Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Ці не гэта цікавасць Марылі Верашчакі да фальклору і стала прычынай таго, што з ёй амаль да канца жыцця падтрымліваў сяброўскія адносіны Ян Чачот? Аб гэтым сведчыць іх перапіска, якая пачалася з 1823 года. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, у фондзе Тамаша Зана, захоўваецца многа пісем Яна Чачота да Марылі, якія пісаліся пасля яго ссылкі. Дарэчы, Марыля Верашчака ў той час не была адзінокая сярод беларускіх шляхцянак у сваёй зацікаўленасці вуснай паэзіяй простага люду. Варта ўспомніць Марыю Чарноўскую, што ўжо ў 1817 годзе выступіла ў віленскім друку з артыкулам «Рэшткі славянскай міфалогіі ў звычаях вясковага люду на Белай Русі», у якім яна вельмі хораша апісала важнейшыя абрады і святы сялян з Чэрыкаўшчыны, падаўшы адначасова і некалькі беларускіх
песень у арыгінале. Прыкладна ў гэты ж час зацікавілася беларускім фальклорам, рабіла яго запісы Эмілія Плятар, тая Плятар, якая праславілася ў паўстанні 1830-1831 гадоў супраць царызму і пра подзвіг якой вельмі паэтычна расказаў Адам Міцкевіч у вершы «Смерць палкоўніка». Важна прыгадаць і яшчэ адну фалькларыстку таго часу Канстанцыю Флемінг, жонку Зарыяна Да лэнгі-Хад акоўскага...
Думаецца, такі «прыліў» у фалькларыстыку ў першай палове XIX стагоддзя жанчын не быў выпадковы. Тут зноў жа, відаць, «папрацаваў» перакананы нарадалюбец Жан-Жак Русо, якім з самых юных гадоў зачытваліся ў нас ці не ўсе адукаваныя засцянковыя шляхцянкі. Каб давяршыць партрэт Марылі Верашчакі, скажам яшчэ, што яна да канца жыцця засталася верная дэмакратычным ідэалам і не была ў баку ад палітычных навальніц свайго часу. Яна даволі актыўна памагала ўдзельнікам паўстання 1830-1831 гадоў, пасля разгрому якога прычынілася да наладжвання сувязі падполыпчыкаў з паўстанцкім эміграцыйным цэнтрам, які рыхтаваўся падняць народ на новую, рашучую бітву з царызмам. Антыўрадавая дзейнасць Марылі Верашчакі была выкрыта царскімі ўладамі, і ў 1833 годзе яна разам са сваім мужам Ваўжынцам Путкамерам, які таксама быў звязаны са змоўшчыкамі, трапіла ў турму, дарэчы, у той жа самы кляштар базыльянцаў у Вільні, у якім дзесяць гадоў назад адбывалі пакаранне філаматы і філарэты і куды яна разам з іншымі «літвінкамі» прыносіла перадачы зняволеным сябрам. Марылі і яе мужу, што сядзелі ў розных камерах, адарваныя ад дзяцей, ад свету, толькі праз паўгода ўдалося адкупіцца і выбавіцца з няволі. He абышло сям’ю Марылі і паўстанне 1863 года. У чэрвені арыштавалі ў Вільні замешаных у паўстанні пасынкаў старэйшай дачкі Зосі, што была замужам за школьным інспектарам Андрэем Каліноўскім. У доме жандары ўчынілі вобыск. Марыля не магла не прыехаць у Вільню. Здарылася так, што яна трапіла на Лукішскую плошчу ў час, калі адбываўся страшны абрад пакарання смерцю Зыгмунта Серакоўскага. Гэта зрабіла на Марылю жахлівае ўражанне. За ўдзел у паўстанні быў схоплены царскай жандармерыяй у Туганавічах зяць Марылінага брата
Юзафа Канстанцін Туганоўскі, нашчадак князёў Туганаў. He вытрымаўшы жорсткіх пакаранняў, ён памёр у віленскай турме. Летам гэтага ж года арыштавалі ў маёнтку Руткевічы на Палессі і Марылінага зяця Яна Рыхлевіча, які ўваходзіў у лідскі паўстанцкі камітэт. Толькі цяжарнасць уратавала ад арышту і яго жонку малодшую Марыліну дачку Караліну, якая таксама мела сувязь з паўстанцамі. Марылін сын Станіслаў Путкамер успамінаў у лісце да Уладзіслава Бэлзы, біёграфа Адама Міцкевіча: «Матка мая нарадзілася 24 снежня 1799 года ў Туганавічах, памерла 27 снежня 1864 года ў Бражэлыдах, другой нашай вёсцы паблізу Болценік. He перажыла выпадкаў таго часу. Пахавалі яе ў парафіяльным касцёле ў Беняконях. Вельмі пакутуючы перад смерцю, у канцы вымавіла словы, што былі апошнімі: “За край, за пакутнікаў...”»
