Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
I былі яшчэ дарогі...
Мы прайшлі толькі некаторымі сцяжынамі Яна Чачота, тымі, на якіх пазнаваў ён жыццё, якія навучылі яго любіць і ненавідзець, якія выводзілі ў людзі, у свет, на дарогу змагання за праўду, за народную долю. Амаль усе гэтыя сцяжыны цесна перапляталіся са сцяжынамі вялікага Адама Міцкевіча, з якім так хораша ступалася па зямлі, так светла і шырока думалася. Сцяжыны роднай Наваградчыны...
Але былі ў Яна Чачота яшчэ іншыя сцяжыны, іншыя дарогі. Была ў яго біяграфіі Вільня, дзе зноў-такі яму пашчасціла ісці поруч з Адамам Міцкевічам, дзяліць з ім усе радасці і нягоды студэнцкага і службовага быцця, сумеснай дзейнасці для дабра радзімы.
Помняць Яна Чачота гулкія калідоры і аўдыторыі Віленскага ўніверсітэта, дзе ён вучыўся і з захапленнем слухаў лекцыі выдатнага польскага гісторыка і грамадскага дзеяча Іаахіма Ляле-
веля, які пазней разам з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам актыўна ўдзельнічаў у інтэрнацыянальнай Дэмакратычнай асацыяцыі ў Бруселі. Ян Чачот разам з Адамам Міцкевічам былі вельмі блізка знаёмыя з Лялевелем, нават сябравалі з ім.
Недзе ў Вільні (цяперашнім Вільнюсе) па сённяшні дзень хаваюцца тыя будынкі, дзе кватараваў колісь Ян Чачот, часам удвух з Адамам Міцкевічам, і дзе застыла ў сценах рэха галасоў маладых патрыётаў, іх гарачых спрэчак.
Пашукаўшы, можна знайсці тут і дом Сымона Малеўскага, рэктара ўніверсітэта, дом, дзе былі шырока адкрыты дзверы для філаматаў, у дружную сям’ю якіх уваходзіў і сын гаспадара Францішак. Гэты дом быў асабліва дарагі для Яна Чачота, бо жыло ў ім яго самае светлае і чыстае каханне маладая, гожая, вельмі грацыёзная Зося Малеўская, адна з дзвюх Францішкавых сясцёр, якая так хораша і міла іграла на фартэпіяна, зачароўваючы і ігрой, і сабою усіх сяброў-філаматаў. Ян Чачот напісаў Зосі Малеўскай ні многа ні мала сто песень, многія з якіх яна выконвала, як падказваў аўтар, на матывы беларускіх народных песень...
А ў ваколіцах Вільні, магчыма, і цяпер раскашуе той зацішны бярозава-ясеневы гай, дзе любілі збірацца на свае вясёлыя сходкі філаматы і філарэты, уся віленская моладзь і дзе Ян Чачот выступаў са сваімі дзёрзкімі антыўрадавымі вершамі, якія знаходзілі ў маладых сэрцах самы гарачы водгук. Гэты гай віленская моладзь празвала Янавым, або Чачотавым. Цікава, ці захавалася гэта назва сёння?
Тут, у Вільні, сярод іншых даўнейшых камяніц высіцца базыльянскі кляштар, той самы кляштар, які ў 1823 годзе царскі паслугач Навасільцаў ператварыў у турму, куды былі кінуты супольнікі выкрытых ім тайных згуртаванняў моладзі Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамэйка, Антон Слізень, Адам Сузін, Юзаф Яжоўскі, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Ян Сабалеўскі, Тэадор Лазінскі, Ануфрый Петрашкевіч, Мікалай Казлоўскі і іншыя. Ідэйнаму кіраўніку філаматаў прафесару ўніверсітэта Іаахіму Лялевелю ўдалося вырваць з турмы толькі Адама Міцкевіча, якога ён узяў на парукі і які тым не менш
наведваў там сваіх сяброў. Але і Адам Міцкевіч не пазбегнуў высылкі з «заходняга краю» ў Расію. Яго разам з Янам Сабалеўскім, Юзафам Яжоўскім, Францішкам Малеўскім адправілі на першым часе ў Пецярбург. Самы суровы прысуд быў вынесены сенатарам Навасільцавым Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну турма і ссылка. Адам Міцкевіч, як расказваюць, доўга плакаў, даведаўшыся аб гэтым жорсткім прысудзе тром яго сябрам. Галоўнае, у чым абвінавачвалі Яна Чачота, было тое, што ён «у вершах і прамовах выказваў шкодныя намеры».
