Збіральнікі
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 189с.
Мінск 1991
Манаграфія Чэслава Пяткевіча кожнай сваёй старонкай пераконвае ў дасканалым адчуванні аўтарам моўнай стыхіі, прычым не толькі вуснай, але, можна смела сцвярджаць, і пісьмовай. Зразумела, трапныя выразы, прыказкі, загадкі, параўнанні, у крайнім выпадку жарты, вершавапыя строфы, адным словам, творы малых жанраў Пяткевіч чэрпаў са сваёй выключнай памяці. Але ж у кнізе сустракаюцца апавяданні, казкі, легенды, якія гучаць, як здаецца, з бездакорнай моўнай дакладнасцю. Вядома, ніякіх папярэдніх стэнаграм Пяткевіч не рабіў, ды і памяць праз дзесяцігоддзі наўрад ці магла адрадзіць даслоўна тое, што ён некалі чуў яд сялян (напрыклад,
разгорнутыя паданні і інш.). Ён, тонкі знаўца палескай гаворкі, пераказваў на паперы вусныя апавяданні з той максімальнай доляй верагоднасці, з якой яны маглі гучаць на самой справе ў вуснах народа. I гэтае ўзнаўленне нельга назваць ні стылізацыяй, ні тым больш падробкай, бо праводзілася яно чалавекам найвышэйшай сумленнасці на мове не проста яму блізкай, а той, якая яму была самая родная, якою ён жыў доўгія гады і любоў да якой ён пранёс да самае смерці. Нельга пазбавіцца адчування, што ў асобе Чэслава Пяткевіча беларуская літаратура страціла аднаго з магчымых сваіх яркіх прадстаўнікоў (дастаткова прыгадаць старонкі кнігі Пяткевіча, прысвечаныя народнай дэманалогіі, дзе жывой, непрыгладжанай сялялскаю моваю пераказвагоцца фантастычныя казкі, былічкі, апавяданні пра чарцей). He сустрэўся на яго жыццёвым шляху чалавек, які б параіў яму пашукаць сябе ў мастацкай прозе. А магло б не адбыцца і выпадковай сустрэчы з К. Машынскім, і тады наўрад ці ўспомніў сёння хто-небудзь тэхніка і ўпраўляючага маёнткамі Чэслава Пяткевіча.
Адначасова з вераю ў замовы, у «нячыстую сілу» жыла ў народзе вера ў дзейсную сілу чараў, якімі нібыта валодалі асобныя людзі, празваныя чараўнікамі, ведзьмарамі або знахарамі. Пералічаныя ў манаграфіі шматлікія чары падзяляюцца этнографам, паводле іх функцыянальнага прызначэння, на шкадлівыя, зладзейскія, паляўнічыя, любоўныя. Да першых, напрыклад, адносілася заламванне свечкі з пажаданнем: «Штоб ты так патух, як етая свечка», з адсыпаннем зямлі са следам злачынца: «Штоб ты сваімі паганымі лапамі больш не таптаў святое зямелькі да штоб яна цябе ніколі не прыняла ў сваё мацярынскае лона, да развей цябе вецер па ўсяму свету, і згінь, прападзі твой нячысты след на век вякоў». Шкоднымі чарамі лічыліся таксама насланнё хвароб і іншых няшчасцяў, завітка, або залом, каласоў на палосцы таго, супраць каго скіраваны гнеў. Супрацьяддзем быў праклён «Няхай чараўнік так счарнее, як яго завітка». У якасці сродкаў любоўных чар (адваротаў і прываротаў) карысталіся адварамі любішчыка, або слёзак, бярозавай і дубовай кары. Безліч прымхлівых рэцэптаў, якія нічога не мелі агульнага з карысным чалавечым вопытам, існавала як уяўны сродак для забеспячэння здароўя. Тут сустракаюцца і прадпісанні куляцца праз галаву пры першых грымотах — ад болю галавы; абувац-
па з правай нагі і даядаць мышыныя недагрызкі — калі баляць зубы і г. д. Тут і перасцярогі: у шапцы няможна садзіцца за стол, бо цешча аглухне; не хадзіць у адным чаравіку, не прышываць на сабе і г. д.
