Збіральнікі
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 189с.
Мінск 1991
Багатай вобразнасцю надзяляў паляшук і атмасферныя з’явы. Дажджу ў залежнасці ад часу, ад патрэбы цадаваліся самыя розныя назвы. Той, што ішоў ад Юр’я да часу ўтварэння зерняў, звалі хлебавіком, той, што ліў пад час жніва — гніляком, праліўны — «урэдным лівуном», асенні дробны дождж — непагадзь, халяпа. Свае назвы меў і вецер: свістун, ледавік, снегавік, хухач. Віхор называлі «чортавым вяселлем». У спякотныя млявыя дні, у час палявых работ, існавала перакананне, што вецер мржна выклікаць свістам. I калі ён прылятаў, спявалі:
Касары косяць, А сонейка грэе, Як ветрык папросяць, To ён павее...
Народныя назіранні і ўяўленні ахоплівалі літаральна ўсе шматлікія праявы прыроды: хмары, вясёлку, буру, грымоты, пярун, бліскавіцы, град, мароз, шэрань, снег, зарыва...
Асабліва распаўсюджаным у народзе было (і палешукі тут не выключэнне) прадказанне надвор’я паводле розных станаў прыроды. Прыкладаў існуе безліч: калі ў галодную куццю вісіць на лесе іней, то пад восень будзе багата грыбоў. Вельмі часта ў вызначэнні будучага надвор’я абапіраліся на стан нябесных свяціл. Так, калі сонца прыпякае'—пад вечар будзе дождж. Тое ж чакалася і калі сонца заходзіць, а супраць яго грэецца хмара. I ваадварот, на пагоду паказваў чысты захад сонца. Калі сонца перад захадам пачырванее — чакаўся вецер. Маладзік з задранымі ўгору рожкамі абяцаў тыдзень моцных маразоў; калі ён улетку чырванеў, гэта быў знак на дождж. Калі ж месяц «надзене шапку» ці «абвядзецца калясом», то на трэці дзень трэба чакаць ветру, дажджу ці снегу. Яркі свет зорак паказваў на пагоду, імглісты — на перамену надвор’я ўночы (аналагічна гаварылася і пра вясёлку). Прадказанне надвор’я праводзілася таксама на падставе назіранняў за агнём, дымам, вадою, за некаторымі днямі года («Якая пагода на Пакровы, такая і зіма», «Юрай мосціць, Варвара разварвае, а Мікалай гвоздзіць»); за паводзінамі млекакормячых («Загуляўся, як сабака на дождж»), птушак, змей і жаб, насякомых; за асаблівасцямі росту раслін і іншымі з’явамі.
Падаючы свае феналагічныя звесткі, Пяткевіч увесь час паведамляў пра адпаведнікі ў папярэдняй этнаграфічнай літаратуры — у працах Шэйна, Дабравольскага, Федароўскага, Машынскага, Чубінскага, Раманава, Нікіфароўскага, Дыбоўскага, 3. і I. Пяткевічаў.
Адносіны палешука да агню, вады, зямлі фарміраваліся пад уздзеяннем шэрагу павер’яў, якія часам успрымаліся як жыццёвыя правілы. Так, напрыклад, сезон, калі дазвалялася купацца, абмяжоўваўся дакладнымі датамі: ад Пераплаўной серады (1-я серада пасля Сёмухі), «як Хрыстос пераплыве чэраз ваду, то вада стане цёплая...», і да св. Іллі. Нельга купацца і пасля захаду сонца. Да Благавешчання нельга араць у агародзе, калі не арана
ў полі. Старыя людзі ўгадвалі неабходную цеплыню зямлі, калі можна пачынаць на ёй работы.
Увесь навакольны свет быў абкружаны паэтычнымі легендамі і паданнямі. Пяткевіч расказвае легенду пра паходжанне бярозы і асіны, у якія Бог ператварыў за забойства мужа жонку і яе палюбоўніка.
Вялікі раздзел у кнізе складаюць народныя вераванні, звязаныя з жывёльным светам. Яны ахопліваюць траха не ўсіх прадстаўнікоў фауны. Божай кароўцы прысвсчаны не толькі агульнавядомыя дзіцячыя прыгаворкі, але таксама варажба: у які бок яна паляціць з рукі, адтуль трэба чакаць сватоў. Надакучлівасць камароў паказваецца ў прыведзеным народным апавяданні. Насякомыя згадваюцца і ў параўнаннях («Набраўся, як сабака кляшчоў»). Асаблівай увагаю чалавека надзяляюц,ца пчолы. Адносіны да іх былі часам настолькі кранальныя, што паляшук, убачыўшы мёртвую пчолку, за грэх лічыў сказаць, што яна «здохла», а толькі «памерла». Змясціў Пяткевіч і легенду пра пчол.