Такім чынам, была ў біяграфіі Яна Чачота і ссылка. Многа доўгіх гадоў пакут і выпрабаванняў. Спачатку яго завезлі на Урал, у гарадок Кізіл, дзе, згодна з прысудам, пратрымалі шэсць месяцаў у «крэпасці». Пра тое, колькі яму давялося там перажыць, відаць з яго пісем. Вось як пісаў ён з Кізіла ў кастрычніку 1825 года Ануфрыю Петрашкевічу і Юзафу Завадскаму: «Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай за Сібір абвахце. заўсёды з салдатамі перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы, у кажуху, паліце, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў некалькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў, калі б не ўнутранае цяпло, можна б было ператварыцца ў лёд. Схаваныя рукі былі ўсё роўна застылыя, гэтак жа сама і душа. Так што, мой пане Завадскі, пра тое, каб пісаць, і ў галаве не было. А да ўсяго гэтага не па-людску да мяне тут аднесліся... Губернатар, кузіна якога тут замужам за камендантам, на пытанне, ці можна мне пісаць да бацькоў, загадаў ці не з любові да сваіх? каб у мяне ні пяра, ні чарніла, ні паперы не было. Тут жа загад быў даведзены да дзяжурных. Мне і раней перашкаджалі пісаць дадому розныя фармальнасці, а цяпер я зусім пазбавіўся гэтай адзінай прыемнасці пісаць, што мроіцца. Зрэшты, на такім халодным гарызонце і сярод усялякіх прыкрасцяў ні пра што асаблівае не мроілася такое прыніжэнне было вельмі прыкрае і ўсякую ахвоту што-небудзь грымзоліць адбіла...»
3	Кізіла Яна Чачота выслалі ва Уфу. Беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч знайшоў у Цэнтральным дзяржаўным архіве Башкірыі, у фондзе Арэнбургскага грамадзянскага губернатара за 1824-1830 гады, цікавыя звесткі аб знаходжанні Яна Чачота ва Уфе. Ёсць там, напрыклад, такі запіс: «Студэнт Іван Фадзееў сын Чачот перайменаваны ў канцылярыста ў мінулым 1828 годзе ліпеня з 14 дня, знаходзіцца на кватэры і працягвае служэнне ў канцылярыі пана Арэнбургскага губернатара, займаецца пісьмаводствам і ад казны ўжо ніякага жалавання не мае, а атрымлівае адпаведна працы грошы».
3	Уфы Яна Чачота ў 1831 годзе перавялі ў Цвер, дзе ён прабыў два гады і дзе ў час эпідэміі халеры ледзь не загінуў ад раз’юшанага натоўпу гараджан, якія паверылі пушчанай некім плётцы, быццам бы ён разам з іншымі ссыльнымі вінаваты ў эпідэміі...
Там, у далёкай ссылцы, Ян Чачот не ўпаў духам, не апусціў рукі. Ён і ў тых суровых умовах застаўся верны сваім нарадазнаўчым інтарэсам, захапіўшыся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру-філамату манголазнаўцу Юзафу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў высланы. Матэрыялы гэтыя, на жаль, загінулі ў час паўстання 1863 года ў варшаўскай кватэры Юзафа Кавалеўскага, які к гэтаму часу вярнуўся ў Польшчу. Валянцін Грыцкевіч у Рукапісным аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі імя М. Я. СалтыковаШчадрына ў Пецярбургу знайшоў пісьмо Кавалеўскага вучонаму-ўсходазнаўцу У. У. Грыгор’еву, дзе ён піша: «I гэты стос пісьмаў (Чачота), каля 200 аркушаў, у час разгрому маёй маёмасці ў Варшаве прапаў без вестак. Цяжка, цяжка аб гэтым пісаць».
