Заўтра ёсьць учора
Кастусь Акула
Выдавец: Медысонт
Памер: 200с.
Мінск 2008
— I што далей? Вы выгадавалі яго...
— Так. Гадавалі, даглядалі... I ня ведалі тым часам, што выхадзілі сабе забойцу.
— Мой Бог! Што ты гаворыш! Як гэта сталася? Расказвай.
— Ачуняў ён хутчэй, чым я меркавала. Але, паправіўся, зрабіўся здаровым, што конь. ...Каб зьбянтэжыць яшчэ болыіі маю няўпэўненасьць, ён пачаў заляцацца й цягнуць мяне ў пасьцель.
— I не кажы, — пасьміхнулася Эрна.
Марыя ўспрыняла ейную рэпліку адхілена, глянула на бледны твар Бэргдорфа й працягвала:
— Так што я вырашыла прыйсьці ды паглядзець, які ёсьць сапраўды ягоны стан, днём, калі сьветла. Хатка была пустая, але ён мусіў быць недзе побач. I зьявіўся, калі я ўвайшла ўжо ў хату. На гэты раз ён вырашыў узяць мяне сілай. Мне давялося борацца зь ім...
— Які падонак! — скрывілася Эрна, уся ўважлівая да Марыі, забыўшыся на свайго Ёгана.
— Мне ўдалося вырвацца: я ўваліла яму праміж ног... I пакуль ён курчыўся, зьбегла, крыкнуўшы напасьледак, што не жадаю яго больш бачыць.
— Угу... відавочна, што ён і паправіўся, і добра ад’еўся на вашых харчах, — не ўтрымалася Эрна, каб не хіхікнуць.
— Во-во, — кіўнула Марыя. — Ну, вось... Наступным днём я прыйшла паціху пераканацца — ён сышоў. Мы з мамай падзякавалі Богу. Ня проста было выканаць гэты хрысьціянскі абавязак, ведаеш... зь немаўляткам на руках... немцы паўсюль, вайна...
— Ты ўсё яшчэ працавала ў шпіталі? — запыталася Эрна.
— He. Тады я ўжо выкладала ў школе. Яшчэ перад вайной я здабылася на вышэйшую адукацыю. ...Настаўнікаў не хапала, так што я вяла чатыры клясы адначасова.
— Ну, й што з тым Пісаравым?
— Каб лягчэй зразумець, што здарылася далей і чаму, я мушу трошкі ўхіліцца ад тэмы. ...Мушу патлумацыць, што сама нашая краіна падчас вайны была проста пеклам. Сталін скідаў нашкаляваных апэратыўнікаў для арганізацыі партызанскай вайны за лініяй фронту. Яны зьбіралі дэзэртэраў і вялі мабілізацыю сярод тутэйшых сялян у партызанскія атрады. Немцы ў сваю чаргу сталі праводзіць нечувана брутальныя карныя апэрацыі сярод мясцовага насельніцтва, што выклікала, трэба сказаць, хуткае павелічэньне чырвоных партызанскіх атрадаў. Немцы стараліся ўтрымліваць гарады й мястэчкі, абаранялі камунікацыйныя лініі да фронту — скажам, займаліся самааховай. Калі яны саслаблі, то таксама пачалі шукаць дапамогі тутэйшых. Беларусы — народ недаверлівы й неактыўны, мала хто зь іх пайшоў служыць да немцаў у шуц-паліцайскія атрады. Але затое ўсялякая шваль ды мярзотнікі ўзрадаваліся такой зручнай нагодзе... Хутка стала зразумелым, што заміналі яны акупацыйным уладам ня меней, чым дапамагалі. У вэрхале вайны ўся гэтая мярзота ўспрымала сваю вайсковую вопратку ліцэнзіяй на забойствы, гвалт і рабаваньне мірнага, безабароннага насельніцтва. Былі спаленыя сотні вёсак разам зь людзьмі жыўцом... Немагчыма дагадзіць абаім гаспадарам, асабліва калі жывеш у памежнай зоне, дзе ўлады
перахлёстваюць адна адну. Тутэйшыя людзі зрабіліся проста мішэныію для рэпрэсіяў і вымяшчэньня злобы з абаіх бакоў.
— Божа мой, як гэта жахліва, — прашаптала Эрна.
— Напрыканцы наступнага лета па ўсёй нашай акрузе зрабіўся вядомым адзін надта крыважэрны паліцай, нехта Шварц. Адно ягонае імя наводзіла жах на няшчасных сялян. I ён, і ягоныя ваякі, як ніхто, славіліся найвялікшым уменьнем у гвалце, рабаўніцтве ды выпальваньні цэлых вёсак зь людзьмі жыўцом. ...I вось аднойчы ўзімку давялося і мне сустрэцца зь ім.