Пра тое, як узнікла чарапаха, гаворыцца ў легендзе, змешчанай у параграфе «Паўзуны і гады». Шмат прадказанняў на будучае (часам відавочна прымхлівых) звязана з асаблівасцямі паводзін птушак. Вобразнай асацыятыўнасцю прасякнуты павер’і, якія датычыліся буслоў. Калі бусел скідваў з гнязда яйкі, лічылі, што гэта паказвае на ўраджай, калі ж птушаня — на неўраджай. Калі дзяўчына ўвссну ўпершыню бачыла бусла ў палёце — гэта прадказвала ёй хуткае замужжа, калі ж на зямлі ці ў нерухомым стане — успрымалася як знак доўгага чакання жаніха. Калі сарока сквірчыць на сметніку — значыць, прыедуць госці. Існавала варажба на птушыных галасах: колькі разоў птушка «бутай» адгукнецца, столькі злотых будзе каштаваць у той год мерка жыта; агульнавядома, як па зязюльчынаму кукаванню вызначалі колькасць адмераных на жыццё год. Тут жа змешчаны таксама легенды пра зязюлю, дзятла, жаўранка.
Іх працягваюць у наступным параграфе пра млекакормячых легенды пра паходжанне бабра, казла, мядзведзя, кажана, свінні, ваўка, зайца і інш. Вось, да прыкладу, пра апошняга з пералічаных жывёл расказваецца: «Ён вельмі баязлівы, бо мае невялікае сэрца. Бог яму вылепіў надта вялікія вушы, а на сэрца не хапіла гліны, дак адарваў хвост, кідаючы толькі адростачак, каторы
патом аброс шэрсцю, да й зрабіў маленькае сэрца. Ось зачым ён усіх баіцца, а яго ніхто». Лічылі, што калі заяц перабяжыць дарогу — здарыцца няшчасце, калі воўк — то, наадварот, добры знак. Пяткевіч часта перасыпае тэкст свайго даследавання каларытнымі слоўцамі, безліччу трапных выразаў і параўнанняў, прыказкамі («Мужык 3 сабакаю на дварэ гаруе, а баба з катом у хаце пануе» і інш.).
У наступным раздзеле манаграфіі аўтар прыводзіць некалькі легенд з сацыяльна-класавым гучаннем пра паходжанне людзей на зямлі, пра паходжанне багатых і бедных: «Чорт вылепіў чалавека з гліны, як і Бог, а каб адрозніць сваё — плюнуў на лоб. Бог ажывіў абодвух; a як заварушыліся, то з божае выйшаў хазяін-пахар, а з чортавае — нейкае благароддзе ў казённай шапцы з кругленькаю бляшкаю, акурат на том месцы, дзе чорт плюнуў. Тагда хазяіну Бог сказаў: «Ідзі да гасподы!» А благароддзю, узяўшы за шыварат, даў каленам». У другім варыянце «Бог пана вылепіў з цеста, а мужыка — з гліны. Сабака з’еў цеста. Бог, застаўшы яго, схапіў, стаў трэсці сабаку, з якога пасыпаліся і паразбягаліся на ўвесь свет паны. Дзе хто стане, так і завецца: Беразоўскі, Дубінскі, Альховіч ... А сабаку паслаў мужыку служыць». Вялікую цікавасць маюць легенды пра веліканаў і павер’і, звязаныя з асаблівасцямі чалавечай знешнасці і рыс характару; варажба, тлумачэнне сноў.
„У аснову звестак раздзела «Гігіена» пакладзены paHen надрукаваны артыкул «Гігіена ў жыцці палешукоў» 12. Гэтая тэма асветлена аўтарам з выкарыстаннем прыказак, жартаўлівых выразаў, загадак.
Блізкая да пытанняў гігіены тэма лячэння людзей і жывёл ад розных захворванняў. Народная медыцына, заснаваная на веданні гаючых уласцівасцей раслін, з’яўлялася асноўным лекавым сродкам, які дазваляў палёшуку пазбавіцца ад хвароб. Адначасова з прыроднай аптэкай, якою шчодра надзелены палескі край, селянін нярэдка карыстаўся паслугамі шаптух. «Лячэнне» замовамі, шэптамі існавала паўсюдна, і вера ў іх была надзвычай вялікая. Гэтаму садзейнічала цяжкадаступнасць і нізкі па тым часе і ў тых умовах узровень афіцыйнай медыцыны. Зразумела, што калі замовы і давалі эфект, то не дзякуючы магічнасці слова, а, кажучы сённяшняй
