Злотніцтва Беларусі.
XII - пачатак XX ст.
Анатоль Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 271с.
Мінск 2020
2. Знакі пробы металаў (неслі канкрэтную інфармацыю пра наяўнасць і колькасць «нешляхетных» дадаткаў у шляхетным метале).
3. Знакі гарадоў (выступалі гарантам якасці вырабу і сумленнасці майстры-злотніка грамадзяніна пэўнага места).
4. Знакі дзяржаўных проберных устаноў (на Беларусі з'явіліся ўХІХ ст.).
29 Як адзначае М. М. Поснікава-Лосева, спарадычнае кляйменне злотніцкіх вырабаў пачынаецца ў Расіі з другой паловы XVII ст., а афіцыйна кляйміць срэбра там сталі з 1779 г„ калі майстры былі абавязаны пазначаць свае вырабы, але не ніжэй за 72—84-ю пробы (Полное собранне законов Россмйской нмпермн (ПСЗРН). Собр. 1. Т. XX. № 14949). Пазней, у 1898 г., уведзена ў якасці дзяржаўнага стандарту абавязковай 84-я проба (1 мая 1898 г.; ПСЗРІ4, собр. 1, т. XXIV, № 18178 ), а ў 1847 г. былі ўстаноўлены 88-я і 91-я пробы (ПСЗРІ/І, собр. 2, т. XXII, № 21049).
30 Постннкова-Лосева, с. 188,190.
31 Dawne zlotnictwo, s. 21 —27.
Злотніцкія клейны / клейны пробераў часоў Расійскай імперыі: віленскі злотнік Данішэўскі, 7 855 г.;
менскі злотнік Пагарэльскі, 1890 г.
Акрамя гэтых асноўных тыпаў існавалі яшчэ і знакі, пры дапамозе якіх пазначалі час узнікнення канкрэтнага злотніцкага вырабу. Мытніцкія пробы накладаліся на злотніцкую прадукцыю пры перасячэнні імі дзяржаўнай мяжы. Былі яшчэ і знакі, што калі-нікалі выбіваліся на вырабах, якія захоўваліся ў дзяржсховішчах, вырабах з каштоўных металаў, а таксама рэалізаваных праз ламбарды і г.д.
Агульнацэхавыя парадкі
Гарадскія ўлады сачылі, каб ніводны мешчанін пад ніякай юрысдыкцыяй не мог прадставіць магчымасць ні тутэйшаму рамесніку, ні злотніку-«прыхадню» рабіць злотніцкае рамяство «на даму» ў мяшчан, шляхты альбо ў кляштарах ці манастырах. Штраф за гэта быў сто коп грошаў, з якіх палова ішла на карысць мясцовых улад, а другая у цэхавую скрынку. Злотнік-«прыхадзень», перш чым атрымаць дазвол на бесперашкодную працу ў горадзе, мусіў спачатку прыняць гарадское падданства, а калі не меў яшчэ і звання майстры, павінен быў пасля здаць іспыты на гэтае званне і тады толькі стаць паўнавартасным сябрам тутэйшага злотніцкага цэха. Калі ж гэтай нелегальнай дзейнасцю пачаў займацца містроўскі таварыш, яго чакаў штраф у сем коп грошаў з наступным іх размеркаваннем, як і ў папярэднім выпадку.
Духоўнае жыццё
Нябесным заступнікам — патронам — нашых злотнікаў, як і ў суседняй Польшчы і ва ўсёй Еўропе, быў св. Элігіюш (св. Элой, Элігій). Пра яго культ сведчаць помнікі злотніцтва32 і выявы на пячатках злотніцкіх цэхаў Кракава, Познані і інш. Выявы асабіста яго ці яго атрыбутаў фігуруюць і на пячатках і клейнах цэхаў Львова, Вільні і інш.
Як паведамляе паданне, св. Элігіюш нарадзіўся каля 588 г. н.э. Ён атрымаў прафесію злотніка, потым паступіў на службу да караля Францыі, дзе не толькі займаўся рамяством, але і быў захавальнікам каралеўскай скарбніцы. У 636—637 гг. св. Элігіюш працаваў у пасольстве ў Брытаніі, з 639 г. быў братам манаскага ордэна бенедыкцінаў, у 640 г. атрымаў статус біскупа ў Ліможы, а пазней стаў абатам у Парыжы. На працягу свайго жыцця ён рабіў розныя цуды. Памёр 1 снежня 660 г.
Цуд св.Элігіюша (Алоіза).
Нямецкі дрэварыт. Канец XV ст.