Марыя спынілася, ускінула галаву й пранізьлівым паглядам кінула выклік Бэргдорфу.
Ён адвёў вочы й пацягнуўся за бутэлькай — пабаяўся вытрымаць ейны абвінавальны пагляд. Але ён падаваўся спакойным.
— Ёган, — завярнулася да яго Эрна, — налі і мне. Ой, я чую, гэтая гісторыя занадта для мяне... А ты вып'еш яшчэ, Алена?
Марыя перадала ёй сваю чарку. «А ці не хацелася б яму напоўніць гэтую чарку атрутай?» — падумалася ёй.
Падлюга відавочна ўтрымліваў сябе ў руках, бо Эрна так нічога яшчэ й не заўважыла.
Яна перадала чарку Марыі, кінула туды кавалачак лёду:
— Ну, і што далей?
— А далей... Гэта была чыстая, месячная марозная ноч, калі ўсё вакол добра бачна... Маці выйшла на двор па дровы ды ўбачыла двох саней зь людзямі, што ехалі ў нашую вёску. Яна падумала, што партызаны, і пабегла ў хату папярэдзіць мяне. А я з хворай дачушкай на руках.. Ну, што... Тады мы пачулі грукат ботаў у сенцах, дзьверы расчыніліся, уваліліся тры мужыкі. I наперадзе стаіць — хто б вы думалі? — сам Пісараў у паліцайскай вопратцы.
— Божа мой! — усклікнула Эрна.
Марыя зрабіла паўзу, каб даць стравіць гэтае, і пацягнула з чаркі, сьвідруючы вачыма Бэргдорфа.
— Трэба было бачыць, як была рада мама запрасіць чалавека, які быў некалі часткай нашага жыцьця. Яна рушыла да яго, хацела абняць. А ён са сваім аўтаматам наперавес паводзіўся, бы ён тут вяршыцель жыцыдяў і сьмерцяў. Дый п’яны ён быў. Як пхне яе, што яна чаго не павалілася, ды як раўкне: «Я ня Пісараў, дура ты старая! Мяне завуць Шварц». ...Мы што аслупянелі. Во гэта наш Ваня, аказваецца, той самы — Шварц! ...А што ён хоча ад нас цяпер? ...Жах перарэзаў аж да костак — у мяне ж дзеці на руках! ...Мама паспрабавала яго ўлагодзіць, але ён зноў шпурнуў яе долу ды запатрабаваў — зараз скажу дакладна ягоныя словы — «Дзе твая дачушка, недатыка гэтая?»
А я была за перабіўкай, калыхала Аленку на руках. Мяне як жахнула: вось чаго ён — прыпомніў, як я не дала яму. He было часу й раздумаць, што рабіць, ажно ён ужо ўваліўся за перабіўку, убачыў мяне, згроб ручышчамі. Я баранілася, як магла, мама прыбегла, цягнула яго. Ён вырваў маю дачушку з рук, кінуў долу й ботам шпыняў яе прэч. Мне зрабілася цёмна ўваччу, я самлела. Як маё дзіця залямантавала на падлозе, я чаго не звар’яцела. Ды куды ж зь ім управіцца? I тут мяне перацяла чаргой з аўтамата, як маланкай па ўсім целе. I ўсё: зрабілася цёмна...
Марыя спынілася пераняць дых. Яна падзівілася, ці зможа давесьці да канца сваю гісторыю, ці хопіць у яе вытрымкі, або раптам кінецца на таго вырадка, што сядзіць проста насупраць.
Эрна паглядзела на Ёгана й, заўважыўшы, што ён неяк дзіўна трымаецца, спыталася з трывогай:
— Што ты, Ёган? Ты не выносіш гэткіх аповедаў? — і тады мяккім голасам, — Ну, мілы, ты ж быў на вайне, ты ж бачыў, як гінуць людзі... Што з табой, Ёган?
— Н-не, нічога-нічога... — пракхекаўся Бэргдорф, вінавата гледзячы на Эрну. — Усё ў парадку.
— Ну, а як жа ты выжыла? — зьвярнулася зноў да Марыі Эрна, прагная пачуць канец гісторыі.
— Ачуняла я ў партызанскім шпіталі. Была, пэўна, некаторы час беспрытомная; зь мяне вынулі дзьве кулі, я згубіла шмат крыві. ...Там, відаць, была засада на банду Шварца, але гэты вырадак уцёк. Мне сказалі, што мае дзеці й маці загінулі, дом згарэў.
Настала доўгае маўчаньне.
Было чутна, як у суседнім пакоі валтузіліся дзеткі ў сваіх няхітрых, вясёлых гульнях.
Бэргдорф набіў і запаліў люльку.
