• Часопісы
  • Заўтра ёсьць учора  Кастусь Акула

    Заўтра ёсьць учора

    Кастусь Акула

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 200с.
    Мінск 2008
    47.07 МБ
    — Ну, вось што... Раскажы мне ўсё ад пачатку ...бяз самых балючых падрабязнасьцяў... Калі хочаш, дзіця.
    Марыя расказала сваю гісторыю ўсю, ад пачатку вайны, калі ейнага Валодзю мабілізавалі. Расказала, як яны з маці ратавалі Калпакову-Бэргдофу жыцьцё, даглядалі яго, хавалі ад немцаў. Потым яна апавяла аб ягоных самых вядомых, гідкіх дзяяньнях, калі ён быў у нямецкай паліцыі. Яна расказвала, і айцец Павал усё ківаў галавой з разуменьнем і спачуваньнем. Часам ён перарываў ейны расповед, каб удакладніць нейкія падрабязнасьці.
    Зь цяжкасьцю Марыя стрымлівала сьлёзы, калі расказвала, як Бэргдорф забіваў ейную сям’ю, і потым сваю агонііо ў лапах партызан. Потым была цэлая адысея па разбуранай вайной Эўропе, паездка ў Канаду, выпадак, дзякуючы якому яна дазналася, дзе зараз Бэргдоф, ну й, урэшце, ейнае сёньняшняе становішча й задачу, якую яна сабе паставіла. Яна скончыла, змучаная, гледзячы на сьвятара, які сядзеў, глыбока задумаўшыся.
    — Гэта відавочна злачыннае дзеяньне. I калі гэта так, то мусіць быць прыведзена ў суд, — выказаў ён сваё меркаваньне.
    — Я мусіла вам адразу сказаць, ойча, — засьпяшалася Марыя, — што я была сёньня ў адваката. Ён сказаў мне, што ніякага шанцу, што ні адзін канадыйскі адвакат не пагодзіцца — гэта ягоныя дакладныя словы — увязацца ў гэтую безнадзейную справу.
    — Вось як? — айцец заёрзаў. — Ён сказаў, чаму?
    — Ён прывёў некалькі аргумэнтаў. Галоўны, іпто злачынства было зроблена ў іншай краіне падчас вайны, і што ніхто з нас ня быў тады канадыйскім грамадзянінам. Акрамя таго, ён сказаў, што ў мяне ніякага шанцу давесьці гэтую справу, бо ў мяне няма сьведкаў.
    — Мне варта было ведаць лепей, — сказаў сьвятар, расьсеяна разглядаючы акуляры ў руках. — Я ніколі ня чуў, каб падобныя справы разглядаліся ў судзе ў Канадзе. Гэта ніякім разам не
    азначае, Марыя, што толькі ты адна з усіх тысячаў эўрапейцаў, што прайшлі праз вайну, перажыла такія жахлівыя рэчы. Пэўна ёсьць яшчэ, мусяць быць, новыя канадыйцы, хто можа тыцнуць пальцам у злодзея, які жыве тут, і давесьці ягоную віну. Але тым часам мы ніколі ня чулі пра такую справу, каб вялася ў канадыйскім судзе. На жаль... I гэта, як я мяркую, як бы ні было шкада, не дае табе ніякіх законных шляхоў дамагчыся справядлівасьці... Так, ніякіх шляхоў.
    — Вось таму я й прыйшла да вас, ойча. Каб спытацца вашае парады.
    Сьвятар паглядзеў на Марыю зь ценем падазронасьці ў сваіх пільных вачах.
    — Што ты маеш на ўвазе, Марыя? Якой парады ты хочаш ад мяне?
    — Што я магу зрабіць з гэтым чалавекам? — Марыя націснула на «я».
    Г эта прывяло сьвятара да разгубленасьці, ён надзеў акуляры, уважліва паглядзеў ёй у твар, тады зьняў акуляры й прамовіў:
    — Дзіця маё, калі ты маеш нейкія намеры, як я падазраю, — ня дай ты, Божа! Як ты зможаш?
    Яна цьвёрдым і ясным голасам прамовіла:
    — Ойча Павал, магу я папрасіць вас выслухаць мае довады. Больш за дзесяць год прайшло, як гэты вырадак зрабіў зладзейства. Праз увесь гэты час я толькі й рабіла, што шукала душэўнай раўнавагі й суцяшэньня ў Бога... Няхай Ён будзе сьведкам тут і зараз, ойча Павал, што я шчыра старалася. Але я так і не знайшла спакою. Урэшце я зразумела, што ня будзе мне спакою, пакуль я жыву. Мне сьсеклі карані, зьнішчылі маю радзіну, мне змардавалі лепшыя мае гады, і зараз я адна на чужыне нікому не патрэбная разваліна. Ад таго, што я такая не адна, мне ня робіцца лягчэй.
