• Часопісы
  • Заўтра ёсьць учора  Кастусь Акула

    Заўтра ёсьць учора

    Кастусь Акула

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 200с.
    Мінск 2008
    47.07 МБ
    Марыя паглядзела на яго з дакорнай адхіленасьцю й выйшла.
    29
    ВЫКЛІК
    Праз два тыдні Эрна Бэргдорф запрасіла Марыю на народзіны сваёй дачкі.
    — Вы мусіце прыйсьці, Алена, — сказала яна са сваёй абяззбройнай усьмешкай, калі яны сядзелі на іхным заднім дворыку.
    Маленькая Эрна сядзела ў яе на каленках, Эрык качаўся на гушкалках. Бэргдорфа не было: пэўна быў на працы.
    — Эрна так хоча, — настойвала місіс Бэргдорф. — Праўда, Эрначка? Ну, скажы цёці лэдзі, што ты хочаш, каб яна прыйшла на твае народзіны.
    — Калі ласка, місіс Алена, вы прыйдзеце? — запыталася дзяўчынка, абдымаючы сваю найнавейшую ляльку Пэні.
    — Добра, Эрначка, — Марыя шчыкнула яе за ружовую шчочку. — Хіба я магу адмовіць на такое запрашэньне. А каго ты яшчэ запрасіла?
    Дзяўчынка задумалася, тады адказала:
    — Джэйн прыйдзе, Мэры ды Айрын... А хто яшчэ, мама?
    — Ну, я думаю, гэта ўжо будзе добрая кампанія. Цяпер можаш лічыць яшчэ і місіс Алену.
    — Я так рада, што вы прыйдзеце, місіс Алена, — заўсьміхалася дзяўчынка Марыі.
    — 1 я буду рада, — Марыя таксама ўсьміхнулася ёй. — Ну, а колькі табе ўжо будзе?
    — Пяць! — умомант ускінула сваю раскрытую далоньку дзяўчынка.
    — Ай-ай, якая ты ўжо вялікая, Эрначка! Наступнай восеньню ўжо пойдзеш у садок. А мама ўжо казала табе, якія падарункі ты атрымаеш на народзіны?
    — He, не казала. Але я ёй гаварыла, што я хачу.
    — Ну, і што ты хочаш? Ці гэта сакрэт?
    — Яна хоча поўную хату лялек, — засьмяялася старэйшая Эрна. — Ну, дачушка, а можа ты зьбегаеш да Айрын, паглядзіш, што яна там робіць?
    — Яе няма ўдома, мама.
    — А дзе яна, ведаеш?
    — Ня ведаю. Нікога няма ўдома. Можа, яны на возера пайшлі.
    — Добра, тады ідзі пагуляй з Эрыкам на гушкалках. Хадзі, — Эрна мякка шлёпнула ніжэй спінкі, і дзяўчынка пабегла да браціка.
    Народзіны Эрны былі прызначаныя на чацьвер папоўдні.
    Марыя ведала, што абое Бэргдорфавы дзеці й іхная маці любілі яе. Пасьля той незабыўнай гаворкі з айцом Паўлам яна ўжо сядзела зь імі два разы, як Бэргдорфы хадзілі ў тэатар. Марыя не магла не падзівіцца, як яна прывязалася да дзяцей так хутка.
    Падчас першага вечара Марыя намервалася падсунуць Бэргдорфу ягоныя ж собскія лекі. Яна так была захопленая гэтай
    ідэяй, што калі яна зайшла ў ягоны пакой, раптам заўважыла, што крэпка сьціскае ў правай руцэ кухонны нож. Раптоўнае разуменьне, якую жахлівую рэч яна надумала, вярнула яе да рэальнасьці.
    А рэальнасьць у той час была заблытаная. Змучаная тым становішчам, у якім яна была, ня здольная выцягнуць сябе зь лябірынту сваіх супярэчных пачуцьцяў, яна разглядала сваю цяперашнюю дылему як чарговае Божае пакараньне.
    Была на адлегласьці аднаго ўдару ад забойцы — і не магла яго нанесьці. Ейныя рукі былі зьвязаныя і Боскімі, і чалавечымі законамі.
    Марыя часта разважала, ці ведае сам Бэргдорф пра гэты ахоўны для яго шчыт. Ведаў ён, ці яму было абыякава — Марыі ад гэтага не было лягчэй.
    Калі б яна знайшла яго самотным, спраўджаньне помсты было б хуткім і бязьлітасным.
    Але ёсьць Эрна й дзеці.
    А тут яшчэ Мікола са сваімі заляцаньнямі.
    Яна стала знэрваванай і расьсеянай. Нядаўна ў шпіталі яна настолькі была занятая сваімі праблемамі, што зусім згубіла пілыіасьць, пабіла некалькі талерак, пасьля чаго кухонны загадчык папярэдзіў яе, што яшчэ раз такое, і яе зволыіяць.