12 Lud. 1931. Т. 30, z. 1—2. Serja 2. S. 14—35.
тэрміналогіяй, яны ў вуснах іх носьбітаў аказвалі нярэдка на хворага моцнае псіхатэрапеўтычнае ўздзеянне. Аднак калі глянуць непасрэдна на тэксты замбў, пакінуўшы ўбаку ўласна медыцынскі аспект, то нельга не падзівіцца паэтычнасці іх зместу, не ўразіцца шырокаму рэпертуару замоў, якія маглі быць выкарыстаны пры любым захворванні або пры любой жыццёвай сітуацыі. Ч. Пяткевіч прыводзіць замовы ад лішая, ад зубоў, ад змяі, ад уроку, ад чарвей (апошняя наканавана для хатняй жывёлы). Некаторыя замовы вельмі лаканічныя («Дабрыдзень, лішай, ідзі свінням памяшай»), некаторыя гучалі як праклён («Соль у вочы, галаўня, альбо галуза ў зубы»), а іншыя мелі развіты сюжэт, выразную паэтыку («У полі стаіць кіёк—шлюб Хрыстоў, да таго кія прылятае змяя — я тую змяю на сябе бяру. Прыбывайце да мяне: Рабушкі, Чарнушкі, Палушкі, Макушкі, Палавушкі і ўсякі гад, а я вас заклінаю, праклінаю кроўю Хрыста. Амін»), Словы замоў знахар суправаджаў пэўнымі дзеяннямі, якія таксама падмацоўвалі магічны сэнс усяго акта лячэння: загаворваючы лішай, пасліненым пальцам абводзілі больку, у выпадку са змяіным укусам знахар з непачатага бохана хлеба адразаў тры ці болей лусты, адначасова вымаўляючы закляцце да кожнай з іх асобна. Здаралася, пасля прачытання замовы трэба было ісці з таго месца не азіраючыся. Сродкі «паратунку» існавалі самастойна, незалежна ад загавораў. Напрыклад, ад таго ж змяінага ўкусу раілі прыкласці да раны жабу, каб яна высмактала яд, або забіць змяю, якая ўкусіла, і памазаць ёю рану і г. д. Некаторыя хваробы, ад якіх чалавек пакутаваў не пастаянна, а толькі час ад часу, не выклікалі сур’ёзнай заклапочанасці палешука. Так, лічылася, што ад малярыі (хіндзі) ніхто звычайна не памірае, гэта пацвярджаў народны досціп: «Хто ад хіндзі памрэ, таму лапцямі звоняць».
Спрадвечнае язычніцкае светаўспрыманне аказалася надзвычай трывалым, нягледзячы на забароны афіцыйнай царквы ў адносінах дахрысціянскіх вераванняў і святкаванняў. Многае з прынесенага праваслаўем і каталіцтвам з цягам часу атрымала народную, сялянскую інтэрпрэтацыю. Хрысціянскія святыя, як некалі прадстаўнікі язычніцкай міфалогіі, сталі героямі фальклорных твораў самых розных жанраў. Ч. Пяткевіч у раздзеле «Хрысціянскія вераванні» выкарыстаў шмат чутых ім на Палессі казак, легенд, прыказак пра Бога, анёлаў, свя-
тых. 3 некаторымі з іх селянін у сваіх выказваннях абыходзіўся запанібрата: «Зышліся два Юр’і, да абодва дурні: адзін галодны, а другі халодны», маючы на ўвазе аднайменнае веснавое і восеньскае свята. Аднак такое выказванне не ўспрымалася як блюзнерства. Заступнікі сялянскага дабрабыту маляваліся ў сялянскім асяроддзі вельмі прыземлена. Дні некаторых святых, як гаварылася раней, былі ў земляроба арыенцірамі для пачатку ці заканчэння пэўных работ: «Толькі да Іллі паглядай на вуллі» (г. зн. пасля таго дня пчолы больш не раяцца); на Алену (21 мая) рэкамендавалася сеяць лён, каб добры ўдаўся; ад Спаса (6 жніўня) можна сеяць азімыя і г. д.
Бог паўставаў у прыказках не толькі як увасабленне дабрыні і справядлівасці («Над сіратою Бог з калітою», «Працуй, нябожа, то і Бог паможа»), але і як строгі суддзя ўсіх чалавечых учынкаў («Бог доўга церпіць, да строга наказуе», «Бог шэльму меціць», «Ляцеў, як хацеў, а ўпаў, як Бог даў»), Цікава перадае Пяткевіч уяўленне палешука пра пекла, дзе караюцца ўсе людскія парокі. 3 народных апавяданняў можна даведацца, што самыя вялікія грэшнікі будуць варыцца ў смале, а менш грэшныя — пакутаваць у даліне слёз. Там «злодзей крадзенае носіць у зубах, а як не памесціцца, то і на плячах. Таго, хто на етым свеце першы пачынаў біцца, чэрці рана і ўвечары сякуць лазою... хто абгаварваў да паскудзіў славу добрых людзей, там ходзіць з пішчыкам на языку... Брахун ходзіць з высалапленым языком і звязанымі рукамі назад, за язык кусаюць авады, камары і мухі, а ён не можа ні адагнаць заедзі, ні захаваць языка. П’яніца п’е смалу... Гультай ляжыць голы пад варацьмі замест падваротпіцы» і г. д.