— А як ты ўцякла ад партызанаў? Ты ня бачыла, ня чула больш нічога пра Шварца? — запыталася Эрна.
— Гэта доўга расказваць, як я ўцякла ад партызанаў, пасьля таго як паправілася. А Пісарава-Шварца я больш ня бачыла. Чула, што ён зьбег ад наступу Чырвонай арміі, і потым яго бачылі цэлым і здаррвым у Нямеччыне.
— Божа Ўсемагутны! — усклікнула Эрна. — Вось жа скурнік! Пэўна ж, недзе зараз жыве.
Вось ён! — вырашыла Марыя. Вось доўгачаканы, пасланы нябёсамі момант, каб нанесьці ўдар.
Эрна — мілае, наіўнае дзяўчо — сама ўсадзіць нож.
Марыя прамовіла з расстаноўкай, гледзячы проста Бэргдорфу ў вочы:
— Чаму ж не. Пэўна што — жыве. Пэўна, нават ажаніўся і дзетак мае.
Маўчаньне.
— Вось ты падумай, — загаварыла разважліва Эрна. — Сапраўды, ён можа і ажаніўся, і мае любую жоначку, і пару дзетак, як у нас... I ўвесь час удае зь сябе богабаязнага, прыстойнага мужа й добрага бацьку — і ягоныя жонка й дзеці ня маюць аніякага ўяўленьня аб тым, што іхную сям’ю спарадзіла такая пачвара... месца якой адно на шыбеніцы, за ногі падвешаным!..
Вумніца, малайчына! — падумала Марыя. Табе можна паапладзіраваць — эх, каб можна было.
Ну, што? Цяпер — ваш выхад, містэр Бэргдорф.
— Заткніся! Ты!.. — раўкнуў той, ускочыўшы на ногі, раз’ятраны, гатовы кінуцца на жонку, як паранены мядзьведзь.
— Ёган! Ды што з табой? — ахнула Эрна.
Ягоны выбух стаўся такім нечаканым, што яна, пэўна, мусіла заклапаціцца, ці здаровы ён, урэшце.
— Табе нядобра, ці што? — запыталася яна матчыным голасам.
На бацькоўскі рык прыбеглі дзеці з пакою для гульняў і пасталі цяпер у дзьвярах, няўцямныя, чаго гэта бацька так узьвіўся.
Зразумеўшы зараз жа, што ён чаго ня выдаў сябе, Бэргдорф прамармытаў нешта й пайшоў з гасьцёўні. Эрна праводзіла яго трывожнымі вачыма.
— Прабач, Эрна, — загаварыла Марыя. — Я ня ведала, што твой муж такі чульлівы. Ня трэ было...
— Ах... Я часам думаю, што ён, пэўна, прайшоў усе кругі пекла на гэнай вайне. Каб ты толькі ведала, які ён добры, пяшчотны, далікатны. He пакрыўдзіць і мухі... Відаць, нацярпеўся на той вайне. Ніколі ня хоча гаварыць аб ёй...
30
СЬМЯРОТНАЯ ПАЕЗДКА
Працаўнікі шпіталёвай кухні падымаюцца рана, і звычайна яшчэ няма пяці, як Марыя ідзе пешкі два кварталы да аўтобуснага прыпынку.
Гэтай ноччу пасьля народзінаў Эрны яна спала кепска, круцілася ў ложку, лезьлі нейкія нядобрыя сны. Ледзь задрамала — ажно ўжо будзільнік. Яна адкінула коўдру й злосна націснула гузік...
На двары імжэла.
Дайшоўшы да ходніка, яна павагалася, ці вярнуцца за парасонам, тады вырашыла, што абыдзецца безь яго. Пазьней, калі яна аднаўляла ў памяці ўсе падрабязнасьці гэтай фатальнай раніцы, яна дзівілася, чаму яна не надала ўвагі таму, што гараж Бэргдорфа быў адкрытым і пустым.
Занятая адно думкай, каб не прапусьціць аўтобус — а ў гэты час яны ходзяць раз на пятнаццаць хвілін — яна сьпяшалася подбегам, а ў галаве круціліся падзеі ўчарашняга дня, і ўсялякія варыяцыі ягоных наступстваў не давалі спакою.
I навошта ёй было дражніць зьвера? А што цяпер будзе? Ну, і як адрэагуе ён, калі здагадаўся ўжо, што яму пагражае небясьпека?
Яна дайшла да дому на рагу вуліцы. Дом стаяў наводдаль ад дарогі; ягоны гаспадар, відаць, не любіў быць на воку, бо ўвесь двор быў засаджаны дрэвамі, паўздоўж высокага мэталёвага плоту расьлі кусты бэзу. Яны поўнасьцю закрывалі від на вуліцу з вокнаў.