Збіральнікі
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 189с.
Мінск 1991
Асобны раздзел прысвечаны палескім звычаям і абрадам. Прымаючы традыцыйны іх падзел на сямейныя і каляндарныя, Машынскі пачынае разгляд першай групы з радзін. Паказана, як яшчэ напярэдадні з яўлення чалавека на свет дзейнічаюць у народзе цвёрдыя правілы, сутнасцю сваёй скіраваныя на захаванне здароўя і спакою будучага немаўляці і яго маці. Выпадковыя на першы погляд перасцярогі на самой справе былі далёка небеспадстаўнымі. Каб жанчына, якая носіць у сабс дзіця, пазбягала непатрэбных хваляванняў, перажыванняў, страхаў, ёй забаранялася глядзець на пажар, на нябожчыка (пад пагрозаю, што на целе нованароджанага дзіцяці будуць радзімыя плямы), на некаторых жывёл. Вядома, што сярод слушных правілаў сустракаліся і забабоны, выкананне якіх не магло прынесці ніякай карысці або шкоды. Рытуальнымі дзеяннямі суправаджалася і
само нараджэнне чалавека (у прыватнасці, пры цяжкіх родах), і асабліва святочнае застолле на хрэсьбінах. Апісваючы іх, Машынскі зазначае, што «абрадавых песень пад час хрэсьбін не бывае ніякіх, хоць, здаецца, у суседніх вёсках спяваюць на хрэсьбінах нейкія песні».
пасляхрысцінных звычаях даследчык вылучае «зліўкі» (купанне) і «ачышчэнне» (наведванне царквы), спыняецца на некаторых момантах першага года выхавання, a таксама на першым пастрыжэнні валасоў.
Найбольшую ўвагу сярод сямейных абрадаў Машынскі ўдзяліў вяселлю. Апісанні вясельных свят, змешчаныя ў кнізе, зроблены ў вёсках Дарашэвічы, Галубіца, Дзякавічы, дзе галоўным чынам праводзіліся палескія даследаванні Машынскага. Усе апісанні ўражваюць сваёй дэталёвай перадачай абрадавага моманту. Даследчык вельмі тонка адчувае структуру вялікага і складанага сяменнага свята, дакладна вызначае яго паасобныя этапы. Наколькі добрасумленна ім гэта прароблена, можна меркаваць хаця б па той схеме, па якой распісаны вясельны сцэнарый в. Дарашэвічы: «Сваты і заручыны, печыва. Выезд па маладую і першая частка вяселля. Прыезд дружыны ў вёску маладой. Абарона варот. Маршалкі. Перазоў. Пасад. Уносіны каравая. Ачэпіны, пакрыццё. Звязіны. Падзел каравая. Расстанне дзяўчыны з домам бацькоў. Абмен хлябамі. Вясельны паход. Уваходзіны ў дом мужа. Урачыстасці ў доме маладога і другая частка вяселля. Пакладзіны. Прыезд крэўных маладухі. Агледзіны. Здымаюць завівала. Танцы. Перазоў. Дзяльба каравая ў маладога. Маладуха абыходзіць гаспадарку мужа. Частаванне абрадавай кашай. Ад’езд родных маладухі». Нягледзячы на тэрытарыяльную блізкасць Дзякавічаў і Галубіцы з Дарашэвічамі, якая абумовіла агульныя рысы святкавання вяселля, у кожнай з вёсак апісанні ўсё ж маюць свае лакальныя адметнасці, што асабліва важна пры параўнанні, калі выяўляюцца разнастайныя абрадавыя моманты. Машынскі ўважліва паставіўся не толькі да перадачы дзеянняў, але і да народнай мовы, якая гучыць у час абраду, захоўваючы народную тэрміналогію ў азначэннях (напрыклад, «перапой», «расплеціны», «пакрыццё», «перапросіны»), у трапных выразах і песнях.
