Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
I ўсё ж у пераходзе Адама Міцкевіча на пазіцыі рамантызму прыклад Яна Чачота быў ці не самым вырашальным.
Больш за ўсё цікавілі Адама Міцкевіча балады сябра. Дагэтуль ён ведаў англійскія балады, захапляўся баладамі Шылера, заснаванымі галоўным чынам на матэрыяле антычнай міфалогіі, з цікавасцю чытаў шырокавядомую баладу аўтара «Дзівосных прыгод барона Мюнхгаўзена» Готфрыда Аўгуста Бюргера «Ленору» і яе шматлікія пераробкі. Вядома ж, знаёмыя былі яму і польскія балады, якія засноўваліся галоўным чынам на класічных сюжэтах і на ўзорах заходнееўрапейскай літаратуры. I вось тут А. Міцкевіч даведваецца, што балады гэты галоўны жанр рамантычнай літаратуры піша яго самы блізкі сябар Ян з Мышы! I галоўнае сюжэты для сваіх балад ён бярэ не з антычнай міфалогіі, не з заходнееўрапейскай літаратуры, а з паданняў
і казак таго самага простага люду, сярод якога жыў і сам. «Прышлі мне “Свіцязь” і іншыя твае новыя творы, “Бекеша” і г. д., зробіш мне найвялікшую ласку», піша Яну Чачоту 22 верасня 1819 года Адам Міцкевіч з Коўна, куды ён тэрмінова выехаў на пасаду настаўніка. Просьбу Адама Міцкевіча Ян Чачот не адразу задаволіў. У пісьме да свайго сябра 30 верасня ён тлумачыў гэта перш за ўсё тым, што хацеў яшчэ перапісаць, дапрацаваць свае балады, а зрабіць гэта «не было калі». Тое ж самае кажа ён і ў другім пісьме ад 6 кастрычніка: «Вершаў сваіх не пасылаю, бо поўнасцю яшчэ і не паправіў і не маю часу то праз тое, то праз другое паправіць. Абяцаю, аднак, зрабіць гэта адразу ж, як толькі змагу». Але Ян Чачот усё не знаходзіў магчымасці дапрацаваць і перапісаць свае творы. Міцкевічу ж не цярпелася іх прачытаць, і ён ізноў, ужо 27 лістапада, піша сябру: «Дарэмна, і не магу даўмецца, чаму дарэмна, так доўга вымольваю твае “Бекешы”, “Свіцязі” і г. д. і г. д. Неабавязкова перапісваць, можна хаця б і так прыслаць, за што абдыму цябе на Каляды». Баладу «Свіцязь», прычым неперапісаную, непапраўленую, Ян Чачот усё ж, як гэта можна бачыць з далейшай перапіскі, паслаў свайму сябру. Астатнія ж наважыў патрымаць у сябе. «“Бекеша” і “Арыёна” (балада, якая да нас не дайшла. К. Ц.) таму не пасылаю табе, апраўдваўся Ян Чачот у пісьме да Адама Міцкевіча 7 снежня, што яны ў мяне ў адным экземпляры, што “Арыён” яшчэ in crude1, патрабуе, каб я яго хоць збольшага падчасаў; што абедзве тыя балады мне нават самому не вельмі падабаюцца, а “Бекеш”, выстаўлены пад удар крытыкі маладога Юзафа (так у адрозненне ад Юзафа Яжоўскага называлі сябры філамата Кавалеўскага, які на адным з пасяджэнняў таварыства выступіў з разглядам Чачотавай балады, прачытанай там аўтарам. К. Ц), нямала атрымаў сінякоў, і я хачу цяпер сядзець, пакуль калінебудзь не папраўлю, ціха. Хацеў бы паслаць табе найсмачнейшыя ласункі; што ж пасылаць яшчэ не апрацаваныя чарнавікі! Так што выбачай, можа, прышлю, можа, не; але калі будзеш у нас, то прачытаю табе з ахвотай».
1 In crudo (лац.) у першапачатковым выглядзе, ва ўсёй непасрэднасці.
Ян Чачот, вядома ж, выканаў урэшце сваё абяцанне, і Адам Міцкевіч меў магчымасць пазнаёміцца з усімі яго баладамі. Першыя свае балады Адам Міцкевіч напісаў 20 снежня 1819 года (ці 3 студзеня 1820 года па новым стылі). Цікава, што з’яўленне іх зноў-такі звязана, ужо непасрэдна, з імем Яна Чачота, які ў той час якраз цяжка хварэў. Вось як піша пра гэта сам Міцкевіч у пісьме да свайго сябра: «Яне! Атрымаў твой ліст, поўны і сяброўскіх выразаў, і гарачай фантазіі. Чытаў яго, як і ўсе вашы пісьмы і як часта твае, з расчуленасцю. Вельмі ўсцешыўся, што ты зусім ужо здаровы; беражы сябе і не выходзь з дому. Хвароба твая страшна мяне напужала. Ярош напісаў мне пра яе; але ці яго паведамленне здалося мне занадта кароткім, ці проста я ўбіў сабе ў галаву, што ад мяне нешта тояць, што ты ў небяспецы. Якраз перад гэтым памёр тут адзін з гэтай хваробы, а некалькі чалавек цяжка захварэлі ёю. Усе гэтыя акалічнасці так мяне ўзбаламуцілі, што ўночы я не мог спаць, а калі, урэшце, заснуў, то мне прыснілася, нібы ты памёр; я ўскочыў, сказаў запаліць свечку і пачаў чытаць псалмы (як трывога, дык да Бога). Выбіваў з галавы соннае глупства і ў гэтым адурэнні напісаў дзве кароценькія балады, вельмі мізэрныя баладкі; адну толькі я сам зразумею, другую папраўлю, змяню і прачытаю вам на Занавым свяце...»
Адна з балад называлася «Люблю я...». Гэта балада, як сцвярджаюць польскія літаратуразнаўцы, стала пераломным пунктам у творчасці Адама Міцкевіча, а разам з тым і ва ўсёй польскай літаратуры, паклаўшы ў ёй пачатак новаму напрамку рамантызму. Услед за баладай «Люблю я...», якую аўтар прачытаў у Вільні сябрам і якую яны ўсе вельмі ўпадабалі, ён па звароце ў Коўна ўзяўся пісаць новыя творы ў гэтым жанры. На працягу 1820—1821 гадоў Адам Міцкевіч стварыў цэлае «грона» цудоўных балад, якія ў 1822 годзе выйшлі асобным выданнем пад назвай «Балады і рамансы». Пра ролю Яна Чачота ў нараджэнні рамантызму на нашых землях добра расказаў Станіслаў Свірка ў напісаных ім раздзелах кніг «Народнасць у Міцкевіча», якая выйшла ў Варшаве ў 1958 годзе, «Гісторыя польскай фалькларыстыкі: 1800-1863» (Варшава, 1970) і ў памянёнай яго кнізе «3 кола філамацкага перадрамантызму». Вядомы польскі фалькларыст
прыйшоў да вываду, што «тыя “песенькі” і “балады” Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці...». Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, асабліва Тамаш Зан і Ануфрый Петрашкевіч, якія таксама выкарыстоўвалі беларускі фальклор у сваёй паэтычнай творчасці, але ўсё роўна «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча аказаўся ў гэтым плане наймацнейшым...». Так, разважае далей польскі вучоны, Ян Чачот «не навучыў... Міцкевіча пісаць рамантычную паэзію, таму што сам гэтага не ўмеў, аднак паказаў яму новую крыніцу творчасці і новую дарогу. Таму што быў Чачот філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».
Вось так ні больш ні менш.
Ды за адно ўжо гэта трэба было б побач з Курганом бяссмерця ў гонар Адама Міцкевіча ставіць у Наваградку вялікі помнік і Яну Чачоту!
Адам Міцкевіч быў, вядома ж, вельмі ўдзячны за ўсё свайму сябру. Недарэмна, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў Яна Чачота.