Культ св. Элігіюша як заступніка рамеснікаў, што працуюць з металамі, і, галоўнае, злотнікаў, узнік у XI ст. і дасягнуў свайго апагея ў XIII ст. Яго ўшанаванне пачалося ў Францыі. Адтуль культ трапіў да немцаў, потым — на польскія землі. Прымаючы пад увагу тагачасныя шчыльныя сувязі беларускай і польскай культур увогуле і рамесныя ў прыватнасці, што атрымалі асабліва значны імпульс у канцы XVI — першай палове XVII ст., можна са значнай доляй упэўненасці меркаваць, што гэты заступнік карыстаўся і ў нашых злотнікаў адпаведнай пашанай і павагай. Сёння, акрамя злотнікаў і кавалёў, межы заступніцтва св. Элігіюша ахоплі-
ваюць нумізматаў і аўтарамонтнікаў.
Адпаведна з «актыкацыяй парадку» магілёўскіх злотнікаў, што была ўнесена ў магістрацкія кнігі ў 1626 г.,
усе цэхавыя браты мусілі мець «кожную чвэрць року службу божую і цэхавы малебен». Акрамя таго, цэх павінен быў набыць аксаміт для накрывання цел
32 Samek J. Z+ocista tablica cechowa z wyobrazeniem sw. Eligiusza (pocz. XVII wieku) П Krzysztofory : zeszyty naukowe muzeum historycznego miasta Krakow. Krakow, 1975. T 2. S. 37-40; Encyklopedia katolicka. Lublin, 1983. T. 4. S. 892-893.
памерлых цэхавых, а таксама свечы і інш. Амаль тыя ж патрабаванні фігуруюць у статуце берасцейскага злотніцка-малярскага цэха. Яго першы артыкул абавязвае, каб «ку чці і хвале Пана Бога Усёмогучага» братчыкі, разам з жонкамі сваімі і «таварышамі рамяства свайго, кожны квартал у Касцёле Рымскім» прысутнічалі на малебнах за выратаванне іх душ і за супакой памерлых, «пад віной у адзін грош». У гэтым патрабаванні назіраецца і пэўны ідэалагічны ўціск: сярод берасцейскіх злотнікаў фіксуецца даволі значная частка прадстаўнікоў іншых, акрамя каталікоў, хрысціянскіх плыней — у прыватнасці, пратэстантаў. Для кожнага прысутнасць на розных цэхавых мерапрыемствах была абавязковай: той, хто не быў там «без слушных прычын», падлягаў штрафу, які ішоў на папаўненне цэхавай скрынкі. Як падкрэслена ў 30-м артыкуле таго ж статута, «калі хто-небудзь з [цэхавых] Братоў на пахаванне Брата свайго альбо яго жонкі ці дзіцяці яго не прыйшоў, такі мусіць заплаціць на Брацтва вінуўтры грошы».
Усе прыходы ў цэхавую скрынку абавязкова павінны былі накіроўвацца на цэхавыя патрэбы, паратунак убогага і падупалага брата, падтрымку бедных сірот, злотніцкіх дзетак, на прыстойнае пахаванне цел памерлых братоў — убогага злотніка ці злотніцкага таварыша, на аздобу цэхавага алтара, набыццё свечак для набажэнстваў, узбраення і інш.
Петрус Крыстас. Св. Элігій у сваім варштаце. Паўночная Еўропа (Нідэрланды), 1449 г. Алей
Варштат (працоўня) св. Элігіюша (Алоіза). Нямецкі дрэварыт. Канец XV ст.
Цэхавая сходка і выбары
Вышэйшым органам брацкага самакіравання была сходка сяброў цэха. Рашэнне аб яе правядзенні прымаў старшы цэхмістр, а абвяшчэнне ўсіх братоў рабіў хто-небудзь з малодшых: ён мусіў абысці ўсіх цэхавых братоў і папярэдзіць аб зборы. Знакам яго паўнамоцтваў была «цэхавая таблічка» (або «жэтон», ці «знак старшыні»), якую яму ўручаў часова цэхмістр. Калі хто з запрошаных братоў без важкай на тое прычыны не з’яўляўся на сходцы, за першую такую правіну, як ужо сказана вышэй, мусіў заплаціць тры грошы, за другую шэсць, за трэцюю дванаццаць і г.д. Кожны раз штраф павялічваўся ўдвая.
Галоўнай сходкай была, як правіла, Мікалаеўская (перад Новым годам), альбо «на рускі Новы год». На ёй абіралі двух старшых цэхмістраў. Цікава адзначыць, што, адпаведна з некаторымі цэхавымі статутамі, рамеснікам забаранялася «рабіць папярэднія змовы» аб магчымых кандыдатах на гэтыя высокія пасады. Толькі на агульнацэхавай генеральнай сходцы кожны паўнапраўны брат мог вылучаць і быць вылучаным на адпаведную цэхавую пасаду. Там жа, на сходцы, і праходзіла галасаванне.
