі, чый адрас даў мне дзядзька, дапамогуць знайсьці працу й жытло. Але яны, напэўна, пераехалі, так што я засталася фактычна на вуліцы, містэр судзьдзя...
Марыя перавяла дых і цяжка зглынула.
— Прашу вас, калі ласка, дапамажэце мне, містэр судзьдзя. Я хачу працаваць і жыць, як усе добрыя людзі. Я не хачу нікому быць цяжарам.
Судзьдзя глядзеў на яе, маленькую годную жалю постаць жанчыны ў бядзе. Ён відавочна быў заклапочаны.
— У вашай справе, місіс Каравай, няма нічога незвычайнага для нашага гораду, — ён пракашляўся, — за выключэньнем таго, што некаторыя жанчыны едуць сюды з разьлікам на лёгкае жыцьцё.
Ён павагаўся. 3 запытаньнем у вачах Марыя глядзела на гэтага ўладнага чалавека, ад якога залежала ейная бліжэйшая будучыня.
— Я мушу пераканацца, што вы ня з тых.