    А Мікола, як аказалася, меў цалкам сур’ёзныя намеры і ніяк ня мог зразумець, што там за прычыны, што зрабілі яе такой халоднай і абыякавай да яго. Ён рабіўся ўсё болый настойлівым. Марыі не хацелася адапхнуць яго зусім, бо ён вельмі ёй падабаўся, але падзяліць зь ім свае праблемы яна не магла.
    Паколькі завяршэньне ейнай «місіі» пагразла ў багне ейных супярэчных пачуцьцяў, сумнёваў, самавінавачаньняў, ёй нічога не заставалася, як пакорна чакаць выпадку, каб пабачыць, як дзейнічае «чароўная і загадкавая рука Боская».
    I яна дачакалася.
    Надышоў той чацьвер, бяседа з нагоды народзінаў маленькай Эрны.
    Ёган Бэргдорф, пэўна, добра рассупоніў папружкі сваёй каліты, бо пасьля вітальных прыпевак па-нямецку й па-ангельску, запальваньня сьвсчак на вялізным торце вочкі маленькай Эрны расплюшчыліся шырака ў захапленьні, як яна распакавала падарункі ды знайшла там усё, чаго яна жадала. Ейны тварык сьвяціўся шчасьцем, яна весела шчабятала, з гонарам паказваючы свае новыя скарбы сваім тром шаноўным госьцейкам.
    Марыя падарыла ёй дзіцячую кніжку з карцінкамі і амаль зачырванелася, калі Эрна разгортвала ейны пакет: тая ледзь зірнула на тое, што было самым звычайным падарункам.
    I ўсё ж, спануканая мамай, яна ўзнагародзіла Марыю ўдзячнымі абдымкамі.
    Скончылася бурная цырымонія распаковак падарункаў, і дзеці пасунуліся з новымі цацкамі ў пакой для гульняў.
    Эрна прынесла засмажаную індзюшку ды іншыя далікатэсы, а Бэргдорф са шчасьлівай бацькоўскай усьмешкай урачыста напоўніў чаркі ды падняў тост за здароўе маленькай Эрны й за ейную бліскучую будучыню.
    За першай чаркай хутка пайшла й другая. Бэргдорфы пілі, але Марыя ледзь толькі прыгубіла сваю.
    Як гэта часта бывае, пасьля ладнай закускі, падмацаванай добрай выпіўкай, людзі за сталом пераходзяць да абмеркаваньняў надзённага й вечнага. Сямейныя сьвяткаваньні звычайна прыцягваюць увагу гасьцей да гаспадарскіх тэмаў. Бэргдорфы не аказаліся выключэньнем з правіла.
    Шчасьлівая й захмялеўшая Эрна нясьведама пацягнула курок, хаця й ускосным шляхам, для спраўджаньня Марыінай «місіі».
    —Дзеці такія пацешныя! — сказала яна ў запале, задаволеная сваім выкананым мацярынскім абавязкам, — Яны прыносяць столькі радасьці й шчасьця!
    Бэргдорф ухваліў заўвагу сваёй жонкі цёплай усьмешкай, як Марыя тым часам сядзела змрочная, гледзячы проста перед сабой. Але п’яная рожа забойцы насупраць стала адразу вывела яе з хвіліннага забыцьця. Яна сядзела, як на вугалях, раздражнёная, робячы магутныя высілкі, каб трымаць на твары маску задаволенасьці.
    I тады Эрна завярнулася проста да яе:
    — Алена, вы ж неяк сказалі мне, што ў вас былі дзеці. А што зь імі сталася?
    Яна й не здагадвалася, што сама запалілатой бікфордаў шнур, які хавала ў душы Марыя на гэткі выпадак.
    — Так, Эрна, — ахвоча падхапіла Марыя. — У мяне былі двое: хлопчык такога ж узросту, як ваш Эрык, і дзяўчынка — паўтары гадкі.
    — Ну, што, што сталася зь імі? — не цярпелася Эрне.
    Марыя перавяла дых.
    Ёй падалося, што яна заўважыла, як нэрвова дрыгнуў мускул на самазадаволепым твары Бэргдорфа. Ён паёрзаў на сваім
    крэсьле, у шэрых, замыленых алькаголем вачах зьявілася зьбянтэжанасьць.
    Для максымальнага эфэкту Марыя вырашыла выпаліць усё цалкам.
    — Абое маіх дзетак разам з маёй маці былі забітыя падчас вайны чалавекам, якому мы былі ратавалі жыцьцё. Усе мы чацьвёра былі расстраляныя гэтым п’яным вырадкам. Адно дзівосным паваротам лёсу я сама выкараскалася жывой з нашае магілы.
    Зьдзіўлены вокліч Эрны перакрыў шумныя галасы дзяцей у суседнім пакоі. Яна замёрла, утаропіўшыся ў Марыю з поўным недаверам.
