Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
Яны сядзелі вакол вялікага кававага стала, елі печыва, пілі гарбату. Пасьля ўсіх абмеркаваньняў надвор’я ды дзяцей Бэргдорф вярнуўся, як Марыя й меркавала, да роспытаў.
— Значыць, вы з Наваградку, місіс Мароз?
Разваліўшыся ва ўтульным фатэлі, лянотна піпкаючы люлькай, якая запоўніла водарам табакі ўвесь пакой, ён да кончыкаў валасоў выдаваў на прыстойнага галаву сямейства.
— Менавіта так, — адказала Марыя, насьцярожыўшыся.
— I вы былі там цэлы час на працягу вайны?
— Так. Працавала ў шпіталі.
— Я быў у вашай краіне пару гадоў падчас вайны. Быў у Наваградку, Барысаве, Менску, Віцебску, Гомелі, Слуцаку... прыгожая краіна, цудоўныя людзі.
— Вы ваявалі там?
— Так. Я быў у спецыяльным атрадзе, што змагаўся з чырвонымі партызанамі. Часам бывала вельмі цяжка, але ў цэлым мне няма на што скардзіцца. Я прайшоў вайну без адзінай драпіны, хаця было трапляў у такую калатню, адкуль, здавалася, і жывым ня выйсьці...
— Пэўна, вам цяжка ўспамінаць цяпер... — сказала Марыя.
— Вайна для кожнага была цяжкой, — Бэргдорф зацягнуўся піпкай.
Яна паглядзела на яго зь цікаўнай падазронасьцю. У ягоных вачах была пастаянная пільнасьць, але ўжо без таго шоку, які ён пацярпеў, як толькі яе пабачыў.
— А што здарылася з вашым мужам, Алена? — запыталася Эрна.
— Яго мабілізавалі ў Чырвоную армію ў 1941 -м, перад самай вайной. Потым я атрымала паведамленьне, што ён прапаў бязь вестак.
Прыбеглі з кухні дзеці; Эрна залезла на каленкі да маці, Эрык пабег далей у свой пакой.
Бэргдорф падняўся.
— Куды ты? — запыталася Эрна.
— Ат, здаецца, трэ было б выпіць нечага крапчэйшага, — крэкнуў Бэргдорф, — га, Эрна?
— Але, — кіўнула тая й завярнулася зноў да Марыі. — Хацела папрасіць вас аб адной ласцы, Алена. Можа, калі ў вас будзе час, вы маглі б пабыць зь дзецьмі ў наступны чацьвер. Мы хочам схадзіць у тэатар, будзе спэктакль, які Ёган хоча паглядзець.
— Чакайце, падумаю... Здаецца, нічога... Так, я думаю, што я магла б пабыць зь дзецьмі, Эрна.
— Ёган! — усклікнула Эрна, як той заявіўся з падносам, застаўленым чаркамі, напоямі ды кактэйлямі. — Ты чуеш? Мы можам пайсьці на твой спэктакль. Алена пагадзілася пабыць зь дзецьмі.
— Ну, цудоўна, Алена, — згрымасьнічаў Бэргдорф. — Вы зробіце нам вялікую ласку. Нянек тут не дазвацца з гораду. Ня ведаю, чаму.
Ён узгрувазьдзіў паднос на столік.
— Ну, лэдзіс, што будзеце піць?
— Як звычайна, Ёган, — усьміхнулася Эрна.
— А вы што пажадаеце, місіс Мароз?
— Дзякуй. Але я ня п’ю.
— О, Алена, — запытальна працягнула Эрна, — Ну, трэба ж выпіць за знаёмства!
— Так, вашая праўда. Але толькі крышачку.
— Тады, мо, вішнёвага лікёру? Самы жаночы напой, — прапанаваў Бэргдорф.
— Добра, — пагадзілася Марыя.
— Ну, і мне тады, — сказала Эрна.
Пакуль ён разьліваў па чарках, Марыя сачыла за ягонымі рукамі. Ён упраўляўся з усім гэтым са шматгадовым досьведам.
Той самы палец, на якім зараз быў пярсьцёнак з тапазам, некалі ўпрыгожваў сярэбраны чэрап зь перакрэсьленымі косткамі.
А вось гэны палец націснуў на курок той ноччу ў Шулах...
Марыя ўзяла чарку, запоўненую крывава-чырвонай вадкасьцю ды ўтаропілася ў гэтую падпітую паскудную рожу, чые вусны ўрачыста прамаўлялі:
— Ну!.. За сустрэчу!
Ейнай руцэ аж засьвярбела ад жаданьня пляснуць гэтай крывавай чырваньню ў твар забойцы.
Рана.
Яшчэ зарана.
