Злотніцтва Беларусі.
XII - пачатак XX ст.
Анатоль Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 271с.
Мінск 2020
Яшчэ ёсць пэўная група местаў, дзе не было злотніцкіх аб'яднанняў. Гэта збольшага прыватнаўласніцкія гарады. Першым па значнасці ў гэтым шэрагу стаіць Слуцак. Статус сталіцы княства абумовіў той факт, што места было буйным рамесніцкім цэнтрам.
Евангелле, аздобленае злотнікам. XVII ст.
Перыяд XVII XVIII стст., каб не ваенныя дзеі (асабліва Лівонская і «руска-польская» войны, асноўны ваенны тэатр якіх разгарнуўся на тэрыторыі нашай краіны), можна было б лічыць часам умацавання і росквіту рамеснай вытворчасці ўвогуле і злотніцтва ў прыватнасці.
Срэбраны куфель «Багуслаў Радзівіл». Сярэдзіна XVII ст.
СТРУКТУРА
ЗЛОТНІЦКІХ ЦЭХАЎ XVI—XVIII стст.
Цэхавыя браты
Кожную тагачасную карпарацыйную ўстанову, у тым ліку і злотніцкія цэхі, можна параўнаць з пірамідай. Вяршыня яе прадстаўлена старшынямі і цэхавымі майстрамі (цэхмістрамі), якія абіраліся з майстроўскага (містроўскага) асяроддзя — найбольш кваліфікаванай і прывілеяванай часткі рамеснікаў. Наступная група, якая знаходзілася паміж вяршыняй піраміды і яе падмуркам, — містроўскія таварышы, альбо падмайстры, — была больш абмежавана цэхавымі статутамі ў параўнанні з імі. Найбольш шматлікімі і найменш правамоцнымі ў рамесных брацтвах былі вучні.
Вучні называліся яшчэ і «пахолкамі, пахолікамі, хлопцамі». Як правіла, у вучэнне прымаліся дзеці вольных бацькоў «добрага ложа». Гэта значыць, што трапіць да майстры ў вучні мог толькі той, хто быў вольным, законнанароджаным і не з'яўляўся падданым будзь-якой асобы. Забаранялася браць у злотніцкія вучні таксама дзяцей млынароў, лазебнікаў (баншчыкаў), цэклераў (пасада ў тагачасных праваахоўных органах: той, хто займаўся крымінальным вышукам), асоб іўдзейскага і мусульманскага веравызнання. Кожны, хто паступаў да майстры, мусіў прадставіць пацверджаныя «свядзецтвы» аб сваім паходжанні ад родзічаў, сваякоў і прыяцеляў.
Кандыдату вучні пільна разглядаўся майстрам на працягу дванаццаці тыдняў, а па сканчэнні гэтага тэрміну, калі «абітурыент» яму падабаўся, майстра ішоў у цэх і запісваў хлопца ў вучнёўскі рэестр, пасля чаго ўносіў дванаццаць грошаў «упіснога». Цялер вучань не мог самавольна пакінуць свайго майстру і перайсці да іншага настаўніка, а рэестр, каб не здарылася нейкіх злоўжыванняў з боку цэхавых, знаходзіўся пад кантролем магістрата.
Трапіць у вучэнне да спецыяліста можна было толькі пасля выканання строгай працэдуры: пра кожнага жадаючага абвяшчалася на сходцы ўсім братам цэха з абавязковым «упісаннем» яго ў цэхавы рэестр. Перад гэтай працэдурай хлопцу неабходна было паказаць рэкамендацыі ад «людзей добрых, тутэйшых, аселых і веры годных».
Калі ён датэрмінова прыпыняў працэс абучэння, тыя, хто даваў рэкамендацыі, разам з бацькамі хлопца пагашалі матэрыяльныя страты майстры, які прымаў вучня на сваё ўтрыманне. У працэсе вучэння і пасільнай працы апошні, як правіла, не атрымліваў (асабліва на першым этапе адукацыі) грошай, a толькі стол, дах над галавой і, безумоўна, навыкі практычнай работы. Праўда,
жыццё заўсёды болын шматграннае, чым самыя разнастайныя статутныя патрабаванні.
