Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Ехалі мы ў Болценікі праз Любчу, Уселюб, Іўе, Воранава, Беняконі. Ехалі даволі доўга, праўда, з прыпынкамі. Машыну вялі то Валянцін, то Віктар. Больш Віктар, бо Валянцін усё паглядваў у акно, выбіраючы «відзікі», каб зняць іх сваёй кінакамерай. Я проста любаваўся цудоўнымі краявідамі, так хораша асветленымі майскай квеценню.
У Іўі, акуратныя домікі якога патаналі ў садах, дарогу нам раптам перабег кот. Ды не просты, а чорны як вугаль. Без адзінай светлай крапінкі. Віктар прыпыніў машыну і са смехам павярнуўся да нас:
Ну што будзем рабіць: ехаць ці ката лавіць?
Я ўспомніў, як хтосьці расказваў, што ў падобных выпадках адзін мой часты кампаньён па літаратурных выступленнях спыняў сваю «Волгу», перакульваўся ўслед за катом праз плот і, топчучы ў чужым агародчыку агуркі ды капусту, датуль ганяўся за перапалоханай жывёлінай, пакуль тая стрымгалоў не ляцела назад на вуліцу. Мы не надта верылі ў язычніцкія прымхі, але ўсе пачалі чухаць патыліцы. Ды хтосьці з нас успомніў, што недзе тут блізка сядзіба маткі нашага сябра Міколы Міхноўскага. Я сам часта размаўляў з ёй па тэлефоне, калі яна званіла сыну ў «Беллітфонд». To, можа, гэта яе кот? Ну, калі не яе, то суседзяў. Значыць, у нейкай меры «свой». Ну, а свой кот, хоць чорны-прачорны, не павінен, кажуць, прынесці нешта кепскае.
Так што ходкі джып зноў весела каціў нас наперад.
У Болценіках (якраз так, а не Бальценікі, як пішацца ў даведніках, называюць вёску яе жыхары) мы былі прыемна здзіўлены: захаваўся парк і нават палац Путкамераў!
Мы спачатку прайшлі па парку, які хоць і быў запушчаны, як і ўсе даўнейшыя памешчыцкія паркі, але ўсё ж па-ранейшаму жыў, не зведаўшы згубнай сякеры. Кудысьці ў воблакі імкнуліся шырозныя, праўда, там-сям з сухімі галінамі кроны старых камлюкаватых дрэў, сярод якіх, як нам сказалі, было нямала рэдкіх, прывезеных здалёку, экзотаў. Усюды, як і спрадвеку, шчабятала шматгалосае птаства, недзе гулі пчолы. Вось па гэтых цяністых алеях, толькі акуратных, чыста падмеценых, гулялі некалі Марыля з Адамам Міцкевічам, удваіх ці ў кампаніі
з Ваўжынцам Путкамерам і гасцямі, якіх заўсёды было тут многа. Гаманілі, спрачаліся, маўчалі і ўздыхалі.
Пасля блукання па парку мы зайшлі ў палац. Палац двухпавярховы, цікавай архітэктуры, вельмі паглядны. Захаваўся ён, як відаць, таму, што служыў тутэйшым уладам як адміністрацыйны будынак. Цяпер у ім, на другім паверсе, мясцілася калгасная кантора, а ніжэйшы, значна большы паверх стаў клубам. Тут мы сустрэлі і яго дырэктара Яніну Мар’янаўну Сцефановіч з дзвюма супрацоўніцамі яны складалі планы сваёй работы. Дзяўчаты расказалі нам, што ў клубе праводзіцца нямала цікавых вечароў, наладжваюцца розныя святочныя ўрачыстасці. На жаль, гэта быў, як аказалася, не той палац, дзе жыла Марыля з Ваўжынцам і дзецьмі. Пабудаваў ці перабудаваў яго ў 1897 годзе іх унук таксама Ваўжынец Путкамер, вельмі дзейсны і прадпрымальны гаспадар і палітычны дзеяч: ён выбіраўся паслом у расійскія 1, 2 і 4-ю Дзяржаўныя думы, прытым у апошняй узначальваў «літоўска-беларускую фракцыю».
Яніна Сцефановіч павадзіла нас па ўсіх пакоях, дзе жылі Путкамеры. Хацелася всрыць, што Марылін унук нешта збярог і з ранейшага родавага палаца. Я глядзеў на даўнейшую ўзорыстую кафлю печаў і абагравальных сцен, на пазалочаныя карнізы і ўпрыгожанні, і мне ўяўлялася, як жылі ў гэтых ўтульных пакоях Путкамеры розных пакаленняў. Вось іх зала-святліца, дзе збіралася сям’я, куды запрашаліся госці. Недзе тут стаялі каля сцен абабітыя аксамітам ці мо якімі мядзведжымі шкурамі, разьблёныя канапы і крэслы, блішчалі аздобамі сталы і камоды. Ну і, вядома ж, знаходзіла сваё месца амаль абавязковая рэч панскіх палацаў фартэпіяна.