28
У ПОШУКАХ СЛУШНАСЫДІ
На зьмярканьні Марыя выйшла з трамваю й накіравалася да сьвятара сваёй царквы, які мешкаўся у гэтым раёне за два кварталы далей. Яна ўжо дамовілася аб сустрэчы зь ім.
Яна нясьпешна йшла па ходніках, наглядаючы, як некаторыя гаспадары рабілі вечаровы поліў сваіх садкоў, як дзеткі насіліся вакол, гуляючы ў хованкі — сваю апошнюю на сёньня гульню, пакуль клапатлівыя маткі не паклікалі іх дахаты спаць.
Але Марыін розум ня жыў гэтым засынаючым пульсам мітусьлівага гораду, што паступова адыходзіў да заслужанага начнога адпачынку. У ейнай памяці зноў і зноў паўставалі словы адваката, зь якім яна бачылася сёньня пасьля працы. Ен даў ёй параду — вартую аж пяці даляраў:
— Місіс Каравай, у вас жа няма факту злачынства. Прабачце, я мушу вам гэта сказаць. Канадыйскі суд ня прыме гэтую справу да разгляду. Паверце мне, гэтае злонамеранае забойства, як вы кажаце, было зроблена чалавекам — як там ягонае імя — падчас вайны. Здарылася гэта не на канадыйскай тэрыторыі. У вас няма сьведкаў. Канадыйскі суд будзе разглядаць справу, якая тычыцца адно канадыйскага грамадзяніна на момант зьдзяйсьненьня злачынства...
Вось як.
Напэўна, што Бэргдорф ужо таксама пацікавіўся, як канадыйскі закон будзе ставіцца да ягоных «подзьвігаў».
Гэтая краіна роўных магчымасьцяў зьявілася раем для некаторых злачынцаў. Марыя чула пра справы, калі савецкія ўлады завочна вызначалі прысудтак званым ваенным злачынцам, што цяпер жывуць у Канадзе, але пасьля некалькіх спробаў патрабаваць у Канады выдачы іх, так нічога й не дамагліся. Як зазвычай канадыйскі ўрад адказваў, што той чалавек прызнаны ні ў чым не вінаватым іміграцыйнымі ўладамі, што ён зьяўляецца канадыйскім грамадзянінам з добрай рэпуз ацыяй, і захлопваў кнігу, не зьвяртаючы ўвагі на ўсе выпады й атакі Саветаў. Канадыйцы мелі рацыю, так. Ніводная самапаважная дэмакратычная дзяржава не дазволіць, каб ейныя грамадзяне асуджваліся дыктатарскім рэжымам іншае краіны.
Сваю справу Марыя наагул аднесла да асобнай катэгорыі. Перш за ўсё, маскоўскія агенты ня стануць дамагацца Бэргдофа. Па словах інспэктара Трахімовіча: «Сьцярвятнікі падбіраюць
рэшткі крывавага беларускага цела, на якім піравалі два хіжнікі», — хіжнікамі былі й гітлераўскія фашысты, і сталінскія расейцы. Каб зрабіць праўкі ў законе, беларусы мусяць падзяліць адказнасьць і на хіжнікаў, і на іхных сьцярвятнікаў, такіх як Бэргдорф, на лаўцы падсудных. Але што як Марыін шматпакутны народ зноў апынуўся пад маскоўскай каляніяльнай пугай, аб гэтым можна толькі марыць.
Але Марыя-ахвяра й Бэргдорф-злачынец — абое цяпер знаходзяцца ў сфэры заканадаўства адной дэмакратычнай краіны. Тэарэтычна, прынамсі, увесь вялізны апарат законнасьці служыць кожнаму грамадзяніну. I ўсё ж адвакат вызначыўся дакладна на гэты конт.
Законам Бэргдорфа дастаць нельга. Шкада, але гэтак яно й ёсьць.
На розум прыйшлі перасьцярогі ейнага дзядзькі: «Ты хочаш падаць на яго ў суд? Які шчэ суд? Ты нават не грамадзянка гэтае краіны. Якія твае правы? Хто цябе паслухае?» Якую ж ён меў рацыю!
Нават калі адкінуць усе гэтыя выкрутасы заканадаўства ды памеркаваць, што яго можна пасадзіць на лаву падсудных, то як яна зможа зладзіць з гэтай справай, калі ў яе зусім няма грошай?
I калі ў гэтым уся справа, то яна цалкам тады мае Богам дадзенае права...
Ці мае яна?
Айцец Павал прывітаў яе ля дзьвярэй і запрасіў у гасьцёўню.
Бязьдзетны ўдавец, гадоў шасьцідзесяці, лысаваты, зь сівой кароткай барадой, мажны й павольны, ён жыў у трохпакаёвай кватэры, што займала ўвесь першы паверх дому. Парафія ягоная была невялікая й вымагала сьціплага жыцьця.
