Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Тут гэтак жа, як і было у Ягоную пору: Таксама пахне мятай, той самы вецер ад бору... Тут тая ж мова і песні, тыя ў садку незабудкі, толькі болей галасу ў сённяшнім Навагрудку.*
Гэта ўсплылі ў памяці перакладзеныя мною раней радкі верша польскага паэта Станіслава Рышарда Дабравольскага, які
хацеў у ім выказаць сваё ўражанне ад наведання радзімы Адама Міцкевіча.
Брукаванка прывяла нас на цэнтральную плошчу горада, дарожны знак падказаў месца аўтастаянкі, куды мы і павярнулі. Стаянка была ў двары напалову разбуранага, з грудамі бітай цэглы і друзу даўняга дамініканскага касцёла Святога Міхала, да якога, як сказаў мне Леў Паўлавіч, і прымыкала тая школа, дзе вучыліся ў пачатку XIX стагоддзя Адам Міцкевіч з Янам Чачотам. Гэта тут пачыналася дружба паэта сусветнай велічыні з пачынальнікам новай беларускай літаратуры, дружба, якую абодва пранеслі праз усё жыццё.
I Чачот, і Міцкевіч пра сваё сяброўства ў Наваградскай школе заўсёды ўспаміналі з цеплынёй, даражылі і ганарыліся гэтым сяброўствам. Калі ў 1818 годзе філаматы святкавалі дзень нараджэння Адама Міцкевіча, Ян Чачот, як бы парушаючы загадзя падрыхтаваны сцэнарый урачыстасці, весела, па-сяброўску перапыніў Тамаша Зана, які першы выйшаў вітаць імянінніка, і сам узяўся «зачынаць» гэту ўрачыстасць, кажучы вершам так: «Мы склалі з Занам сцэнарый: ён павінен быў пачынаць свята, а я меўся заканчваць яго і прынесці вершы “на дэсерт”. Але даруй мне, Тамаш, што... мушу разбурыць наша тварэнне. Бо якім вокам глянуў бы на мяне Адамэк, калі б ты пачаў весці рэй, а я сядзеў у кутку, як дурачына (я, нашай супольнасці частачка!), нічога не кажучы, хоць мне столькі можна расказаць пра нашу дружбу. Ён сказаў бы тады: “А дзе ж мой сябрук, з якім у адной школе лёталі па калідорах, лазілі па брамках і брамах, ловячы аднаго з папоўскіх прыслужнікаў і даючы яму добрага чосу, а калі той усчынаў дзікі піск, мы, брыдзячыся, са смехам адпускалі яго і на голас званка хутчэй беглі ў клас... А хто лепей, чым я з Янам, карыстаючыся шыфраванай мовай, абдурваў прафесараў?..” Думаў бы яшчэ Адам, што я забыўся пра нашы клятвы на Псейгорцы памагаць адзін аднаму, стаяць гарой адзін за аднаго... Хоць мы ў сваволлі трацілі маладыя гады, заўсёды на чале класа стоячы ў мілай згодзе, перамагаючы ўсіх адвагай, часцей балбатнёй, былі мы першыя ў нікчэмным вучэнні... Хаця нас пераўзыходзілі іншыя сваім выглядам: былі высокія, як чаплі, а мы,
як сарокі, малыя, усё ж святыя дамініканцы, якім мы смела і горда, са з’едлівай насмешкай выказвалі сваю агіду, міжволі адводзілі ад нас узброеную бізуном руку...»
У сваю чаргу, Адам Міцкевіч склаў да дня нараджэння Яна Чачота 24 чэрвеня 1819 года свае прывітальныя «ямбы», у якіх таксама ўспомніў школьныя часы ў Наваградку:
Яне! Музы наперабой бляск твайго верша ўслаўляюць Мне ж памагчы не хочуць я сам заспяваю.