Акрамя склікання сходак абавязкам цэхмістраў быў разбор спрэчак і пярэчанняў паміж сябрамі цэха, назіранне за выкананнем цэхавага статута, прадстаўленне інтарэсаў брацтва перад мескімі і іншымі ўладамі. Акрамя старшых цэха на генеральнай сходцы абіралі шафароў — скарбнікаў, што назіралі за правільным выкарыстаннем прыходам і расходам брацкіх агульных грошай, якія захоўваліся ў брацкай скрынцы. Наколькі правільна выдаткоўваліся на працягу года прыходы ад складанак і вінаў, што траплялі ў цэхавы скарб, шафары былі абавязаны штогадова «лічбу ўчыніць», г.зн. даць справаздачу перад усімі цэхавымі братамі на генералынай сходцы. Парушальнікаў — тых, хто наўмысна ці не зацягваў тэрміны грашовай справаздачы, — чакаў штраф «у палову грыўны срэбра». Пасля выплаты штрафу вінаватыя абавязаны былі правесці грашовую справаздачу, ужо пад кантролем мескіх улад, і, калі знаходзіліся пэўныя злоўжыванні, тады мескія ўлады мусілі правесці «экзекуцыю» за кошт маёмасці вінаватых і такім чынам пагасіць недахоп скрадзеных альбо нядбайна патрачаных грошай.
Ад усіх братоў патрабавалася, каб цэлы год «абраным старшым належнае паслушэнства і шанаванне» было. Пасля таго як абраныя прыносілі прысягу, якая актыкавалася ў магістрацкіх кнігах, яны распачыналі выконваць свае абавязкі. Адразу пасля абрання новых цэхмістраў і ўсяго кіраўніцтва цэха адбывалася справаздача «мінуларочных», і новыя старшыя, калі ўсе рахункі сыходзіліся, адпаведна са статутам, дзякавалі старым за іх працу.
Акрамя штогадовай сходкі былі яшчэ штокварталыныя і штомесячныя (і нават часцейшыя, па меры неабходнасці, напрыклад, адна ў два ці чатыры тыдні). Цэхавыя статуты патрабавалі захавання дысцыпліны падчас іх правядзення. У працэсе сходак майстры павінны былі праяўляць усялякія «ўчцівасці» ў дачыненні адзін да аднаго. Пад штрафам забаранялася з'яўляцца на цэхавай сходцы «п'яным... браты мусілі толькі трэзвымі прыходзіць».
Сходка лічылася распачатай, калі на стале «прэзідыума» стаяла адкрытая скрынка «з прывілеямі Яго каралеўскае Міласці». Той, хто прыходзіў у залу пасля адкрыцця скрынкі, спазняўся, мусіў заплаціць штраф. Такое ж пакаранне чакала і таго, хто асмеліўся ўвайсці ў пакой, не здаўшы зброю. Падчас сходкі старшыя каралі малодшых, што парушалі парадак. Прысутныя павінны былі захоўваць маўчанне, не дазвалялася гаварыць без дазволу старшых. Таго, хто парушаў парадак, чакаў штраф у дзесяць грошаў, a «ўпарты, хто маўчаць не хацеў» мог быць пакараны сядзеннем «у вязенні». Найбольшай абразай сярод злотнікаў лічылася, калі адзін аднаго назваў «фальшарам» альбо «цэхавым здраднікам».
Як правіла, сходкі адбываліся ў «дзень нядзельны па палудні». Гістарычныя крыніцы захавалі да нашага часу працэдуру правядзення брацкай сходкі. На яе пачатку старшы ўрачыста даставаў са скрынкі цэхавы прывілей і іншыя дакументы, што ляжалі ў аснове функцыянавання гэтай установы, і ўрачыста перадаваў іх у рукі цэхаваму пісару. Апошні пачынаў зачытваць іх уголас. Усе братчыкі, стаўшы са знятымі шапкамі, мусілі слухаць яго «з учцівасцю і літасцю». Па прачытанні прывілея дакументы вярталі на месца іх захоўвання (у скрыню), слухачам дазвалялася сесці, «а сеўшы на месца, кожны мусіў даці ад сябе па грошу літоўскім да агульнай скрыні». Пасля гэтага пачыналася абмеркаванне бягучых агульнацэхавых пытанняў. На сходках «радзіліся аб добрых рэчах брацкіх і каля парадкаў цэхавых і абмысліваліся» размаітыя выпадкі, якія «на потым» у іх брацтве маглі адбыцца. Таксама падчас сходак цэхавыя старшыні і ўсе цэхавыя браты выносілі рашэнне аб пакаранні тых, хто «праштрафіўся» ў вачах братчыкаў альбо парушыў цэхавы статут ці прывілеі.