Гасьцёўня была абстаўленая па-сучаснаму. Цэлую сьцяну займала вялізная калекцыя кніг — у асноўным беларушчына. У куце настольная лямпа кідала няяркае сьвятло на столік. На канапе каля лямпы ляжала адкрытая кніга з парай акуляраў на ёй.
— Я ўжо зачакаўся на вас, Марыя, — сказаў ён ціха. — Калі ласка, праходзьце, чуйцеся, як удома.
Ён прысунуў для яе мяккае крэсла да канапы й узгрувазьдзіў свае сто кіляграмаў каля адкрытай кнігі. Маршчаваты твар падаваўся абвіслым і амаль безжыцьцёвым, адно маленькія, цёмныя вочы былі жвавымі й пільнымі.
Колькі разоў Марыя ўжо разважала над тым фактам, як мала гэты стары мае супольнага з агульнапрынятым вобразам праваслаўнага сьвятара. Для яе стандартны вобраз мусіў выглядаць нешта кшталту тых сівых доўгабародых сьвятых, якімі заселены сьцены ўсходніх праваслаўных цэркваў, што яна некалі наведвала: гэткі велічна-пакутны пагляд, адхілены ад зямнога. Вось засталося адно дадаць крылцаў, і гэты багалюбец тут жа выправіцца ў абдымкі нябеснага Гаспадара.
Марыя ведала, што гэткі непрывабны выгляд айца Паўла многіх уводзіў у зман. На самай справе поруч са шляхотным сэрцам, праніклівым розумам і характарам сьціплым, бездакорным, ён яшчэ валодаў такім рэдкім, бясцэнным дарам — рысай, вельмі неабходнай для ягонага прызваньня, — уменьнем гаварыць. Ягоныя паўнаважныя, дакладныя, ад душы казані ўдыхалі жыцьцё ў кожную нядзельную службу. Звычайна ён пачынаў у нізкім ключы й далей вёў сваіх парафіянаў да глыбокіх водаў Боскага вучэньня. Майстэрства ягоных прамоваў рабіла зразумелым яго для кожнага. I заўжды ён намагаўся дайсьці да душаў маладзейшага пакаленьня й па ўсіх мерках спраўляўся з гэтым пасьпяхова.
Марыя села, і праніклівыя вочы затрымаліся на ёй з чаканьнем.
— Ойча Павал, у мяне складаная сытуацыя, вельмі складаная, — яна спынілася, ня ведаючы, з чаго пачаць.
— Супакойся, дзіця, не сьпяшайся. Я гатовы цябе выслухаць.
— Я праўда ня ведаю... як сказаць... Ведаеце, ойча, тут справа ў тым, калі коратка... Адзін мужчына, што жыве ў гэтым горадзе... і што я мушу з гэтым рабіць...
Марыіны блытаныя словы яўна ўвялі ў зман сьвятара, бо ледзь заўважная, стрыманая ўсьмешка прабегла па ягоным твары. Відавочна, што зь першых словаў ягонай госьці ён паблажліва паставіўся да сутнасьці ейнай праблемы, без сумневу, ён быў ужо гатовы выслухаць гісторыю нейкага любоўнага раману.
— Разумееце, ойча Павал, — працягвала Марыя ціхім голасам, — гэты чалавек... ён забіў маю маці й двух маіх дзетак там, у Беларусі, падчас вайны. I мяне таксама ...але я цудам выжыла.
— Божа Усемагутны! — усклікнуў сьвятар, ягоны спакойны твар раптам сказіўся болем. — Ці я правільна цябе пачуў, Марыя? Ты можаш паўтарыць, што ты толькі што сказала?
— Вы ўсё правільна пачулі, ойча. Чалавек, пра якоі а я гавару, забіў маіх двух дзетак і маю маці ў Беларусі падчас вайны. I вось цяпер я знайшла яго. Ён жыве тут, у гэтым горадзе.
— Фу-у, — выдыхнуў ці то з палёгкай, ці то зь цяжарам сьвятар. — Шчыра кажучы, Марыя, калі ты сказала пра мужчыну й нейкую сытуацыю, я пасьпешна й неразважліва падумаў нешта зусім іншае. О, Божа, прабач мне гэтае недаравальнае меркаваньне.
Цяпер Марыя ў сваю чаргу была зьбянтэжана, ацэньваючы пакаянныя словы сьвятара. Яна горка ўсьміхнулася, зразумеўшы ягонае неўразуменьне. Павісла нялоўкае маўчаньне, і каб скончыць зь ім, сьвятар крэкнуў і прамовіў: