Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Мне вельмі хацелася пахадзіць па хатах, распытаць пра ўсё ў вяскоўцаў, спраўдзіць свае меркаванні. Але хлопцы сказалі, што ў нас мала часу, што трэба хутчэй ехаць далей. Ізноў нехаця сеў я ў машыну, ва ўсе бакі круцячы ў роспачы галавой, каб хоць паглядзець на хаты ды агародчыкі з півонямі ды вяргінямі. I дарэмна мы не распыталі людзей: калі па прыездзе ў Мінск я разгарнуў у бібліятэцы «Геаграфічны слоўнік Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краёў», то ўбачыў, што на Наваградчыне, на беразе рэчкі Руты сабраліся аж чатыры вёскі Руты і дзве Руткі з фальваркамі. Тая, што мы шукалі, называлася проста Рута. А яшчэ яна вядомая была як Бабнева, або Бабунева. Пра яе ўсявед Аляксандр Ельскі пісаў у «Слоўніку геаграфічным...», што гэта «досыць даўняе ўладанне сям’і Машынскіх», што «навокал глеба вельмі ўрадлівая», а «лугі прыгожыя», што «мясцовасць дужа ўзгорыстая». Далей аўтар выказваў меркаванне, што ў Руце ў 1584 годзе нарадзіўся кіеўскі мітрапаліт, аўтар палемічных твораў Юзаф Вэльямін Руцкі, а на пачатку стагоддзя жыў апякун А. Міцкевіча Растоцкі. 1 яшчэ я даведаўся з адной свежай кнігі, з расказу відавочцы, што панскі дом Растоцкага ў Руце, які да 1939 года займалі паны Пашкоўскія, уцалеў нават у вайну і толькі ў пасляваенны час яго разабралі рутнянцы хто на што. На яго месцы быццам і сёння стаіць, як жывая памятка, клён ды буйна разросся на сядзібе злы шыпшыннік.
Калі б я змог без спешкі пахадзіць тут, спакойна патаптаць руту-мяту, то распытаў бы ў старых рутнянцаў і пра дом Растоцкага, і пра старыя гарадзішчы ці замчышчы ў ваколіцы. Мне чамусьці думаецца, што Рута была летапіснай рэзідэнцыяй Міндоўга. Яе, Руту, ці Варуту, даўно шукаюць гісторыкі. Адны напрыклад, той жа Аляксандр Ельскі размяшчалі яе ў Гарадзішчы мястэчку ў Баранавіцкім раёне, другія Кастусь Тарасаў на Ашмяншчыне, трэція у літоўскім горадзе Кернаве, чацвёртыя толькі разводзілі і цяпер разводзяць рукамі, бо ніякіх сведчанняў, ніякіх слядоў пра сталіцу «Літвы Міндоўга» не засталося. Мне ж чамусьці думаецца, што якраз у прынаваградскай Руце «сядзеў» некалі Міндоўг. На гэту думку наводзяць публікацыі Здзіслава Сіцькі пра паходжанне назвы «Літва» (га-
зета «Літаратура і мастацтва», 2000, 13 кастрычніка і баранавіцкі малатыражны часопіс «Рыцар свабоды», 2001, № 5), з якіх вынікае, што калісьці літвой называлі хаўрусы наёмных прафесійных ваяроў. Значыць, адным з такіх хаўрусаў, ці, карыстаючыся сённяшняй тэрміналогіяй, вайсковых фарміраванняў, і была Міндоўгава літва, якую наймала Наваградскае княства і якая павінна была знаходзіцца «пад рукой» у князя, паблізу Наваградка.
Цяпер наш маршрут ляжаў на Болценікі. Збывалася мая Ma­pa: я даўно рваўся паблукаць па тых вядомых мне толькі з кніг мясцінах. Але выбрацца да іх мне ўсё неяк не выпадала, бо не такая і блізкая туды дарога: гэта ж самая поўнач Воранаўскага раёна, што мяжуе з Літвой.
3 Болценікамі таксама вельмі цесна звязана «біяграфія душы» паэта. Туды неўзабаве пасля шлюбу з Ваўжынцам Путкамерам, што адбыўся ў лютым 1821 года, перабралася Міцкевічава каханне Марыля Верашчака.
Летам таго ж года, заехаўшы да сваякоў у Вялікія Салечнікі (цяпер раённы цэнтр Літвы Шальчынінкай), Адам Міцкевіч пісаў Яну Чачоту: «Путкамеры жывуць толькі ў адной мілі адсюль... Усяго адна міля! Гуляючы, я пытаўся пра кожную дарожку, жадаючы трапіць на тую, што вядзе да М(арылі), і хаця б глянуць у той бок...»