Раскрываючы ў чарговым раздзеле «Духоўнай культуры Рэчыцкага Палесся» музычны свет селяніна, Ч. Пяткевіч падрабязна апісаў працэс вырабу асобных інструментаў: скрыпкі, бубна, дудкі. Яму самому ў свой час даводзілася іграць на скрыпцы на сялянскіх вяселлях. Акрамя набытых у краме ў палешукоў існавалі інструменты самаробныя, створаныя іх фантазіяй. To струна прывязвалася адным канцом да скрыпачкі, а нацягненне рэгулявалі рукою, водзячы па струне смыком, і атрымлівалі гукі розных вышынь, нават у межах актавы. To рэйкаю пэўнай формы і памеру, выразанай са смалістай сасны, вадзілі па востраму канту дошкі і стала, акна ці лавы. To выстуквалі мелодыю востраканечным нажом, то арэхам аб зубы. To, падгледзеўшы ў шляхты, ігралі на грабяні праз папяросную паперу. Любімым народным інструментам былі цымбалы. Слухаючы раз, як Пяткевіч іграў на фартэпіяна, селянін Ілля Бурак сказаў: «Ось я табе зраблю картаплян (фартэпіяна) такі, на яком нашы дзяды і бацькі гралі»,— і слова стрымаў. Былі гэта цымбалкі з некалькіх бэлечак са смалістай сасны... укладзеных адна ля аднае на двух пучках, моцна звязаных у некалькіх месцах, жытняй саломы. Бэлечка, удараная малым драўляным малатком, гучала досыць голасным і прыемным тонам: доўгая — нізкім, а кароткая — высокім. Калі я пры ім выстукаў вядомую яму мелодыю,— працягваў Ч. Пяткевіч,— то ён сказаў расчулена: «Бач ты, як смалінкі харашэ абзываюцца? Да калі ты не ўчыўшыся ўжэ цяміш і сяк-так граеш, то як жа калісь грана?» Сярод пяпулярных у народзе танцаў фалькларыст называе «Лявоніху», «Казака», «Жыдоўку», «Мікіту», але найбольш любімым на вёсцы — «Мяцеліцу».
У манаграфіі выдзелены раздзел, названы Ч. Пяткевічам «Веды пра псіхічнае жыццё». Аўтар адзначыў, што па названнай тэме народазнаўчая літаратура сабрала яшчэ вельмі мала звестак. «Матэрыялы ў гэтай галіне можа сабраць перш за ўсё той, хто з гэтым народам знаходзіўся амаль з дзяцінства, хто з ім зжыўся, заваяваў яго поўны давер і шчырасць, хто пранік у сферу пачуццяў і зразумеў механізм яго мыслення»,— пісаў Чэслаў Пяткевіч. Вядома, што сам ён якраз і ўвасабляў
сабою такое рэдкае шчаслівае выключэнне — і прадстаўніка народа, і яго назіральніка адначасова. Сяляне, сярод якіх ён пражыў доўгія гады, лічылі яго за свайго чалавека, бо ён жыў аднолькавым з імі жыццём, гэтаксама, як і яны, зарабляў цяжкаю працаю на хлеб. Часта вяскоўцы запрашалі яго прымаць удзел у сямейных урачыстасцях. Ч. Пяткевіч на падставе апавяданняў, пачутых з вуснаў народа, раскрывае аблічча палешука ў самых розных жыццёвых сітуацыях — вясёлых, сумных, анекдатычных. Якія сцэнкі, якія характары ажываюць на старонках кнігі! Тут паўстае этычны светапогляд палешука, выяўляецца ацэнка розных чалавечых якасцей і ўчынкаў, раскрываюцца ўяўленні пра благое і добрае. Гэты раздзел — як разгорнуты тлумачальны слоўнік, дзе побач з азначэннем пэўнага абстрактнага паняцця, дзеяслова, прыметніка ва ўсёй мнагазначнасці іх выкарыстання ў розных кантэкстах прыведзены ілюстрацыі з жывой народнай гаворкі, якія падаюцца ці ў форме дыялога, ці прыказкамі, ці цэлымі апавяданнямі, ці песнямі. Вось, напрыклад, тлумачэнне паняцця «роскаш»: «...тб ж як да чалавека: адзін даволіцца добра наеўшыся і напіўшыся дап’яна, другі кажа, што яму вялікая роскаш з жонкаю спаць, а найбольшая, то спаць з жонкаю, да яшчэ чужою». Слова «нуда» суправаджаецца тэкстам пра тое, як Апанас, пакінуўшы валы на пашы, пайшоў па гарэлку, а вяртаючыся,
Зачапіўся за пень, Да й стаяў цэлы дзень. I бутэльку разбіў, I гарэлку разліў.
He так пляшкі шкада, Як гарэлкі нуда.
«Нуда,— дае Ч. Пяткевіч народнас тлумачэнне,— йшчэ не бяда, абы не горшае ліха». Дэманструе збіральнік багацце народнай мовы на прыкладзе цэлага сінанімічнага рада: «падобны», «абодва браты схожы сабою», калі сын падобны да бацькі, то «ўдаўся ў бацька» і «крошкі бацькавы пабраў», «пайшоў па бацьку», «дачка ўдалася ў матку»; «у яго акурат кажух такі самы, як у мяне». Альбо іншы набор блізказначных выразаў: «спужаўся, што аж валоссе дыбам стала», «аж чупрына з’ёжылася», «са страху так валасы пруцянеюць, што аж шапка сама падымаецца ўгору», «шапка на галаве рас-
це», «спужаешся, то так табе зараз па спіні і гюйдзе мароз». Здаецца, што народнае слова не ведае межаў у вобразнай выразнасці аднаго і таго ж паняцця: «галаву замарочыла», «глузды памяшаліся», «памаракі закруціліся», «галава чыста здурнела», «забаранела», «абалванела», «стаў суздром бязглуздым...»