За такім музычным інструментам у ярка асвечанай люстрамі святліцы роўна 180 гадоў назад недзе тут сядзела дваццацідвухгадовая Марыля і спявала такому ж маладому Адаму Міцкевічу журлівую беларускую песню, якая так выразна, так дакладна раскрывала стан яе душы, яе каханне да паэта:
Да цераз мой двор, Да цераз мой двор Цяцера ляцела.
Да не даў мне Бог, He судзіў мне Бог, За каго я хацела. 3 кім стаяла, Размаўляла Да падарачкі брала. 3 каго кпіла, Смяялася, Сама таму дасталася.
Як расказвалі сучаснікі, Марыля, выйшаўшы замуж за графа Путкамера, доўга не падпускала яго да сябе, на нейкі час зрабілася сапраўднай манашкай. Усе тады шапталіся пра «белае замуства Марылі». Спакойны і паблажлівы Ваўжынец Путкамер цярпліва чакаў, пакуль яблык добра выспее і сам упадзе з дрэва. У кожным разе Адам Міцкевіч верыў у шчырасць Марылінага спеву, падмацаванага бліскучай слязой, якую нібы неўпрыкметку яна змахвала са шчакі кончыкам мезенага пальчыка.
Другая пасля Путкамеравай сядзібы памятная мясціна Болценікаў гэта Гаёк. Ён кіламетра паўтара адсюль, за бураковым полем. Мы не прамінулі скіраваць туды. Якраз насустрач нам ішлі бадзёрыя чырванашчокія жанчынкі з капачамі на плячах. Калі мы папыталіся ў іх пра Гаёк, яны, весела рагочучы, пачалі расказваць, што там Адам Міцкевіч з Путкамеравай жонкай ладзілі свае любошчы і тым праславілі гэтае месца.
Мы хадзілі па гаёвых дарожках і ўтравелых палянках, любаваліся таўшчэзнымі дубамі з шумналістымі кронамі, беластволымі, парэзанымі ў камлях бярозамі, думнымі ялінамі, і мне ўспомніўся цудоўны Міцкевічаў санет «Спатканне ў лесе», напісаны ўжо ў выгнанні. Ці не пра свае сустрэчы з Марыляй у гэтым Гайку расказвае ў ім паэт? Вось гэты санет у маім перакладзе:
«Нарэшце! Доўга як!» «Дарога затрымала
Мяне глухая: месяц ледзь свяціў над ёй.
Тужыла мо?» «Яшчэ пытаешся, няўдзячны мой?
Я ад маркотных думак дзецца дзе не знала!»
«Дазволь абняць цябе... Бы іншаю ты стала?
I ўся дрыжыш! Чаму?» «Не знаю, што са мной:
Баюся ў лесе пошуму, начы самой...
Ах, грэшым мы! Бяда б хоць нас не напаткала?»
«Зірні мне ў вочы: не, у позірку маім I ценю ты не ўбачыш кепскага нічога. Ну, хіба ж гэта грэх, што добра нам дваім?
Ты бачыш... Я з табой і гавару не многа: Губляюся, увесь гару... Пасланым мне ад Бога Цябе ўяўляю я анёлам незямным».
На ўскрайку Гайка пры дарозе мы ўбачылі вялікі камень-валун з надпісам, што гэта помнік прыроды. Для Марылі ж ён быў незабыўнай памяткай пра сустрэчы з каханым паэтам. Пасля таго як яе назаўсёды разлучылі з Адамам Міцкевічам, выгнаўшы яго за філамацкую дзейнасць з роднай зямлі, Марыля ўласнай рукой выдзеўбла на камені Крыж. Крыж па сваім рамантычным каханні да вялікага паэта. Ён і цяпер значыцца на камені.
Каля Путкамеравай сядзібы мы яшчэ разгаварыліся з пажылой прыбіралыпчыцай, якая назвала сябе Ірынай Адамовіч. Жанчына паказала нам, дзе былі некалі вароты, квяцістыя клумбы, розныя гаспадарчыя прыбудоўкі.
А вунь там, паказала яна на ўдзірванелы схіл у парку, быў масток цераз рачулку Сольчу, яе прыток.