Пра душэўныя пакуты Адама Міцкевіча, які жыў тады ў Вільні, расказвае Ян Чачот Ануфрыю Петрашкевічу ў лісце ад 19 лістапада 1821 года: «Прыехаў ён з Туганавіч амаль звар’яцелы. Нічога не робіць, цяжка з ім гаварыць, маўчыць, курыць люльку, многа ходзіць, увесь час у одуме і ні пра што добрае не думае, бо ўсімі яго думкамі завалодала Марыля, словам, абрыдзеў яму свет і жыццё, хутка і мы абрыдзеем. Жыве ў свеце фантазіі, наколькі яму там жыць прыемна, настолькі непрыемна нам глядзець на яго пакуты, на тое, як ён губіць сваё здароўе, траціць сілы, марнуе ў поўнай бяздзейнасці час...»
Неўтаймаваную буру, што бушавала ў душы маладога паэта, неўзабаве ён да канца выказаў сам у паэме «Дзяды» вуснамі свайго двайніка Густава, які адкрыта спавядаўся ксяндзу,
былому настаўніку, заявіўшыся ў яго дом у вобліку звар’яцелага пустэльніка. Калі ксёндз паспрабаваў суцешыць шаленца, кажучы, што яго разлад з каханай гэта воля Бога, Густаў горача запярэчыў:
О не! У свет прыйшлі адно для аднаго мы. Заззяла й зорка нам адна з нябеснай стромы. Мы аднадумцы, хоць раслі не разам з ёю, Адных гадоў, падобны нават між сабою. Адны і тыя ж мроі з ёю мы снавалі, Адны і тыя ж нас пачуцці сагравалі.
Ва ўсім нас нешта непасціжнае яднала... Бог завязаў вузлы, а ты іх разарвала!*
Далей Густаў у гарачнасці выказвае жаданне жорстка адпомсціць сваёй каханай за здраду, але тут жа адкідае прэч гэтую думку. Адам Міцкевіч быў зусім блізкі тады да вар’яцкага ўчынку, пра які расказаў яшчэ ў 1860 годзе на старонках польскай «Газэты цодзеннэй» (№ 42) яго сябра-філамат Тэадор Лазінскі, што разам з паэтам кватараваў у Вільні. Паколькі гэты ўспамін ніколі не публікаваўся ў нас, прывяду яго па магчымасці поўна: «Пасля смерці маткі і выхаду Марылі замуж душа Адама апынулася ў страшным стане. Аддаўся ён самотнасці і задумаў, здаецца, учыніць самазабойства. Аднаго разу раніцай, калі я яшчэ спаў, Адам увайшоў у мой пакой і пабудзіў мяне. Ён стаяў перада мной прамы і нерухомы, як статуя, быў бледны, з моцна пачырванелымі вачыма, што глядзелі кудысьці, але нічога не бачылі. На ім быў доўгі плашч, у руцэ ён трымаў палаш, а пад пахамі два пісталеты. Можна зразумець, як я быў здзіўлены і перапалоханы такім відовішчам, а калі запытаў яго, што гэта ўсё значыць, ён адказаў мне нейкім зусім не сваім голасам, тонам, які не дапускаў аніякага пярэчання: “Едзь са мной”. У маёй галаве бліснула здагадка, але я, нічога не кажучы, спехам адзеўся, і мы выйшлі з дому. Перад домам стаяла жыдоўская брычка, запрэжаная ў чатыры кані. Мы моўчкі селі ў яе і рушылі ў дарогу. Усю дарогу Міцкевіч сядзеў маўклівы і нерухомы, усё з тымі ж застылымі вачыма, якія не давалі мне смеласці загаварыць з ім. Я ўсё выразней адгадваў яго намер, але не адважваўся і не хацеў
загаворваць з ім, каб не раздражніць яго яшчэ болей. Лічыў, што свежае паветра ў час язды працвярэзіць яго. Зрэшты, я намерыўся не пакідаць яго ні на хвіліну... Пад вечар даехалі мы да вёскі, дзе жыў Путкамер з жонкай, і затрымаліся ў карчме. Тады толькі я асмеліўся сказаць: “Калі ты хочаш біцца на дуэлі з Путкамерам, то не трэба прыходзіць да яго піратамі. Я як твой секундант вазьму пісталеты ў свае кішэні, і гэтым абыдземся” “Добра, сказаў Адам абыякава, хадзем”. Я ўзяў пісталеты, і мы рушылі да сядзібы. Наблізіўшыся да брамы дзядзінца, мы ўбачылі Путкамера з жонкай, якія прагульваліся каля газона. Калі мы ўвайшлі ў браму, пані адразу падскочыла да нас, каб павітаць паэта, ды ён глядзеў