    Я намагалася прывыкнуць да думкі, што няма ніякага спосабу зьдзейсьніць пакараньне. I вось аднойчы я даведваюся, што гэты вырадак жыве тут блізка. Нават дакладна, дзе. Гэта выглядала для мяне, што сам Усемагутны паказаў мне шлях, выкарыстаўшы сатану, каб усё гэта наладзіць. 3 таго часу я няспынна дзячу Богу, ведаючы, што гэта Ён так хоча, каб я пайшла знайшла й пакарала гэтага злодзея. Я цэлы час спадзявалася — і зрабіла ўсё дзеля гэтага — што ўсё можна зрабіць законна. Мне было горка даведацца, што гэта ніяк не магчыма. Што мне рабіць тады, ойча? Мусіць жа быць нейкі спосаб...
    Відавочна ўражаны станам гэтае жанчыны, айцец Павал павольна падняўся, падышоў да вакна, дзе на стале ляжала чорная, у скураной вокладцы, кніга, і стаў гартаць яе.
    — Марыя, мне здаецца, мне ня варта тлумачыць, як я ўражаны тваім трагічным лёсам, — загаварыў ён ціхім голасам. — Як ты расказвала, я стараўся, як мог, уявіць сабе ўсе гэтыя вусьцішныя падзеі і тое, як ты пакутавала фізычна й духоўна. Але тое, аб чым ты мяне пытаесься, — ня словы суцяшэньня. Ты хочаш знайсьці апраўданьня, ад імя Бога, калі гэта магчыма, для тых крокаў, якія ты робіш. Усё ж, я мяркую, ты сама ведала адказ перш, чым прыйсьці сюды па маю параду. Пэўна, што ты глыбока рэлігійны чалавек, Марыя, бо інакш ты б не прыйшла да мяне. Таму мне вельмі не хацелася б расчароўваць цябе.
    Сьвятар стаяў наводдаль ад яе з раскрытай Бібліяй у руках, наглядаючы, якое ўражаньне робяць на яе ягоныя словы. Яна сядзела, такая маленькая, гаротная, з адведзенымі вачыма, з расчараваньнем і трывогай на тварыку.
    — У сваіх запаветах, — працягваў сьвятар, — Бог выразна забараняе чалавеку забіваць чалавека. Скрозь усё сваё вучэньне наш Гасподзь Ісус Хрыстос прапаведаваў любоў як пачатак пачаткаў для ўсяго чалавечага жыцьця й ягоных паводзін. Любоў і мір між людзей на зямлі — вось галоўная думка, асновы ўсіх нашых дзеяньняў, жыцьцяродная глеба, на якой нам сеяць, зьбіраць ураджай і шукаць месца ў раі...
    — Аб якой любові вы гаворыце, ойча? — гістэрычна абарвала сьвятара Марыя. — Хіба я не расказала вам падрабязна, як мы з маці захавалі гэтаму чалавеку жыцьцё? Што, як вы думаеце, нас спанукала да гэтага? Хіба нянавісьць? Дык чым узнагародзіў нас Бог за выкананьне Ягоных запаветаў — забіў усіх рукамі гэтага вырадка! Што ж ёсьць любоў тады, ойча Павал?
    Яна зарыдала.
    Спакойна сьвятар падышоў да яе, паклаў цяжкую руку ёй на плячо, паспрабаваў суцешыць:
    — Ня трэба, дзіця маё, супакойся...
    Абое гаварылі аб любові, ня здолеўшы знайсьці аднолькавага вызначэньня для гэтага слова. I здавалася, не наладзіць ніякіх мастоў праз гэтую бездань між імі.
    Айцец Павал урэшце бездапаможна плюхнуўся ў сваю канапу, пакінуўшы Марыю адну.
    Зь цяжкасьцю яна ўзяла сябе ў рукі, выцерла мокры твар насоўкай. Паступова спакой вярнуўся да яе, яна паглядзела на сьвятара з новай самаўпэўненасьціо.
    Яму не спадабаліся гэтыя зьмены ў ейных вялікіх, блакітных, жорсткіх вачах. Гэта былі вочы чалавека, які раптам і няўхільна прыйшоў да непрыемнага, але патрэбнага, рашэньня, падышоў да пункту незваротнасьці.
    Калі яна загаварыла, ейны голас і манеры засьведчылі аб нейкай няўпэўненасьці, аб бездапаможнасьці пакінутага дзіцяці, што шукае рукі ў гэтым мітусьлівым, раўнадушным сьвеце.
