• Часопісы
  • Заўтра ёсьць учора  Кастусь Акула

    Заўтра ёсьць учора

    Кастусь Акула

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 200с.
    Мінск 2008
    47.07 МБ
    — Так, — пасьпешліва адказала Марыя. — Вось, як я цяпер тут... я ня ўпэўнена, што гэта тое мейсца... Можа, вы мне дапаможаце... Я баюся турбаваць, калі гэта ня тыя...
    — Буду рады дапамагчы, калі змагу, — адказаў мужчына, ацэньваючы вачыма пашкоджаньні плоту, і раптам ускінуў пагляд на Марыю.
    — Ат, з гэтымі дзецьмі... дакука, — прабурчэў ён і сплюнуў густой табакавай апялюхай.
    Калі б Марыя ведала канадыйскіх дрывасекаў — грубаватых, простых, загартаваных, абветраных хлопцаў, — яна без сумнёву вырашыла б, што ён адзін зь іх. Здавалася, ён тут не на сваім месцы ў гэтым мітусьлівым, шумным горадзе.
    — Адна шкода ад іх, — пракамэнтаваў «дрывасек».
    Ён выглядаў вялікім і моцным, з грубаватым, загарэлым тварам, густымі, цёмнымі валасамі, ня болей за трыццаць пяць год.
    — To можа, вы ведаеце, хто жыве ў семдзесят трэцім доме? — запыталася Марыя, панізіўшы голас і адвярнуўшыся ад таго дома. — Разумееце, я шукаю аднаго чалавека, але я ня ўпэўнена, што гэта тая жанчына, што зараз на вэрандзе.
    — Добра, я табе скажу, — пераступіў ён з нагі на ногу. — Гэтыя людзі арандуюць дом. Ня ведаю я іхных прозьвішчаў. Яны пераехалі сюды недзе пасьля Новага году. А каго вы шукаеце?
    — Чалавека па прозьвішчы Бэргдорф, немец. Мне далі гэты адрас... Вы ведаеце яго?
    — Пэўна што. Усё правільна, гэта ягоны дом, але ён тут не жыве. Ён жыве недзе ў заходнім Таронце, як я чуў. Чаму б вам не пайсьці ды не запытацца ў той жанчыны, яна зможа дапамагчы вам.
    — Я так і зраблю. Дзякуй вам.
    Марыя адразу завярнулася й перайшла вуліцу. Але тут жа падумала, а ці стане тая жанчына слухаць яе з такой жа дабразычлівасьцю, як гэты натабакаваны «дрывасек».
    He пасьпела яна падысьці да веранды, як яшчэ адзін выпадак дапамог ёй. Дзіця, што гулялася з цацкамі, не старэйшае за два гады, запаўзло туды, дзе даставаў дождж з палівалкі. Ладна абліўшыся вадой, яно ад нечаканасьці выдала такі лямант, які тут жа ўзьняў на ногі тую мажную кабету, усе ейныя сто дваццаць кіляграмаў, на ратаваньне дзіцяці. Пакуль яна каржакавалася, каб нахіліцца, пакуль цягнула дзіця, вусны ейныя выдалі цэлы даўжэзны ланцуг матчыных ушчуваньняў, усе на бездакорнай нямецкай — на мове, якую Марыя добра ведала.
    Кабета выцерла дзіцяці валасы й твар падолам сваёй квятастай спадніцы, мяккім галаском вяртаючы яму разладжаны добры настрой. Спакой хутка быў адноўлены, дзіця зараз завярнулася да цацак, тады як кабета, выпростваючыся, апынулася твар у твар з Марыяй.
    — Здаецца, малечы не спадабаўся душ? — усьміхнуўшыся, сказала Марыя па-нямецку.
    — О, я яму столькі разоў казала трымацца далей ад вады, але ж ён забываецца, — жанчына таксама ўсьміхнулася Марыі. — Але, нічога. Вада ў такі дзень нікому не пашкодзіць... Скажэце, вы недзе тут жывяце? Я ніколі вас ня бачыла. Вы — немка? He падобна, быццам... — тараторка абыходзілася сваімі собскімі адказамі.
    — Вы здагадаліся. Я не жыву тут, і я — ня немка, але я жыла ў Нямеччыне. Я вось думаю, ці не змаглі б вы мне дапамагчы.
    — Калі ласка, калі ёсьць чым...
    Я шукаю чалавека па прозьвішчы Бэргдорф. Мой сябра даў мне вось гэты адрас.
    — Ёган Бэргдорф? Вы — ягоная сяброўка?
    — Так, блізкая. Я ведала яго ў Нямеччыне, — сьпехам адказала Марыя.
    — Разумею, — кабета шматзначна агледзела Марыю з галавы да ног. — Містэр Бэргдорф — гаспадар гэтага дома, наш арандадаўца. Я магу даць вам ягоны адрас. Хіба пачакаеце тут хвілінку? Я занатую вам.
    Жанчына глянула на дзіця, цалкам занятае сваімі цацкамі, і зайшла ў дом.
    Марыя падумала: каб гэтая жанчына хоць на каліўца магла ведаць, што за чалавек гэты ейны гаспадар.
    Жанчына хутка вярнулася й працягнула Марыі маленькі аркуш з адрасам і пасьпяшала працягнуць размову, высьвятляючы, як доўга была Марыя ў Нямеччыне, дзе й калі; як даўно ў Канадзе; ці падабаецца ёй тут, тым часам выдаўшы ўсе свае собскія ўражаньні.
    Па-за галоўнай тэмай гэтай балбатні Марыя дазналася, што Бэргдорф ужо шчасьліва ажаніўся, мае прывабную жоначку ды двох дзетак — хлопчыка й дзяўчынку — і працуе зь нерухомай маёмасьцю.
    Задаволеная тым, што зрабіла большую справу, чым спадзявалася перад гэтай вылазкай у разьведку, Марыя шчыра падзячыла жанчыне й пайшла.
    25
    АДЗІН КРОК ПАПЕРАДЗЕ
    Праз тры дні, папоўдні, Марыя распакоўвала свае пажыткі ў прасторным, добра абсталяваным пакоі на другім паверсе дому на захадзе Таронта.
    Яна затрымалася на хвіліну, каб агледзець свой новы прыстанак. Дываны на падлозе, мэбля дый сам пакой зусім не адпавядалі ейнаму разуменьню сьціплага жытла. Ёй ледзь пад сілу будзе сплочваць рэнту, якая ўдвая большая за тое, што яна плаціла за той куток у старым горадзе блізка да ейнай працы. Адылі пра рэнту ўжо ня йшло, калі ейнае вакно й нават балкон давалі такую выгодную пазыцыю для назіраньня за домам і ягонымі жыхарамі, што былі насупраць праз дарогу.
    Яна была тут і вельмі з гэтага цешылася: думка, што яна ўрэшце рэшт на адзін крок паперадзе Бэргдорфа, так падсало-
    джвала ейнае горкае жыцьцё. Можа, ён стане пераломам у ейным жыцьці, якога яна так прагна шукала.
    У сваіх развагах яна спрабавала паставіць сябе на месца Бэргдорфа. Відавочна заможны, задаволены бацька сямейства, вядзе лад жыцьця лагоднага, добрапрыстойнага гараджаніна. Ваенныя гады для яго, напэўна, ужо нешта далёкае, ня вартае ўспамінаў, калі цяпер можна цешыцца з матэрыяльных дабротаў гэтае дэмакратычнае краіны. Ягоныя суседзі, гараджане сярэдняй клясы,— некаторыя, без сумнёву, сябруюць зь ім — пэўна, нават не здагадваюцца, што ён ня той чалавек, за каго сябе выстаўляе.
    Напэўна, што Калпакоў-Бэргдорф ужо даўна пахаваў Марыю Каравай у сваёй памяці з усімі іншымі ўспамінамі вайны. Характар ягоных ваенных подзьвігаў быў не таго гатунку, каб хваліцца імі на сяброўскай бяседзе за кубкам кавы. Хіба не падскочыў бы ён, каб раптам неяк даведаўся, што тая вясковая настаўніца, што вылечыла яго і чыю сям’ю ён потым так па-зьверску пазабіваў, аказваецца, не памерла, а жыве зараз праз вуліцу, во насупраць ягонага дому.
    Прасторнае аднапавярховае бунгала Бэргдорфа, з прыватным пад’ездам, двайным гаражом, стаяла пасярод шырокага дагледжанага двара. Зараз гараж быў зачынены, перад ім быў прыпаркаваны цёмна-бардовы б’юік.
    Марыя агледзела Бэргдорфаву гаспадарку й вырашыла, што ўсё так і ёсьць. Прыватныя дамы, хаця й разнаякія па стылях, цалкам адлюстроўвалі архітэктурныя густы іхных гаспадароў, выражаныя ў іхных матэрыяльных змогах і цане. Простых рабочых тут быць не магло, адно дробныя буржуа зь неблагім прыбыткам. I ніякага табе там «Здаецца пакой» на дзьвярах і вокнах ягонага дома.
    Дом, у якім Марыя заарандавала пакой, належаў дзьвюм набожным пэнсіянэркам, старым дзевам, вельмі старым. Дом таксама быў старым, пэўна, пабудаваным яшчэ нашмат раней, чым хваля новабудоўляў перакінулася з цэнтру гораду да гэтых ускрайкаў. Заможным людзям гэтае мейсца падалося даволі выключным, каб пабудаваць тут свае раскошныя гнёзды.