Цыкл сямейных абрадаў завяршаецца запісам пахавальнага абраду з памінкамі, а таксама агульных памінальных урачыстасцей — Задушак (Дзядоў) і Радаўні-
цы. Усе яны ўяўляюць значную цікавасць. Звяртаючыся да тэмы сялянскай жалобы, Машынскі дакладна перадае абстаноўку, якая панавала ў хаце пад час развітання з нябожчыкам і памінак, падрабязна інфармуе пра даты святкавання агульных і прыватных памінальных дзён. Як і пры правядзенні радзінных абрадаў, на пахаваннях існавалі свае замацаваныя традыцыяй правілы. Напрыклад, нягледзячы на абавязковы звычай галашэння над нябожчыкам, з надыходам ночы плакаць ля труны не дазвалялася. Нельга было працаваць у гэтыя дні. Зразумела, што сярод іншых разумных прадпісанняў і забарон сустракаліся і народжаныя прымхлівым светаўспрыманнем: праз нябожчыка ці праз выкапаную для яго яму не павінна пераскочыць ніякая жывая істота, каб нябожчык не прыходзіў з таго свету. У залежнасці ад мясцовасці памінкі снраўляліся ад 3 да 5 разоў. Дзяды адзначаліся 4 разы на год: увосень, перад святым Міхалам (8 лістапада) і тройчы вясною — на Масляным тыдні, на Радаўніцу і напярэдадні Сёмухі. На Дзяды гаспадыні няможна перад вячэраю каштаваць прыгатаваных ёю страў. Калі за сталом у каго-небудзь вывальвалася з рук лыжка, нельга яе падымаць, але, падняўшы, мусілі пакласці на тое месца кавалак хлеба. Пасля заканчэння вячэры зноў на хвіліну ўсе прысаджваліся дзеля таго, каб «раіліся пчолы». Адносна Радаўніцы Машынскі заўважае, што гэты звычай паступова адыходзіць, а перавага аддаецца ўшанаванню, якое праводзіцца ў хатніх умовах.
Каляндарным святам і характару іх правядзення на Палессі прысвечаны наступныя старонкі манаграфіі КМашынскага. Побач са святкаваннямі, агульнымі для ўсёй тэрыторыі Беларусі, можна часам сустрэць і рэгіянальныя асаблівасці. Гадавое кола аўтар пачынае разглядаць з веснавых урачыстасцей. Грамніцы — першае свята, якое стаяла на мяжы, дзе страчаліся зіма з вясною. Таму царкоўнаславянская назва «Сретенье» пераасэнсавалася і ператварылася ў народным вымаўленні ў «Стрэчанне». Да гэтага дня рыхтаваліся самаробныя свечкі для асвячэння ў царкве. Сярод свят веснавога цыкла аўтар называе Гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’е (з караваем абыходзілі поле: «Гдзе каравай ходзіць, там жыта родзіць»), На Міколу кабеты збіралі зёлкі і «купаліся» ў іх. Летнія святы ўключалі ў сябе Русальную нядзелю. Купалле і праз пэўны час — ужо на мяжы з
восенню— жніво. Спас, першую сяўбу. Зімовы цыкл быў звязаны з абрадам калядавання.
Усе ўбачаныя на Палессі гульні і забавы (ім прысвечаны асобны раздзел) падзяляюцца Машынскім на выпадковыя і штогадовыя, або, як сказалі б мы сёння, на пазаабрадавыя і абрадавыя. Першую групу, не прымеркаваную да пэўных рытуалаў, складалі такія гульні, як. «Баба» («Апанас»), «Вугаль» («Пярсцёнак»), «Адкрытае шыла», «Закрытае шыла», «Мячык». У другую групу ўваходзілі гульні, звязаныя з канкрэтнымі абрадамі,— «Дзяцел», «Алей», «Яшчур», «Падушачка».
Наступны раздзел манаграфіі прысвечаны мастацтву,. у якім даследчык вылучыў прыкладное мастайтва (адзначыўшы досыць нізкі яго ўзровень); музыку (даў апісанне асноўных музычных інструментаў — дудкі, трубы, бубна, скрыпкі, ліры); відовішчы.
Завяршэннем манаграфіі «Усходняе Палессе» стаў раздзел «Вусная літаратура». Яго Машынскі пачаў з такога даволі рэдкага і абдзеленага ўвагай збіральнікаў фальклорнага жанру, як перайманні галасоў прыроды. Сярод запісаў — імітацыя галасоў і інтанацый самых розных птушак: салаўя, жаваранка, дзеркача, перапёлкі, цецерука, індыкоў, пеўня. Вось, да прыкладу, наколькі трапна і разам з тым дасціпна пераклаў паляшук на сва'ю мову салаўіны спеў: «Цы-ган, цы-ган, цы-ган, сала пёк, пёк, пёк, кап, кап, кап, кап. Цюррр...» Уключыў у раздзел Машынскі падборку прыказак і прымавак.
