Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Праз нейкі час у той жа «Літаратуры і мастацтве» было змешчана паведамленне, у якім гаварылася, што ліст А. Шоцкага быў разгледжаны ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама,
а таксама ў Ляхавіцкім райвыканкаме Саветаў народных дэпутатаў, які прыняў пастанову аб добраўпарадкаванні парку ў Рэпіхаве, прычым аддзелу культуры райвыканкама і раённаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры даручана ўстанавіць там мемарыяльную дошку ў гонар Яна Чачота. Хвала краязнаўцам! Хвала тым уладам, якія гэтак хутка, без аніякай цяганіны прымаюць такія мудрыя пастановы!
У Рэпіхаве, куды пераехала сям’я Чачотаў недзе на сумежжы двух стагоддзяў XVIII і XIX, і праходзілі дзіцячыя гады паэта. Але, мусіць, не толькі ў самім Рэпіхаве, а яшчэ недзе паблізу на рацэ Мышанка, як відаць з твораў Яна Чачота: што ж, беззямельнаму Тадэвушу Чачоту, бацьку паэта, даводзілася не раз мяняць месца службы. Як бы там ні было, да ад’езду на вучобу ў Наваградак Ян Чачот быў з бацькамі ў Навамышанскай каталіцкай парафіі, у якую ўваходзіла і Рэпіхава. Усё ж нездарма Адам Міцкевіч называў Чачота «Ян з Мышы».
Тут, у ваколіцах Новай Мышы, Ян Чачот і пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў і запомніў яго песні, казкі, паданні. Пра зацікаўленасць Яна Чачота яшчэ ў дзіцячыя гады беларускім фальклорам сведчаць яго балады «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка», «Узногі», напісаныя паводле мясцовых паданняў і пачутых ад людзей быляў.
У баладзе «Калдычэўскі шчупак» Ян Чачот скарыстаў паданне пра шчупака, які пераплыў нейкай падземнай ракой з Калдычэўскага возера (яно было непадалёк ад селішча Чачотаў, у цяперашнім Баранавіцкім раёне) у возера Свіцязь. У аснову балады «Мышанка» леглі аж два пачутыя ў маленстве паданні. Першае пра дачку нейкага Мышкі, вельмі гожую дзяўчыну, якая, уцякаючы ад рыцара з княжацкага замка, кінулася ў раку толькі б не трапіць у рукі гвалтаўніка; ён жа, гэты рыцар, на месцы гібелі дзяўчыны загадаў закласці горад, даўшы яму назву Мыш. Другое паданне, якое скарыстаў у сваёй баладзе Ян Чачот, таксама было пра паходжанне назвы гэтага мястэчка: чалавек, які яго залажыў, быццам бы сказаў, што дасць яму назву той істоты, якую першай убачыць, устаўшы раніцай; першай жа сустрэў ён мыш...
У баладзе «Мышанка» Ян Чачот прапеў сапраўдную песню замілаванасці рацэ свайго маленства:
О, мілы ўспамін! Дарагая Мышанка!
Зноў снішся ты ў барве заранак.
Найпершая ў свеце мая ты каханка, Мільгнуў тут жыцця майго ранак.’
Недзе тут, у сваёй Навамышанскай парафіі, пачуў Ян Чачот і праўдзівае, вельмі жудаснае паданне (што ўзнікла з сапраўднага факта) пра ліхога пана-прыгонніка з маёнтка Узногі, паданне, якое вылілася потым у адну з найцікавейшых балад паэта, якую ён так і назваў «Узногі».
Пачынаецца балада грозным папярэджаннем пана, уладальніка Узногаў, сваім падданым:
Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў
У лесе маім браць і то па білету Падгнілую леж усяго, і каб болей He ссеклі і розгі запомніце гэта!
Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці даволі!
Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба!
Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі?
Маё усё гэта. Мая тут сядзіба!
I вашыя душы, як гэтыя дрэвы, Належаць мне толькі па праву. Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы, Знайду на вас хутка я ўправу!
I ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы, Ды пушчу вартуй адмыслова, У тых, хто залезе сюды па здабычу, Здзірай кажухі з плеч без слова!
Ніводны звярок і ніводны арэшак Прапасці ў мяне не павінен!
Запомняць хай добра: не любіць пан смешак, Усіх пакарае, хто вінен!..