I ўсё ж гэта толькі маленькія, як кажуць, «разрозненыя» звесткі аб тых дзесяці гадах сібірскай ссылкі Яна Чачота, толькі іх прыглушаныя адгалоскі. Той, хто захацеў бы адхіліць заслону часу і паказаць ад пачатку да канца жыццё паэта ў ссылцы, павінен быў бы падняць усе тыя матэрыялы яго і пра яго, якіх нямала, пэўна ж, захоўваецца недзе ў архівах. На некаторыя з гэтых матэрыялаў ужо натрапілі рускія даследчыкі.
Быў яшчэ ў біяграфіі Яна Чачота і Лепель, куды яго ў 1833 годзе перавёў цвярскі губернатар, ратуючы ад несправядлівага абвінавачвання, звязанага з памянёнай вышэй эпідэміяй халеры. У Лепелі нешчаслівага выгнанніка ўладкавалі ў кіраўніцтве сістэмы Бярэзінскага канала, дзе дырэктарам быў сын цвярскога губернатара. Апынуўшыся на Беларусі, Ян Чачот разгарнуў шырокую дзейнасць па збіранні песенных скарбаў беларускага народа, пра што марыў яшчэ ў Вільні. Нарэшце ў 1839 годзе яму, як пішацца ў цыркуляры Міністэрства ўнутраных спраў, «государь нмператор высочайше повелеть сонзволнл: дозволнть высланному за прнкосновенность к обгцеству фнломатов в Оренбургскую губернню, а потом поступнвшему на службу по ведомству путей сообіцення бывшему студенту Внленского уннверснтета, а ныне губернскому секретарю Чечоту возвратнться на роднну Гродненской губерннн в Новогрудскмй уезд без учреждення за ннм полнцейского надзора».
Нават без паліцэйскага нагляду! Воля! Пасля шаснаццаці адабраных гадоў жыцця! Куды ж было кінуцца цяпер былому арыштанту? Вядома ж, дадому, на родную Наваградчыну!
Першага, каго ўспомніў там Ян Чачот, быў апякун філаматаў ліберальны граф Храптовіч з яго надзвычай багатай бібліятэкай у Шчорсах, дзе асабліва любілі працаваць Адам Міцкевіч і Францішак Малеўскі. Граф Храптовіч, ведаючы схільнасць Яна Чачота, адразу ж даў яму там пасаду бібліятэкара пасаду, пра якую можна было толькі марыць. У Шчорсах Ян Чачот мог цалкам аддацца свайму любімаму занятку збіранню і публікацыі асобнымі зборнікамі беларускага фальклору.
У 1844 годзе Ян Чачот вымушаны быў пакінуць працу ў бібліятэцы. Апошнія тры гады жыў ён у сваіх сяброў спачатку ў Вяржбоўскіх у Далматаўшчыне, потым у Рафала Слізеня ў Вольнай і Бортніках.
Пасля цяжкая хвароба прывяла паэта ў Друскенікі, «на воды». Але лячэнне не дало ніякага выніку, і 23 жніўня 1847 года Ян Чачот, не дасягнуўшы нават свайго 50-годдзя, памірае ў ваколіцах Друскенікаў вёсцы Ротніца. Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся аб смерці свайго сябра, з болем у сэрцы пісаў
26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамэйку з Парыжа ў Чылі: «Дарагі Ігнат, вось што-кольвек пра нашых былых сяброў і мінулыя часы. 3 двух канцоў зямлі, якія аддзялілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. He ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы знаёмы, а мой стары друг (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам невядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з ім пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць звесткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многа ўспамінаў звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там у нас выклікалі многа пахвал...»
Друскенікі... Сюды я прыехаў з сынам на адпачынак. Ціхі, увесь у зеляніне цяністых ясеняў і ліп гарадок, падпяразаны шырокім пасам блакітнага Нёмана. Курорт былога «ўсесаюзнага значэння». Дабірацца да Ротніцы было вельмі проста: мы селі на гарадскі аўтобус «тройку» і праз хвілін пятнаццаць сышлі ў зялёным, вельмі акуратным пасёлку, з даволі шыкоўнымі, часта мураванымі дамамі. Тут жа, каля самага аўтобуснага прыпынку, адразу за плотам і пачыналіся ротніцкія могілкі, што падыходзілі адным бокам да ўтравелага касцельнага двара.