Са мной ты заўсёды дома я ці ў прыволлі: Каго ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей? Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц, Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі. Хто ж, апроч нас з табой, Яне, гэтак сваволіў, Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе? Хто ж да нас белакаптурным так смела пярэчыў, Пад палкі іх горда падстаўляючы плечы?.. Хаця пра чарцей мы спрачаліся да пасінення, Хаця, пра душу маю дбаючы, на богамаленні Мяне ты з аблок, куды я ўсё лётаў у марах, Зноў да Бога вяртаў, таўхануўшы мне ў карак, Думка адна ўсё ж была ў нас. адна да навукі рахуба, Пакуль не ўзяў цябе ў лапы свае Людвік Дзюба'. Пачаў ты тады ад стоіцкіх цнот ухіляцца I жыць не надта набожна, жыццём захапляцца.
Тады, паднабраўшыся сіл, бы з крыніцы чароўнай, Ты перамог Адама фізічна й духоўна...*
Як відаць з гэтых сяброўскіх прызнанняў, ні Адама Міцкевіча, ні Яна Чачота ўжо не задавальнялі казённыя, часта схаластычныя «навукі», якія ім убівалі ў галовы з дапамогаю бізуноў «белакаптурныя» (ад адзення белы каптур) святыя ксяндзыдамініканцы, каго яны не раз «абдурвалі» сваёй «шыфраванай мовай». 3 затхлых цемнаватых калідораў дамініканскай школы іх неадольна цягнула на волю, на прастор, дзе віравала сапраўднае жыццё, з усімі яго бедамі і радасцямі, здзіўляючымі кантрастамі і супярэчнасцямі, і дзе людзі рупіліся зусім іншымі, чым у школе, вельмі далёкімі ад кніжных, турботамі. Неадрыўныя ад жыцця, ад свайго мінулага і сучаснасці, гэтыя людзі часта
1	Людвік Дзюба відаць, адзін з настаўнікаў дамініканскай школы.
ў саміх сабе неслі гісторыю: напрыклад, бацька Адама Мікалай Міцкевіч быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам славутага, ужо авеянага легендамі мяцежнага генерала Тадэвуша Касцюшкі і мог нямала цікавага расказаць сыну, як і яго сябру, Яну Чачоту.
Расказы бывалых людзей, асабліва такіх во абпаленых у бойках, як Мікалай Міцкевіч, паўстанцаў, мэты якіх так і засталіся няспраўджанымі, бударажылі розумы і сэрцы дапытлівых юнакоў, гэтакіх непадобных да іншых, часта старэйшых па ўзросце («даўгіх, як чаплі») і тупаватых, няздатных да навукі, але паслухмяных «шкаляроў». Ды і самі сябры добра ўжо бачылі праявы ганебнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, парадаксальнай няроўнасці паміж людзьмі, бачылі, як пад нядрэмным цівунскім вокам дзень пры дні, з веку ў век лье крывавы пот, у тры пагібелі згінаецца на полі растлусцелага і тупога ад самазадаволенасці пана-самадура зусім бяспраўны перад законам, аддадзены ў поўную ўладу прыгонніка мужык-хлебароб, які корміць свет, а сам ужо недзе пасля Каляд часта толькі ў сне бачыць скарынку чорнага хлеба.
Пра гэта ўжо тады, у школьныя часы, пачыналі задумвацца абодва юнакі, надзеленыя ад прыроды чулай душой і добрым сэрцам. Ужо тады са спагадай, з павагаю глядзелі яны на просты люд, з якім сустракаліся на кожным кроку і ў самім Наваградку, і ў яго ваколіцах. Ці не гэта спагада, гэта павага і цягнула іх больш уважліва прыгледзецца да народнага жыцця, вывучыць вусную паэзію беларуса-селяніна, яго звычаі, абрады, вераванні? Пра зацікаўленасць Яна Чачота і Адама Міцкевіча народнай творчасцю ўжо ў часы навучання ў Наваградку сведчыць іх блізкі сябар і зямляк, таварыш па Віленскім універсітэце і Таварыстве філаматаў Ігнат Дамэйка, які піша ў сваіх успамінах: «Два нашы студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі. К. Ц.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя
ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў, Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі...»