Раскрыўшы перад чытачом хцівае, нікчэмнае нутро самазадаволенага прыгонніка, Ян Чачот са спагадаю расказвае пра без-
выходнае становішча бяспраўнага беларускага мужыка, які не можа выконваць поўныя самых страшных пагроз загады свайго пана:
Ды хто ж гэта жыць мужыку забароніць!
Ці ж можна уседзець у цёмнай хаціне, Дзе ў місе крупіна крупы не дагоніць, А скваркі, малой хоць, няма і ў паміне?
А прыйдзе вясна скрозь падчысціць падполлі, He знойдзеш нідзе і з мякінаю хлеба. Адна крапіва. Ды і тая без солі.
За нешта ж купіць яшчэ соль гэту трэба.
Таму вось мужык красці дрэва і лезе, На рынак вязе хоць на грошык разжыцца. Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?
Растлумачыўшы такім вось чынам, што да чаго, Ян Чачот прыступае да канкрэтнага апавядання пра беднага селяніна, які, запрогшы схудалыя валы і заткнуўшы за пояс сякеру, выпраўляецца ў панскі лес па дровы. Але толькі пачаў класці тыя дровы на воз, як падскочыў ляснічы. Назаўтра па загадзе жорсткага пана слугі хапаюць селяніна, прывязваюць да азярода і б’юць розгамі і вяроўкай. Скатаваны селянін ледзь даходзіць да сваёй хаты, дзе і памірае. Разам з ім памірае ад голаду і знясілення і яго хворая жонка. У хаце засталіся толькі малыя дзеці і стары дзядуля. Старшая дачка памерлых, каб неяк накарміць сваіх меншых брацікаў і сястрычак, крадком ідзе ў лес сабраць ягад. Але і яе заспяе там ляснічы, які цягне дзяўчынку ў двор да пана. Пан загадвае прынесці розгаў, агаліць бедную дзяўчынку і, не зважаючы на просьбы яго дамашніх, лупцаваць тымі розгамі.
Расказваючы пра гэтыя дзікія катаванні, Ян Чачот усвядомлена становіцца на бок пакрыўджаных, на бок запрыгоненага селяніна, якога хоча абараніць ад разбэшчаных «уладароў падданых душ», ад прыгону наогул:
Дачка дарагая! Унучка мая ты!
Каб быў там я ў гэту часіну,
Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам, Лепш сам пры табе б я загінуў!..
Дзяўчынка, расказвае далей Ян Чачот, не вытрымала катаванняў:
Памерла ад голаду, болю і сораму, Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу.
3 дарослых у сям’і астаўся цяпер толькі старэнькі дзядуля. Каб пакарміць унукаў, ён падаўся ў бліжэйшае мястэчка выжабраваць хлеба. Па дарозе зайшоў у лес выламаць сабе дарожны кіёк. Гэта згледзеў той жа ляснічы і прывёў старога да панскага палаца. Пан размахваецца і б’е дзядулю, які падае долу і тут жа памірае, «за ўсё сваё загубленае племя помсту даручаючы Богу». Застаўшыся адны, малыя дзеці змушаны былі пайсці ў свет жабраваць. Але гэтым не заканчваецца балада. Калі надышла пара збору арэхаў, апавядае далей Ян Чачот, гаспадар Узногаў сам едзе з сям’ёй і слугамі ў лес. Нарваўшы арэхаў, вяртаецца з імі дамоў. Але нечакана загрымеў сярод яснага неба гром, загарэўся лес. Аўтар маляўніча апісвае лясны пажар, у якім гіне ўсё панскае дабро.
Каб узмацніць эфект кары пану за яго злачынствы, паэт уводзіць у канву апавядання казачныя матывы. Лясныя птушкі, замест таго каб уцякаць ад пажару, ператвараюцца раптам у прывіды закатаваных панам мужыкоў, кідаюцца на свайго прыгнятальніка і яго сям’ю і раздзіраюць усіх на кавалкі.
Сваю баладу Ян Чачот заканчвае разважаннем пра сялянскую нядолю, заклікае да вызвалення селяніна ад прыгону так, як гэта зроблена за мяжой, у «чужых краінах», дзе сяляне цяпер быццам бы сталі самі «як паны». Пра тое, як дапамагалі Яну Чачоту ў яго паэтычнай практыцы пачутыя ў маленстве беларускія народныя казкі, паданні, песні, прыказкі і прымаўкі, а таксама захаваныя ў памяці звычаі, павер'і селяніна, можна было б гаварыць вельмі многа. Прывабліваюць балады Яна Чачота і тым, што ў іх даюцца апісанні рэальных, а не выдуманых мясцін, паказваюцца часта рэальныя людзі, якіх аўтар ведаў сам, сапраўдныя жыццёвыя факты. Так, у баладзе «Падземны звон на
горцы ў Пазяневічах» сустракаецца імя нейкага Антосіка, якому прысвячаецца цэлая страфа:
Тут быў і Антоська, пра «цуды» якога Пагудкі хадзілі усюды, I людзі, дурныя, няслі, як да Бога, У Дарава золата груды.’