Тэрмін навучання для добрага авалодання злотніцкім рамяством у розных беларускіх местах не быў аднолькавым і доўжыўся ў залежнасці ад сітуацыі ў сярэднім ад трох да пяці гадоў. Напрыклад, адпаведна статуту гарадзенскіх злотнікаў, тэрмін атрымання першаснай адукацыі (вучнёўства) па гэтай прафесіі працягваўся чатыры гады. Напраўду сказаць, тэрмін вучобы мог быць і восем гадоў! Усё залежала ад узросту вучня, яго кемлівасці, папярэдняй падрыхтоўкі, здольнасцей, жадання вучыцца і г.д.
У выпадку смерці настаўніка яго вучні размяркоўваліся паміж іншымі цэхавымі майстрамі, дзе яны мусілі скончыць сваю вучобу; калі гэта былі амаль «выпускнікі», яны давучваліся, як правіла, ва ўдавы памерлага. 3 прычыны пераезду ў іншае места ці пры пераходзе ад аднаго майстры да іншага ад вучняў патрабавалі паперы ад папярэдніх настаўнікаў, і, калі яны вучыліся ў цэхавых містраў, тэрмін навучання залічваўся цалкам. Калі ж хлопец датэрмінова прыпыняў сваё вучэнне — не хацеў вучыцца і ўцякаў, — яго маглі «выпісаць» з рэестра толькі пасля таго, як ён аплоціць майстру сваё харчаванне, тэрмін, што адбыў у яго, а таксама шкоду, калі такую нарабіў.
Але вучні-хлопчыкі не былі толькі выканаўцамі майстроўскай волі. Іх правы таксама ахоўваліся ад магчымых празмерных «педагагічных хібаў» настаўнікаў. У тым выпадку, калі майстра «з хлопцам тыранска абходзіўся і біў надпрыстойна», пацярпелы мог звярнуцца (прадставіўшы сведкаў) да старшынь цэха. Пасля трох падобных зваротаў з такім настаўнікам-тыранам, калі ён не супакойваўся і не змяняў метадаў адукацыйна-выхаваўчага працэсу, вучня пераводзілі да іншага майстры. Аднак калі хлопец, не вытрымаўшы цяжару вучэння або настаўніцкіх прыёмаў ці з іншых прычын, уцякаў ад свайго майстры, а потым жадаў вярнуцца, тады ён страчваў усе папярэднія гады абучэння і вымушаны быў пачынаць усё з пачатку. Калі ж такі хлопец толькі пажадаў атрымаць ад цэха «лісты вучэння свайго» (даведку аб атрыманай адукацыі), цэхавая адміністрацыя павінна была выдаць яму такую. За «даведку» вучань мусіў заплаціць у цэхавую скарбонку велізарную па тых часах суму капу20 грошаў літоўскіх. У выпадку калі ён не плаціў гэтай сумы, то «адставаў ад рамяства назаўсёды».
Заканчэнне курса навук адзначалася тым, што майстра выпісваў вучня з рэестра і, заплаціўшы пару польскіх злотых «выпіснога», рабіў яго «вольным». Гэта сведчыла, што хлопец-вучань апынуўся ў новым статусе, паспяхова прайшоў курс навучання і набыў больш высокі ранг — містроўскага таварыша, падмайстры.
20 Капа старажытная беларуская мера ліку, якая складалася з 60 адзінак; 1 капа = = 5 тузінаў.
Таварышы, альбо падмайстры, называліся таксама і малодшымі братамі. Званне таварыша атрымлівалі асобы, што паспяхова скончылі першасны курс навучання, гэта была другая, вельмі важная прыступка ў кар'еры злотніка. He кожны, хто на яе падымаўся, атрымліваў званне майстры, але і на гэтым узроўні можна было дасягнуць пэўнай эканамічнай незалежнасці. Праўда, злотніцкія таварышы не маглі працаваць самастойна, без дазволу цэхмістраў, у тым горадзе, дзе існаваў злотніцкі цэх, незалежна ад таго, пад якой юрысдыкцыяй — свецкай ці духоўнай цэх знаходзіўся. Парушальнік гэтага параграфа цэхавага статута мусіў заплаціць вялікі штраф — «віну» — як цэхавым, так і мескім уладам, а яго «работа» падлягала канфіскацыі.
Пераход падмайстры ад аднаго да іншага гаспадара-майстры ў параўнанні з прадстаўнікамі папярэдняй катэгорыі, вучнямі, быў спрошчаны. Калі падчас прыёму ў вучні яго паручыцелямі выступалі іншыя асобы, дык таварыш выступаў перад брацтвам як юрыдычная асоба, здольная дзейнічаць без фізічных паручыцеляў, іх ролю ў пэўных выпадках выконвала брацтва, чыя пячатка замацоўвала дакументы аб атрыманай адукацыі і ступені валодання спецыялынасцю.