    Бэргдорфава рука, што была пацягнулася за бутэлькай, завісла над сталом. Падчас Марыіных словаў злосныя іскры зьявіліся ў ягоных вачах, якім, здавалася, стала няўтульна ў вачніцах. Але ён трымаў сябе ў руках.
    — Ах, Алена, прабач... Я ня ведала... Ня варта было мне пытацца, — вінавата спахапілася Эрна. — Прабач... Я кажу... калі табе цяжка, ня будзем гаварыць аб гэтым... — яна ўскінула вочы на мужа, але была настолькі ўзрушаная такім паваротам гамонкі, што нават не заўважыла пераменаў у ім.
    — He, чаму ж, — адказала Марыя, — Я магу расказаць.
    Яна спустошыла сваю чарку да дна, каб наддаць сабе сьмеласьці.
    — Божа мой, гэта мусіць быць цэлая гісторыя! — адарыла спагадлівым паглядам Марыю Эрна. — Расказвай.
    — Як я казала табе раней, майго мужа мабілізавалі ў войска перад самай вайной. Я засталася адна з сынам Валодзем і з мамай. Потым нарадзілася нашая Аленка. Мой муж так і не пабачыў сваёй мілай дачушкі... Мы жылі ў вёсцы, я працавала ў мясцовым шпіталі. Зарплата ў мяне была нішчымная, але неяк выжывалі... Тады пачалася вайна, немцы рушылі на Беларусь. Нашая вёска знаходзілася побач вялікага гасьцінцу, па якім адыходзілі савецкія войскі. Гэта было проста перапалоханае людзкае мора. Аднойчы сярод белага дня на іх наваліліся нямецкія самалёты. Адбылася вусьцішная бойня. Быццам вялізным секачом паласавала па людзкіх калёнах... А позна ўначы — я ўжо клала дзяцей спаць — мы з мамай пачулі, як быццам нехта пастукаўся ў дзьверы, і тады як нешта грохне там — ну, што мех з бульбай паваліўся на ганку. Мы асьцярожна адкрылі дзьверы — аказалася, гэта паранены савецкі жаўнер. Зусім слабы, скрываўлены, ледзь дабраўся да хаты й зваліўся непрытомны
    ля парога. Мы ўсьцягнулі яго сабе ў хату... Мы лячылі яго, як маглі, хадзілі за ім, хавалі ад немцаў... Ён быў малады, прыгожы. Казаў, зь Ленінграду. Пісараў — ягонае прозьвішча...
    Марыя пачала зь цяжарам, але чым далей, ейны ціхі, усхваляваны голас набіраў цьвердыні. Адно часам яна спынялася, бы ўзгадваючы падрабязнасьці. Хаця эмоцыі ўсё болей і болей забіралі яе, але ейная заўсёдная ўжо пільнасьць падказвала зьберагаць казырную карту напасьля. Яна вырашыла, што поўнае выстаўленьне Бэргдорфа ягонай жонцы зараз прынясе Эрне й ейным дзецям непапраўны боль. Ёй падабалася гэтая жанчына, і яна падазравала, што місіс Бэргдорф і не здагадвалася, як ейны муж усьцілаў свае ваенныя шляхі людзкімі касьцямі й шчодра паліваў іх нявіннай крывёю. 3 гэтых жа прычын яна й замяніла сапраўдныя імёны прыдуманымі.
    Тым часам як Бэргдорф усё ёрзаў на крэсьле, кідаючы Марыі зьнішчальныя позіркі, Эрна слухала зацікаўлена.
    — Ну, і што далей было? — увесь час падганяла яна.
    — Ён меў вельмі цяжкое раненьне ў жывот. Мы хавалі яго ў закінутай лесьнічоўцы, у лесе, цэлае лета даглядалі яго....
    — I вы кармілі яго і хадзілі за ім увесь гэты час?
    — Так. Гэта было няпроста, мушу сказаць. Ведаеш, хаваючы варожага жаўнера, мы рызыкавалі жыцьцямі ўсёй сям’і, нат зь дзецьмі ўлучна. Калі б нас злавілі, пазабівалі б усіх... Часам было так страшна, так вусьцішна... мы спаць не маглі па начах. Але насілі яму ежу, як мага пазьней, калі сьцямнее, каб ніхто ня ўбачыў... Бадай, некаторыя з суседзяў усё ж здагадваліся, ці нават ведалі, але ніхто так і ня выдаў нас немцам. Такія ў нас людзі, яны заўсёды гатовы падтрымаць адоленага, нават рызыкуючы жыцьцём. Напэўна, гэта таму, што мы так доўга ў паняволеньні й ненавідзім усіх прышлых гаспадароў, але занадта слабыя, каб разарваць ланцугі сваімі сіламі...