    — Ойча Павал, — сказала яна глухім, цьвёрдым голасам, — было ў маім жыцьці, калі я забылася на Бога. Гэта было ў часы майго цёмнага юнацтва: школа, піянэры, камсамол, ведаеце... На нас штодня лілася антырэлігійная бальшавіцкая прапаганда. Можна сказаць, што я, адна з многіх тых, для якіх праўда была схаваная, задавальнялася той камуністычнай атрутай. I ўсё ж я чулася вінаватай, бо я рабіла гэта насуперак частым папярэджаньням маёй маці. Яна была набожным, багалюбным чалавекам, упакой, Госпадзе, ейную душу. Яна цэлы час паўтарала мне, што некалі цяжка мне прыйдзецца, каб выкупіць свае грахі. Яна мела рацыю. Я старалася, ойча, я вельмі старалася. I гэта было нялёгка.
    Урэшце Бог пачуў мае малітвы, бо я знайшла новыя вытокі сілы ў Ім, хаця душа мая часам хісталася ў сумненьнях і абвінавачваньнях. У самыя цяжкія моманты маіх душэўных пакутаў, на краі маёй магілы, аплакваючы сьмерць маіх дзетак і маці, я шукала сілы ў Бога. Я паверыла, што Ен можа даць адказы на ўсе мае пытаньні, у тым ліку на пытаньне аб помсьце таму, каму мы зрабілі дабро, а ён адняў усё, што ў мяне было. Ойча Павал, нельга сказаць, што маё расчараваньне прыйшло толькі ўчора.
    Яна зачырванелася, узьнялася й паглядзела сьвятару ў вочы:
    — Гэта больш, чым проста расчараваньне, ойча. Я мушу быць удзячнай вам, што вы не адмахнуліся ад мяне звычайным адказам, які я чула ад іншых сьвятароў у такім выпадку: «Ня нам, грэшнікам, спасьцігнуць усе хітраспляценьні шляхоў Гасподніх». Мушу прызнацца, гэта не тлумачыць для мяне нічога. Якая карысьць тады з Божага навучаньня, калі яго няможна зразумець і прыкласьці да жыцьця?
    Я просты, сьмяротны чалавек, ойча. I мне патрэбна простае, зямное вытлумачэньне. Перад нашымі вачыма творацца вусьцішныя, жахлівыя рэчы, якія толькі можна ўявіць. I што нам рабіць, каб знайсьці свой шлях у гэтай рукатворнай Галгофе? Мы зьвяртаемся да Бібліі—да гэтага фантану Боскай мудрасьці, крыніцы веры й сілы для чалавека, што быў створаны Богам
    паводле вобраза свайго ды падабенства. I што мы знаходзім там? ...Аказваецца, ад нас ня толькі проста адмахваюцца адсутнасьцю адказаў на штодзённыя жыцьцёвыя задачы, але — наадварот — мы бачым вялізны рост сілаў зла й разбурэньня вакол нас.
    Хто гэта сказаў — Вальтэр ці Напалеон? — што Бог падтрымлівае моцных? А для слабых — што? Паглядзеце на нашу краіну, наш народ, ойча. Што вы бачыце? Ужо два стагодзьдзі нашая нацыя пад пятой цывілізаваных барбараў. Дык што, трэба тады сказаць, што просты беларус больш грэшны, чым маскоўскі калянізатар, які спускае зь яго ўсю кроў?
    Вы ж ведаеце, які добры й багалюбны наш народ, ойча. Вы й самі ўспомніце карціну, якую мы так часта наглядалі ў нашай краіне падчас войнаў: узброены варожы жаўнер — расеец, ці немец, ці паляк, ня важна — грукае ў дзьверы селяніну, просячы паесьці. Жанчына адчыняе й дзеліцца зь ім, магчыма, апошнім. I ўявеце сабе, каб нямецкая жанчына падзялілася нават са сваім. Мы ж былі там і бачылі...
    Як што задумаесься над гэтым, то дзівісься: а можа, ойча, наш народ, нішчаны й абяскроўлены так званымі братаміхрысьціянамі, ёсьць занадта добрым, каб жыць сярод забойцаў і цывілізаваных барбараў? To можа, Усемагутны намерваецца адправіць іх усіх проста ў рай? Нідзе ніякага сэнсу, нідзе...
    Калі ўжо відавочна змучаная сваёй даўгой, шчырай прамовай Марыя падышла да дзьвярэй, сьвятар падняўся і, спакойна паглядзеўшы ёй у твар, сказаў:
    — Марыя, я мяркую, што гэта ты, пэўна, пад уплывам сваіх асабістых эмоцыяў нагаварыла тут усякага. I хачу цябе яшчэ раз перасьцерагчы, што для нас, простых і малых, з нашымі абмежаванымі Богам магчымасьцямі, ёсьць вельмі неразумным спрабаваць спасьцігнуць сэнс усяго існага, створанага Ім, і тым больш аспрэчваць Ягоныя шляхі й спосабы.