Разам з тым таварышы, зразумела, карысталіся меншымі правамі, чым майстры. Злотніцкія цэхавыя статуты патрабавалі павагі першых да другіх: калі які з таварышаў «паўстаў на містра словамі неўчцівымі», то павінен быў заплаціць на цэх віну памерам у капу грошаў і сядзець «у вязенні да ласкі містроўскай» (да даравання апошнім нанесенай падмайстрам абразы). Таварышы мусілі «...у абхаджэнні містроў пільнасць... захаваць» і «...ні ў чым не занядбаць». Тая ж увага патрабавалася ў адносінах да «містроўскай жонкі, дзетак» і калег. Калі ў падмайстры ўзнікала неадкладная неабходнасць з'ехаць з места, ён не мог гэтага зрабіць без дазволу свайго майстры. Усе распараджэнні і заданні містра таксама павінны былі абавязкова быць выкананымі. Адтаварышаўпатрабавалася «рамеслосваё ціха і прыстойна рабіць»,у святыя дні хадзіць у царкву ці касцёл, а ў дні адпачынку — у «гасподу цэхавую».
Як правіла, таварыш заключаў дамову-кантракт з майстрам, у якога заставаўся працаваць. Перад падпісаннем такога кантракта падмайстра жыў у доме майстры два тыдні — гэта быў «выпрабавальны тэрмін», пасля сканчэння якога яны афіцыйна рэгістравалі свае працоўныя дачыненні ў цэхавай адміністрацыі. Калі такая рэгістрацыя не праводзілася, дык знаходжанне гэтага таварыша ў майстры звыш двух тыдняў лічылася незаконным, і калі таварыш быў «прыхаднем» у горад, то мусіў яго пакінуць. У адваротным выпадку пакаранне чакала абодвух — і прыхадня, і майстру, што яго прыняў, але не аформіў дакументаў. У кантракце было прапісана, што таварыш, які пажадаў пакінуць свайго майстру, абавязваўся цэхавымі статутамі папярэдзіць апошняга за два тыдні да запланаванага адыходу, а пасля заканчэння работы заявіць
слушную прычыну такога рашэння і ісці вандраваць далей. Калі таварыш быў «свавольным» і ўчыніў майстру шкоду альбо парушыў дамоўленасць паміж імі, цэхавая адміністрацыя мусіла паведаміць пісьмова, каб такі падмайстра нідзе не мог знайсці прытулку і каб ніхто «з пачцівых таварышаў» не працаваў з ім. Толькі высветліўшы адносіны са сваім былым майстрам, такі «адступнік» меў шанец вярнуцца ў цэхавае брацтва.
Каб атрымаць званне цэхавага майстры, таварыш мусіў адрабіць у аднаго майстры два гады (з канца XVII ст. гэта называлася «атэстацыя»), потым адбыць абавязковую вандроўку працягласцю ў адзін год і шэсць тыдняў (у некаторых злотніцкіх цэхавых статутах агаворваецца: двухгадовую) у іншыя месты або краіны. Такія вандроўкі па вопыт рабіліся пераважна ў Вільню, якая доўгі час была «кузняй злотнічых кадраў» для ўсёй Беларусі, таксама таварышы выпраўляліся ў Львоў, Кракаў, Люблін, Варшаву і інш. Безумоўна, не забараняліся і больш дальнія раманскія або германскія краіны. Галоўным патрабаваннем было, каб таварыш там «добра справаваўся і атэстацыю прынёс». Тым, хто з якіх-небудзь прычын не мог гэта выканаць, рабілася выключэнне, але пры ўмове выплаты на карысць цэхавай скрынкі даволі значнай сумы грошай. Калі на званне майстры прэтэндаваў містроўскі сын або той, хто адружыўся з дачкой ці ўдавой па майстры, патрабавалася толькі палова «датку». Скідка такім падмайстрам была і ў наступным: у якасці таварыша яны павінны былі «служыць рок» у іншага майстры, а потым ісці ў вандроўку на той жа тэрмін, што і «шараговы» падмайстра. Пасля адбыцця «таварыскай службы» як вандроўным, так і мясцовым кандыдатам неабходна было «служыць яшчэ рок».