Аўтар нідзе не дае тлумачэння, што ж гэта быў за Антосік. Як выявілася, Ян Чачот упамінае рэальную асобу непісьменнага пастуха з вёскі Дарава пад Баранавічамі Антося Голеца, які з пятнаццаці гадоў стаў вядомы як знахар, што лячыў у 1814— 1816 гадах самыя розныя хваробы. Цікава, што да яго аднойчы трапіла і маці Адама Міцкевіча са старэйшым сынам Аляксандрам, пра што ён успамінае сам у адным з пісем. Многа пра цудадзействы Антосіка пісалася тады ў віленскім друку. Наслухаўшыся пра незвычайныя здольнасці знахара, гродзенскі губернатар у 1816 годзе накіраваў у Дарава спецыяльную камісію. Камісія паведамляла, што Антосік лечыць сваіх пацыентаў «углядваннем у вочы і твар, а потым інстынктам вызначае, якое трэба даць лякарства». Лякарствы тыя камісія прызнала няшкоднымі, а іх незвычайную «эфектыўнасць» тлумачыла «сляпой верай у іх». I ўсё ж распараджэннем губернатара Антосіку была забаронена «лячэбная практыка». У абарону незвычайнага лекара выступіў на старонках перыядычнага выдання «Паментнік магнетычны Віленьскі» палкоўнік польскага войска Міхал Пашкоўскі. Ён расказаў, што Антосік у 1816 годзе вылечыў яго падданага ў Налібаках Кароля Шэмета, якому ніяк не маглі дапамагчы дактары. Але і абарона палкоўніка не памагла ўжо Антосіку. Як хутка стала вядома з віленскіх газет, ён быў аддадзены панам Чаркоўскім у рэкруты.
Пра Антосіка Ян Чачот, вядома ж, чытаў у газетах. Але ведаў ён пра незвычайнага лекара яшчэ, як зноў сцвярджаюць польскія даследчыкі, да шуміхі вакол яго імя ў друку: Антосік жа быў з родных мясцін паэта...
I такіх прыкладаў «жыццёвасці» балад Яна Чачота можна было б даць тут нямала.
Наваградак
Чыстая і звонкая раніца, ужо добра выстуджаная здаровым перадзімнім холадам. Барвовае, зусім няцёплае сонца, якое колькі хвілін назад неяк незаўважна ўсплыло над узгорыстым полем, толькі там-сям прабіваецца на цемнаваты асфальт скрозь даволі густую яшчэ тут лістоту пасвятлелых ясеняў і зялёных таполяў, што дзвюма роўнымі сценкамі выструніліся ўздоўж дарогі. Кроны іх так перапляліся ўверсе, што здаецца, быццам мы едзем доўгім зялёна-залатым тунэлем. Ён, гэты тунэль, толькі зрэдку перарываецца невялікімі прагаламі, поўнымі такога вабнага ўвосень сонца.
Пераначаваўшы ў Валеўцы, у гасціннага гаспадара добра дагледжанага вясковага дома, вядомага краязнаўца, аўтара даволі змястоўных кніг пра паходы школьнікаў па шляхах паэтаў і герояў роднага краю, настаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Урбановіча, мы прастуем у старажытны, слаўны многімі падзеямі свайго вельмі цікавага гістарычнага мінулага горад Наваградак.
I вось яны дзе брукаваныя каменем, дзе заасфальтаваныя, а дзе і проста «без пакрыцця» вулачкі і вуліцы вечна новага, хоць і старога горада. Спачатку мы спрабуем коламі машыны брукаванкі садовай ускраіны. Тут можна пачуць яшчэ голас пеўня, убачыць у глыбіні цеснага ад розных прыбудовак і дрэў двара, як жанчына, закасаўшы па локаць рукавы кофты, мые ў цынкавых ночвах, пастаўленых на старым услоне, бялізну, улавіць вухам глухі шоргат рыдлёўкі, якой перакопваюць відаць, ужо на зіму агарод...