У гэтым раздзеле багата сустракаецца анекдотаў, жартаў-параўнанняў, прыказак і загадак, скіраваных на раскрыццё самых розных псіхічных станаў і чалавечых адносін: «Не будзь вельмі цікавы, бо скора барада вырасце», «За ліха ціха, а за добрае — не чуваць», «Мужык у лесе не злодзей,— то дома не хазяін», «Уздумала баба думу за дзевіч вечар, да й заплакала», «Які ты шляхціс? Як бы адкапаў твайго дзеда, то да й жа яшчэ і лапці не пагнілі», «І\алі не дасць Бог за шчасце, то дасць за працу», «Ведаў Бог, што не даў свінні рог». Многія з выказванняў, здараецца, падзапраўлены саланаватым народным гумарам (асабліва адчуваецца ў творах, дзе вядзецца гаворка пра паноў). Аднак зусім брыдкім, непрыстойным выразам давалася ў народзе адмоўная ацэнка: «Сказана такое слаўцэ, што гадка шчэпкамі ўзяць».
Ці не найбольшае значэнне для фалькларыстыкі і фразеалогіі мае заключны раздзел манаграфіі, які ахоплівае 1933 нумары фальклорных твораў малых жанраў. Праводзячы класіфікацыю гэтых матэрыялаў, Ч. Пяткевіч вылучыў кожную жанравую разнавіднасць пад асобнымі літарамі, і ўсе групы давялося абазначыць амаль цэлым алфавітам!
Класіфікацыя парэміяграфічных жанраў Палесся, створаная Ч. Пяткевічам, наўрад ці мела да таго часу аналагі ў фалькларыстыцы любога народа. Нават далёка не кожны спецыяліст-збіральнік здолеў бы выявіць такую масу паджанравых адгалінаванняў, убачыць адметнасцв кожнай групы.
Найболыная колькасць запісаў прыпадае, зразумела, на прыказкі і дасціпныя выразы (1250 нумароў), якія размешчаны ў алфавітным парадку заключаных у іх апорных слоў (часам вылучаецца не адно, а два апорныя словы. і некаторыя прыказкі можна сустрэць у розных месцах). Часта Пяткевіч даваў тлумачэнні малазнаёмым выразам (напрыклад, прыказку «Меншы грэх за тое, што ў рот, чымся за тое, што з роту» ён паясняе: «Лепш парушыць пост, чым счарніць бліжняга», або выраз «Ехаў 164
нейкі раззявака, да заехаў аглобляю мне ў рот» збіральнік тлумачыць як «кпіны над уласнай няўважлівасцю»), прыводзіў польскія адпаведнікі, адзначаў варыянты, што трапляліся ў зборах іншых фалькларыстаў.
Характэрна для збору Ч. Пяткевіча вялікая колькасць сацыяльна завостраных твораў, у якіх закранаюцца балючыя пытанні беднасці і багацця («На голага і сабакі брэшуць», «Усім голым па пазусе», «Збірай, збірай грошы, а чорт на іх дзіркі найдзе», «Без хама не было б і пана», «Панская ласка да парогу», «Абяцаў пан купіць кажух, да яго словы грэюць»), Народны досціп, калі звярнуцца непасрэдна да апублікаванага Пяткевічам, умее распраўляцца з прадстаўнікамі пануючых класаў і ў значна больш раскаваных выразах. Сукупнасць народных прыказак і прымавак выглядае як звод няпісаных законаў сялянскай этыкі і маралі, у якіх адбіўся шматвяковы вопыт чалавечых назіранняў. Прыказка здольна падказаць у любым жыццёвым здарэнні, даць трапную ацэнку любым абставінам і ўчынкам: «Дай дзіцяці волю, то сам пойдзеш у няволю», «Хто топіцца, той і за вострую касу схопіцца», «Саромеючыся жонкі, дзяцей не мець», «У свінушніку жыве, да хоча кашляць папанску», «Не будзь вельмі горкі, бо пераплююць, і не будзь вельмі салодкі, бо пераклююць (пераліжуць)». Трэба адзначыць, што вялікая колькасць з прыведзенага Пяткевічам бытавала ў выключна вузкім рэгіёне і фактычна не мела варыянтаў у іншых фальклорных выданнях. Выкарыстанне іх у манаграфіі ўзвысіла яе каштоўнасць і значна ўзбагаціла ўяўленне пра адзін з цікавейшых жанраў беларускай вуснай творчасці. Сярод ужытых упершыню народных выказванняў можна вылучыць наступныя: «Гаворыць, як спявае, а робіць, як у разбіты чаун бразкае», «Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць», «Разумных дзесяці варагоў не так бойся, як аднаго дурнога друга», «Робіцца, як мерзлае гарыць», «П’янаму і Бог з дарогі ўступае», «Наеўся, аж пальцам дастаць (аж стол пузам адсунуў)», «Дк дзіця падае, то ангел падушку падложыць, а як стары спатыкнецца, то чорт ражна паставіць».