Сольча, Сольча... Знаёмая назва... Толькі адкуль я яе ведаю? I тут я ўспомніў: гэта ж пра яе, пра Сольчу, пісаў ва ўральскай высылцы Ян Чачот у вершы, які я пераклаў і апублікаваў у «кнігазбораўскім» томіку яго выбраных твораў. Значыць, тут, у Болценіках, бываў і ён, гасцяваў у сям’і Марылі і Ваўжынца Путкамераў, з якімі шчыра сябраваў, увесь час перапісваўся. Прыязджалі ў Болценікі, як раней у Туганавічы, і іншыя філаматы. Балазе сядзіба Путкамераў была рукой падаць ад Вільні. Госці разам з гаспадарамі шпацыравалі алеямі маляўнічага парку, гаманілі, дыспутавалі, чыталі вершы і балады. Ну, і знаёміліся з не менш маляўнічымі ваколіцамі, спыняліся ля чыстага струменю булькаўлівай Сольчы.
Свой верш пра Сольчу Ян Чачот прысвяціў каханай Адама Міцкевіча і шчырай сяброўцы ўсіх філаматаў — гаспадыні Путка-
меравай сядзібы Марылі, якая рабіла ўсё, каб госці заўсёды адчувалі сябе тут як дома. Гэты верш нібы развітанне выгнанніка з чароўным прыстанкам паэтаў, дзе панавала атмасфера прыязнасці і цеплыні:
Спявай па-над Сольчай, салоўку, Хоць я цябе там не пачую.
Увечары прыйдзе ізноўку Яна ў тваю заціш глухую.
Яна, каго ў думках нам стрэціць Так люба у дзень гэты весні, Хоць хвілю здалёк нам пасвеціць I хвілю тваёй чыстай песні.
Ты, Сольча, пад месячным ззяннем Між лозаў, праз зацень завеяў За далеч з глухім буркатаннем Нясі сваё срэбра жывое...
Ці пойдзем калі яшчэ з ёю Паслухаць пад месяца ззянне Салоўку чароўнай парою
I, Сольча, тваё буркатанне?
Мо з часам пачуцці астынуць, I знікнем мы ўсе, як аблокі, Усё ж нашы душы не знікнуць, Запомняць нас Сольчы затокі.*
Падымаючыся на ганак Путкамеравага палаца, Ірына Адамовіч на развітанне сказала:
Пра Міцкевіча ўсё ведае Валасэвіч. Можаце зайсці да яго: ён жыве ў Беняконях.
Дамок Валасэвіча мы знайшлі хутка: ён жа быў амаль на нашай дарозе. Валянцін з Віктарам прыпынілі машыну і, не вылазячы з яе, папрасілі нас з Міхасём:
Толькі хутчэй, бо пара ўжо ехаць дамоў. Мы пастукалі ў дзверы Валасэвічавага дома. На ганак выйшла пажылая, інтэлігентнага выгляду жанчына.
А гаспадара няма дома: забралі ў бальніцу, загаварыла яна, перамешваючы беларускія словы з польскімі. А так павадзіў бы вас: ён усе куточкі Міцкевічавы ведае тут.
Сама яна полька, але любіць чытаць Міцкевіча і па-беларуску. Жанчына чытала ўсе беларускія пераклады «Пана Тадэвуша», уключаючы Тарашкевічаў.
Але шмат пагутарыць з жонкай Валасэвіча не выпала: хлопцы з машыны пачалі ўжо нам піпікаць.
Болценікі, Беняконі... Здаецца, і сёння не знік тут дух каханай Адама Міцкевіча Марылі.
У нашай свядомасці Марыля Верашчака ўяўляецца музай Адама Міцкевіча. Разам з тым яна цікавая і як асоба. З’яўляючыся дачкой павятовага маршалка, атрымала даволі прыстойную адукацыю, сама ўдасканальвала свае веды, цікавілася мастацтвам, някепска ведала літаратуру, асабліва французскую, творы якой чытала ў арыгінале. He забывала і пра свой народ, цаніла яго традыцыі. Адам Міцкевіч, узгадваючы адну праходку з ёй на возера Свіцязь, прызнаваўся: «Паслухаўшы аднаго разу вельмі цікавую легенду, якую расказаў рыбак, Марыля, павярнуўшыся да мяне, усклікнула: “Вось паэзія! Напішы што-небудзь такое”. Гэтыя словы глыбока запалі мне ў душу, і адсюль пачаўся мой паэтычны шлях».
Марыля з дзяцінства ведала вусна-паэтычную творчасць беларускага люду. 3 часам яна пачала свядома цікавіцца ёю і, відаць, запісвала народныя песні, выконвала іх на фартэпіяна, як згаданую вышэй песню «Да цераз мой двор...».