    I з Марыіных дакладных ведаў гэты ўтульны куток прыгрэў прынамсі адного выключнага хіжніка.
    Яна шчэ раз агледзела свой пакой, задумаўшыся над тым, як доўга ёй прыйдзецца тут жыць, пакуль ейная справа будзе скончана. Тады яна зноў занялася валізкамі, разьвешваючы свае нешматлікія адзежы ў гардэроб.
    Усяго гадзіну таму яна перабралася сюды, але ўжо была гатова зрабіць першыя назіраньні. Якія б крокі ні вырашыла яна зрабіць потым, але папярэдні вышук быў неабходны дзеля канчатковага посьпеху ейнага заданьня.
    Яна зачыніла за сабой шырму й расьцягнулася ва ўтульным, абабітым фатэльчыку на балконе.
    Паглядзела ўлева — там недалёка вуліца ўпіралася ў гожы парк, які далей спускаўся да рэчкі Гамбэр. Марыя ніколі ня чула пра вураган Гэзал і не магла б сабе ўявіць, што каб ня ён, па шырокіх, недагледжаных берагах яе так бы й валяліся ўсялякія ўламкі ды друз. Бо толькі пасьля таго, як люты Гэзал узьняў спакойныя воды Гамбэру, узбаламуціў іх ды нарабіў у навакольлі шкоды на мільён даляраў, вырашылі няхлюдыя гарадзкія ўлады будучыя магчымыя свавольствы рэчкі ўтаймаваць. Намаганьні, трэба сказаць, аддаліся належным. Пасаджаныя дрэвы ўкараніліся, заўсьміхалася сонейку сьвежапакошаная траўка, людзі аблюбавалі гэтыя берагі для адпачынку, забегала малеча ў сваіх бясконцых гульнях.
    Балкон са сваёй ахоўнай стрэшкай аказаўся найлепшым наглядальным пунктам. На поўдні грувазьдзіліся невялікія дамкі, прыціснутыя да берагу возера высотнымі гмахамі, што цягнуліся ўздоўж гасьцінца. Промні зыходзячага сонца рассыпалі золата на блакітныя воды возера Антарыё. Далёка на небасхіле маленечкімі далікатнымі пёркамі, прылепленымі да паверхні вады, выглядалі белыя ветразі яхтаў. Далей на ўсход гудзелі вакол выспы Эйрпорт маленькія самалёцікі. Пышнасьць зеляніны таронтаўскіх выспаў дражнілася з гарадзкіх хмарачосаў, што былі насупраць, і кідала ім выклік, зманьваючы перайсьці празь мітусьлівы прамежак вады.
    Марыя была моцна ўражаная такім цудоўным відовішчам. Нездарма ейныя гаспадыні, старыя дзеўкі, паказваючы ёй пакой, асабліва націскалі на наяўнасьць гэтага балкона, зь якога адкрываецца від на горад і возера. Сапраўды, падумала Марыя, вось мейсца, дзе з задавальненьнем пасяліўся б паэт і, усьцешаны чароўным краявідам, пяшчотна гадуючы далікатныя зерні натхненьня, ткаў бы ўсялякія бязглузьдзі сваёй пладавітай фантазіі.
    Марыя ўздыхнула. Утаймаваўшы палёт сваіх фантазіяў, яна тут жа спусьцілася на зямлю да справы жыцьця й сьмерці, якая й прывяла яе сюды.
    Hi ўчора, ні сёньня яна яшчэ нікога не заўважыла вакол дома, што насупраць. Недзе ў глыбіні душы яе падточваў страх, што
    тая немка, якая дала ёй гэты адрас, зьбіла яе са шляху. Можна ж дапусьціць, што Бэргдорф, дазнаўшыся, што Масква ім цікавіцца, прыняў некаторыя меры перасьцярогі. Лагічна, што адной зь іх можа быць заблытваньне ўсіх, хто будзе шукаць інфармацыі аб ім, яшчэ ад дзьвярэй таго старога дому, адрас якога быў пададзены ў газэце. Адылі застаецца й такая верагоднасьць, што Бэргдорф чуецца цалкам у бясьпецы, бо ўв адрозьненьне ад іншых так і не зьмяніў свайго імя.
    Як бы ёй хацелася, каб нейкім чынам пранікнуць за дарагія паркалёвыя фіранкі на вокнах гэтага багатага бунгала й паглядзець, што там, унутры.
    Вядома, яна магла б спытацца ў сваіх старых, але яна прадбачліва вырашыла не даваць нагоды гэтым пакатухам, бо ўжо мела досьвед: два дні таму, як яна спраўлялася наконт пакою, яе проста закідалі пытаньнямі, пераважна аб ейным сацыяльным і матэрыялыіым становішчы. He было ніякага сэнсу ў тым, каб даць ім западозрыць, што яе нейкім чынам цікавіць нехта з суседзяў па вуліцы.