Трэба яшчэ дадаць, што Ян Чачот не толькі паказаў сапраўдную дарогу ў літаратуру Адаму Міцкевічу, але і, не скупячыся, даў яму з сабой у гэты шлях добрую кайстру сюжэтаў і вобразаў для паэзіі. Станіслаў Свірка, супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі «Баладамі і рамансамі» Адама Міцкевіча, знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які ўтрымліваўся ў творах яго сябра. Так, балада Яна Чачота «Свіцязь» памагла Адаму Міцкевічу напісаць аж дзве балады «Вяртанне таты» і «Свіцязь». У баладзе «Вяртанне таты» быў выкарыстаны з Чачотавага твора момант вяртання дадому купца і напад на яго на расстайных дарогах рабаўніка, а ў «Свіцязі» паданне пра затапленне
горада. Свірка прыводзіць прыклады і тэкставых запазычанняў Адама Міцкевіча з балады Яна Чачота такое дапускалася ў філамацкай сям’і. У баладзе «Свіцязь» Адам Міцкевіч выкарыстаў асобныя моманты і з іншых балад Яна Чачота. Напрыклад, з «Мышанкі» ён узяў, як заўважае польскі даследчык, «матыў воднай русалкі» (дарэчы, гэты матыў добра прыдаўся Міцкевічу і для яго «Свіцязянкі») і матыў чароўнага зелля толькі ў Чачота гэта зелле канкрэтнае і называецца, як у народзе, мінушка (ён нават прыводзіць у прыпісцы яго лацінскую назву), а Міцкевіч прыдаў той расліне новыя ўласцівасці і назваў яе кветкамі «царамі». Свірка знаходзіць у міцкевічаўскай «Свіцязі» таксама асобныя даволі выразныя запазычанні з балады Яна Чачота «Калдычэўскі шчупак».
Цікавыя сляды творчага пераасэнсавання фальклорнага матэрыялу Чачотавых балад бачыць даследчык і ў іншых баладах Адама Міцкевіча. Акрамя таго, многія вобразы і матывы балад Яна Чачота (ды і не толькі балад) выкарыстаў Адам Міцкевіч і ў такіх сваіх найбольш значных творах, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Так, жорсткі пан-самадур, гэтак ярка намаляваны Янам Чачотам у баладзе «Узногі», з’явіўся ў другой частцы міцкевічаўскіх «Дзядоў» як прывід, які нідзе не знаходзіць сабе месца: за здзекі з прыгонных сялян гэты ліхі пан прысуджаны цярпець на тым свеце страшэнныя пакуты голаду і смагі. У Адама Міцкевіча, як і ў Яна Чачота, сяляне, якіх закатаваў і замучыў голадам іх пан, ператвараюцца ў птушак, што цяпер нападаюць на яго...
Разам з тым трэба заўважыць, што Ян Чачот не лічыў літаратуру галоўнай справай свайго жыцця. Ён быў на дзіва самакрытычны. Хоць Адам Міцкевіч вельмі шчыра захапляўся творамі сябра, пісаў яму, што не бачыць у сябе вышэйшых здольнасцяў, чым у яго, усё ж Ян Чачот не прыняў такой завышанай ацэнкі сваёй творчасці. У 1820 годзе ў пісьме да Адама Міцкевіча, віншуючы сябра з поспехамі ў паэзіі, выказвае разам з тым шкадаванне, што сам ён «улез» у паэзію і трапіў у «лік вершапісцаў»: «Вялікая розніца пісаць вершы і пісаць вершы сапраўдныя! Як неба ад зямлі!»
Сваё прызванне бачыў Ян Чачот у іншым у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору, якому ён прыдаваў вялікае значэнне ў змаганні за народнасць літаратуры, за яе дэмакратызацыю.
Пра фалькларыстычную дзейнасць Яна Чачота зноў-такі напісана даволі многа. Ёй аддадзена належнае і ў беларускай, і ў польскай фалькларыстыцы. Роля гэтай дзейнасці ў развіцці нашай культуры, нашай літаратуры агромністая. Упершыню так, ізноў упершыню! Ян Чачот сваімі зборнікамі беларускіх народных песень, якіх ён выпусціў на працягу 1837-1846 гадоў цэлых шэсць, паказаў, што за неацэнныя багацці хаваюцца ў народзе. Сабраныя Чачотам беларускія народныя песні, а таксама прыказкі і прымаўкі і сёння не ўстарэлі, і сёння без іх не абыходзяцца ні хрэстаматыі беларускага фальклору, ні анталогіі і зборнікі, у тым ліку і цяперашняе шматтомнае выданне вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, якое выйшла ў Акадэміі навук Беларусі. Яны і сёння застаюцца выдатнай крыніцай для літаратурнай творчасці, крыніцай, якая ніколі не перасохне.