Мы праехалі толькі частку шляху Адама Міцкевіча. Праўда, наведалі самыя важныя, родныя мясціны паэта, пахадзілі яго запаветнымі сцежкамі, пабачылі долы і ўзгоркі той зямлі, якая яго ўзгадавала і дала магутныя крылы для высокага палёту. Інакш кажучы, мы дакрануліся да самых вытокаў паэзіі Адама Міцкевіча.
Але, каб намаляваць праўдзівы вобраз паэта, мне трэба б было пабываць яшчэ ў шмат якіх мясцінах, асабліва за межамі Беларусі.
Найперш гэта Вільня, таксама родная Міцкевічу. Там, у Віленскім універсітэце, вучыўся паэт, трапіўшы ў асяроддзе такой жа, як і ён сам, беларускай шляхецкай моладзі. Там разам з сябрамі стварыў ён вядомае ў нашай гісторыі Таварыства філаматаў, якому аддаў шмат маладой энергіі. Там па-сапраўднаму заняўся літаратурнай творчасцю. Там, на старонках віленскіх часопісаў, убачылі свет яго першыя вершы, выйшлі першыя зборнікі паэзіі.
Потым мне добра было б з’ездзіць у Коўню (цяперашні Каўнас), куды паслалі маладога «магістра філасофіі» адпрацоўваць у павятовай школе ўніверсітэцкую «пенсію». Школа тая цяпер носіць імя Адама Міцкевіча. Ёсць там і Даліна Міцкевіча, якую
ён называў «найпрыгажэйшай у свеце», з памятным каменем на яе ўскрайку.
Хоць тут малады настаўнік і знайшоў замену свайму каханню ў асобе пані Караліны Кавальскай, ён не любіў Коўні. У лісце ад 9 кастрычніка 1821 года да віленскіх сяброў А. Міцкевіч прызнаваўся: «Заўсёды сяджу адзін, у мяне няма знаёмых, бо нішто да знаёмства не схіляе. Нават хадзіць на шпацыр, які люблю, дальбог, не маю часу. Я памёр бы тут з нуды, калі б не вы і не навала працы». Калі паэту да нясцерпу надакучыла апрацоўваць, як сам казаў, «жмудзкія ілбы», ён выстараўся на год адпачынак і зноў вярнуўся ў кола сваіх сяброў-філаматаў у родную Вільню.
Вельмі хацелася б пашукаць тыя дамы, дзе кватараваў Адам Міцкевіч, дзе бавіў час з сябрамі, і, урэшце, тыя базыльянскія муры, куды на час судовага працэсу трапіў паэт, зазірнуць у «камеру Конрада», дзе збіраліся зняволеныя. Услед за выгнаным з роднай зямлі Адамам Міцкевічам можна было б пусціцца і ў Пецярбург, куды напрыканцы 1824 года павезлі зняволенага паэта ў распараджэнне Міністэрства адукацыі, каб выкарыстаць яго веды, яго высокую адукаванасць ужо для апрацоўкі «расійскіх ілбоў».
3 Пецярбурга, дзе Адам Міцкевіч паспеў пасябраваць з будучымі дзекабрыстамі Кандраціем Рылеевым і Аляксандрам Бястужавым, яго разам з сябрамі-філаматамі Францішкам Малеўскім і Юзафам Яжоўскім накіравалі ў Адэсу, у тамтэйшую гімназію. Пакуль не пачаліся заняткі, паэт меў добрую магчымасць падарожнічаць па Крыме, адкуль прывёз цыкл цудоўных «Крымскіх санетаў».
У Адэсе папрацаваць Адаму Міцкевічу і яго сябрам не давялося: іх адклікалі назад, на поўнач. Паэту далі месца ў Маскве, у канцылярыі маскоўскага генерал-губернатара князя Дзмітрыя Галіцына.
Вядома, добра было б пашукаць у Пецярбургу і Маскве многія кватэры, салоны ды ўстановы, што наведваў Адам Міцкевіч, цэлых пяць гадоў знаходзячыся ў Расіі і пазнаёміўшыся там з славутымі рускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры, сярод
якіх былі Васілій Жукоўскі, Аляксандр Пушкін, Пётр Вяземскі, Аляксандр Грыбаедаў, Яўгеній Баратынскі, Мікалай Пагодзін, Міхаіл Глінка і многія іншыя.
У 1829 годзе Адаму Міцкевічу ўдалося вырвацца з царскай Расіі ў эміграцыю.