на яе такім зрокам, ад якога словы застывалі ў яе на вуснах. Але нечакана ён ухапіў яе за рукі і ўміг забыў пра Путкамера, пра мяне, пра свой намер і пра ўсё на свеце. Трымаючыся за рукі, моўчкі гледзячы адно на другое, паэт і пані Путкамерава пайшлі дарогай, што вяла ў сад... Я падышоў да Путкамера, майго і Адамавага калегі, і расказаў яму пра ўсё. Путкамер сустрэў гэта вельмі спакойна, з поўным разуменнем Міцкевіча... Толькі махнуў рукой, як бы хацеў сказаць: “Хай так і будзе”, і прапанаваў прайсціся з ім таксама ў сад. Там мы ўбачылі, што яны сядзяць на лаўцы, трымаючыся за рукі. Путкамер узяў мяне пад руку, і мы пайшлі па другой, паралельнай, алеі. Гаварылі пра Міцкевіча, пра дзіўны яго настрой, увесь час паглядаючы на закаханых. Неўзабаве падышоў да нас лакей і сказаў, што вячэра ўжо на стале; тады Путкамер накіраваўся да жонкі і Адама і запрасіў іх на вячэру. Абое машынальна ўсталі і, трымаючыся за рукі, пайшлі да дома. Мы селі за стол учатырох: Міцкевіч побач з паняй Путкамеравай, а я з самім Путкамерам. Міцкевіч увесь час зачаравана глядзеў на сваю Марылю, амаль не дакранаючыся да ежы і пітва. Мы з Путкамерам спакойна елі і пілі, нібы не заўважаючы іх. У час вячэры гасцінны гаспадар сказаў: “Я крыўдую на вас, што вы заехалі да жыда, нібыта ў нашым доме месца для вас не знайшлося б. Я сказаў службе занесці вашы рэчы ў гасцёўню, спадзяюся, што тут вам будзе лепей, чым у карчме”. Пасля вячэры Путкамер досыць гучна, але спакойна сказаў: “Ну, цяпер пара спаць! Дабранач, калегі”. I кіўнуў
лёкаю, каб правёў нас у прызначаныя пакоі. Мы ўсталі з-за стала, я падышоў да Адама, узяў яго пад руку, і ён бяздумна паплёўся за мной, не кажучы ні слова. Я быў неспакойны за яго, баяўся, каб гэтая яго маральная прыгнечанасць і фізічнае здранцвенне не прывялі да якой хваробы.
Калі мы ўвайшлі ў адведзены нам пакой, я сказаў, што тут душна, таму адчыніў акно, якое глядзела ў сад. Міцкевіч стаў нерухома каля акна і бязмоўна некуды глядзеў. Я раздзеўся і пайшоў на ложак спаць. Спачатку я зрабіў выгляд, што заснуў, але прымружаным вокам сачыў за Адамам. Ды пасля дзённай стомленасці я неўзабаве напраўду заснуў... Тут мяне зноў разбудзіў Міцкевіч, кажучы з узбуджанасцю: “Уставай, уставай, уцякайма адсюль!” Я сарваўся з пасцелі і пачаў адзявацца. Ён жа неспакойным крокам хадзіў туды-сюды па пакоі, паціскаў плячыма, нібы дзівячыся сам з сябе, і час ад часу паўтараў: “Які сорам, якое глупства! Уцякайма!”
Выбраўшыся з дому і дайшоўшы да карчмы, мы пабудзілі жыда, сказалі запрагаць коней і рушылі на Вільню... Міцкевіч быў бледны і вельмі змучаны, але цяпер цалкам ацверазелы. Лёгка было заўважыць, што ён вельмі перажываў і ўнутрана лаяў самога сябе. Ён саромеўся свайго ўчарашняга намеру. Калі мы набліжаліся ўжо да Вільні, Адам узяў мяне за руку і сказаў: “Дай жа мне слова, што нікому ніколі пра гэта не раскажаш”. I яшчэ паўтарыў: “Які сорам!”»
У Болценіках з разуменнем і спагадай паставіліся да Міцкевічавага «выбрыку», і неўзабаве сам Ваўжынец Путкамер, які часта бываў з Марыляй у Вільні, запрасіў паэта пагасцяваць у іхным доме.
Адам Міцкевіч прыняў запрашэнне і прыехаў у Болценікі на Зялёныя Святкі (Сёмуху) у пару самага буяння прыроды. Пра гасцяванне ў сядзібе Путкамера ўлетку 1822 года, пра сустрэчы там з Марыляй паэт сам пісаў тады свайму сябру-філамату Францішку Малеўскаму: «Нядаўна я правёў з ёй два тыдні. Яе від і гаворка лепш за ўсё мяне супакойваюць. Што будзе далей, не ведаю!»