Ходзячы па Наваградку, я, акрамя партрэціка ў музеі, нідзе не знайшоў ніводнай, нават самай маленькай, памяткі пра пачынальніка нашай літаратуры і першага беларускага фалькларыста Яна Чачота, хоць яго жыццё таксама было вельмі цесна звязана з Наваградкам і Наваградчынай. У Наваградскім жа павеце нарадзіўся і правёў ён свае дзіцячыя гады: і Малюшычы, і Рэпіхава якраз адносіліся тады да гэтага павета. У Наваградку разам з Адамам Міцкевічам вучыўся паэт, сюды прыязджаў ён і пазней з Вільні і ў сям’ю сябра, і да сваіх бацькоў у вёску Лоўчыцы, недалёка ад горада (у цяперашнім Мітрапольскім сельсавеце), куды яны пераехалі з-пад Новай Мышы, узяўшы ў арэнду панскі фальварак. На Наваградчыну вярнуўся паэт і пасля ссылкі. Карацей кажучы, Наваградчына радзіма і Адама Міцкевіча, і Яна Чачота. Дык ці ж справядліва, што наваградчане, аддаўшы ўсю, якую было можна, даніну пашаны Адаму Міцкевічу, недастаткова ўвагі ўдзяляюць Яну Чачоту? Як-ніяк, ён першы значны беларускі паэт, першапраходзец у новай беларускай літаратуры і адначасова першы наш фалькларыст і, я сказаў бы, першы мовазнавец. Ды і наогул ці не занадта была заніжана ў нашым літаратуразнаўстве ацэнка дзейнасці Яна Чачота, які аказаўся ў цяні Адама Міцкевіча, ці не пара нам больш уважліва прыгледзецца да Чачотавай спадчыны?
У асяроддзі філаматаў, ды і ўсёй віленскай моладзі, Ян Чачот быў прызнаным «дударом» аўтарам шматлікіх песень, вершаў, розных зарыфмаваных прывітанняў, сцэнак. Большасць з гэтых твораў нідзе не публікавалася. Ды Ян Чачот і не ставіў перад сабой такой мэты. Яны былі прызначаны для непасрэднага выканання на сходках моладзі, на сяброўскіх імянінах філаматаў, да якіх усе яны вельмі старанна рыхтаваліся. Пасля разгрому віленскіх згуртаванняў моладзі царскімі ўладамі і закрыцця ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта песні Чачота, як і іншых
філаматаў, паступова забыліся. Але частка іх захавалася ў розных паперах, якія трапілі ў віленскія архівы. Упершыню большасць з філамацкіх твораў Яна Чачота пабачылі свет толькі ў наш час, праз сто гадоў пасля іх напісання, а канкрэтней, у 1922 годзе, калі польскі літаратуразнавец Ян Чубэк сабраў і выдаў у Кракаве двухтомную «Паэзію філаматаў».
Песні і вершы да студэнцкіх урачыстасцяў пісалі (а часта і проста імправізавалі) разам з Янам Чачотам Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ануфрый Петрашкевіч і іншыя філаматы. «Аднак, заўважае вядомы польскі фалькларыст Станіслаў Свірка ў сваёй кнізе «3 кола філамацкага перадрамантызму», выдадзенай у 1972 годзе ў Варшаве, наймацней адбілася ў жыцці філаматаў песенная творчасць якраз Чачота. He было імянін, маёўкі ці сяброўскага сходу, якога б Янак (альбо Ян з Мышы як яго таксама звалі) не аздобіў сваімі сардэчнымі «песенькамі», як заўсёды, патрыятычнымі, народнымі па сваім духу, нярэдка напісанымі на матыў песні беларускага люду...»
Тыя песні Яна Чачота, і польскія, і беларускія, якія дайшлі да нас дзякуючы публікацыі Яна Чубэка і іншых польскіх даследчыкаў, паказваюць нам не абы-які песенны талент паэта. Напеўнасць, «крылатасць», непасрэднасць і празрыстасць верша гэтыя якасці дазвалялі Чачотавым песням вельмі лёгка класціся на музыку.
Зрэшты, Ян Чачот звычайна пісаў іх на гатовы ўжо матыў добра вядомых яму беларускіх народных песень. Пры гэтым ён не забываўся зазначыць, на матыў якой канкрэтна народнай песні трэба было спяваць напісаны ім верш.