Толькі ва ўяўленні я змагу падацца ўслед за паэтам у тыя гарады Еўропы, якія наведаў або ў якіх жыў беларускі выгнаннік. Гэта Гамбург, Берлін, Прага, Дрэздэн, Веймар, Жэнева, Лазана, Рым, Венецыя, Парыж, Канстанцінопаль...
А каб схіліць галаву перад магілай Адама Міцкевіча, нам трэба ехаць у Кракаў, куды ў 1890 годзе палякі перавезлі з Парыжа прах нашага вялікага земляка і перахавалі ў Вавельскім замку амаль побач з другім нашым славутым суайчыннікам Тадэвушам Касцюшкам.
2003, 2017
АБАРВАНАЯ ПЕСНЯ ЯНА 3 МЫШЫ
Малюшычы
Паўз дарогу перакапаныя, у грудах палі-бульбянішчы з пабэрсаным-параскіданым цяўнікам, усё яшчэ жоўтыя, хоць і добра парадзелыя бярозавыя пералескі пад цёплаю ватаю аблачын, пасівелыя лапіны ўшчэнт скапычаных каровамі паплавоў, на якіх часам выхапіць вока бруднавата-рыжага, з ваўчкамі ў грыве каня, выпушчанага некім на волю.
У гэту дарогу мы збіраліся яшчэ з вясны.
Сама ж задума падарожжа ўзнікла ў мяне значна раней. Тады, калі мяне захапіла, пацягнула ў кнігасховішчы і архівы гэта, шмат у чым загадкавае, імя ў нашай літаратуры Ян Чачот.
У 1855 годзе Уладзіслаў Сыракомля казаў, што яму вядомы толькі два пісьменнікі, якія пісалі па-беларуску: «...адным з іх быў незабыўнай памяці Ян Чачот, другі В. Дунін-Марцінкевіч». Першыя беларускія вершы Я. Чачот напісаў недзе каля 1818 года. Дунін-Марцінкевіч жа пачаў літаратурную дзейнасць значна пазней, у 1840-я гады, калі Ян Чачот яе ўжо заканчваў. Ян Чачот быў для Дуніна-Марцінкевіча пуцяводнай зоркай, першапраходцам у раскарчоўцы ўдзірванелай беларускай нівы. I, вядома ж, не толькі для Дуніна-Марцінкевіча. Цяжка наогул пераацаніць значэнне творчасці Яна Чачота для развіцця беларускай літаратуры. Гэта быў сапраўдны подзвіг: на мове цёмнага і зацюканага беларускага мужыка, якога і за чалавека не лічыла ганарлівае панства, не пасаромеўся пісаць радавіты шляхціч! Ды і не абыякі шляхціч, а сам Ян Чачот, адзін з кіраўнікоў шырокавядомага Таварыства філаматаў, першы сябра вялікага Адама Міцкевіча!..
Узяўшыся хоць як-небудзь асвятліць вельмі ж ужо затуманеную постаць Яна Чачота, я не мог не пабываць у мясцінах, звязаных з яго імем. У падарожжа па сцяжынах Яна Чачота я знайшоў вельмі добрага напарніка. Можна сказаць, тут мне проста пашанцавала. Бо ім, гэтым напарнікам, быў не хто іншы, як мой даўні прыяцель Леў Паўлавіч Мірачыцкі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі нашай Акадэміі навук. «Добрым» ён быў для мяне з усіх бакоў: першае таму, што Леў Паўлавіч аказаўся земляком Яна Чачота, другое ён якраз рыхтаваў да друку нарыс пра родныя мясціны Адама Міцкевіча пашыраны варыянт выдадзенай ім раней сціплай кніжачкі «Сцежкамі вялікага паэта». А, як вядома, Міцкевічавы сцежкі вельмі часта перапляталіся з Чачотавымі. I многія з іх Леў Паўлавіч ужо абхадзіў, калі працаваў у музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку. Цяпер ён хацеў узнавіць свае ранейшыя ўражанні. Так што нашы інтарэсы супадалі. Апрача таго, Леў Паўлавіч і праўда добры па натуры чалавек: памяркоўны, сціплы, захоплены гісторыяй... Словам, лепшага спадарожніка мне нават цяжка было б і прыдумаць.
I вось пад колы машыны імкліва сцелецца шараватая, са сталёвым водбліскам роўнядзь «алімпійскай» магістралі. «Жыгуль» ідзе лёгка, паслухмяна падначальваючыся кожнаму, нават самаму малому руху маіх рук, якія моцна хаця б усё было добра трымаюць гладкае, але не слізкае, бо з «зазубрынамі», кола руля.