Але, бадай, адна з самых вялікіх каштоўнасцяў усёй працы «Усходняе Палессе» — змешчаныя ў ёй народныя песні (агульнай колькасцю каля 250 твораў). Як вясельныя абрады і ўвесь папярэдні матэрыял, уласнаручна песні запісваліся Машынскім у асноўным у названых ужо трох вёсках — Дарашэвічы, Дзякавічы і Галубіца. Усяго некалькі пазаабрадавых песень збіральнік прадставіў як «песні, звязаныя з вераваннямі» і «песні набожныя (святыя)». Асноўны фонд складаюць абрадавыя песні, на якія, відаць, і арыентаваўся ў першую чаргу Машынскі пад час экспедыцыІ. Адзначыўшы раней адсутнасць у гэтых вёсках сп,ецыяльных радзінных песень і не ўключыўшы (хоць яны і былі ў яго) запісаў галашэнняў, Машынскі абмежаваў сямейна-абрадавую лірыку выключна вясельнымі песнямі (85 тэкстаў), якія як нельга лепш дапаўняюць выдатна зробленыя этнаграфічныя апісанні палескіх вясельных абрадаў.
Каляндарна-абрадавыя песні, як і самі абрады, пададзены пачынаючы з вясны, у храналагічнай паслядоўнасці: вяснянкі, велікодныя, песні пры першым выпасе, траецкія, купальскія, жніўныя. Кожна;. група прадстаўлена некалькімі творамі. Але найболылай колькасцю песень сярод усіх каляндарна-песенных груп вшлучыліся багатыя шчадроўкі (24 творы), так шырока распаўсюджаныя на Палессі.
Услед за Яленскай-Дмахоўскай, Пяткевічам і іншымі Машынскі ўнёс значны ўклад у справу фальклорнаэтнаграфічнага вывучэння Палесся. I якія б папрокі ў адсутнасці паўнаты ні прад’яўлялі мы сёння яго кнізе «Усходняе Палессе», нельга забывацца, што сабраны яны ўсяго за паўтара месяца на вельмі абмежаванай тэрыторыі. Нават адкінуўшы тыя дапаможныя звесткі, якія прапанаваў яму Пяткевіч і якія, несумненна, істотна ўзбагацілі манаграфію яго вучня, нельга не здзівіцц^' той вялікай колькасці высакаякасных матэрыялаў, якія паспеў запісаць сам К. Машынскі. Можна толькі ўяўляць, ведаючы наступныя манументальныя працы вучонага, якім грунтоўным даследаваннем магло б стаць «Усходняе Палессе», калі б гістарычныя абставіны не спынілі ў свой час яго працу, калі б замест няпоўных двух месяцаў атрымаліся паўнацэнныя, як гэта прадугледжвалася, два гады экспедыцыйнай працы.
У адзін год з «Усходнім Палессем» у Кракаве выйшла «Рэчыцкае Палессе» Чэслава Пяткевіча. За аснову кнігі ён узяў тыя самыя дапаўненні, якімі Пяткевіч падзяліўся з Машынскім для яго манаграфіі. «Рэчыцкае Палессе» выйшла з цёплай прадмовай Машынскага. Ен увесь час апекаваў Пяткевіча, спачатку заахвоціўшы яго на напісанне ўласнай працы, якая пры выдатнай памяці і выдатных ведах старога знаўцы Палесся абавязкова, на думку Машынскага, павінна была выйсці ў свет. Затым ён садзейнічаў пераезду ў 1923 г. Пяткевіча ў Варшаву, дзе дапамог уладкавацца ў аддзел этналогіі навуковага таварыства, у якім працаваў сам. Так, узаемная прыязнасць двух адданых агульнай справе краязнаўцаў працягвалася да самай смерці Пяткевіча. Калі на пачатку гэтага сяброўства старэйшы таварыш умела і, як бачым, беспамылкова нацэліў маладога энтузіяста на верны шлях у навуку і дапамог словам і справаю, то малодшы тварыш, набываючы на гэтым шляху моц аўтарытэту, ніколі не заставаўся ў даўгу, а ўсім, чым мог.
садзейнічаў старому сябру, па сутнасці, прымусіўшы яго ператварыць грунтоўныя веды ў набытак айчыннай навукі. На агульнай навуковай дзялянцы двум даследчыкам не было цесна. Важней за ўсё для кожнага былі не асабістыя інтарэсы, не абмежаванае славалюбства, а прэстыж навукі.